Тэст № 32

А1. Адзначце складаны(-я) сказ(-ы):

1) Дзе-нідзе ў глыбокіх ярах, парослых рэдкім кустоўем, яшчэ ляжаць, напамінаючы пра нядаўнюю ноч, сіняватыя цені.

2) Справа з лесам здавалася небяспечнай, і думкі павярнулі ў другі бок.

3) Жанчына сумна ўздыхнула, паправіла складку на спадніцы, пасля акінула палетак збажыны, і ў яе вачах, блакітных, засяроджаных, успыхнуў на момант агеньчык.

4) Ужо вечарэла, а Саўка брыў і брыў у гушчар лесу.

5) Разам з водарам адталай зямлі ўліваўся, як мне здавалася, у маю душу вясенні сум, поўны таемных чаканняў і радасных надзей.

А2. Адзначце сказ(-ы), у якім(-іх) на месцы пропуску ставіцца коска:

1) Дзьме калючы вецер __ і сівыя пасмы снегу са свістам і гікам паласуюць дол.

2) Над галавою неба сінява __ і неабсяжны далягляд бясконцы __ і сцелецца пад ногі нам трава.

3) Здаецца, свет звузіўся вакол цябе __ і паветра насычана пераднавальнічнымі подыхамі.

4) Яшчэ сняжком зямлю не замяло __ ды халадком дыхнулі ўжо абшары.

5) Марыя збірала са сталоў пакінуты ўчора посуд __ і сама насіла на кухню.

А3. Адзначце складаназалежны(-я) сказ(-ы), у якім(-іх) даданая частка звязана з галоўнай пры дапамозе злучальнага слова:

1) Здавалася, што песня лілася з-пад самага сонца.

2) Дзе лозы ніцыя ў тумане журбу выплаквалі да дна, там адзінока на кургане стаяла стромкая сасна.

3) Трэба ведаць, што было на нашай роднай зямлі да нас.

4) Я змалку прывык, каб у кіпені дзён высока цанілася праца.

5) Шмат хто пускаўся на пошукі чароўнай папараць-кветкі, калі надыходзіла чароўная ноч.

А4. Адзначце складаназалежны(-я) сказ(-ы) з сузалежным падпарадкаваннем даданых частак:

1) Ты пачынаешся тады, калі ты застаешся адзін, калі ніхто і нішто не памагае табе быць добрым ці дрэнным, калі ты робіш выбар сам.

2) Тут, каля крынічкі, кіпела жыццё, бо кожнаму хацелася стаць бліжэй да вады, каб палюбавацца на сваё ўласнае хараство.

3) Хто тады падумаў, што іхнія лёсы так недарэчна скрыжуюцца?

4) Жывіца, падсеўшы да хлопца, распытваў таго, адкуль ён родам, ці жанаты, дзе і кім працаваў.

5) Цяпер ён рабіў выгляд, што паяўленне Анелі зусім не навіна для яго, што ён усё даўно ведае.

А5. Адзначце сказ(-ы), у якім(-іх) на месцы пропуску ставіцца коска:

1) Я глядзеў у неба і бачыў __як у ягонай вышыні адзінока кружыў коршак.

2) Адпачыўшы крыху ў Шчорсах, мы зварочваем на дарогу, што ідзе на Баранавічы __ і хутка трапляем у стары цяністы лес.

3) Я заплюшчыў на хвіліну вочы, а __ калі адкрыў іх, пабачыў, што перада мною вымалеўваюцца туманныя сілуэты коннікаў.

4) Адсырэлі запалкі, бо __ калі поўз, снегу набілася і ў кішэні, і ўсюды.

5) Ён бачыць, як хмары ўсё больш і больш закрываюць сонца __ і дзень робіцца шэры, сонны і нудны.

А6. Адзначце сказ(-ы), у якім(-іх) на месцы пропуску ставіцца двукроп’е:

1) На дваццаць шостым годзе Якуб Колас “пасяліўся” на тры гады ў мінскім астрозе __ яго судзілі за ўдзел у нелегальным з’ездзе беларускіх настаўнікаў.

2) Ціха было ў навакольных лясах __ супакоілася птаства, не шапацелі дрэвы.

3) Насіліся над гладдзю вады чайкі __ дзесьці ў чаратах бадзёра пераклікаліся кнігаўкі.

4) Раптам замітусіўся народ, хлынуў бліжэй да пуцей __ набліжаўся цягнік.

5) Паглядзіш з вежы ўніз __ галава закружыцца.

А7. Адзначце сказ(-ы), у якім(-іх) на месцы пропуску ставіцца працяжнік:

1) Думаў улетку завітаць на колькі дзён да бацькоў __ не выйшла.

2) Берагі губляюцца ў смузе і тумане, на іх рассыпаны хаты рыбацкіх пасёлкаў, тоненькія, як запалкі, дымяць трубы заводаў __ усё здалёк здаецца цацачна маленькім.

3) У народзе гавораць так __ лянок не любіць лянот.

4) Агледзеўшыся, ляснік зразумеў __ мінулай ноччу ў авёс наведаўся мядзведзь.

5) Спявала-залівалася ластаўка __ у чыімсьці здзічэлым садзе стракатала сарока.

А8. Адзначце складаны(-я) сказ(-ы) з рознымі відамі сувязі (камбінаваныя сказы):

1) Даўно вылінялі кветкі, трава, дрэвы, паблякла нават неба, і ўсё гэта, здавалася, было зараз аднаго рыжага колеру, як сонца.

2) Дні прабягаюць, і гады сплываюць, хвіліны шчасця часам прамільгацяць, а боль жыве, і сэрцам адчуваю, што жыць заўсёды будзе, да канца.

3) Тонкі знаўца прыроды, улюбёны ў яе вечную красу, Якуб Колас і ў прозе, і ў паэзіі ўвасобіў незабыўныя карціны роднай прыроды: палескія краявіды, гулкія гоманы бароў, фарбы і водар вясновых лугоў, шолахі аўсянай нівы, блакітны разліў ільняных палёў.

4) Неахвотна адступае зіма, але доўгачаканая вясна ўсё настойлівей грукае ў дзверы, і кожны новы дзень прыносіць змены.

5) Дзе вечная пустка была, там горад паўстаў і расце, а стужкай чыгунка лягла, дзе ўчора стаяў лес яшчэ.

А9. Адзначце сказ(-ы) з пунктуацыйнымі памылкамі:

1) Пасля такіх спрэчак сябры адчулі, што іх сяброўства дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі і ніякія гаворкі іх ужо не злучаць.

2) Дарога так адглянцавана аўтамабільнымі шынамі, што, калі глядзіш на яе, седзячы на пярэднім сядзенні, то здаецца, што гэта не дарога, а роўная, як струна, рака.

3) Нічыпар не ўяўляў свайго жыцця без млына – пятнаццаць гадоў моцна прывязалі яго да старой, пахіленай будыніны.

4) І над усім гэтым вадзяным царствам, як рознакаляровы шклінкі, мігцелі імглівыя стрэлкі, ды стаяў густы, нібы настоены, камарыны звон.

5) Але вось сонца толькі на імгненне схаваецца за хмарку, якая нечакана набывае лілова-сіняе адценне, і з гэтага моманту настрой дня імкліва мяняецца.

А10. Адзначце сказ(-ы) з простай мовай, у афармленні якога(-іх) ёсць памылкі:

1) “А як жа наша кніга? Калі мы яе дапішам?” – ціха спытаў Бярозка.

2) Камандзір атрада недарэмна гаварыў: “Што яму не падабаецца ўся гэта гісторыя”.

3) “Не любіла ты... І ўвогуле, - дадала яна, - нічога ты не разумееш ў гэтым”.

4) – Ці праўда, - калі ўсе разышліся, сказаў яму стары, прыжмурыўшы не па гадах жвавыя вочы. – Што, кажуць, наступленне ўжо тры дні як пачалося?

5) - Перастаньце абодва, - пачаў супакойваць бацька і ўжо больш цвёрда сказаў: - Слязьмі гору не паможаш..


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: