Тэрміналагічная лексіка

Беларуская навуковая тэрміналогія


МОДУЛЬ

Лексічная сістэма беларускай мовы.

БЕЛАРУСКАЯ НАВУКОВАЯ ТЭРМІНАЛОГІЯ

Агульная характарыстыка модуля:

Дадзены модуль утрымлівае веды, звязаныя з беларускай навуковай тэрміналогіяй: этапы яе станаўлення, развіццё, пачынаючы з ХIV ст. і заканчваючы апошнімі звесткамі нашага часу. Асноўная ўвага надаецца характарыстыцы паняццяў: тэрмін, тэрміналогія, вузкаспецыяльныя і агульназразумелыя тэрміны. Звяртаецца вялікая ўвага на асаблівасці выкарыстання тэрміналанічнай лексаікі, а таксама на розныя віды тэрмінасістэм, іх паходжанне, агульныя і прыватныя характарыстыкі.

ПЛАН:

1. Тэрминалагічная лексіка. Спецыфічныя рысы тэрмінаў

2. Узаемасувязь тэрміналагічнай і агульнаўжывальнай лексікі

3. Падзел тэрміналагічная лексіка паводле паходжання

4. Будова і спосабы ўтварэння тэрмінаў

5. Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі

6. Гісторыя развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі ў 20-80-я гады ХХ ст.

7. Беларуская навуковая тэрміналоія на сучасным этапе

ТЭРМІНАЛАГІЧНАЯ ЛЕКСІКА

Хуткасны прагрэс навукі і тэхнікі прыводзіць да ўзнікнення новых аб’ектаў, паняццяў, з’яў, што непасрэдным чынам знаходзіць сваё адлюстраванне ва ўзбагачэнні спецыяльнай лексікі новымі лексічнымі адзінкамі.

Да спецыяльнай лексікі адносяць наменклатуру, прафесіяналізмы і тэрміны (гл. мал. 4).

У сучасным мовазнаўстве існуюць разнастайныя вызначэнні паняцця “тэрмін”. Так, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” падае тэрмін як “слова (або злучэнне слоў), якое дакладна абазначае пэўнае паняцце ў навуцы, тэхніцы, мастацтве і пад.” П.У. Сцяцко, М.Ф. Гуліцкі, Л.А. Антанюк у “Слоўніку лінгвістычных тэрмінаў” вызначаюць тэрмін як “слова або словазлучэнне, якое дакладна абазначае пэўнае паняцце з галіны навукі, мастацтва, вытворчасці, а таксама грамадска-палітычнага жыцця”.

Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі або прафесіі называецца тэрміналогіяй, або тэрмінасістэмай. Кожная галіна навукі, тэхнікі, культуры мае сваю тэрмінасістэму. Напрыклад, існуе тэрміналогія лінгвістычная, эканамічная, медыка-біялагічная, прамыслова-гандлёвая, фізіка-матэматычная і інш. Такім чынам, для кожнай навукі існуе менавіта свой штучна створаны набор лексічных адзінак, выкарыстанне якога абмежавана той ці іншай галіной. Акрамя таго, тэрміналогіяй яшчэ называюць сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай мовы.

Спецыфічныя рысы тэрмінаў

  1. Наяўнасць дэфініцыі (азначэння), г. зн., што сутнасць тэрміна павінна быць вызначана, а не растлумачана, як значэнне звычайнага слова.
  2. Стылістычная нейтральнасць.
  3. Адсутнасць экспрэсіі. Нават тэрміны, якія ўзнікаюць на аснове вобразнага пераасэнсавання паняцця, губляюць экспрэсіўна-эмацыянальную афарбоўку: рукаў (ракі), падол (гары), нос (мыс), калена, гняздо (металург.) і пад.
  4. Адназначнасць, г. зн. кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце. Аднак гэта патрабаванне да тэрмінаў не заўсёды вытрымліваецца, і мнагазначнасць знаходзіць пашырэнне ў тэрміналогіі (напрыклад, словаўтварэнне – ‘працэс утварэння новых слоў’ і ‘раздзел мовазнаўства, які вывучае марфемную структуру і спосабы ўтварэння слоў’, абзац – ‘адступленне ўправа ў пачатку радка’ і частка тэксту паміж такімі адступленнямі).
  5. Сістэмнасць, г. зн., што кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы. Па-за межамі тэрміналагічнай сістэмы адбываецца дэтэрміналагізацыя тэрміна – страта тэрмінам спецыяльнага значэння: рэакцыя як хімічны тэрмін і дзеянне, амплітуда, раман і пад. Напрыклад, адназначнасць тэрмінаў падкрэсліваецца менавіта праз іх прыналежнасць адпаведнай тэрміналагічнай сістэме. Параўнайце: слова эліпс у мовазнаўстве – ‘пропуск у маўленні слоў ці словазлучэнняў, зразумелых з кантэксту’, а эліпс у матэматыцы – ‘разамкнёная крывая, якая мае такую ўласцівасць, што сума адлегласцей кожнай яе кропкі ад дзвюх дадзеных кропак застаецца пастаяннай’.

У межах пэўнай тэрмінасістэмы тэрміны могуць уступаць у сінанімічныя адносіны, а таксама мець лексічныя дублеты або варыянты. Узнікненне тэрмінаў-варыянтаў і тэрмінаў-сінонімаў у беларускай мове тлумачыцца нераспрацаванасцю многіх тэрмінасістэм, абмежаванасцю ўжыванння беларускамоўных тэрмінаў і стыхійнасцю моўных кантактаў.

У выніку можна выдзеліць некалькі груп такіх тэрмінаў-сінонімаў:

– два іншамоўныя тэрміны: гавань – порт, відэатэрмінал – дысплей, кадзіраванне – шыфраванне, камкордэр – відэакамера і інш.;

– іншамоўны і ўласны тэрмін: квазістатычны працэс – раўнавагавы працэс, імпульс – колькасць руху, полісемія – мнагазначнасць і інш.;

– поўны тэрмін і скарочаны, аднаслоўны: намінальная цана – намінал, крыптаграфічны дакумент – крыптаграма, заработная плата – зарплата

і інш.

У тэрміналагічных сістэмах тэрміны могуць абазначаць супрацьлеглыя паняцці, што дазваляе вылучыць тэрміны-антонімы. Сустракаюцца тэрміны-антонімы практычна ў кожнай галіне навуковай дзейнасці і паводле спосабу ўтварэння падзяляюцца на лексічныя (розныя лексемы з супрацьлеглым значэннем) ― актыў – пасіў, бедная руда – багатая руда, дэ-юрэ – дэ-факта, лізіс – крызіс і інш.; словаўтваральныя (з антанімічнымі часткамі слоў – запазычанымі ці ўласнабеларускімі асновамі і прэфіксамі) ― інтэрпаляцыя – экстрапаляцыя, баланс – дэбаланс, гіпертанія – гіпатанія, увод – вывад, гашаная вапна – нягашаная вапна і інш.

Тэрміны-амонімы часцей за ўсё адносяцца да розных тэрміналагічных сістэм (іх называюць міжнавуковымі амонімамі). Так, слова марфалогія вядома некалькім тэрміналагічным сістэмам. Напрыклад, у мовазнаўстве – гэта ‘раздзел граматыкі, які вывучае формы слова’, у анатоміі – ‘навука аб форме і будове чалавека і жывёл’, у батаніцы – ‘навука, якая вывучае будову і формаўтварэнне раслін і пад.

2. Узаемасувязь тэрміналагічнай і агульнаўжывальнай лексікі

Паводле ўжывання тэрміналагічная лексіка падзяляецца на агульнаўжывальную, якая ўваходзіць у лексіку агульналітаратурнай мовы, і вузкаспецыяльную, вядомую толькі спецыялістам пэўнай галіны ведаў. Агульназразумелыя, шырокаўжывальныя тэрміны дамінуюць у мове спецыялістаў “шырокага профілю”, занятых у сферы спорту, музыкі, выяўленчага мастацтва і пад., таму сэнс іх вядомы і неспецыялісту: электрон, атам, кісларод, жанр, арыя, аэробіка. У асяроддзі т. зв. спецыялістаў “вузкага профілю” (дакладныя навукі, асобныя галіны мовазнаўства, эканоміка, права і інш.) пераважаюць вузкаспецыяльныя тэрміны (элятыў, семіётыка, інтэрфейс, інварыянт, субморф, валіза і інш.).

Распаўсюджванне навуковых і тэхнічных ведаў сярод людзей вядзе да таго, што некаторыя вузкаспецыяльныя тэрміны паступова становяцца агульназразумелымі і пераходзяць у агульнаўжывальную лексіку.

Узаемадзеянне тэрмінаў і агульнаўжывальнай лексікі адбываецца ў выглядзе двух працэсаў: тэрміналагізацыі (напрыклад, жытнёвае поле – магнітнае поле, ільняны пояс – экватарыяльны пояс) і дэтэрміналагізацыі, калі тэрмін пачынае ўжывацца па-за межамі вузкай спецыяльнасці і набывае агульналітаратурны статус. Напрыклад, слова рэйтынг спачатку ўжывалася як спартыўны тэрмін, зараз шырока выкарыстоўваецца ў агульнанароднай мове.

Ад агульнаўжывальных тэрмінаў трэба адрозніваць словы агульнанавуковага выкарыстання з адцягненым, абстрактным значэннем,напрыклад, назоўнікі тыпу аперацыя, гіпотэза, мадэль, працэс, праблема, дослед, праграма, функцыя і інш., а таксама дзеясловы тыпу існаваць, характарызаваць, прадугледжваць, абгрунтоўваць, даказваць, вызначаць, функцыянаваць і інш., якія выкарыстоўваюцца для азначэння паняццяў, сцвярджэння думкі, актывізацыі мыслення, пабуджэння да дзеяння і шырока распаўсюджаны ў розных галінах навукі, тэхнікі і культуры.

Значны пласт тэрміналагічнай лексікі складаюць тэрміны-інтэрнацыяналізмы – словы або спалучэнні слоў, пашыраныя ў многіх няроднасных мовах і агульнапрынятыя ў міжнароднай тэрміналогіі, якія супадаюць па сваёй знешняй форме і лексічным значэнні (Internet (Інтэрнэт), Word, ноўтбук, паскаль, камп’ютэр, ват і інш.). Шматлікія навуковыя тэрміны не з’яўляюцца “чыстымі” інтэрнацыяналізмамі, а маюць у складзе інтэрнацыянальныя словаўтваральныя элементы тыпу: а-, астра-, мікра-, бія-, дэ-, лог-, ультра-, супер- і інш., напрыклад, апазіцыя, астраномія, мікраструктура, біясфера, дэмантаж, марфалогія, ультрагук, суперфасфат і інш.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: