Уводзіны

Пад азначэнне сацыяльна-эканамічная праблематыка трапляе амаль уся дзейнасць чалавека ў грамадстве. Ад нараджэння чалавек становіцца аб’ектам уліку і статыстыкі, ягонае здароўе – даследваннем медыцыны, матэрыяльны дастатак яго бацькоў – інтарэсам падатковай інспекцыі. I на кожным кроку свайго жыцця чалавек становіцца аб’ектам сацыяльна-эканамічнай дзейнасці– пабудова жылля, выбар маркі новага аўтамабіля, адпачынак, аплата навучання дзяцей у ВНУ і інш.

Несумненна, у такім шырокім плане сацыяльна-эканамічная праблематыка – найважнейшая ў любой грамадска-палітычнай газеце. Паведамленне аб прыняцці новай дырэктывы, закрыццё завода ў абласным цэнтры, дамова пра супрацоўніцтва з новай краінай – з гэтага фарміруецца сацыяльна-эканамічнае жыццё краіны “зверху”. Але ёсць і “ніжняе” жыццё грамадства – лёсы людзей. Не зроблены капітальны рамонт, праблемы з атрыманнем субсідыі на будаўніцтва прыватнага дома – гэта праявы доўгіх ланцугоў сацыяльна-эканамічных адносін - ад прыняцця пэўнага закона да яго рэалізацыі на месцы. Усё гэта – тэмы матэрыялаў газет, часопісаў, тэле­бачання, радыё, інтэрнэт-рэсурсаў, якія ствараюць другое жыццё – медыя­рэальнасць, дзе адлюстроўваецца ці не адлюстроўваецца сацыяльна-эканамічнае жыццё краіны. Ва ўсім гэтым і палягае актуальнасць тэмы дыпломнай работы.

Нягледзячы на пранікненне тэхналогій у сферу камунікацыі і медыя, сярод усіх сродкаў масавай інфармацыі газеты застаюцца вельмі важнай крыніцай інфармацыі. Яны не толькі паведамляюць навіны, чым звычайна займаюцца інфармагенцтвы, радыё і тэлебачанне, але і даюць аналіз падзеяў. Наклад газет сведчыць пра попыт насельніцтва на гэтыя СМІ. Асабліва важным аспектам газеты з'яўляецца зваротная сувязь чытачоў,якія могуць выказвацца на старонках выданняў: праз інтэрв’ю, публікацыю іх лістоў, праз пытанні да газеты і інш.

Творчая частка маёй дыпломнай працы цалкам скіравана на “ніжняе” жыццё грамадства. (Дадатак аўтарскіх матэрыялаў уключае 42 найменні. З іх праз усе главы дыпломнай работы праходзіць 25 матэрыялаў.)

Сёння няшмат даследванняў па адлюстраванні сацыяльна-эканамічнай праблематыкі ў газетах. У тэорыі журналістыкі даецца толькі азначэнне тэрміна сацыяльная журналістыка, але не раскрываецца тэматыка матэрыялаў, якія ўваходзяць у гэтае паняцце, як яны павінны падавацца. Нераспрацаванасць тэмы і стала адной з прычын таго, што я абраў яе для дыпломнай работы. У штотыднёвай газеце “Аргументы и факты в Белоруссии”, трэцяй па накладзе ў Беларусі і першай сярод штотыднёвых газет (180 тыс. экзэмпляраў), сацыяльна-эканамічная праблематыка прадстаўлена больш шырока. Яшчэ з савецкіх часоў (“АиФ” выходзіць з 1978 года) газета карысталася вялікім попытам сярод чытачоў. Сувязь з чытачамі, адказы на іх пытанні – адзін з найважнейшых фактараў папулярнасці газеты. Галоўны рэдактар “АиФ” Мікалай Зяцькоў “сакрэтнай зброяй” штотыднёвіка называе менавіта адлюстраванне на старонках газеты пытанняў, якія турбуюць чытачоў. Адказы на канкрэтныя чытацкія лісты датычна сацыяльнай сферы, эканомікі, палітыкі – тое, чым “АиФ” адрозніваецца ад іншых газет.

Адно з пацвярджэнняў важнасці сацыяльна-эканамічнай праблематыкі ў “АиФ” – першае месца ў Нацыянальным конкурсе друкаваных сродкаў масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь “Залатая Літара” ў намінацыі “Лепшыя матэрыялы сацыяльнай тэматыкі” (2010 г.). Сярод матэрыялаў на сацыяльна-эканамічную тэматыку ў газеце немалая доля і маіх, аўтарскіх, матэрыялаў, што дазволіла дыпломную працу намінаваць як творчую.

Аб’ектам дыпломнага даследвання з’яўляецца сацыяльна-эканамічная палітыка ў Беларусі і яе адлюстраванне ва ўрадавых праграмах эканамічнага развіцця краіны. Прадмет даследвання – асвятленне сацыяльна-эканамічнай праблематыкі ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі краіны на старонках “Аргументов и фактов в Белоруссии” (на матэрыяле творчай часткі дыпломнай работы).

Мэта работы – на падставе кантэнт-аналізу матэрыялаў “АиФ” на сацыяльна-эканамічную тэму выявіць іх грамадскую вартасць, узровень інфарматыўнасці і адпаведнасць дзяржаўнай палітыцы. Для дасягнення мэты пастаўлены наступныя задачы:

ахарактарызаваць сацыяльна-эканамічны стан Беларусі;

адлюстраваць ролю штотыднёвіка “АиФ” у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі эканамічнага развіцця краіны;

вызначыць месца ўласных матэрыялаў у сацыяльна-эканамічным кантэксце газеты “АиФ в Белоруссии”.

Кантэнт-аналіз творчай часткі ў сугуччы яе матэрыялаў з урадавымі праграмамі сацыяльна-эканамічнага развіцця з набалелымі праблемамі беларусаў – галоўны метад даследвання.

Навізна даследвання заключаецца ў тым, што ўпершыню ў айчыннай навуцы аналізуецца месца сацыяльна-эканамічнай тэматыкі на старонках расійскай газеты, што выходзіць у Беларусі. Творчы ўзровень матэрыялаў беларускай рэдакцыі на фоне расійскага крэатыву – гэта ўпершыню.

Праца мае практычную значнасць. Яе вынікі можна выкарыстоўваць у практыцы грамадска-палітычных газет Беларусі незалежна ад выдаўца газеты і яе палітычнай арыентаванасці. Але ў першую чаргу работа можа быць карыснай для рэдакцыі самога штотыднёвіка “АиФ в Белоруссии”.

Узоры ўключэння аўтарскіх публікацый у тэксты глаў (фрагменты)


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: