Перыяду Вялікай Айчыннай вайны)

Для беларускіх савецкіх пісьменнікаў даваеннага часу, а не толькі для Якуба Коласа, напад гітлераўскай Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 г. з’явіўся напачатку падзеяй не столькі трагічна-нечаканай, колькі проста нечаканай. Увераваныя ў непараўнаную мудрасць і прадбачлівасць “вялікага Сталіна”, у непераможнасць Чырвонай арміі, яны, хоць і выдатна бачылі яшчэ задоўга да Вялікай Айчыннай вайны (ВАВ), што “гітлеры і герынгі з Берліна… на край савецкі точаць шаблі і штыкі”, усё ж былі ўпэўнены і запэўнівалі іншых: “На іхніх землях з іхніх генералаў // Знімаць пагоны будзем, шаблі і крыжы” (“Старыя акопы” Янкі Купалы, 1935 [2, 58]). Нават 1 мая 1941 г., за нейкіх паўтара месяца да фашысцкай агрэсіі, у вершы “З Першым маем” Янка Купала, звяртаючыся да савецкага народа (які, дарэчы, у гэты час, рыхтуючыся да найгоршага, расхопліваў у крамах прадукты), аптымістычна сцвярджаў:

Пад расстрэлам стаяць больш не будзеш нідзе,

Больш тыран ланцуга на цябе не ўскладзе,

Бомбы больш не спадуць з самалётаў,

Кветкі сыпацца будуць з высотаў… [2, 171].

І таму калі не кветкі, а бомбы пасыпаліся на галовы беларусаў, Якуб Колас, таксама шчыра ўпэўнены, што “Зальецца дучэ ў гнойнай плыні, // Ганебна фюрэр будзе біт” (“Сучасныя калігулы”, 1937 [1, 320]), што як толькі “сусветны граміла… папрэцца ў савецкі наш сад, // Тут зломіць ён рыла” (“Пагромшчыкі”, 1938 [1, 337]), што, нарэшце, фашыстам увогуле “савецкае граніцы не прайсці!” (“Калымага вайны”, 1938 [1, 333]), у першы дзень вайны са шчырым (а не ўдаваным) аптымізмам пісаў:

Захочам – і Гітлер, як пёс, будзе біты:

Шалёнага пса – на ланцуг! [1, 166].

Гэты верш-кліч “Шалёнага пса – на ланцуг!” ужо праз дзень, 24 чэрвеня 1941 г., быў надрукаваны без перакладу, на беларускай мове, у самым на той час аўтарытэтным савецкім выданні – газеце “Правда”, у першым яе “ваенным” нумары. Звернем тут увагу на слова “захочам”. Якубу Коласу ў нядзелю 22 чэрвеня, калі пісаўся верш, сапраўды верылася: варта толькі захацець, і Гітлер, як шалёны сабака, будзе біты, пасаджаны “на ланцуг”. Але ўжо назаўтра, у панядзелак, калі Мінск стаў гарэць ад нямецкай бамбёжкі, тым больш праз тыдзень, калі сталіца Беларусі была ў руках немцаў, а сам паэт, пакінуўшы ўсё сваё дабро, спешна з сям’ёй эвакуіраваўся ў напрамку Масквы, гэтак ён, відаць, ужо не думаў. Гнеў яго на фашыстаў яшчэ больш разгараўся, дый вера ў перамогу над акупантамі не згасала, але ў лёгкую, хуткую перамогу – значна зменшылася. Так, у другім па часе надрукавання вершы-звароце -- “Чырвонай Арміі” (у “Комсомольской правде” 18 ліпеня, і таксама на беларускай мове) народны паэт Беларусі, звяртаючыся да савецкіх воінаў, выказваў ужо не столькі веру, колькі шчырую надзею:

Душою і сэрцам мы з вамі, героі,

Краса наша, гордасць і цвет.

Вы множыце славу чырвонае зброі,

З надзеяй на вас глядзіць свет [1, 168].

У вершах-клічах, вершах-закліках, вершах-зваротах Якуба Коласа вера ў моц Чырвонай арміі і непахісны дух савецкага народа перамяжоўваліся з надзеяй на хуткую перамогу, любоў да роднай зямлі – з нянавісцю да фашысцкіх “калігул” (“На абарону”, “Байцам-камсамольцам”, “Абаронцам роднай зямлі”, “Народу-барацьбіту”, “Капайце яму, далакопы” і інш.). Разам з тым гэтыя паэтычныя пасланні суб’ектыўна выяўлялі тагачасны настрой паэта, пастаўленага ў стрэсавую сітуацыю, і аб’ектыўна былі востра запатрабаваныя афіцыйнай антыфашысцкай прапагандай…

Кажуць, калі гавораць гарматы – музы маўчаць. Сапраўды, так часам бывае. Скажам, Янка Купала на пачатку Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, замоўк як паэт, не напісаўшы за тры гады ні радка. Што да ВАВ 1941--1945 гг., то літаральна ўсе беларускія савецкія паэты адразу актыўна далучылі свае галасы да стрэлаў чырвонаармейскіх гармат па фашысцкіх захопніках, з першых і да апошніх дзён вайны грамілі ворага то буйнакалібернымі кулямі вершаў, то важкімі снарадамі паэм (назавём у першую чаргу паэмы “Суд у лесе” і “Адплата” Якуба Коласа, “Сцяг брыгады” А. Куляшова, “Янук Сяліба” Максіма Танка, “Паэму пра Смалячкова” і “Беларусь” П. Броўкі). І найбольш творча актыўным выявіўся менавіта аўтар “Новай зямлі”. Так, Янка Купала з пачатку вайны і да сваёй трагічнай смерці ў Маскве 28 чэрвеня 1942 г. напісаў толькі 7 вершаў агульнай колькасцю 289 радкоў. За гэты ж час у Якуба Коласа з’явілася 37 вершаў, што склалі 1272 вершаваныя радкі. Увогуле, па колькасці напісанага ў час ВАВ (114 вершаў) Якуб Колас значна пераўзыходзіць не толькі ўсіх беларускіх паэтаў, з ім мала хто можа параўнацца ва ўсёй тагачаснай савецкай паэзіі. Скажам, за чатыры ваенныя гады П. Панчанка напісаў 103 лірычныя творы, П. Броўка – 65, Максім Танк – 58, А. Куляшоў – 15, А. Твардоўскі – 57, М. Рыльскі – 70. Зразумела, у мастацкай літаратуры, як і ў мастацтве наогул, далёка не ўсё вызначае колькасць напісанага. І ўсё ж у творцаў такога маштабу, як Якуб Колас, колькасць таксама шмат пра што гаворыць.

Безумоўна, і колькасныя, і якасныя паказчыкі творчага дыяпазону паэтаў у скрушны час ваеннага ліхалецця павінны былі прадвызначацца як пэўнымі суб’ектыўнымі, так і аб’ектыўнымі чыннікамі. З аб’ектыўных варта ў першую чаргу назваць бытавыя ўмовы жыцця і творчасці беларускіх літаратараў. Як вядома, усе яны, у адрозненне, скажам, ад расійскіх ці нават украінскіх пісьменнікаў, адразу, літаральна з першых гадзін вайны, спазналі ўсе яе жахі: адступленне, голад, нягоды франтавога жыцця, складанасці экстраннай самаэвакуацыі (у прыватнасці, гэта датычыцца Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія па ўзросце не падпадалі пад мабілізацыю). Зразумела, у Якуба Коласа, які ў сярэдзіне жніўня 1941 г. з сям’ёй эвакуіраваўся ў Ташкент, умовы для творчай працы, нягледзячы на ўсе складанасці, былі значна лепшыя, чым у тых жа П. Броўкі, Максіма Танка, А. Куляшова або П. Панчанкі, якія надзелі вайсковую форму і “да штыка прыраўнялі пяро” (У. Маякоўскі) – актыўна працавалі ў армейскім друку. Нават Янка Купала, якога часова прытулілі добрыя людзі ў прыфрантавой Казані, быў пазбаўлены многага з таго, што меў ягоны пабрацім (пэўны матэрыяльны дабрабыт, адносны душэўны спакой, магчымасці лячэння і адпачынаку і інш.).

У Ташкент былі эвакуіраваны вядомыя рускія пісьменнікі і вучоныя. Яны, а таксама ўзбекскія дзеячы навукі і культуры стварылі спрыяльную творчую аўру, у якую адразу трапіў Якуб Колас. Тут, у Ташкенце, ён пазнаёміўся з рускай паэтэсай Святланай Сомавай, супрацоўніцай апарату Саюза пісьменнікаў Узбекістана, якой ён захапіўся як жанчынай і якая на працяглы час стала ягонай Музай [гл. пра гэта: 3]. Усё гэта, апрача, зразумела, прыроджанай таленавітасці, выключнай працаздольнасці, жадання ўнесці як мага большы ўклад у хутчэйшую перамогу над ворагам, і абумовіла незвычайную творчую актыўнасць паэта, намнога большую, чым у іншых беларускіх вершатворцаў. Аднак для нас важней падкрэсліць, што і якасны дыяпазон творчасці Якуба Коласа ваеннага часу, які ўключае ў сябе не толькі аксіялагічную важкасць паэзіі, але і яе жанрава-відавую характарыстыку, таксама ў многім прадвызначаны названымі (і неназванымі) чыннікамі. Чым жа ён, гэты дыяпазон вызначаецца, што для яго характэрна?

Традыцыйны падзел лірыкі на жанры – грамадзянская, філасофская, інтымная, пейзажная – у нашым выпадку не зусім падыходзіць. Па сутнасці, уся беларуская савецкая ваенная лірыка была грамадзянскай, прасякнутай антываенным, антыфашысцкім пафасам. Цяжка знайсці “чыста” інтымны, “чыста” філасофскі або “чыста” пейзажны верш. У кожным з такіх вершаў, за вельмі рэдкім выключэннем, прысутнічаюць эмоцыі грамадзянскія: боль за патоптаную фашысцкім ботам Радзіму, перажыванні за яе гаротнае становішча, надзея на яе абавязковае вызваленне, радасць ад кожнай выйгранай бітвы з ворагам і г. д. Таму прапануем некалькі іншыя жанравыя вектары лірыкі, вылучым у ёй творы: 1) услаўленча-заклікальныя; 2) сатырычна-выкрывальныя; 3) медытатыўна-роздумныя; 4) аповедныя.

У Якуба Коласа амаль чвэрць вершаў – 26 са 114, або 23 %, -- адносіцца да першай жанравай катэгорыі. З іх, як было відаць вышэй, і пачалася яго літаратурна-мастацкая творчасць ваеннага часу. Да жанру паслання, верша-закліку, які знаходзіўся ў творча-публіцыстычным арсенале паэта яшчэ з даўніх часоў (прыгадаем хаця б “Беларусам”, “Ворагам”, “Да працы!”, “Покліч” і інш.), паэт звяртаўся на працягу ўсіх чатырох ваенных гадоў. Гэта такія творы (апрача ўжо названых), як “Маскве”, “Бацьку Мінаю”, “Байцам і камандзірам Чырвонай Арміі”, “Савецкім народам”, “Помсці!”, “Люду і краю”, “Роднаму краю: да 25-й гадавіны БССР” і інш. Разам з тым услаўленне роднага краю і народа ў Якуба Коласа арганічна спалучалася – і гэта зразумела – з пафасным выкрыццём заваёўнікаў у вострых інвектывах (“Фашысцкім бандытам”, “Фашысцкаму звяр’ю”, “Калымага Рым -- Берлін”, “Да Германіі”, “Фрыцы” і інш.; іх у паэта 18, або 16 %). У такіх творах сатырычна-гратэскны плакатнага тыпу партрэт захопнікаў маляваўся ў асноўным з дапамогай вульгарызмаў (падлы, бандыты, галодная зграя, арда, фашысцкая чорная вош, фашысцкая гідра, людаеды, расцугленая сцерва і г. д.).

Пасланні, вершы-заклікі, інвектывы, сатыры Якуба Коласа апярэдзілі, а таму, відавочна, у пэўнай ступені і прадвызначалі з’яўленне аналагічных жанравых разнавіднасцей у творчасці іншых паэтаў, і не толькі беларускіх. Назавём, у прыватнасці, вершы “Беларускім партызанам” Янкі Купалы, “Змагайцеся адважна за Радзіму!” і “Фашыстам літасці няма!” П. Панчанкі, “Пісьмо землякам” і “Помста” П. Броўкі, “Мы вернемся” і “Не шкадуйце, хлопцы, пораху” Максіма Танка, “Клятва партызана” А. Астрэйкі, а таксама “Тебе, Украина”, “Бойцу Южного фронта”, “Новогоднее слово” расіяніна А. Твардоўскага, “Слово про рідну матір”, “Друзям по Союзу”, “Україні” ўкраінца М. Рыльскага і інш. Усе гэтыя вершы арганічна ўпляталіся ў сістэму савецкай прапаганды ваеннага часу, куды, побач з творамі літаратурнымі (лірычнымі, эпічнымі і драматычнымі), уваходзілі творы іншых відаў мастацтва – выяўленчага (згадаем хаця б карыкатуры Кукрыніксаў), музычнага, тэатральнага, кінамастацтва…

Адкрыта-публіцыстычныя заклікальныя і выкрывальныя творы ў 1941--1945 гг. рабілі сваю мабілізацыйную справу: уздымалі дух абаронцаў Радзімы, усялялі ў іх сэрцы веру ў немінучую перамогу над ворагам. Нездарма яны пастаянна друкаваліся на першых старонках франтавой перыёдыкі (у прыватнасці, у газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”), у выглядзе лістовак засылаліся ў тыл праціўніка. Ужо само іх аўтарства – у прыватнасці, Якуба Коласа, найаўтарытэтнейшага класіка айчыннай літаратуры, аднаго з “маршалаў нацыі” (Р. Семашкевіч) -- надавала ім характар своечасовай парады, нават – калі хочаце – камандзірскага загаду. Але нават у арміі, на вайне аднымі загадамі дасягнуць мэты немагчыма. Тым больш – сродкамі паэзіі, сіла якой – найперш у шчырасці, пачуццёвасці, суцішанай эмацыянальнасці. Ды і не адной гэтай -- масава-агітацыйнай – мэтавай устаноўкай жылі ў той час паэты, не выключаючы і Якуба Коласа. Як і ў тым нялёгкім жыцці, яны і ў сваёй творчасці нярэдка сумавалі, бедавалі, весяліліся, сябравалі, кахалі… Таму вершы медытатыўна-роздумнага характару, да якіх арганічна далучаецца лірыка пейзажная і інтымная, займаюць у творчасці беларускіх паэтаў ваеннага часу – як гэта, на першы погляд, ні парадаксальна – вядучае месца. Пра што зноў выдатна сведчыць спадчына Якуба Коласа.

Літаральна на другі дзень пасля напісання аптымістычна-заклікальнага паслання “Душою і сэрцам мы з вамі, героі”, 19 ліпеня 1941 г. у Клязьме (пад Масквой) у Якуба Коласа “здарыўся” зусім не мажорны верш “Развітанне”, дзе тужлівы настрой разлучаных вайной блізкіх людзей выявіўся нават у своеасаблівай “арытміі” яго няцотных радкоў:

Разышліся мы у трывожны час

Пад напевы сірэн і матораў.

Ясны летні дзень плыў на захад, гас,

А наступны прарочыў нам гора…

Я на ўсход пайшоў, ты ж павёў свой шлях

Па знаёмай мясціне ступою.

Развіталіся, і сляза ў вачах

Заблішчала тужлівай расою [1, 184].

Падобных вершаў, у якіх элегічны настрой, развага, роздум перамешаны нярэдка са “слязой у вачах”, у Якуба Коласа за ваенны час з’явілася шмат – 58, або 51 %, больш за палову ад усяго напісанага. Гэта “Запытай ты сябе, чалавеча…”, “Майму другу”, “У цяжкую часіну”, “Дуб”, “Вясною”, “Стары гасцінец”, “На захад”, “Пад Новы год”, “Над магілаю друга” і інш. Сярод іх вылучаюцца творы цалкам інтымнага, асабістага і “асобаснага” характару, што выяўлялі патаемныя думкі і перажыванні, прысвячаліся жонцы і дзецям (“Самому сабе”, “Мае мары: М. Д. М.”, “М. Д. М.”, “Маёй Марусі”, “Сыну”, “Міхасю” і інш.), сябру – рускаму паэту Сяргею Гарадзецкаму (“Сяргею Гарадзецкаму”, “С. Гарадзецкаму”, “С. Г.”). Асобныя з такіх вершаў не прызначаліся для друкавання, пісаліся “ў стол” (як, зрэшты, і цытаваны вышэй верш “Развітанне”, апублікаваны ўпершыню толькі ў 1952 г.). Тыя ж, што друкаваліся (у газеце “Савецкая Беларусь”, альманаху “Беларусь”, зборніках “Адпомсцім”, “Голас зямлі”), зусім не кантраставалі з творамі ўслаўленча-заклікальнымі і сатырычна-выкрывальнымі, разлічанымі на масавую аўдыторыю. Больш таго, яны аказваліся надзвычай запатрабаванымі. На тых, хто змагаўся з ворагам, часта мацней, чым творы публіцыстычнага напалу, уздзейнічала т. зв. ціхая лірыка, разлічаная на ўспрыманне не столькі розумам, колькі сэрцам, у якой замест масавага “Мы” праяўлялася лірычнае “Я”. Дарэчы, гэта добра адчулі паэты, якія самі былі сярод салдат, у пекле ваенных падзей. Услед, а часам раней ці ў адзін час з К. Сіманавым і А. Сурковым (маюцца на ўвазе, у прыватнасці, іх вершы “Жди меня” і “Бьется в тесной печурке огонь”, што сталі папулярнымі песнямі), яны друкавалі свае шчымліва-лірычныя радкі, вобразны лад і мелодыка якіх выяўлялі асабістае, прыватнае, індывідуальнае, а праз гэта – і агульнае, грамадскае і грамадзянскае. Назваць можна хаця б вершы П. Панчанкі “Сінія касачы”, “Будуць вечна сады расцвітаць…”, “І гора міне, і радасць міне…”, “Далёкія станцыі”, “У мяне не забілі нікога…” (такіх твораў у яго 39, або 38 %), Максіма Танка “Адыходзячы з хаты”, “Чуўся гром кананады ў тумане…”, “Яна хату бяліла”, “Мы берагам мора ішлі…” (25, або 43 %). Менш іх у П. Броўкі (11, або 20 %) і А. Куляшова (2, або 13 %).

Асобную даволі вялікую групу такіх твораў Якуба Коласа складаюць інтымныя вершы, якія ўзніклі ў выніку ўзаемаадносін паэта са Святланай Сомавай. У некаторых з іх значацца прозвішча, імя паэтэсы (або крыптанімы): “Святлане”, “Святлана”, “Святланін кут”, “С. С-й”, “З Святланы Сомавай” і інш. Рукапісы многіх іншых Коласавых вершаў, і не толькі інтымных, але і пейзажных, філасофскіх, таксама сведчаць, што яны былі першапачаткова прысвечаны, а магчыма, і прызначаліся Сомавай: “Чымган. С. С-й”, “На восеньскі лад. С-не С-вой”, “Крынічка (С. С.)”, “Хваля. С. С.”, “Салар (Светлане С.)” і інш. Ды і тыя творы, у назвах і прысвячэннях якіх не ўпамінаецца Сомава, але рукапісы якіх народны паэт у свой час падараваў сваёй сяброўцы, несумненна, у значнай, калі не ў выключнай ступені ўзніклі ў выніку кантактаў з ёй: “На развітанне”, “Песня ў бяссонную ноч самому сабе”, “Узбекістану. На развітанне”, “Арол”, “Маёй Вясне”, “Бывае музыка і ў стуку…”, “Мой дом” і інш.

Варта падкрэсліць, што творы, напісанне якіх звязана з Сомавай, значна паглыбілі жанравы струмень не толькі ваеннай, але і ўсёй лірыкі Якуба Коласа, у якой да ВАВ амаль не было інтымных (дакладней – любоўных) матываў. Разам з тым яны пашырылі і яе відавы дыяпазон. Так, верш “…Бліснỳць у бяздонні вячэрнія зоры” напісаны секстынай – арыгінальнай шасцірадковай страфой з рыфмоўкай АББАБА. Дагэтуль такой страфой у спалучэнні з Ам4 паэт ўвогуле не карыстаўся. Кантакты з Сомавай прывялі і да ўзнікнення ў яго творчасці акраверша. Вось першы ў творчасці Якуба Коласа акраверш “Слова” (1943), у якім па вертыкалі прачытваецца імя Светлана:

С лова – радасць, слова – чары,

В образ вечна юных вёсен!

Е сць ты ўсюды: ў сонцы, ў хмары,

Т ы глядзіш праз неба просінь.

Л ашчыш слух мой, слова-ззянне,

А туляеш сэрца ласкай.

Н оч і вечар, дзень, світанне

А бняло ты, слова-краска[1, 407].

Калі акраверш – не навіна ў беларускім вершаванні, то ўжо прысвечаны Сомавай санет-акраверш “Зорка” (1943) з’явіўся першай такой формай за ўсю больш чым пяцісотгадовую гісторыю пісьмовага існавання нашай паэзіі:

С веціць мне зорка з бяздонных глыбінь,

В ечнае неба таемна-прыгожа.

Е сць нейкая сувязь, няспынная плынь,

Т олькі ім назвы, імя не знаходжу.

Л аскава кажа мне зорка: спачынь!

А х, мой вандроўнік, суцішся, нябожа!

Н осіш ты ў сэрцы жальбу далячынь,

А там журботны ў святым падарожжы.

С ветлая зорка, ты ярка гарыш,

О дум мой горкі ўзнясі ты на крыж,

М не ж падары ты радасць спакою!

О, не, ты далёка, халодны твой жар.

В ечар мой нікне пад полагам хмар.

А рфа разбіта – чыею рукою? [2, 415]

Тут, у адрозненне ад папярэдняга верша, прачытваецца не толькі імя, але і прозвішча адрасата твора ў іх рускім напісанні: Светлана Сомова.

Інтымныя вершы Якуба Коласа ваеннага часу – увогуле выключная з’ява ва ўсёй тагачаснай савецкай паэзіі, у якой -- па зразумелых прычынах -- такая жанравая разнавіднасць лірыкі прадстаўлена адзінкавымі вершамі.

Нарэшце, чацвёрты жанравы вектар коласаўскай лірыкі складаюць вершы аповедныя, у якіх пераважае аповед ці проста паведамленне пра нейкую падзею. Колькасна іх найменш: 12, або 10 %. Гэта сюжэтныя вершы ці творы з элементамі сюжэта. Сюды, несумненна, адносяцца і балады, але іх, у адрозенне ад А. Куляшова (“Балада аб чатырох заложніках”, “Камсамольскі білет”), П. Панчанкі (“Герой”, “Балада пра Міколу Сасноўскага”), Максіма Танка (“Казак гнаў каня”, “Развітанне”), П. Броўкі (“Магіла байца”, “Два клёны”), у ваеннай лірыцы Якуба Коласа не зафіксавана. Затое той ці іншы аповед прадвызначае мастацкі свет такіх ягоных твораў, як “Над магілай партызана”, “Засада”, “Крумкачы”, “На новы рубеж”, “Над Прутам”, “Топаль” і інш. У іх у пэўнай ступені выявіліся магчымасці Якуба Коласа як ліра-эпіка, выдатна ўвасобленыя ў яго даваенных паэмах і вершаваных апавяданнях.

Цікава, што твораў аповеднага характару ў паэтаў, якія былі непасрэдна на фронце, значна больш, чым, скажам, у Якуба Коласа ці М. Рыльскага, якія знаходзіліся ў эвакуацыі. Так, яны займаюць вядучае месца ў творчасці А. Куляшова (87 %), П. Панчанкі (40 %), П. Броўкі (38 %), А. Твардоўскага (55 %). Гэтаму ёсць тлумачэнне: паэты-франтавікі на свае вочы бачылі многія знакавыя падзеі, іх не трэба было выдумляць, можна было ў вершы браць, як кажуць, “жыўцом”.

Жанравая своеасаблівасць лірыкі Якуба Коласа перыяду ВАВ у параўнанні з паэтычнай творчасцю некаторых іншых беларускіх паэтаў, а таксама -- рускага А. Твардоўскага і ўкраінца М. Рыльскага добра відаць з наступнай абагульняльнай табліцы, дзе лічбы ў верхнім радку абазначаюць асноўныя жанравастваральныя вектары -- творы: ўслаўленча-заклікальныя (1); сатырычна-выкрывальныя (2); медытацыйна-роздумныя (3); аповедныя (4).

Табліца

Паэты         Усяго
Якуб Колас 26 (23 %) 18 (16 %) 58 (51 %) 12 (10 %)  
П. Броўка 19 (35 %) 4 (7 %) 11 (20 %) 21 (38 %)  
Максім Танк 15 (26 %) 1 (2 %) 25 (43 %) 17 (29 %)  
П. Панчанка 9 (9 %) 14 (13 %) 39 (38 %) 41 (40 %)  
А. Куляшоў 2 (13 %) 13 (87 %)  
А.Твардоўскі 9 (16 %) 16 (29 %) 32 (55 %)  
М. Рыльскі 31 (45 %) 3 (5 %) 25 (35 %) 11 (15 %)  

Табліца колькасна пацвярджае як выключны творчы плён Якуба Коласа (114 твораў – супраць 70 у М. Рыльскага і 57 у А. Твардоўскага), так і значную перавагу ў яго паэтычнай творчасці вершаў медытацыйна-роздумных (51 %) над вершамі ўслаўленча-заклікальнымі (23 %), сатырычна-выкрывальнымі (16 %) і асабліва аповеднымі (10 %).

Л і т а р а т у р а

1. Колас, Я. Збор твораў: у 14 т. / Якуб Колас. – Мінск, 1972. -- Т. 2.

2. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала. – Мінск, 1998. -- Т. 5.

3. Рагойша, В. Сябар яго шасцідзесяцігадовай маладосці: Святлана Сомава ў жыцці і творчасці Якуба Коласа / Вячаслаў Рагойша // Полымя. – 2003. -- № 11. – С. 168 – 200.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Якія традыцыйныя жанры лірычных вершаў вы ведаеце? 2. Якія жанры (жанравыя разнавіднасці) лірыкі найбольш мэтазгодна вылучыць пры характарыстыцы лірычных твораў Якуба Коласа і іншых паэтаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны? 3. Ахарактарызуйце вялікую творчую актыўнасць Якуба Коласа-лірыка ў час ВАВ (у параўнанні з іншымі савецкімі паэтамі). Чым гэта можна вытлумачыць? 4. Дайце колькасную і якасную жанравую характарыстыку лірыкі Якуба Коласа перыяду ВАВ.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: