Ляльнiк. Ярылавiца

.

Своеасаблiвым пярэдаднем свята Юр'я з'яўляецца Ляльнiк (5 мая). Гэта "паганскае" свята заклiнання вясны ў гонар Лады, або Лялi цi Лёлi, багiнi кахання i маладосцi. Дагэтуль яшчэ можна пачуць у некаторых вёсках: "Прыгожая, як Ляля", лялька -- таксама "Ляля". Даследчыкi мiнулага знаходзяць сувязь старажытнага культу з назвай раслiны лялькi, што расце ў нiзкiх i балоцicтых мясцiнах i "мае ля караня злучэнне пяшчотна-белага колеру з ружовым".

Вось як апiсаў у 1846 г. этнограф Драўлянскi-Шпiлеўскi святкаванне ў гонар Лялi.

Звычайна гадзiны ў тры па полуднi на чыстым лузе (а iншы раз каля хаты ў агародзе) збiраецца карагод маладых дзяўчат. Выбраўшы сабе сяброўку, што цалкам адпавядае iх паняццю пра Лялю, карагод беларусачак апранае яе ў доўгi белы саван, перавязвае ёй шыю, рукi i стан усякай зеленню, на галаву кладзе вянок з розных веснавых кветак. У такiм уборы саджаюць дзяўчыну на дзярновую лаўку, на якой з аднаго боку стаяць гладыш з малаком, масла, яйкi, смятана i сыр, а з другога -- хлеб; ля ног Лялi ляжаць некалькi вянкоў з зеленi, адпаведна лiку дзяўчат з карагода. Затым, узяўшыся за рукi, карагод дзяўчат скача вакол Лялi i спявае ў гонар яе песню. Яна завяршаецца наступнаю просьбаю:

Дай нам жытцу

Да пшанiцу,

Ў агародзе --

Сенажаць,

Поўны грады,

Роўны зрады.

Напеў песнi працяглы i яе спяваюць вельмi доўга, пасля кожных вершаў (двух радкоў. -- А.Л.) выгукваюць: "Ляля, Ляля, наша Ляля!" Закончыўшы танцы i спевы, карагод сядае ла ног Лялi i зноў пачынае:

Наша Ляля, Ляля

Нас кормiць зусiм,

Каб з вясны на лета

Усё, што тут гэта,

Гадавала заўсiм.

Ляля, Ляля,

Ой да Ляля, Ляля!

Тут Ляля раздае ўсiм па чарзе малако, масла, сыр i г.д., пакуль урэшце нiчога не застанецца. Пасля дзяўчаты ўстаюць i зноў скачуць вакол яе, прыпяваючы тую ж песню. У час скокаў i песнi Ляля бярэ вянкi i кiдае на танцаўшчыц да таго часу, пакуль кожная не схопiць па адным. Гэтыя вянкi дзяўчаты берагуць да наступнай вясны, а некаторыя, у выпадку замужжа, -- i больш, iншы раз усё жыццё, як нешта запаветнае, святое. Па заканчэннi цырымонiй некалькi дзяўчат бяруць Лялю пад рукi, у суправаджэннi астатнiх праводзяць яе з дзярновай лаўкi i, спяваючы ранейшыя песнi, вядуць дамоў. Саван i зелень, у якiя была апранута Ляля, хаваюць да другой вясны.

х х х

Па перакананнi многiх даследчыкаў, на наступны дзень, 6 мая, пачынаецца свята Ярылы -- "сына Лады i Дажбога (сонца)". Яго ў хрысцiянскую эпоху пачалi называць Юр'ем, якi адмыкае зямлю. Наогул, Юр'е лiчыцца земляробчым святам першага выгану кароў; ён з'яўляецца апекуном жывёлы i земляробства. Смаленскiя язычнiкi яго называлi "Чэстной Леса" -- царом над усiмi лесунамi, i ў гэты дзень яму "клалi адносы" (ахвяраваннi), каб зберагаў жывёлу ад ваўкоў. Пра змест свята педагогу можна прачытаць у адпаведнай лiтаратуры.

Найбольш вядомым у юраўскiм святкаваннi з'яўляецца так званы "Тураўскi карагод", цi "карагодак". Сваю назву ён атрымаў ад месца бытавання -- населенага пункта Турава, дзе ўпершыню быў запiсаны памешчыцай Кавалеўскай у 1886 г., рускiм этнографам М.Ф.Крывашапкiным у 1897 г. i iнш.

Групы святочна апранутых дзяўчат i хлопцаў з пшанiчным караваем, у якi ўсаджана дрэўца з чырвонай харугвай, абыходзiлi ўсю вёску з песняй:

Iдзе, iдзе карагод, (2р.)

Усе дзевачкi напiрод. (2р.)

А хлопчыкi за намi,

Маргаючы вачамi.

Ото ж карагод,

Ото ж ваявод.

У нашага карагода

Быў сын ваявода.

Дзе карагод ходзiць,

Там жыта родзiць.

А дзе карагод не бывае,

Там жыта вылягае.

У нашага карагода

Быў сын ваявода.

Iдзе, iдзе карагод...

Як пры калядаваннi цi валачобных абходах, удзельнiкi падыходзiлi пад вокны хат i "заводзiлi карагодка", ад гаспадароў атрымлiвалi плату.

На аснове вядомых запiсаў можна выдзелiць галоўныя моманты абраду: 1) прыгатаванне дзяўчатамi каравая i яго ўпрыгожванне; 2) шэсце па ўсёй вёсцы (у некаторых месцах заходзiлi ў двары) з караваем i чырвонай тканiнай; 3) ваджэнне карагода ў полi; 4) выкананне песнi "Iдзе, iдзе карагод..."

Несумненна, абрад ваджэння "карагодка" з'яўляецца аграрна-магiчным актам, у якiм праглядваецца сувязь з валачобнымi абходамi, што было заўважана даследчыкамi, i з "ваджэннем стралы", на што не звярталi ўвагу раней. Справядлiва адзначае фалькларыст Г.А.Барташэвiч, што ў тураўскiм абрадзе прысутнiчаюць ачышчальныя, засцерагальныя i ахоўныя акты, што "жаночая аснова ўвасабляла ў розных рытуальных дзеяннях iдэю ўрадлiвасцi". Ён звязаны з абрадам "Ваджэнне стралы" агульнай функцыяй: магiчным актам садзейнiчаць пладароддзю нiвы, у асноўным ярыны, улагодзiць Ярылу. Гэтаму адпавядаюць i некаторыя моманты двух абрадаў.

Пра якога "ваяводу" расказваецца ў песнi? "У нашага карагода быў сын ваявода" -- магчыма, гэтыя радкi паказваюць на Перуна цi, дакладней, Ярылу, якi "ўвасабляў апладняльную сiлу грамавiка". Гэта ён, Пярун-ваяўнiк, па вызначэннi Б.А.Рыбакова, не столькi бог апладняльных хмар, колькi Пярун-"граза", грознае боства першых племянных дружын, конных пастухоў-ваяўнiкоў, якiя ўзброены баявымi каменнымi сякерамi. У адным з варыянтаў песнi, запiсаным у вёсцы Любавiчы, упамiнаецца i характэрны элемент грамавiка ("Вяду, вяду карагод... на ўсякую "камнiцу"). I, мусiць, нездарма ў вёсцы Беражцы ў карагодзе хлопцы прадстаўляюцца на конях, як Пярун i Ярыла ў беларускай мiфалогii. Да таго ж з Юр'евым днём прыблiзна супадае i святкаванне Ярылавiцы.

У 1911 г. I.А.Сербаў у вёсцы Жыцiн Бабруйскага павета запiсаў траецкую песню, у якой упамiналася слова "ярыловiца":

Валялём!

Да на вулiцы

Ярыловiца!

Валялём!

Ой, цяжка хлопцам

Пятровiца.

Да судзi, Божа,

Пятра даждаць;

Да Пятра даждаць,

Хлеба нажаць.

Да тагды пойдзем

У Жыцiн у дзеўкi...

Ярылавiца (Ярылкi) -- язычнiцкае святкаванне ў гонар Ярылы. Яно праводзiлася нашымi продкамi ў красавiку (на Юр'я), у маi--чэрвенi (на Сёмуху, Русальны тыдзень, на дзень Купалы да Пятроўкi). Святы ўключалi як магiчна-земляробчыя элементы, так i шлюбна-гульнёвыя.

Што вядома ў лiтаратуры пра Ярылу? У язычнiцкай славянскай мiфалогii гэта божышча ўрадлiвасцi зямлi i плоднасцi чалавека. Па ўяўленнi нашых далёкiх продкаў, гэтыя два моманты былi непадзельныя. Сiнкрэтычна ўспрымаючы навакольны свет, першабытны чалавек бачыў аналогii свайго жыцця са з'явамi прыроды. Магчыма, культ Ярылы, як лiчыць акадэмiк Б.А.Рыбакоў, узнiк да вялiкага перасялення славян у VI ст. н.э. Генезiс слова "Ярыла" даследчыкi звязваюць з праславянскiм коранем "яр", якi мае адносiны да вясенняй урадлiвасцi ("яры", "ярына", "ярыцца"). У многiх дыялектных словах ён сведчыць пра сувязь з мiфалагiчным Ярылам. На Тураўшчыне, напрыклад, гавораць: "Як буў молоды, то буў яркi" (увiшны); "I ў трыццаць год не маў той яркосцi" (жвавасцi); "Усю ярову пашню зовом ярыца"; "Яры, заўзяты да работы".

У Суздальскiм летапiсе ўпамiнаецца назва стода (iдала) -- Ярун. Гэты пiсьмовы помнiк пацвярджае, што такое божышча iснавала, а ў часы хрысцiянства -- вялiкай барацьбы новай веры з язычнiцтвам -- было заменена на святога Юр'я-Георгiя. Як вядома, вобраз Юр'я надзвычай папулярны ў беларускiм фальклоры.

Наогул, даследчыкi раней разглядалi Ярылу як незалежнага i iзаляванага мiфалагiчнага персанажа нiжэйшага ўзроўню, якi iдзе ўслед за ўзроўнем багоў, або лiчылi яго народжаным "кабiнетнай" мiфалогiяй. В.Н.Iваноў i В.М.Тапароў у кнiзе "Даследаваннi ў галiне славянскiх старажытнасцей" (1974) пераканаўча давялi думку аб наяўнасцi ў мiнулым культу Ярылы. Маецца адзiны запiс Драўлянскага (1846) абраду ўшанавання божышча i песнi з яго iмем. Згодна са сведчаннем Драўлянскага, рытуал праводзiўся 27 красавiка. Прывабную дзяўчыну апраналi ў белую вопратку Ярылы, упрыгожвалi галаву вянком i саджалi на белага каня, прывязанага да слупа. (Гэтаксама малюецца i Юрый.) Вакол яе дзяўчаты з вянкамi вадзiлi карагод (iншы раз на ярыне) i спявалi песнi з наступным зачынам:

Валачыўся Ярыло

Па ўсяму свету.

Полю жыто радзiў,

Людзям дзецi пладзiў.

А гдзе ж ён нагою,

Там жыто капою,

А гдзе ж ён нi зырне,

Там колас зацвiце...

Падобныя абрады i песнi зафiксаваны паўсюдна. Яшчэ А.Я.Багдановiч (1895) апiсаў свята на полi, дзе вазiлi "вясноўку" вакол агнёў на баране. На Тураўшчыне i прылеглых да яе раёнах вадзiлi карагод з караваем у полi на Юр'я i спявалi: "Дзе карагод ходзiць, там жыта родзiць". У Падляшшы абходзiлi поле з дзяўчынай, а маршалкi спявалi: "Гдзе кролеўна ходзi, там пшэнiчка родзi".

Вось што пiсаў у ХIХ ст. А.Кiркор: "У Юр'еў дзень Ярыла... па загадзе мацi адмыкае вароты неба i на белым канi прыязджае на зямлю, а з яго з'яўленнем пачынаецца сапраўдная вясна".

ПАСТУХОЎСКIЯ ГУЛЬНI.

МIКОЛА

Праз 16 дзён пасля Юр'я, якi лiчыўся святам пастухоў, што даглядалi кароў, было яшчэ адно, мiкольскае святкаванне (22 мая). Мiкола -- свята пастухоў коней. Пра гэта яскрава сведчыць прыказка: "Юр'я пасе кароў, а Мiкола -- коней". Iншыя таксама добра характарызуюць свята: "Прыпасайся сенам да Мiколы, не бойся вясны нiколi", "Прыйдзе Мiкола -- высыпле камароў з прыпола", "Да Мiколы не сей грэчкi ды не стрыжы авечкi".

У гэты дзень пачыналi стрыгчы авечак i выганяць iх на пашу. Пастух быў жаданым госцем у любой хаце, дзе яго частавалi. У ноч на свята абкурвалi коней i валоў спецыяльнымi зёлкамi i абыходзiлi iх з яйкам, якое потым аддавалi старцу. Пасля гэтага абраду адбываўся рытуальны абед з яешняй i гарэлкай.

У народным календары можна знайсцi i iншыя днi, звязаныя з пастухамi. Збiральнiкi фальклору мiнулага запiсалi нямала гульняў i забаў з адзнакай "пастухоўскiя", "каля коней" або на пастухоўскую тэматыку. Сярод iх былi як дарослыя, напрыклад абрадавая гульня пастухоў на Ягор'еў дзень, так i дзiцячыя. Дзецi пасвiлi гусей, свiней, затым -- кароў, ездзiлi "ў начное" даглядаць коней.

Розныя дзiцячыя пастухоўскiя забавы ў параўнаннi з гульнямi на пастухоўскую тэматыку, якiя выконвалiся не дзецьмi-пастушкамi, маюць iстотнае адрозненне. Першыя характарызуюцца свабодай у выбары сродкаў i прыёмаў, складанасцю i цяжкасцю ўмоў, нават грубаватасцю. Гэта тлумачыцца тым, што дзецi былi пакiнуты на прыродзе на самiх сябе, жылi ў незвычайных абставiнах (удалечынi ад хаты i бацькоў, у лесе цi ля яго i г.д.); патрабавалася смеласць, дужасць, кемлiвасць i iншыя якасцi, што ўласцiвы скаўцтву. Такiя дзецi не раслi "мамiнымi сыночкамi", маглi пастаяць за сябе, выжыць у цяжкiм становiшчы.

У пастухоўскiх забавах часта выкарыстоўвалiся адпаведныя атрыбуты: аброць, вуздзечка, пуга, сцiзорык, прыродныя сродкi (пянёк, куст, трава) i г.д. Грубаватасць iх заключалася ў тым, што той, хто прайграў, атрымлiваў жорсткае пакаранне ("праганялi" памiж ног i "жарылi" шапкамi па спiне, "еў" зямлю i г.д.). Вось, напрыклад, якое апiсанне двух гульняў "Софiк" i "Рэпа" (на Вiлейшчыне) дае даследчык з Польшчы Ф.Сялiцкi:

"Тыпова пастухоўскай была гульня ў "софiк" (яе назва няясная): кiдалi сцiзорык з розных пазiцый, каб убiць яго ў зямлю. Той, хто прайграў, махаў нажом перад вуснамi, а пераможца кiдаў яму ў рот кавалкi дзiрвану з пяском. Гульню тую апiсаў вядомы сучасны беларускi празаiк Янка Брыль ва ўспамiнах са сваiх "пастушых" гадоў. Падобным чынам заканчвалася гульня ў "рэпу". Адзiн з удзельнiкаў загадваў астатнiм адвярнуцца, выцiнаў дзiрвак дыяметрам каля 5 см, потым клаў яго назад i маскiраваў. Пасля паказваў партнёрам квадрат абок сябе каля паўметра i прапаноўваў цягаць за траву, каб вырваць той дзiрвак. Калi хтосьцi трапiў, тры разы скубянуўшы, той выйграваў, калi не, то павiнен быў "есцi" тую "рэпу" (падзеленую на колькасць асоб, якiя прайгралi), баронячыся ад яе сцiзорыкам, як было сказана вышэй".

Гульняў на пастухоўскую тэматыку было шмат. Бадай, усiм вядома "Гусi i воўк" ("Гусi, гусi! --Га, га, га!"). У пачатку стагоддзя этнограф У.Дабравольскi на Смаленшчыне запiсаў гульню "Бычка пасцiць", у якой "пралля" (пераапрануты ў жаночае адзенне мужчына) прадзе i пасе бычка, якога "мужыкi" забiлi. Тэатралiзацыяй вызначалася i забава "Пастушок i авечкi", вядомая ў розных кутках Беларусi.

Д а д а т а к

Гульня пастухоў на Ягор'еў дзень

...Пастух вызначае, каму з падпаскаў быць "зайцам", каму -- "сляпым", каму -- "кульгавым", каму -- "замком" i каму -- "калодай", расстаўляе iх усiх вакол статка. Пасля гэтага бярэ прыгатаваную яешню i iдзе з ёю да "зайца", пытаючы:

-- Заяц, заяц, цi горкая асiна?

Той адказвае:

-- Горкая!

-- Дай бог, каб i наша скацiнка для звяроў была горка!

Звяртаецца да "сляпога":

-- Сляпэй, а сляпэй, цi бачыш ты?

Сляпы адказвае:

-- Не бачу!

-- Дай бог, каб i нашу скацiнку не бачыла звярынка!

Далей пытае ў "кульгавага":

-- Храмэй, а храмэй, цi дайдзеш ты?

У адказ:

-- Не дайду!

-- Дай бог, каб i звярынка не дайшла да нашай скацiнкi!

Затым пастух пытае ў "замка":

-- Замок, а замок, цi разамкнешся ты?

"Замок" адказвае:

-- Не, не разамкнуся!

-- Дай бог, каб у звера не разамкнулiся зубы ля нашай скацiнкi!

Нарэшце пастух падыходзiць да "калоды":

-- Калода, а калода, цi пувярнешся ты?

Тая кажа:

-- Не пувярнуся.

-- Дай бог, каб i звер к нашай скацiнцы не пувярнуўся!

Такiм чынам пастух тры разы абыходзiць статак. Пасля гэтага ўсе дзеючыя асобы сядаюць i з'ядаюць яешню, а затым, трохi счакаўшы, але задоўга да вечара, гоняць жывёлу назад у вёску, дзе ўжо на вулiцы пачынаюцца танцы, як на Радаўнiцу.

(Зап. У.Дабравольскi на Смаленшчыне.)

Каза

"Каля коней" (там, дзе пасуць коней. -- А.Л.) хлопцы гуляюць "у казу". Перш за ўсё пастануць у рад i кiдае кожны сваю шапку сабе пад ногi. I чыя шапка ўпадзе блiжэй да ўсiх, таму трэба "пасцiць казу". Уб'юць тады калок у зямлю, прывяжуць за яго аброць з доўгiм повадам i пакладуць усе свае шапкi ля колiка. Той, хто павiнен "пасвiць коз", бярэ ў рукi канец повада i палачку цi пугу i пiльнуе "коз" (шапкi). Хлопцы падбягаюць i стараюцца схапiць шапку. А "пастух" не дапускае iх; некаторых так адсцягае, што давядзе да плачу. Калi ж ён упусцiць тры "казы", дык яго гоняць праз свой рад. Усе пастануць адзiн за адным i расставяць шырока ногi. Пад ногi i лезе гэты пастух. А тут яго "жараць" шапкамi па спiне i па галаве.

(Зап. М.Ануфрыеў у в.Хонава Быхаўскага павета.)


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: