Рагойша, В. П

В. П. Рагойша

БЕЛАРУСКАЕ ВЕРШАВАННЕ

Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў

па філалагічных спецыяльнасцях

Мінск

БДУ

УДК

ББК

Р

Р э ц э н з е н т ы:

М. А. Тычына, доктар філалагічных навук, прафесар,

загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута мовы і літаратуры

імя Якуба Коласа і Янкі Купала НАН Беларусі;

А. У. Дуброўскі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт,

дацэнт кафедры журналістыкі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва

Рэкамендавана

Вучоным саветам філалагічнага факультэта БДУ

ў якасці вучэбнага дапаможніка 29 кастрычніка 2009 г., пратакол № 2.

Рагойша, В. П.

Беларускае вершаванне: вучэб. дапам. для студэнтаў выш. навуч. устаноў па філалаг. спец. / В. П. Рагойша. – Мінск: БДУ, 2010. – 150 с.

ISBN

У вучэбным дапаможніку “Беларускае вершаванне” разглядаецца цэлы шэраг пытанняў, звязаных як з гісторыяй і тэорыяй беларускага верша (верш і проза, верш і паэзія, сістэмы вершавання, віды верша, верлібр і г. д.), так і з функцыянаваннем верша ў сістэме беларускай паэтычнай творчасці (“беларускі верш” В. Дуніна-Марцінкевіча, вершаванне Ф. Багушэвіча, рытмічнае “вядзенне тэмы” ў Янкі Купалы, жанравая своеасаблівасць верша Якуба Коласа, майстэрства Максіма Танка-вершапісца, гіперстрофіка Аркадзя Куляшова, беларускі санетарый, вянок вянкоў санетаў і інш.).

Адрасуецца найперш студэнтам-філолагам вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі, якія вывучаюць творчасць беларускіх паэтаў у курсе гісторыі беларускай літаратуры, а таксама пытанні вершазнаўства ў курсе тэарэтыка-літаратурных дысцыплін. Разам з тым ён можа быць выкарыстаны настаўнікамі-славеснікамі і вучнямі сярэдніх школ, ліцэяў і гімназій, а таксама ўсімі, хто цікавіцца пытаннямі гісторыі і тэорыі беларускага вершанага слова.

УДК

ББК

© В. П. Рагойша, 2010

© БДУ, 2010

ISBN

Прысвячаю 500-гадоваму юбілею

беларускага літаратурнага верша

АД АЎТАРА

Беларускаму літаратурнаму вершу хутка споўніцца пяцьсот гадоў. Францыск Скарына ў якасці эпіграфа да перакладу кнігі Свяшчэннага Пісання “Іоў”, якую ён выдаў у Празе ў 1517 годзе, змясціў наступныя вершаваныя радкі:

Богу в троици единому ко чти и ко славе,

Матери его пречистой Марии к похвале,

Всем небесным силам и святым его к веселію,

Лудем посполитым к доброму научению.

Гэта – першы з зафіксаваных друкаваным словам вершаў не толькі самога Скарыны (ён пакінуў нам некалькі такіх твораў), але і ўсяго ўсходнеславянскага вершавання. Прыблізна з таго часу пачынаецца і наша вершазнаўства як галіна ведаў пра верш, яго эстэтычную і моўную сутнасць, рытмічныя і метрычныя асаблівасці, строфіку, рыфміку. Першым усходнеславянскім вершазнаўцам быў Лаўрэнцій Зізаній, які ў сваёй кнізе «Грамматіка словенска» (Вільня, 1596) падаў кароткі курс тэорыі антычнага верша, даў тлумачэнне некаторых вершазнаўчых паняццяў (стапа, метр, памер, рыфма). Асобныя палажэнні Зізанія развіў Мялецій Сматрыцкі ў сваёй «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1618). Ён зрабіў спробу ўвесці ў старабеларускую і ўсю ўсходнеславянскую паэзію антычную сістэму вершавання, у прыватнасці адзін з яе асноўных памераў — гекзаметр. Выдатным вершазнаўцам сярэдневяковай Беларусі з'яўляўся Мацей Казімір Сарбеўскі, які ў 1617—1620 гг. чытаў у Полацкай езуіцкай калегіі курс паэтыкі. Развіццё і вершавання, і вершазнаўства ў той час адбывалася пераважна ў сценах брацкіх школ і езуіцкіх калегій, вучні якіх не толькі атрымлівалі звесткі па тэорыі верша, але і абавязкова вучыліся пісаць вершы. Пазней асобныя вершазнаўчыя назіранні знаходзім у працах Сімяона Полацкага, Яна Чачота, Івана Насовіча, Яўхіма Карскага. Значны ўклад у беларускае вершаванне ўнёс Максім Багдановіч сваім нарысам пра санет, даследаваннем рытмікі і фонікі верша Тараса Шаўчэнкі, развагамі пра суадносіны рытму і метра і інш.

Беларускае савецкае вершазнаўства распачалося працамі Аляксандра Вазнясенскага («Паэтыка М. Багдановіча», 1926), Яўгена Барычэўскага («Тэорыя санету», «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), Уладзіміра Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927) і інш. На жаль, рэпрэсіі 1930-х гг. перапынілі працу гэтых тэарэтыкаў літаратуры, не далі магчымасці разгарнуцца іншым даследчыкам. Гісторыя і тэорыя беларускага верша пачала зноўку распрацоўвацца толькі ў пасляваенны час. Вучоныя сталі даследаваць рытміку і метрыку як літаратурнага верша (Анатоль Клышка. Смялей заходзь у хату, белы верш!, 1965; Іван Ралько. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі, 1969; ён жа. Вершаскладанне: Даследаванні і матэрыялы, 1977; ён жа. Верш і мова (Праблемы тэорыі і гісторыі беларускага верша), 1986; Мікола Грынчык. Шляхі беларускага вершаскладання, 1973; Вячаслаў Рагойша. Паэтыка Максіма Танка: Культура вобраза. Характар верша, 1968; ён жа. Гутаркі пра верш: Метрыка. Рытміка. Фоніка, 1979; ён жа. Паэтычны слоўнік, 1979; Ала Кабаковіч. Беларускі свабодны верш, 1985), так і фальклорнага (Мікола Янкоўскі. Паэтыка беларускіх прыказак, 1971; Ніл Гілевіч. Паэтыка беларускай народнай лірыкі, 1975; ён жа. Паэтыка беларускіх загадак, 1976). Пры гэтым улічваліся і ўлічваюцца дасягненні еўрапейскага, найперш – славянскага вершазнаўства (Ю. Арліцкі, Дж. Бейлі, Б. Ганчароў, М. Гаспараў, А. Жоўціс, С. Кармілаў, Н. Кастэнка, І. Качуроўскі, І. Ліллі, Ю. Лотман, П. Руднеў, Г. Сідоранка, Т. Скулачова, М. Суліма, А. Фядотаў, Н. Чамата, Я. Эткінд і інш.). У поле зроку даследчыкаў трапляюць пытанні паэтычнай вобразнасці, лірычнай кампазіцыі, вершаванага сінтаксісу, фонікі (Алесь Яскевіч. Ад слова да вобраза, 1972; ён жа. Ритмическая организация художественного текста, 1991; Васіль Жураўлёў, Іван Шпакоўскі, Алесь Яскевіч. Пытанні паэтыкі, 1974). Да праблем развіцця беларускага верша пачынаюць часцей звяртацца “чыстыя” крытыкі і гісторыкі літаратуры, самі паэты (М. Арочка, В. Бечык, Р. Бярозкін, У. Гніламёдаў, В. Зуёнак, У. Калеснік, У. Караткевіч, В. Коўтун, А. Лойка, А. Макмілін, А. Разанаў, Максім Танк, І. Штэйнер і інш.). Час ад часу маладыя філолагі абіраюць для кандыдацкіх дысертацый тэмы, звязаныя з даследаваннем верша (Віктар Ярац. Рытмічны лад сучаснай беларускай лірыкі, 1976; Уладзімір Славецкі. Верш Якуба Коласа: Метрыка. Строфіка. Нацыянальная своеасаблівасць, 1982; Тамара Федарцова. Беларуская паэзія ХХ стагоддзя: да праблемы станаўлення і развіцця класічных формаў верша, 2001; Ульяна Верына. Верлібр у паэзіі беларускага авангарду 1980—1990-х гадаў”, 2001; Аляксандр Дуброўскі. Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша, 2003; Марыя Кудрашова. Паэтыка беларускіх замоў: вобразны свет, гукавая арганізацыя тэксту, 2005 і інш.). Прыкметнай з’явай у даследаванні рытмалогіі не толькі празаічнага, але і паэтычнага тэксту стала доктарская дысертацыя Ігара Жука, якая ўвасобілася ў грунтоўнай манаграфіі “Празаічны тэкст: дынаміка рытмавага існавання” (2003). Можна назваць яшчэ некалькі прыкладаў увагі літаратуразнаўцаў да праблем вершазнаўства. І ўсё ж…

І ўсё ж многія пытанні гісторыі і тэорыі беларускага верша яшчэ застаюцца маладаследаванымі, а то і зусім недаследаванымі. Галоўная прычына гэтага – у рэзкім звужэнні і без таго нешырокага шэрагу спецыялістаў-вершазнаўцаў у выніку іх дачаснага адыходу з жыцця (М. Грынчык, А. Кабаковіч, І. Ралько, У Славецкі), у недастатковым прыплыве ў навуку пра літаратуру новых вершазнаўцаў. А гэта збядняе не толькі само вершазнаўства як адну з важнейшых галін літаратуразнаўства, але і гісторыю беларускай паэзіі ў цэлым, не дазваляе аб’ектыўна ацаніць эстэтычную вартасць творчасці таго ці іншага майстра паэтычнага слова, яго ўклад у развіццё нацыянальнага прыгожага пісьменства. “Прарыў” у гэтым кірунку павінны, несумненна, ажыццявіць маладыя кадры вершазнаўцаў. Менавіта пра іх думалася найперш, калі ствараўся гэты вучэбны дапаможнік, разлічаны на студэнтаў-філолагаў універсітэтаў краіны, якія вывучаюць розныя праблемы вершазнаўства ў курсах “Уводзіны ў літаратуразнаўства” і “Тэорыя літаратуры”. На глыбейшае засвойванне тэарэтычнага матэрыялу скіравана і сістэма “Пытанняў і заданняў для самаправеркі”, што, безумоўна, прыдасца і ўсім тым, хто захоча самастойна авалодаць асобнымі “сакрэтамі” вершавання.

У тэксце кнізе і ў розных табліцах і схемах выкарыстаны наступныя ўмоўныя абазначэнні для пэўных сістэм вершавання, метраў, памераў і відаў верша:

сістэмы вершавання: С – сілабічная, Т – танічная, С.-т. – сілаба-танічная, Св – свабодны верш (верлібр);

віды і памеры сілабічнага верша: С5 – сілабічны 5-складовік; С7676 – сілабічны верш з рэгулярным чаргаваннем 7-складовых і 6-складовых радкоў; С11ц – сілабічны 11-складовік з цэзурай пасля 5-га складу; С12ц – сілабічны 12-складовік з цэзурай пасля 6-га складу; С 13ц – сілабічны 13-складовік з цэзурай пасля 7-га складу; С12ц12ц11ц12ц11ц – сілабічны верш з нерэгулярным чаргаваннем 12-складовых і 11-складовых цэзураваных радкоў;

віды і памеры танічнага верша: Акц3 – 3-акцэнтны верш; Тк2 – 2-іктны тактавік; Тк4-3 – тактавік, у якім спалучаюцца 4-іктныя радкі з 3-іктнымі, але 4-іктныя пераважаюць; Дк3 – 3-іктны дольнік; АС – акцэнтна-складовы верш; АС2/6 – 2-акцэнтны 6-складовік; Клм – каламыйкавы верш (АС4/14); Раёшнік (9-13) – рознаакцэнтны рыфмаваны верш, у якім колькасць складоў у радках вагаецца ад 9 да 13;

метры, стопы, памеры сілаба-танічнага верша: Ам – амфібрахій, Ан – анапест, Д – дактыль, Х – харэй, Я – ямб; Врз. – верш з урэгуляваным чаргаваннем радкоў з рознай колькасцю стопаў (напрыклад: Я5454 – ямб з рэгулярным чаргаваннем 5-стопных і 4-стопных радкоў); Х4 – 4-стопны харэй; Х6ц – 6-стопны харэй цэзураваны; Я6Цн2 – шасцістопны ямб з цэзураваным нарашчэннем на два склады; Ан4Цу1 – 4-стопны анапест з цэзураваным усячэннем на адзін склад; Ам4Цн1 – 4-стопны амфібрахій з цэзураваным нарашчэннем на адзін склад; П.а.3 – 3-складовы памер з пераменнай анакрузай; П.а.2 – 2-складовы памер з пераменнай анакрузай; В.в. – вольны верш; Я.в. – вольны ямб; Х.в.(3-4) – вольны харэй з нерэгулярным чаргаваннем 3-стопных і 4-стопных радкоў; Лаг – лагаэд; Гк – гекзаметр; Пт – пентаметр; Э.д. – элегічны двуверш; Р.п.2 – рытмічная (метрызаваная) проза з вылучэннем 2-складовых стопаў; Р.п.3 – рытмічная (метрызаваная) проза з вылучэннем 3-складовых стопаў.

Для паказу характару рыфмаў і рыфмоўкі ўжываюцца парадкавыя літары кірылічнага алфавіту:

а (малая літара) – мужчынская рыфма (націск пáдае на апошні склад слова); А (вялікая, прапісная літара) – жаночая рыфма (націск пáдае на перадапошні склад слова); А’ (вялікая літара з адным апострафам) – дактылічная рыфма (націск пáдае на трэці склад ад канца слова); А’’ (вялікая літара з двума апострафамі) – гіпердактылічная рыфма (націск пáдае на чацвёрты і далейшыя склады ад канца слова); нерыфмаваныя радкі сярод рыфмаваных паказваюцца літарай х (або Х, Х’, Х’’ – у залежнасці ад характару клаўзул); В.р. – вольная рыфмоўка; Б.в. – белы (нерыфмаваны) верш.

Наяўнасць строфаў (верш страфічны) або іх адсутнасць (верш астрафічны), характар строфаў паказваецца з дапамогай тых жа парадкавых літар кірылічнага алфавіту ў адпаведнасці з размяшчэннем зарыфмаваных слоў і месцам націску ў іх:

ААББВВ… -- астрафічны верш з сумежнай жаночай рыфмоўкай; АбАб… -- астрафічны верш, у якім выдзяляюцца чатырохрадкоўі з перакрыжаванай жаноча -- мужчынскай рыфмоўкай; АА ББ -- верш, напісаны асобнымі строфамі з сумежнай жаночай рыфмоўкай; А’Б’А’Б’ – верш, напісаны асобнымі строфамі з перакрыжаванай дактылічнай рыфмоўкай; (аБаБ) х 18 – верш, які складаецца з 18 строфаў, напісаных катрэнамі з перакрыжаванай мужчынска – жаночай рыфмоўкай; (ААБВБВ + ГГ) х 8 – верш з 8 строфаў, напісаных васьмірадкоўямі з жаночай рыфмоўкай, кожнае з якіх складаецца з шасцірадкоўя і двух радкоў сумежнай рыфмоўкі (ГГ), што застаюцца нязменнымі на працягу ўсяго верша (паўтарэнне адных і тых жа радкоў ці рыфмаў паказваецца выдзяленнем іх курсівам).

Адным запісам часам паказваецца памер, характар рыфмоўкі і від страфы. У такім выпадку літары, што абазначаюць двухскладовыя і трохскладовыя стопы, у адпаведнасці з характарам рыфмаў запісваюцца малымі, вялікімі, вялікімі з адным або двума апострафамі літарамі: Ам4ам4Ам4ам4 – катрэн, напісаны 4-стопным амфібрахіем з жаноча—мужчынскай перакрыжаванай рыфмоўкай; Ам’’4Ам3Ам’’4Ам3 – катрэн, напісаны радкамі з урэгуляваным чаргаваннем 4 і 3-стопнага амфібрахія, з перакрыжаванай гіпердактылічна—жаночай рыфмоўкай; Д’’4Цу1д4Д’’4Цу1д4 – катрэн, напісаны 4-стопным дактылем з цэзураваным усячэннем на адзін склад у няцотных радках, з гіпердактылічна—мужчынскай перакрыжаванай рыфмоўкай; Я’3Я’3я3Я’3Я’3я3 – шасцірадкоўе, напісанае 3-стопным ямбам, у якім трэці і шосты радкі звязаны мужчынскімі рыфмамі, астатнія – дактылічнымі.

У самім тэксце кнігі сустракаюцца агульнапрынятыя скарачэнні: і г. д – і гэтак далей, т. зв. – так званы(я), і інш. – і іншыя.

Пры патрэбе ўдакладніць сутнасць асобных вершазнаўчых паняццяў і тэрмінаў можна звярнуцца да літаратуразнаўчых даведнікаў аўтара дадзенага вучэбнага дапаможніка: Паэтычны слоўнік. – Выд. 3. – Мінск: Вышэйшая школа, 2004; Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны і паняцці: для школьнікаў і абітурыентаў. – Мінск: Народная асвета, 2009.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: