Жыццё і паэзія Францішка Багушэвіча

Ў ІНТЭР’ЕРЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ

У 1884 годзе памёр класік новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808—1884). Годам пазней упершыню з’явіліся ў друку публікацыі другога яе класіка – Францішка Багушэвіча (1840—1900), свядомае жыццё і творчасць якога прыпалі на другую палову ХІХ ст. За гэтае стагоддзе еўрапейскія, у тым ліку беларуская, літаратуры прайшлі шлях ад рамантызму да рэалізму, які ў савецкім літаратуразнаўстве атрымаў назву класічны, або крытычны, рэалізм, а ў заходнім – пазітывізм. Такі пераход, у прыватнасці, назіраўся ўжо ў творчасці Дуніна-Марцінкевіча. Але развіў і канчаткова замацаваў яго ў беларускай літаратуры менавіта Багушэвіч.

Узнікненне рэалізму ў розных краінах было абумоўлена не толькі чыста эстэтычнымі, але і грамадска-палітычнымі абставінамі. У Расійскай імперыі у 1861 г. было нарэшце адменена прыгоннае права. Аднак рэформа царскім урадам была праведзена, вядома ж, не на карысць сялян. Ні належных зямельных надзелаў, ні волі яны не атрымалі. Гэта вельмі добра паказаў Багушэвіч у сваіх вершах, у апавяданні “Тралялёначка”. Засталося, як і раней: “адзін… у золаце з плеч да ног, а другому, каб прыкрыцца хоць анучай, – велькі труд” (“Бог не роўна дзеле”). Сяляне масава ператвараліся ў найманых рабочых, жыццё якіх было таксама нялёгкае. Што да волі, то не ставала і яе. Замест ранейшых прыгнятальнікаў з’явілася цэлая плойма новых. У вершы “Быў у чысцы” Багушэвіч вуснамі селяніна Мацея пералічвае тых, ранейшых, і другіх, новых…

Да прыгнёту сацыяльнага далучаўся нацыянальны. Яшчэ за год да нараджэння Багушэвіча (1839) была афіцыйна ліквідавана на Беларусі уніяцкая царква, да якой традыцыйна належалі бяднейшыя слаі насельніцтва і якая ўжывала ў набажэнстве і беларускую мову. У год жа нараджэння пісьменніка (1840) “по высочайшему повелению” цара Мікалая І пад забарону трапілі ўжо самі словы “Беларусь” і “Літва”, якімі дагэтуль называліся беларускія землі (тэрыторыя цяперашняй этнічнай Літвы тады мела назвы Жэмайція і Аўкшайція). Сённяшняя Беларусь на доўгі час атрымала назву “Северо-Западный край”. Беларуская мова не дапускалася да афіцыйнага ўжытку. Яна не прызнавалася, не лічылася самастойнай, а толькі гаворкай (“наречием”) рускай мовы. У ліпені 1863 г. з’явіўся Валуеўскі цыркуляр (П. Валуеў – тагачасны міністр унутраных спраў Расіі), якім забаранялася выкарыстоўваць украінскую мову ў друку і ў навучальных установах, паколькі, як там гаварылася, “ніякай асобнай маларасійскай мовы не было, няма і быць не можа”. Цыркуляр той пачаў аўтаматычна распаўсюджвацца і на беларускую мову. Аднак калі літаратары з расійскай часткі Украіны маглі публікавацца ў Аўстра-Венгрыі (напрыклад, у Львове), куды ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай трапілі заходнеўкраінскія землі і дзе такога жорсткага нацыянальнага ўціску не было (там выходзілі газеты, часопісы, кнігі на ўкраінскай мове), то беларускія пісьменнікі такіх магчымасцей зусім не мелі. Менавіта таму той жа Багушэвіч вымушаны быў друкаваць свае кнігі, ды і то пад псеўданімамі, далёка за межамі радзімы, на этнічна чужых тэрыторыях – у той жа Аўстра-Венгрыі (Кракаў), у Прусіі (Познань) і затым таемна перавозіць іх у Беларусь. Нават у пачатку ХХ ст. трэба было падманваць царскую цэнзуру, каб, у прыватнасці, выдаць у Пецярбургу зборнік Янкі Лучыны “Вязанка” (1903), -- называць гэтае выданне кнігай на… балгарскай мове. На балгарскай мове, у адрозненне ад беларускай, у Расіі друк не забараняўся…

Аднак беларусы не скарыліся ні сацыяльнаму, ні нацыянальнаму прыгнёту. У 1863 г. у Польшчы ўспыхнула нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Яно перакінулася і на беларускія землі. Тут яго ўзначаліў таленавіты публіцыст, прадаўжальнік справы рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў, юрыст па адукацыі Кастусь Каліноўскі (1838—1864). “Каго любіш? – Люблю Беларусь!” – такі быў пароль беларускіх паўстанцаў, у якім, бадай, упершыню так выразна пачала ўвасабляцца на практыцы беларуская нацыянальная ідэя. У самога ж Каліноўскага, апрача іншага, яна сцвердзілася ў стварэнні першай газеты на беларускай мове “Мужыцкая праўда” (зразумела, падпольнай; выйшла ўсяго 7 нумароў), ва ўласнай беларускамоўнай рэвалюцыйнай публіцыстыцы і паэзіі.

Паўстанне ў выніку пэўных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын не закончылася перамогай. Пасля задушэння яго царскім генералам Мураўёвым (за жорсткасць яго празвалі “вешальнікам”) у Беларусі на некалькі дзесяцігоддзяў настала чорная паласа рэакцыі. Сам Каліноўскі быў павешаны ў Вільні. Тысячы ўдзельнікаў паўстання – найбольш адукаваная, грамадзянска актыўная частка насельніцтва – былі расстраляны, асуджаны на катаргу, сасланы ў Сібір. Царскі ўрад распачаў планамернае выкараненне “польскага элементу” ў “Северо-Западном крае”. У выніку гэтых захадаў паланізацыя беларускіх зямель у значнай ступені прыпынілася. Аднак, на змену ёй, прыйшла інтэнсіўная і адкрытая русіфікацыя. “Руская адукацыя мацней за рускі штык” – гэтыя словы І. Карнілава, які пасля паўстання ўзначаліў Віленскую вучэбную акругу (ёй падпарадкоўваліся ўсе навучальныя ўстановы на беларускай зямлі), сталі вызначаць напрамак адукацыі тагачасных пачатковых царкоўна-прыходскіх школ і настаўніцкіх семінарый. Не толькі школы, а нават усе прызначаныя для народнага чытання кнігі, паводле таго ж Карнілава, павінны былі садзейнічаць “распространению православно-христианского учения и возбуждению в народе сознания, что он -- русский” [1, с. 17]. Беларуская мова ў такія школы, семінарыі і кнігі, вядома ж, і блізка не дапускалася.

І ўсё ж пачатае Каліноўскім не прапала дарэмна. Яно адгукнулася ў пашырэнні ў часе паўстання і пасля яго шматлікіх ананімных вершаваных і празаічных гутарак – твораў, у якіх у форме непаспешлівага, доказнага дыялогу асвятляліся сацыяльна-палітычныя (зямля і воля, адмена прыгоннага права, характар экслуатацыі рабочага чалавека) і маральна-этычныя (праўда і крыўда, п’янства, распуста моладзі) праблемы (“Вось цяпер які люд стаў”, “Гутарка двух суседаў”, “Гутарка Данілы са Сцяпанам”, “Дзядзька Антон”, “Гутарка пана з селянінам” і інш.). У канцы ж стагоддзя ідэі Каліноўскага падхапілі беларускія народнікі, студэнты Пецярбургскіх ВНУ, якія сталі выдаваць на гектографе падпольны часопіс “Гоман” (1884). Ніякія забароны, ніякія рэпрэсіі не маглі пазбавіць беларусаў і іх душы – роднай мовы, не маглі таленавітых насельнікаў краю прымусіць замаўчаць, не тварыць на ёй. Многае значыла і маральная падтрымка вядомых рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў. Так, у славутым часопісе “Современник” у 1860 г. М. Дабралюбаў у артыкуле “Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя” пісаў: “Адносна беларускага селяніна справа даўно вырашана: забіты канчаткова, так што нават пазбавіўся ўжывання чалавечых здольнасцей. Не ведаем, у якой ступені ілжывае гэта меркаванне, таму што не вывучалі спецыяльна беларускі край; але паверыць яму, зразумела, не можам. Цэлы край вось так узялі ды і забілі, -- як бы не так! Гэта таксама, як італьянцаў забілі, расслабілі, пазбавілі любові да радзімы і да свабоды!.. Паглядзіце цяпер на іх… Ва ўсялякім разе, пытанне характарыстыкі беларусаў павінна хутка быць растлумачана працамі мясцовых пісьменнікаў. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы…” [1, с. 12].

І беларусы неўзабаве сказалі. І сказалі найперш вуснамі Багушэвіча.

* * *

Нарадзіўся Францішак Казіміравіч Багушэвіч 21 сакавіка 1840 г. у вёсцы Свіраны на Віленшчыне ў сям’і небагатага шляхціца каталіцкага веравызнання. Сёння Свіраны – невялікі хутар на тэрыторыі Літвы, дзе ад былога шляхецкага маёнтка засталіся толькі старыя ліпавыя прысады. Аднак сапраўдны “родны кут” пісьменніка – гэта вёска Кушляны цяперашняга Смаргонскага раёна, куды сям’я Багушэвічаў пераехала ў 1846 г. Тая хата, у якой Францішак правёў свае лепшыя дзіцячыя і юначыя гады, не захавалася. Але ў атачэнні стогадовых ліпаў і ясеняў стаіць дагэтуль другая хата, якую ў канцы 1890-х гг. пабудаваў сам пісьменнік і дзе ён жыў і тварыў ажно да сваёй смерці 28 красавіка 1900 г. У гэтай хаце ў 1990 г. распачаў сваю працу мемарыяльны музей Францішка Багушэвіча. У суседніх Жупранах устаноўлены помнік аўтару “Дудкі Беларускай”. А ў Смаргоні ў Дзень беларускага пісьменства ў 2009 г. быў урачыста адкрыты яшчэ адзін велічны помнік пісьменніку работы скульптараў Л. і С. Гумілеўскіх. Так беларусы ўшаноўваюць памяць класіка роднай літаратуры.

Пачатковую адукацыю Францішак атрымаў дома, з дапамогай “дарэктараў” (найманых настаўнікаў). Потым была Віленская гімназія, якую ў ліку чатырох лепшых вучняў ён скончыў якраз у год адмены прыгоннага права. У тым жа годзе паехаў у сталіцу Расійскай імперыі і стаў студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта Пецярбургскага універсітэта, які годам раней (толькі юрыдычны факультэт) закончыў Кастусь Каліноўскі.

1861 год для расійскай грамадскасці стаў знакавым не толькі ў сацыяльна-палітычным сэнсе. У сакавіку жыхары Пецярбурга назаўсёды развіталіся са славутым украінскім Кабзаром – Тарасам Шаўчэнкам. А 17 лістапада ў Пецярбургу памёр Дабралюбаў. Магчыма, у пахавальнай працэсіі, успамінаючы словы вялікага рускага крытыка пра беларусаў, ішоў і Багушэвіч… Дарэчы, у тыя дні ён развітваўся не толькі з Дабралюбавым, але і з універсітэтам, адмовіўшыся, як і многія яго калегі, прыняць новыя універсітэцкія правілы, якія рэзка абмяжоўвалі свабоду студэнтаў.

Вярнуўшыся на радзіму, Багушэвіч едзе працаваць настаўнікам у Доцішкі (цяперашні Воранаўскі раён). У студзені 1863 года пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Каліноўскага, у якім дзейсны ўдзел прыняла ўся сям’я пісьменніка. Францішак змагаўся з царскім войскам у мясцінах, дзе яго ніхто не ведаў, і гэта яго выратавала ад арышту. Цяжка паранены ў Аўгустоўскіх лясах, ён тайна лечыцца пад Беластокам, потым, каб пазбегнуць арышту, перабіраецца на Украіну. З дапамогай сваякоў і сяброў ён паступае ў 1865 г. у Нежынскі юрыдычны ліцэй, які заканчвае праз тры гады. Працуе судовым следчым у розных гарадах Украіны і Расіі, ажно пакуль у 1874 г. не пасяляецца ва ўкраінскім горадзе Канатопе. Тут ён ажаніўся з былой мінчанкаю Габрыэляй Шклёнік, тут у яго нарадзіліся дачка Канстанцыя і сын Тамаш. І толькі праз дваццаць гадоў пасля паўстання, калі ў сувязі з каранацыяй новага рускага цара Аляксандра ІІІ з’явіўся ўказ пра амністыю яго ўдзельнікаў, ён з сям’ёй вяртаецца на радзіму.

У пачатку 1884 г. Багушэвіч ступіў на віленскі брук. Нейкіх паўтара дзесятка гадоў адвёў яму лёс на адносна спакойную юрыдычную працу (ужо не следчага, а адваката) і напружаную літаратурную творчасць. Прычым, праца адваката была навідавоку, яна хоць і клопатная, але давала пэўны прыбытак, прыносіла часам і пахвалу, нават славу. Адвакат Багушэвіч бараніў у судзе ў асноўным “прыніжаных і абражаных” – найперш сялян, рабочых, дробных службоўцаў. А пісьменніцкая дзейнасць зусім не прыносіла прыбытку. Якраз наадварот: вымагала значных выдаткаў на друкаванне твораў за ўласны кошт. Больш таго -- забірала ўвесь вольны ад асноўнай працы час, была звязана з рызыкай страціць пасаду, нават трапіць у турму. Сапраўды, турма чакала Багушэвіча, калі б уладатрымальнікі даведаліся, што ён піша творы на забароненай беларускай мове ды яшчэ друкуе іх за межамі Расіі!

Францішак Багушэвіч, вярнуўшыся з Украіны, якая дапамагла сфармаваць яго нацыянальна-беларускую свядомасць, паказала прыклад творчасці на роднай мове, стаў, нягледзячы на ўсе небяспекі, нават на адсутнасць сямейнай падтрымкі, актыўна працаваць на карысць беларускага народа, яго мовы, літаратуры, культуры. У Пецярбургу выдаваўся ў той час польскамоўны часопіс “Край”. І пісьменнік, пачынаючы з 1885 г., стаў рэгулярна пад рознымі псеўданімамі дасылаць у гэтае выданне допісы пра становішча народнай гаспадаркі, адукацыі, культуры, судовую практыку і інш. У адным з допісаў, у прыватнасці, ён звяртаў увагу судовых работнікаў на неабходнасць “ведаць усе абставіны побыту, звычаі і народную мову (чаго заўсёды не хапае)”. На народнай (беларускай) мове Багушэвіч звычайна гаварыў з сялянамі як судовы адвакат. Ён збіраў матэрыялы для слоўніка жывой беларускай мовы. Гэту мову як асноўную ён абраў для сваёй літаратурнай творчасці.

Тое, што на працягу шэрагу гадоў па-беларуску пісалася таемна, склала першую кнігу паэта “Дудка Беларуская”, якую ён пад псеўданімам Мацей Бурачок здолеў выдаць у Кракаве (Аўстра-Венгрыя) у 1891 г. [6]. Зноў азвалася беларускае друкаванае слова, якое маўчала ледзь не тры дзесяткі гадоў, лічачы з часу выхаду твораў Дуніна-Марцінкевіча і “Мужыцкай праўды” Каліноўскага. А ў наступным годзе ў тым жа Кракаве ананімна з’явілася ў свет і кніжачка “Тралялёначка” [9], дзе было змешчана аднайменнае апавяданне пісьменніка. Яшчэ праз два гады, ужо ў Познані (Прусія), выйшаў з друку другі паэтычны зборнік Багушэвіча – “Смык Беларускі” [8]. Праўда, псеўданім паэт абраў ужо іншы – Шымон Рэўка з-пад Барысава. У 1896 г. “Дудка Беларуская” была перавыдадзена [7]. Ф. Багушэвіч тым самым хацеў стварыць ілюзію наяўнасці беларускага літаратурнага руху, у якім быў бы не адзін стваральнік нацыянальнай літаратуры, а хаця б некалькі. Пра гэта, у прыватнасці, сведчаць радкі прадмовы да “Смыка Беларускага”: “Граю трошкі на скрыпачцы, ну дык няхай і мая ксёнжачка завецца струмантам якім; вот я і назваў яе “Смык”. Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была “Дудка” – вот і мы зробім музыку…” [2, с. 65]. Гэтым імкненнем было выклікана і ўпамінанне ў той самай прадмове імя Дуніна-Марцінкевіча, і ўключэнне ў кніжку верша Юркі (псеўданім Фелікса Тапчэўскага) “Панскае ігрышча”, і вершаваная палеміка з яго аўтарам (“Адказ Юрцы на “Панскае ігрышча”). Што ж да жаданай “Скрыпкі”, то сам Багушэвіч у канцы жыцця падрыхтаваў трэці зборнік вершаў, які так і назваў -- “Скрыпачка Беларуская”. І ці не было ўжо магчымасцей і сродкаў пераправіць рукапіс кніжкі за мяжу і там – зноў жа пад псеўданімам – выдаць, ці легкаверна паверыў ён афіцыйнай прапагандзе аб “дэмакратызацыі” Расіі, -- пісьменнік гэты зборнік, а таксама рукапіс кніжкі “Беларускія расказы Бурачка” здаў у мясцовую Віленскую губернскую друкарню. Як і трэба было чакаць, кнігі гэтыя царская цэнзура не прапусціла ў свет, убачыўшы “в такого рода сочинениях тенденцию, кроме “малорусской”, создать еще “белорусскую” литературу и таким образом разбить и ослабить литературное и национальное единство, а вследствие этого и политическое могущество русского народа” (з заключэння віленскага цэнзара; 1, с. 105). Рукапісы гэтых дзвюх кніжак страчаны, відаць, назаўсёды…

Кнігі Багушэвіча, што парушылі шматгадовае маўчанне беларускага нацыянальнага друку, сталі новым крокам не толькі ў беларускім прыгожым пісьменстве, але і ў станаўленні беларускай нацыянальнай ідэі, у духоўным адраджэнні беларускага народа. Яны выразна пацвердзілі думку Дабралюбава, што беларускі селянін не “забіты канчаткова”. Самахарактарыстыка селяніна-беларуса ў кнігах Багушэвіча адназначна сведчыла: у яго не вытраўлена пачуццё чалавечай годнасці, ён не прымае сацыяльны, нацыянальны і рэлігійны ўціск, крытычна ставіцца да многіх царскіх законаў, да чынавенства, панства, судовых інстанцый, імкнецца да праўды, справядлівасці, свабоды (“Як праўды шукаюць”, “У судзе”, “Хрэсьбіны Мацюка”, “У астрозе”, “Кепска будзе” і інш.)…

* * *

На першай старонцы “Дудкі Беларускай”, перад вершамі, Багушэвіч змясціў “Прадмову” [2, с. 16--17], якую распачаў шчырым і даверлівым зваротам да чытачоў: “Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей!” Як нагадвае гэты зварот пачатак усіх сямі нумароў “Мужыцкай праўды” Каліноўскага (“Дзецюкі!”) або яго “Лісты з-пад шыбеніцы” (“Браты мае, мужыкі родныя!”)! Ці не быў знаёмы Багушэвіч з творамі гэтага беларускага рэвалюцыянера і палымянага публіцыста? Зусім верагодна, бо ён жа ўдзельнічаў, як мы ведаем, у паўстанні 1863 г. і ваяваў з царскімі войскамі пад Беластокам – там, дзе, хутчэй за ўсё, і выдавалася “Мужыцкая праўда”…

На што звяртае ўвагу, што адстойвае ў сваёй “Прадмове” Багушэвіч? Ад імя кемлівага і дасціпнага селяніна Мацея Бурачка ён распачынае гутарку “аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове”. Як слушна сцвярджаецца ў “Прадмове”, “пазнаюць людзей ці па г а в о р ц ы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж г а в о р к а, язык і ёсць адзежа душы”. Такім чынам, мова – адзенне душы. Якое глыбокае і разам з тым афарыстычнае выказванне! Мацей Бурачок з усёй палкасцю абараняе родную мову, “бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам”. Уталкоўвае сялянам, што называць яе трэба не “мужыцкай”, а “б е л а р у с к а й” (гэтае слова нават вылучана ў “Прадмове”). Пры гэтым ён адрасуецца не толькі да псіхікі, эмоцый, але і да свядомасці, ведаў. Так, ён прыгадвае часы Вялікага княства Літоўскага, у якім беларуская мова была дзяржаўнай, сцвярджае, што чытаў “ці мала старых папераў па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася”. Відавочна, ён меў на ўвазе “Статут Вялікага княства Літоўскага”, шматлікія дакументы, напісаныя ў ХІУ—ХУІ ст. на старабеларускай мове, што ўвайшлі ў больш чым трыццаць тамоў і былі выдадзеныя ў другой палове ХІХ ст. спецыяльна створанай навуковай установай -- Віленскай Археаграфічнай камісіяй. Зразумела, простым сялянам гэтыя выданні былі недаступныя, але яны мусілі верыць (і верылі) свайму супляменніку. Як верылі і тады, калі ён прыводзіў прыклады духоўнага адраджэння іншых славянскіх народаў – балгараў, харватаў, чэхаў, украінцаў і “другіх пабратымцаў нашых”, якія ўжо мелі – у адрозненне ад беларусаў – “па-свойму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баечкі”.

Другая актуальная праблема, на якую звярнуў увагу пісьменнік, была назва той зямлі, на якой жылі беларусы. Кемлівы і дасведчаны Мацей Бурачок адпрэчвае, з аднаго боку, назву “Літва”, з другога боку – “Северо-Западный край” у дачыненні да беларускай тэрыторыі, даводзіць, што трэба карыстацца адной назвай – “Беларусь”. У той час гэта было надзвычай актуальна, бо літоўскія асветнікі-адраджэнцы актыўна пачалі замяняць назвы “Аўкшайція” і “Жэмайція” на “Літву”, і можна было падумаць, што цэнтральна- і заходнебеларускія землі, якія ў першай палове ХІХ ст. нават афіцыйна іменаваліся “Літвой”, адносяцца да этнічнай Літвы.

Нарэшце, адстойваючы неабходнасць існавання самой назвы Беларусь, аўтару “Прадмовы” патрэбна было акрэсліць і самі межы Беларусі. Разуменне “мова – народ” ён лагічна разгарнуў ў трыяду “мова – народ – краіна” і адказаў на пытанне: “Гдзе ж цяпер Беларусь?” наступным чынам: “Там, братцы, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…” Гэта акрэсленне Беларусі па сутнасці супала з вывадамі буйнога вучонага, заснавальніка беларусазнаўства акадэміка Я. Карскага, які прыблізна ў той самы час даследаваў розныя гаворкі беларускай мовы і складаў сваю вядомую “Карту беларускага племені”.

Акрэсленнем межаў Беларусі і завяршаецца “Прадмова” да “Дудкі беларускай”. У ёй Багушэвіч выяўляў новае, у параўнанні з ранейшымі беларускімі пісьменнікамі, разуменне нацыянальнай ідэі. Разам з тым пасяляў гэтае разуменне ў свядомасці самых шырокіх народных мас, найперш беларускіх сялян і дробнай шляхты, апалячанай і абруселай інтэлігенцыі, прадвызначаў найбольш перспектыўныя шляхі нацыянальнага адраджэння. Побач з гэтым “Прадмова” (як і ўся творчасць Багушэвіча) даводзіла народам-суседзям: на гістарычную арэну выходзіць яшчэ адна краіна – Беларусь. Відавочна, не без уплыву Багушэвіча знакамітая польская пісьменніца Марыя Канапніцкая, якая прыязджала ў Гродна да Элізы Ажэшкі (дарэчы, добрай знаёмай Багушэвіча), выказалася так: “Тое, што ўзнікне на гэтай зямлі, будзе ні Польшча, ні Расія, а – Беларусь”.

Услед за “Прадмовай” у “Дудцы беларускай” ішлі тэксты вершаваных твораў. Яны ўжо практычна, сваім гучаннем, даводзілі: ёсць беларуская мова, яна “такая ж людская і панская”, як і іншыя. Менавіта на ёй можна найбольш адэкватна перадаць думкі і пачуцці людзей, якія жывуць на зямлі, што завецца Беларуссю.

* * *

Зборнік “Дудка Беларуская” адкрываўся вершам “Мая дудка”. Па форме гэта – алегарычны маналог, звернуты, як і ў вядомай народнай песні (“Ой ты, дудка мая, весялушка мая…”), да дудкі, што ў дадзеным выпадку ўвасабляла сабой паэзію. Хацелася б, ой як хацелася б іграць на ёй нешта вясёлае, “каб усе ў кола, узяўшыся ў бокі, ды пайшлі у скокі… каб аж пыл курыўся”. “Грай, васола грай, альбо долю дай!..” – загадвае паэт сваёй “дудцы”, сваёй Музе. Але дзе тут весяліцца, калі, як ён кажа далей,

Сорак гадоў б’юся, Ды такой вадзіцы,

Ніяк не звярнуся Ды з такой крыніцы,

Ніяк не натраплю Што як хто нап’ецца,

Вадзіцы хоць каплю, Дык вольным стаецца [2, с. 19].

І тады паэт вырашае: “Кіну ж тую дудку, а зраблю другую”. Якую? “Ад жалю, ад смутку”. Каб яна плакала “над народу доляй”, каб іграла “слёзным тонам над народу сконам”. І толькі тады, калі не стане няшчасных крывавых слёз, кажа паэт, -- “тагды кончу гранне”.

Перад намі, па сутнасці, творчае крэда пісьменніка-рэаліста. Для рэалізму характэрны зварот да асноўных праблем пэўнага часу, выяўленне сацыяльнай праўды жыцця. Разам з тым яму не супрацьпаказана і пэўная ўмоўнасць, што, у прыватнасці, увасабляецца ў сімволіцы, алегарычнасці. У прыватнасці, вобраз дудкі беларускай сімвалізуе сабой мастацтва з яго асноўнай мэтай – служыць працоўнаму чалавеку, стваральніку ўсіх матэрыяльных даброт.

Гаворачы (і зусім слушна) пра ўмоўнасць і нават пэўную рамантычную стылістыку ў творчасці Багушэвіча, трэба ў той жа час памятаць пра тое асноўнае, што вызначае яго творчы метад – праўдападабенства ў паказе парэформеннай рэчаіснасці Беларусі. Увогуле, праўда -- адзін з асноўных матываў усёй творчасці пісьменніка. “А праўду сказаў Бурачок у сваёй “Дудцы”…” – так пачынае пісьменнік прадмову да “Смыка Беларускага”. У самой жа “Дудцы…” разуменне праўды персаніфікуецца, набывае рысы жывой істоты. У гэтым сэнсе паказальныя нават самі назвы некаторых вершаў Багушэвіча, у прыватнасці “Як праўды шукаюць”, “Праўда”. Калісьці Тарас Шаўчэнка, з творчасцю якога Багушэвіч, несумненна, пазнаёміўся, жывучы на Украіне, у адным са сваіх вершаў у адчаі сцвярджаў: “Няма праўды на зямлі ўсёй, // Ды няма й на небе!” Багушэвіч не такі катэгарычны. Звяртаючыся да Бога, ён просіць, каб той паслаў “ праўду сваю тую // З неба на зямельку, слязьмі залітую”, як калісьці пасылаў свайго Сына – Ісуса Хрыста. Але, ведаючы людскую жорсткасць (укрыжаванне Хрыста), тое, што і за дзве тысячы гадоў людзі не падабрэлі і не паразумнелі, ён папярэджвае:

Пашлі ж цяпер Духа, да пашлі без цела,

Каб уся зямелька адну п р а ў д у мела! [2, с. 30].

Праўда паэта была найперш у паказе сацыяльнай несправядлівасці ў канцы ХІХ ст., несправядлівасці, якую, бадай, ва ўсёй тагачаснай расійскай літаратуры найвыразней выявіў менавіта беларус Багушэвіч. І выявіў ледзь не ва ўсіх вершаваных відах і жанрах, нават у жанравых разнавіднасцях песні (цыкл “Песні”). Ён добра ведаў, што ў гэтай несправядлівасці найперш вінаваты не простыя людзі, якія не маюць ні матэрыяльнага дастатку, ні ўлады, а ўсе тыя, што “ праўду пахавалі”, “каменем накрылі, зямлю пааралі”. І ў вершы “Афяра” паэт ад імя селяніна, просіць:

Маліся ж, бабулька, да Бога,

Каб я панам ніколі не быў… [2, с. 77].

У зборным вобразе пана паэт увасобіў увогуле ўсіх прадстаўнікоў улады, прыгнятальнікаў працоўнага чалавека. Як сялянскі адвакат (і не толькі ў прафесійным сэнсе, але і ў пераносным), Багушэвіч усюды і заўсёды быў на баку пакрыўджаных. Як паэт ён мог папракнуць нават самога Створца, паколькі “Бог не роўна дзеле”: “Аднаму дзесяткі-служкі // Зарабляюць сотні сот… // Другі ж сам, аж на дзесятак, // Працуючы, лье свой пот”; “Адзін мае хатаў многа, // А вялікіх – касцёл моў… // У другога ў сцяне дзюры, // Вецер ходзе, дым і снег; Тут каровы, свінні, куры…”; “Гэты хлеба і не знае, // Толькі мяса ды пірог…// А той хлеб жуе з мякінкай, // Хлёбча квас ды лебяду” [1, с. 39]. Паэт мог іранічна пакпіць і з мужыка, з яго сацыяльнай слепаты: “Дурны мужык, як варона”. Сапраўды: “Глядзі! Горы паразрыты, // А чугункай свет абвіты: // Ўсё з мужыцкай цяжкай працы, // Усе едуць у палацы; // Ў мужыка ж няма білета! // Ці ж не дурань мужык гэта?” [2, с. 21]. Гэтую багушэвічаўскую іронію ў пачатку ХХ ст. падхапіў у сваім першым друкаваным вершы “Мужык” Янка Купала (“Бо я мужык, дурны мужык”). Падхапіў, каб абудзіць мужыка, заклікаць яго да змагання за лепшую долю і волю. Ф. Багушэвіч, шчыра спачуваючы мужыку, пакуль што мог адно напалохаць паноў мукамі на тым свеце – як у вершы-сненні “Быў у чысцы”. У апакаліптычнай карціне, навеянай, несумненна, “Боскай камедыяй” італьянца Дантэ, беларускі паэт паказвае мукі “багатых паноў”: “Там паны і муруюць й аруць, // Вымятаюць і свінні пасуць, // А смалу дык, як мёд, там жаруць, // А камення, як горы, нясуць, -- // Усё ў пекле каб дно як зрабіць..” [2, с. 63].

Свабода, воля… Гэта -- другі асноўны матыў творчасці Багушэвіча. Да гэтага матыву, як і да матыву праўды, пісьменнік у сваіх творах звяртаўся неаднойчы. Ён згадваў землякоў-змагароў, “што палеглі на чужыне, // Волі прагнучы Айчыне” (“…Я стары, таму й не знаю”; 2, с. 104), яму хацелася верыць, што 1886 год “любоўю ўсіх нас злучыць // І Свабоду нам уручыць” (“Новы 1886 год”; 2, с. 95). У баладзе “Быў у чысцы”, пералічваючы новых паноў, што “нараслі” пасля адмены прыгоннага права, з болем у сэрцы ён выгукаў: “Цяпер ці не болей настала паноў, // Не надта свабодна у гэтай свабодзе ” [2, с. 62]… Сапраўды, якая свабода была ў мужыка ў той час! Аднак нават такая, адносная, воля не магла параўняцца з турэмнай няволяй. Нельга не паверыць Аліндарку, галоўнаму герою паэмы “Кепска будзе!”, якога беспадстаўна пасадзілі за краты, пазбавілі волі: “От, здаецца б, і не еўшы // Быў бы сыты на свабодзе, // Як той кролік у гародзе. // Тут, здаецца, і сканаў бы, // За свабоду жыццё б даў бы!” [2, с. 56]. У гэтай паэме знаходзім выдатныя радкі з услаўленнем свабоды, па сутнасці – сапраўдную оду свабодзе. Аліндарка (чытай: паэт) апавядае, як ні птушкі, ні звяры не згаджаюцца жыць без волі, у няволі гінуць самохаць. І заканчвае свой аповед крылатымі словамі: “Як ужо ж скаціна тая // Або гадзіна праклята // І та цану волі знае, // Што ж для нашага-то брата, // Меўшы розум не скацінны, // Як знаць волю мы павінны?..” [2, с. 53]. Як гэтыя словы нагадваюць вядомае выказванне пра свабоду вольналюбівага Мцыры з аднайменнай паэмы М. Лермантава!

* * *

Францішак Багушэвіч займае выключнае месца не толькі ў гісторыі беларускай грамадскай, але, як мы маглі пераканацца, і эстэтычнай думкі другой паловы ХІХ ст. У прыватнасці, яго творчасць вызначыла развіццё беларускага верша апошняга дзесяцігоддзя таго ж стагоддзя і, разам з творчасцю Янкі Лучыны, у многім прадвызначыла шляхі вершавання новага перыяду беларускай літаратуры, калі ў паэзію прыйшлі Янка Купала, Якуб Колас, М. Багдановіч і іншыя майстры мастацкага слова. Найбольш наглядна і доказна паказаць гэта можна з дапамогай спецыяльных табліц, у якіх увасобіўся метрычны рэпертуар вершаваных твораў Багушэвіча, што склалі адпаведна зборнікі “Дудка Беларуская” (1891), “Смык Беларускі” (1896) ці захаваліся ў архівах (”Вершы 1897—2000 гг.”).

Метрычны даведнік да вершаў Ф. Багушэвіча. Табліца 1

“Дудка Беларуская”(1891)

№№ п/п Назва твора Колькасць радкоў Памер Рыфміка, строфіка
  Мая дудка   АС 2/6 ААББВВ…
  Дурны мужык, як варона   Х4 (ААБВБВ+ГГ)x8
  Як праўды шукаюць   Раёшнік (9-13) ААББВВ…
  У судзе   Ан4ц ААББВВ…
  Воўк і авечка   Х.в. (3-4) АБАБ…
  Мая хата   С12ц (ААББВВГГ)x5
  Праўда   С12ц ААББВВ…
  Здарэнне   Х4 ААББВВ…
  Немец   Х6ц ААББВВ…
  Думка   С12ц (АБАБ)x7+ААББВВ…
  З кірмашу   Х6ц ААББВВ…
  Падарожныя жыды   Раёшнік (9-13) ААББВВ…
  Хрэсьбіны Мацюка   Раёшнік (9-13) В. р.
  Бог не роўна дзеле   Х4 (АбАбВгВг)x5
  Хцівец і скарб на святога Яна   С12ц ААББВВ…
  Гдзе чорт не можа, там бабу пашле   Я5454 АбАб…
  Кепска будзе!   Х4 АбАб…
  У астрозе   Ам4 ААББВА…
  Быў у чысцы   Т3-4 АБАБвГвГ…
  Усяго радкоў,памераў      

“Смык Беларускі” (1894)

  Смык   АС 2/5 абаб…
  Цыкл “Песні”. 1.Удава   Х4343 (АБАБ)x4
  ІІ.Гора   Х44443 ааббв+ААббв+ (АбАбв)x6
  ІІІ.Песня   Х4444 (АБАБ)x2+(АбАб)x3+
  ІV.Сватаны   Х4343 (аБаБ)х11
  V.Сватаная   Х4343 (аБаБ)х18
  VІ.Песня   Тк2 (абаб)… а - рэдыф
  VІІ.Песня   Х3 ААББВВ…
  VІІІ.Калыханка   Х4 ААББВВ…
  ІХ.Песня   Х4444 (АбАб)х8
  Х.Хмаркі   АС 2/10 (А’Б’А’Б’)х4
  Панская ласка   Х4343 АБАБ…
  Афяра   Ан3 АбАб+абаб…
  Скацінная апека   Тк 4-3 аБаБ+АБАБ…
  Балада   Тк 3-4 АБАБ,АбАб,абаб…
  Жыдок   Х4 ААББВВ…
  Не ўсім адна смерць   Тк3 АБАБ,аБаБ…
  Не цурайся   Ан3 аБаБ,абаб…
  Панскае ігрышча   Х4444 (АбАб)х21
  Адказ Юрцы…   Х4 абабвв+АбАб…
  Свая зямля   Тк3 абаб, АбАб…
  Свіння і жалужы   П.а.2 аБ’аБ’+(АБАБ)х2+ абаб
  Усяго радкоў, памераў      

Вершы 1897—2000 гг.

  Яснавяльможнай пані Арэшчысе. 1891   Х3333 ААББ+(АБАБ)х8
  “Сабраўшыся на тры чоўна…”. 1897   Х4 ААББВВ, А’А’Б’Б’В’В’…
  “Хто над жалезнай струной запануе…”. 1897   Тк3-2 АБВБВВГГ
  “Каму дудка паслушна…”. 1897   Ан2 АБАБ
  “Каб я мог напісаць…”. 1897   Ан4цу1 ААББВВ
  “Малімончык наш Тадэўка…”. 1897   Х4 (АбАб)х2+АБАБ
  “Ото ж, браце, давядзецца…”. 1897   Х4 (АБАБ)х5
  “Веце дзьме і вые…”.   Х3 АБАБВГВГ
  Свінні і бараны   Тк4-3 ААББВВ…
  Усяго радкоў, памераў      

Табл. 1 выразна дэманструе метрычную, страфічную і рыфмічную разнастайнасць верша Багушэвіча. У прыватнасці, мы бачым, што паэт карыстаўся часта (і найчасцей – у “Дудцы Беларускай”) астрафічным вершам з парнай рыфмоўкай і жаночымі рыфмамі (№ 3, 4, 7, 27, 28 і інш.). Разам з тым у яго ўжо нярэдкія чатырохрадкоўі з перакрыжаванай рыфмоўкай (гэта асабліва заўважаецца ў “Смыку Беларускім”), якія вылучаюцца як у астрафічных вершах (№ 10, 22, 32, 34, 37 і інш.), так і выступаюць у выглядзе самастойных строфаў (21, 24, 25, 29, 38 і інш.). Паэт усё часцей звяртаецца не толькі да традыцыйных для ХІХ ст. жаночых рыфмаў, але мужчынскіх (№ 14, 16, 19, 22, 24, 25, 32, 40 і інш.) і нават дактылічных (№ 30, 41, 43).

Што да метрычнага малюнка Багушэвічава верша, то ён яшчэ больш разнастайны. Гэта наглядна можна ўбачыць з наступных табліц, у якіх паказаны памеры трох сістэм вершавання, якія выкарыстоўваў паэт, – танічнай, сілабічнай і сілаба-танічнай.

Танічная і сілабічная сістэмы вершавання. Табліца 2

Памер №№ твораў у табліцы 1 Колькасць радкоў у “Дудцы…” Колькасць радкоў у “Смыку…” Колькасць радкоў у “Вершах…” Усяго радкоў
Раёшнік (9-13) 3, 12, 13 90 + 30 + 85 = 205      
Тк 2          
Тк 3 36, 40   88 + 94 = 182    
Тк 4-3 (3-4) 19, 33, 34, 50   60 + 106 = 166    
Тк 3-2          
АС 5/2          
АС 6/2          
АС 10/2          
С 12ц 6, 7, 10, 15 38 + 60 + 60 + 275 = 433      
Усяго: твораў, радкоў   Твораў – 9, радкоў -- 870 Твораў – 7, радкоў --436 Твораў – 2, радкоў --94 Твораў –18, радкоў --1400

Адразу трэба сказаць, што надзвычай распаўсюджаная ў гісторыі беларускай літаратуры меркаванне пра Багушэвіча як прыхільніка сілабічнага верша, не мае падстаў. Так, з 18 вершаваных твораў, што адносяцца да двух некласічных – танічнай і сілабічнай – сістэм вершавання, толькі 4 можна аднесці да сілабікі: “Мая хата”, “Праўда”, “Думка”, “Хцівец і скарб на святога Яна” -- С 12ц. Прычым, у “Смыку Беларускім” і ў “Вершах 1997—2000 гг.” такіх твораў няма зусім. Магчыма, падобнае меркаванне склалася таму, што творы, напісаныя сілабікай, -- адны з найбольш вядомых у творчасці пісьменніка. Аднак яны займаюць нават сярод некласічных сістэм вершавання менш трэці (30, 9 %) па колькасці твораў і яшчэ менш (28,6 %) -- па колькасці радкоў. Што да месца сілабікі ў агульнай структуры багушэвічаўскага верша, то яна яшчэ менш адчувальная: гэта ўсяго 8 % ад усёй колькасці твораў і 13,6 % -- ад колькасці радкоў. Часцей паэт карыстаўся рознымі відамі танічнага верша: раёшнікам (“Як праўды шукаюць”, “Падарожныя жыды”, “Хрэсьбіны Мацюка”), тактавіком (“VІ. Песня” – Тк2, “Не ўсім адна смерць”, “Свая зямля” – Тк3, “Хто над жалезнай струной запануе…” – Тк3-2, “Быў у чысцы”, “Скацінная апека”, “Балада”, “Свая зямля” – Тк3-4) і акцэнтна-складовым вершам (“Смык” – АС2/5, “Мая дудка” – АС2/6, “Х. Хмаркі” – АС2/10). Гэта адпаведна 28 % ад колькасці твораў і 30,4 % -- ад колькасці радкоў.

Паглядзім цяпер, якімі сілаба-танічнымі памерамі карыстаўся Багушэвіч.

Сілаба-танічная сістэма вершавання. Табліца 3

Памер №№ твораў у табліцы 1 Колькасць радкоў у “Дудцы…” Колькасць радкоў у “Смыку…” Колькасць радкоў у “Вершах…” Усяго радкоў
Ам4          
Ан2          
Ан3 32, 37   26 + 64 = 90    
Ан4ц          
Ан4цу1          
Х3 27, 42, 49     36 + 8 = 44  
Х4 2, 8, 14, 17, 23, 28, 29, 35, 38, 39, 43, 47, 48 64 + 70 + 40 + 450 = 627 20 + 52 + 32 + 46 + 84 + 46 = 280 34 + 12 + 20 = 66  
Х4343 21, 24, 25, 31   16 + 44 + 72 + 36 = 168    
Х44443          
Х6ц 9, 11 58 + 18 = 76      
Х в.(3-4)          
Я5454          
П.а.2          
Усяго:твораў, радкоў   Твораў – 10, радкоў -1051 Твораў – 15, радкоў -- 616 Твораў – 6, радкоў -- 120 Твораў – 32, радкоў -1787

Табл. 3 добра паказвае, што ў паэтычнай творчасці Багушэвіча яўна пераважае сілаба-танічны верш. Прычым, перавага яго над вершам сілабічным выразна выяўляецца ўжо ў другім зборніку паэта – “Смык Беларускі”, дзе няма ніводнага сілабічнага верша. Ды і ў далейшай сваёй творчасці да сілабікі Багушэвіч не звяртаецца. Праўда, яго сілаба-тоніка, якая ўрэшце вызвалілася з цянётаў сілабікі, вельмі цесна ўзаемадзейнічала з танічным вершам, так характэрным для беларускай народнай паэзіі. Адсюль – надзвычай частыя з’явы пераакцэнтуацыі ў класічных стопах (найперш у харэічных), што падчас нават цяжка сказаць, ці гэта памер сілаба-тонікі (напрыклад, Х4 або Х4343), ці двух- або трохакцэнтны васьміскладовік (АС2-3/8), г. зн. танічны верш. Нельга не згадзіцца з вядомым беларускім тэарэтыкам літаратуры А. Яскевічам, што “ў сілаба-тоніцы Ф. Багушэвіча часам даводзіцца перачытваць асобныя месцы, каб цалкам засвоіць неабходны рытм. Метрычная рашотка ў некаторых вершах цвёрда нашчупваецца толькі на трэцім радку зачына. Не выпадкова пры такой яскрава выяўленай тэндэнцыі верша Ф. Багушэвіча да сілаба–тонікі ў беларускіх вершазнаўцаў столькі спрэчак пра метрыку яго вершаў і, па сутнасці, няма адзінай думкі пра рытмічную арганізацыю значнай часткі яго паэтычнай спадчыны” [5, 149]. Зрэшты, слушнасць такога меркавання падмацоўвае і сам даследчык, адносячы, у прыватнасці, вершы Багушэвіча “Афяру” да “добра ўпарадкаванага амфібрахія”, а “Не цурайся” – да “дактыля” [5, 146], у той час як іх памер – Ан3. Ва ўсім гэтым, апрача ўсяго, выявілася своеасаблівасць станаўлення беларускай сілаба-тонікі ў канцы ХІХ—пачатку ХХ ст. Станаўлення няпростага і неаднамомантнага, але – мэтаскіраванага і канчатковага. І хоць да беларускага сілаба-танічнага верша крыху раней за Багушэвіча прыйшоў Янка Лучына, усё ж менавіта аўтар “Дудкі Беларускай” і “Смыка Беларускага” лагічна завяршыў гэта станаўленне.

* * *

“Дудка Беларуская” і “Смык Беларускі” рознымі шляхамі нелегальна траплялі да беларусаў. Яны перадаваліся з рук у рукі, многія змешчаныя ў іх творы перапісваліся, завучваліся на памяць, фалькларызаваліся. Такім чынам Багушэвіч аказаў уплыў на грамадскую думку, на далейшае развіццё роднай літаратуры. У прыватнасці, яго малодшы літаратурны пабрацім Адам Гурыновіч (1869—1894) з удзячнасцю пісаў:

Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею,

За тое, што ў сэрцы збудзіў ты надзею.

Што між братоў нашых знаходзяцца людзі

З кахаючым сэрцам і баляшчай грудзяй.

Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,

Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы… [3, с. 490].

Удзячны Багушэвічу пазней быў і Янка Купала, які, называючы прычыны, што прывялі яго да творчасці на беларускай мове, прыгадваў: “Пісаў спачатку па-польску… Але вось трапляюцца мне ў 1904 г. ці ў пачатку 1905 г. рэвалюцыйныя пракламацыі на беларускай мове і кніжкі “Дудка беларуская” Багушэвіча і “Гапон” ці нейкая іншая кніжка Марцінкевіча, выдадзеная за мяжой, і ўсё маё польскае пісанне пайшло прахам. З гэтага часу я пачынаю пісаць толькі па-беларуску…” [4, с. 271].

Літаратура

1. Александровіч, С. Х.; Александровіч, В. С. Беларуская літаратура ХІХ—пачатку ХХ ст.: хрэстаматыя крытычных матэрыялаў / С. Х. Александровіч, В. С. Александровіч. – Мінск, 1978.

2. Багушэвіч, Ф. Творы / Францішак Багушэвіч; уклад., прадм. Я. Янушкевіча. – Мінск, 1991.

3. Заняпад і адраджэнне: беларуская літаратура ХІХ стагоддзя / Уклад., прадм. і заўвагі У. Казберука. – Мінск, 2001.

4. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала. – Мінск, 2003. – Т. 9. – Кн. 1.

5. Яскевич, А. С. Ритмическая организация художественного текста. – Минск, 1991.

6. Dudka Białaruskaja Macieja Buraczka. – Kraków: Drukawau swaim kosztam Wł. L. Anczyc i Skª, 1891.

7. Dudka Białaruskaja Macieja Buraczka. – Kraków: Drukawau swaim kosztam Wł. L. Anczyc i Skª, 1896.

8. Smyk Bałaruski Szymona Reuki z pad Barysowa. – Poznań: Drukawau swaim kosztam R. Nikulski, 1894.

9. Tralalonaczka. -- Kraków: Drukawau swaim kosztam Wł. L. Anczyc i Skª, 1892.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Ахарактарызуйце “інтэр’ер” ХІХ ст., у якім давялося жыць і працаваць Багушэвічу. 2. Якія моманты біяграфіі пісьменніка вас найбольш уразілі? 3. Назавіце асноўныя тэмы, праблемы, матывы творчасці Багушэвіча. 4. Што характэрна для строфікі і рыфмікі багушэвічаўскага верша? 5. Якімі сістэмамі вершавання і ў якой ступені карыстаўся Багушэвіч? 6. Ці можна назваць Багушэвіча паэтам-“сілабістам”? 7. Дакажыце, што Багушэвіч як паэт паслядоўна і мэтаскіравана ішоў да сілаба-тонікі. 8. Якімі вершаванымі памерамі найчасцей карыстаўся Багушэвіч?


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: