Веснавыя гульнi

СВЯТОЧНАЕ IГРЫШЧА "ГУКАННЕ ВЯСНЫ"

Масленiца, Масленка, або Сырнiца, -- свята заканчэння зiмы i паскарэння прыходу вясны. Яно вядома ўсiм славянскiм народам. У Беларусi Масленiца не знайшла асаблiвага развiцця. Магчыма, таму, што тут пераважала традыцыя "Гукання вясны". На поўначы Беларусi адзначана суiснаванне абодвух абрадаў.

Царква прымеркавала свята праводзiн зiмы на тыдзень перад Вялiкiм постам. У гэтую ж пару на Палессi "гукаюць вясну". Акрамя таго, у розных рэгiёнах Беларусi сустракаюць вясну яшчэ на Аўдоццю Вясноўку (14/1 сакавiка), на Благавешчанне (7 красавiка/ 25 сакавiка).

На Масленiцу каталiся на санках, ездзiлi на конях, гушкалiся на арэлях. Дзяўчаты надзявалi хусткi з доўгiмi махрамi, каб вырас доўгi лён, вешалi хлопцам калодкi за тое, што яны дагэтуль не ажанiлiся. На першы дзень свята ў некаторых раёнах жанчыны на санях вазiлi маладую, якая ў апошнi Мясаед выйшла замуж, спявалi абрадавыя песнi, частавалiся.

Масленiчныя гульнi i забавы, якiя ў многiх раёнах накладвалiся на гукальныя, стаялi на мяжы зiмы i лета, старога i маладога. Магчыма, таму асноўную ролю ў iх iграла моладзь як сiмвал перамогi над холадам новых сiл, што iмкнуцца да жыцця. У вясёлых весновых гульнях, забавах i iгрышчах праглядваюцца мiфiчныя рысы, земляробча-магiчны аспект. Вось, напрыклад, у час масленiчных гульняў мужчыны качалi калоду па вулiцы не проста так, а дзеля таго, каб летам добра рос лён. Чаму калоду? Можа, у старажытнасцi гэта была нейкая прасцейшая прылада працы для рыхлення цi ўтрамбоўкi глебы? Наогул, пераходны перыяд ад зiмы да лета звязаны з гульнямi i забавамi, у якiх прысутнiчаюць дзеяннi: "Маладую вазiць", "Аб'езд маладога бычка", "Трасенне падушак", "Валачыць калоду" i шмат iншых.

На Масленым тыднi асаблiвым днём быў Крывы чацвер, або Валосы (Валосся). На Заходнiм Палессi гавораць: "На Волосого блiны пыклы цi оладкы, коб булы валы гладкы". Гэты дзень лiчыўся святам жывёлы, якую добра даглядалi, спявалi песнi з прыпевам: "Ах ты, Ладо, мае Ладо!" Праводзiлi абрад першага выезду, цi "аб'язджэння маладога бычка або жарэбчыка". У назве свята i змесце яго бачацца рэшткi культу "паганскага" бога жывёлы Воласа-Велеса.

Святочнае iгрышча "Гуканне вясны", якое ўспрымаецца ўжо не як абрадавы рытуал, а комплекс традыцыйна-нацыянальных гульняў i забаў, асаблiва характэрна для Палесся. Гэта звычай сустрэчы вясны з караваем, вянком, печывам у выглядзе птушак. Ён звязаны з аграрнай магiяй, культамi бостваў нiвы, жывёл i дрэў. У абрадавых гульнях i песнях праяўляецца як антрапамарфiзм, так i зоамарфiзм народнага мыслення. Не выпадкова ў цэнтры велiкоднага свята -- пафарбаваныя яйкi. "Уяўленне пра яйка як пра мiкракосм, у якiм адлюстраваны Сусвет, цягнецца з сiвой старажытнасцi", -- заўважае акадэмiк Б.А.Рыбакоў. Гэтае яйцо, па вераваннях старажытнага чалавека, знесла качка. А на аснове знаходак у пасяленнях каля вёсак Юравiчы Калiнкавiцкага i Галоўск Сенненскага раёнаў - рэшткаў пасудзiн з малюнкамi качкi i чалавека археолагi зрабiлi выснову, што вобраз вадаплаўнай птушкi вядомы ў вераваннях неалiтычных плямёнаў з сярэдзiны -- другой паловы трэцяга тысячагоддзя да н.э.

У вераваннях многiх народаў, якiя праяўляюцца ў мiфатворчасцi i прыкладным мастацтве, iдэя сутачнага руху сонца выяўлялася звычайна праз два вiды iстот: днём свяцiла вядуць па небе конi, а ноччу -- па падземным акiяне качкi, лебедзi, гусi (паводле Рыбакова). Магчыма, iдэя сутачнага руху сонца, з якой звязаны вадаплаўныя птушкi, пазней трансфармавалася ў вераваннi пра тое, што вясну, веснавое сонца прыносяць качкi, а таксама ластаўкi, пчолы.

Вобраз качкi (вутачкi, чырачкi, селезня, гусачкi) вельмi папулярны ў розных фальклорных жанрах. Гэта сляды татэмiстычных уяўленняў чалавека. Ёсць падстава меркаваць, што традыцыя веравання ў птушак прыйшла ў iншыя жанры з веснавой паэзii i абраднасцi. У вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёна "клiканне вясны" яшчэ называюць "чыркаваннем" (спяваюць вяснянку "Ой, чырачка-пташачка, не залятай далечка"). Яе спяваюць не толькi старыя жанчыны, але i дзецi вакол упрыгожанай кветкамi ёлачкi, якую ставяць на самае высокае месца ў вёсцы, iншы раз на стог сена цi на дах адрыны. Абагаўленне вадаплаўнай птушкi бачыцца ў некаторых карагодных песнях i гульнях: "Вуцiца", "Ой, шэрая вутка, дзе ты бывала?", "Чом, чом, селезень, смуцен, невясёл", "На моры вутка купалася", "Паплывi, паплывi, огалю" i iнш.

Д а д а т а к


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: