Голас Радзівіла Рудога

Барбара! Барбара! Зараз жа адчыні!

Барбара.

Хто там?

Радзівіл Чорны.

Не прыкідвайся, ты пазнала нас. Адчыні!

Барбара.

Што вам трэба?

Радзівіл Руды.

Нам трэба, каб ты адчыніла дзверы.

Барбара.

Навошта?

Радзівіл Чорны.

Пагаварыць.

Барбара.

Пагаворым заўтра.

Радзівіл Чорны.

Сёння. Толькі сёння.

Радзівіл Руды.

Калі ты не адчыніш сама, клянуся, я ўзламлю дзверы.

Барбара (ціха Жыгімонту).

Ідзі.

Жыгімонт.

Бывай.

Барбара.

Бывай.

Радзівіл Руды.

Барбара!

Жыгімонт выскоквае праз акно. Барбара адчыняе дзверы. Заходзяць Радзівілы.

Барбара.

Што адбылося, каб сярод начы

Ламіцца ўпарта ў дзверы да жанчыны?

Радзівіл Чорны.

Не да жанчыны, Барба! Да сястры!

Радзівіл Руды.

Так, да сястры, што гонар свой згубіла!

Барбара.

Брат мой...

Радзівіл Руды.

Маўчы! Няхай бы толькі свой...

Ты гонар роду збэсціла!

Барбара.

Пра што ты?

Радзівіл Руды.

У княстве сёння кожны дурань знае:

Што ты наложніца! Ты дзеўка Жыгімонта!

Падсцілка каралеўскага сынка!

Жыгімонт (з'яўляецца ў акне і з кінжалам кідаецца на Радзівіла Рудога).

Вы за абразу сплоціце спаўна!

Б'юцца.

Радзівіл Чорны.

Ваша высокасць! Хто ж вас абражае?

Барбара.

Спыніцеся!

Жыгімонт.

Прасіце прабачэння!

Радзівіл Руды.

За што прасіць? Ці я сказаў няпраўду?

Тады чаму вы тут сярод начы?

Б'юцца. Барбара хапае са століка штылет і прыціскае вастрыём да грудзей.

Барбара.

Спыніцеся! Ці я сябе зарэжу!!!

Жыгімонт і Радзівіл Руды апускаюць зброю.

Мой брат... Дазволіць можа гэта

Раўнівы муж... Але ж ты мне не муж!

Радзівіл Руды.

Я і шкадую, што яго няма.

Інакш бы ён абараняў твой гонар!

Абараняў бы гонар Радзівілаў.

Барбара.

Што ж я такога грэшнага зрабіла?

Хіба ў мяне каханкаў не было?

I хіба ты пра іх зусім не ведаў?

Радзівіл Чорны.

Яны былі ніжэйшымі за вас!

Яны заўжды былі для вас як слугі,

Як цацкі, як забава, як капрыз,

Як неабходнасць маладой жанчыны.

Барбара.

I ты на іх увагі не звяртаў?

Глядзеў спакойна, як сястра грашыла?..

Калі ж на гэта ложа ласкай Божай

Ўзышоў вось ён, адразу ж вы прыбеглі?

Каго мой брат забіць тут зараз хоча?

Яго? Забі. Але заб'еш мяне.

Я ў ім уся. Крывінкі нашы разам.

Я зараз побач Бога адчуваю...

Кахаю, мілы брат мой, я кахаю...

Радзівіл Чорны.

Ты нарадзілася, сястра, не для таго,

Каб некаму быць простаю каханкай,

Хай ён хоць каралевіч! Хоць кароль!

Жыгімонт.

Я вас прашу: пакіньце маю жонку.

Прашу, браты, бо я вам дараваў.

Даруй і ты, Барбара, за абразу.

Цябе абразіла братэрская любоў,

А не браты.

Барбара.

Ды я ўжо даравала.

Жыгімонт.

Кажу яшчэ раз! Гэта мая жонка.

Радзівіл Руды.

Калі ўсё так... Тады я на каленях.

Пакорліва прашу мне дараваць,

Хоць вы мяне і закалоць хацелі.

Жыгімонт.

А я й напраўду мог вас закалоць.

Радзівіл Руды.

Што да мяне, скажу вам вельмі шчыра:

Крыві б я каралеўскай не праліў.

А вось яе гатовы быў знічтожыць.

Вы зразумейце...

Жыгімонт.

Я ўсё разумею.

Радзівіл Чорны.

Вы павянчаліся? Паклікаць святара?

Жыгімонт.

Мне ўсё адно.

Барбара.

I мне.

Радзівіл Чорны.

Тады паклічам.

Радзівілы выходзяць. Жыгімонт і Барбара становяцца на калені.

Жыгімонт.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа...

Барбара.

Прымі, як непадзельнае — Адно...

Жыгімонт.

Прымі, як непадзельнае — Адно...

Барбара.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа...

Жыгімонт.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў.

Барбара.

Ты ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў.

Жыгімонт.

Ты ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў.

Барбара.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў.

З'яўляюцца Радзівілы.

Радзівіл Руды.

Нас ненавідзіць каралева Бона.

Радзівіл Чорны.

Але цяпер у нас... у нас яе карона!

Кракаў. Палац на Вавелі. Пакоі каралевы Боны.

Каралева Бона і Мнішак.

Мнішак.

Вітаю на каленях каралеву.

Вітаю і паведаміць хачу,

Што каралевіч едзе з Вільні ў Кракаў

Па выкліку. Ён хутка будзе тут.

Бона.

У Вільні не змянілася нічога?

Яна не надакучыла яму?

Мнішак.

Хто? Вільня ці...

Бона.

Так, гэтая... Барбара...

Мнішак.

Я засмуціць баюся каралеву,

Ды там хутчэй усё наадварот.

Каб не мазоліць вочы гараджанам,

Ён паміж замкамі зрабіў таемны ход.

I гэтым ходам ходзідь да Барбары.

I кажуць людзі: прынц наш крот і кот.

Бона.

О Божа, каб так нізка апусціцца!

Мнішак.

Яшчэ даруйце...

Бона.

Ну, кажыце, што там...

Мнішак.

Ды гэта толькі плётка можа быць.

Бона.

Заўсёды плётка — маці чыстай праўды.

Што там яшчэ?

Мнішак.

Ды ў горадзе балбочуць,

Што сын ваш абвянчаўся тайна з ёй.

Кажу яшчэ раз: гэта толькі чуткі.

Бона.

Ды ўжо й ад чуткі можна ашалець.

Мнішак.

А вунь і прынц. Я з вашага дазволу

Цяпер пайду.

Бона.

Я дзякую. Бывайце.

Мнішак.

Цалую вашы ногі, каралева... (Выходзіць.)

Уваходзіць Жыгімонт.

Жыгімонт.

Матуля мілая!

Бона.

О сын мой!

Жыгімонт.

Каралева,

Дазвольце мне абняць вас. Божа мой,

Як сумаваў я там па роднай маці,

Як часта сніў вас.

Бона.

Ты ласкавым стаў

І памужнеў. Цяпер сапраўдны рыцар.

Жыццё у Вільні на карысць пайшло.

Ты — не юнак.

Жыгімонт.

Чаму ж вы гэтак сумна?

Юнак заўсёды робіцца мужчынам,

А вось калі мужчына, як юнак...

Бона. Я не пра тое. Кароль, твой бацька, занядужаў. Лекары кажуць, што заўтра ці пазаўтра трэба чакаць горшага. Надыходзіць час, калі адказнасць за лёс дзяржавы і людзей яе пераходзіць ад бацькі да сына. Да цябе.

Жыгімонт.

Як Бог распарадзіцца. Яго воля.

Бона. Традыцыя нашае дынастыі патрабуе, што кароль павінен узысці на пасад разам з каралевай. Каб сустрэць падрыхтаванымі непазбежнае, я накіравала паслоў да двара Габсбургаў, да імператара Карла...

Жыгімонт. Навошта?

Бона. Прасіць рукі прынцэсы Кацярыны Габсбургскай польскаму каралевічу Жыгімонту... Будучаму каралю Польшчы. Вядома, гэта чыстая фармальнасць, згоду імператара Карла маем даўно. Прызначаны дзень шлюбу.

Жыгімонт.

Калі?

Бона.

Праз месяц. Дай Божа каралю дажыць да гэтае падзеі.

Жыгімонт.

Паслоў вярнуць ніяк ужо не можна?

Бона.

Яны ўжо там. Ці заўтра будуць там.

Жыгімонт.

Тады і я паслом туды паеду.

Бона.

Навошта?

Жыгімонт.

А каб выправіць памылку,

Што ненаўмысна зроблена была.

Бо дурань кожны ў гэтым свеце знае:

Жанаты муж сватоў не пасылае.

Бона.

Дык ты жанаты?

Жыгімонт.

Так.

Бона.

Калі ж

Цябе благаслаўляла я на гэта?

I хто яна?

Жыгімонт.

Барбара...

Бона.

Радзівіл?!

Пачварная літоўская блудніца?!

Жыгімонт.

Ты абражаеш жонку маю, маці.

Мяне таксама. Значыць, і сябе.

Бона.

Якая жонка? Жыгімонт, ты трызвіш!

Жыгімонт.

Я, каралева, абвянчаўся з ёй.

Бона.

Ты абвявчаўся? Без благаславення?

Жыгімонт.

Нас, каралева, Бог благаславіў.

Нас абвянчалі, маці, я жанаты.

Яна мая... мая на ўсё жыццё.

Бона.

Ты пра Радзіму, ты пра Польшчу думаў,

Каго ты на пасад ёй прывядзеш?

Каго?

Жыгімонт.

Яе!

Бона.

Паганую ліцвінку?

Жыгімонт.

Кароль Ягайла быў літоўскім князем.

Ён продак мой, а значыць, я — ліцвін.

Багацце і вышэйшую уладу

Бог шмат каму дае сярод людзей.

Каханне ж — Яго ласка для абраных.

Бона.

На ейным полі пабыло паўкняства!

Жыгімонт.

Ў яе душы нікога не было.

Мне ўсё адно, што кажуць злыя людзі,

Хто быў — тых не было, нікога больш не будзе.

Бона.

Яна цябе, напэўва, апаіла

Чым-небудзь. Гэта зёлкі з іх лясоў!

Жыгімонт.

Я атруціўся, лекараў не трэба!

Дазволь ад шчасця мне памерці.

Бона.

Сын!

Ты разумееш, за табой краіна!

Жыгімонт.

Адна краіна... Там жа ўвесь Сусвет.

Бона.

Спусціся на зямлю!

Жыгімонт.

Навошта, маці?

Шчэ давядзецца быць зямлёю на зямлі!

Размову скончым. Зараз я паеду.

Сватоў да Габсбургаў павінны мы вярнуць.

Бона.

Яны ўжо там! Вярнуць іх немагчыма.

Прынцэса ўжо нявеста для цябе!

Жыгімонт.

Тады я на каленях перад ёй

Скажу: «Ты найцудоўнейшая ў свеце!

I я люблю цябе, як родную сястру,

Ты, можа, прыгажэй, ты лепей за Барбару,

Ды з ёй мая душа, маё жыццё і мары.

Даруй мне, я ні ў чым не вінаваты,

Я не жаніх табе. Прымі мяне як брата».

Бывайце, маці. (Выходзіць.)

Бона. О, як ён змяніўся, Божа літасцівы! Што гэтая літоўская змяя зрабіла з ім! З ціхага, сціплага, пяшчотнага хлопчыка, які так любіў, калі яго гладзілі па галаве, ён ператварыўся ў нейкую жорсткую, непахісную істоту, якой ніхто... ніхто, апроч гэтай нясвіжскай сучкі, не патрэбны! Яна адабрала яго ў мяне! Яна адабрала яго ў Польшчы! Ён стаў прыгожым... Ён мне нават некага нагадвае... З маленства... Каго? Каго? Не помню... Нешта цёплае... Ласкавае... Жаданае... Ведзьма!!! Ведзьма!! Ведзьма!..

Нясвіж. Парк перад палацам Радзівілаў.

Барбара і Радзівілы.

Радзівіл Чорны.

Навошта Жыгімонт у Кракаў з'ехаў?

Табе вядома?

Барбара.

Захварэў кароль.

Радзівіл Руды.

I ўсё?!

Барбара.

Усё. Паехаў развітацца.

Радзівіл Руды.

А ці не развітаўся ён з табой?

Барбара.

Пра што ты, брат?

Радзівіл Чорны.

Паведамляюць людзі...

Ён з Кракава да Габсбургскай прынцэсы

Раптоўна выехаў.

Барбара.

Нашто?

Радзівіл Чорны.

Прасіць рукі.

Барбара.

Пакінь, мой брат, ды гэта проста смешна.

Радзівіл Руды.

Смех іншым разам і прадвесце слёз.

А калі праўда?

Барбара.

Гэтакая ж праўда,

Як я цяжарная. I вельмі-вельмі хутка

Ад Жыгімовта сына нараджу.

Даўно ўжо ў Вільві чэшуць языкамі.

Радзівіл Руды.

О, калі б так...

Барбара.

Калі б... Было б цудоўна.

Ды толькі Бог нічога не дае...

Радзівіл Чорны.

Так ці не так, а абвяргаць няварта,

Хай чуткі ў Кракаў вецер данясе

Да слыха найяснейшага.

Барбара.

Навошта?

Радзівіл Чорны.

Каб ведалі: нашчадак Жыгімонта

Народзіцца не ў Польшчы, а ў Літве.

Радзівіл Руды.

I яго маці гожая ліцвінка,

А не заморак з Аўстрыі.

Барбара.

Усё!

Мне гэта непрыемна чуць.

Радзівіл Руды.

Барбара!

Ты Жыгімонту верыш?

Барбара.

Ён кахае.

Любоў жа, брат, заўжды вышэй за веру

I за ўсё іншае.

Радзівіл Руды.

Няхай бы так было.

Тут холадна, хадзем, сястра, ў пакоі.

Барбара.

Я пагуляю ў парку яшчэ трошкі.

Радзівіл Чорны.

Чакаем вас. (Выходзяць.)

Барбара (спявае).

На моры вутачка купалася,

Пакупалася, у бор паляцела,

У барочку шчыранька грачаць стала:

— Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?

Ад майго гняздзечка адчураліся.

Дзе ж мае дзетачкі падзяваліся?

Ад майго гняздзечка адчураліся.

З'яўляецца Мнішак.

Мнішак. О ясная панна! Я вітаю вас і жадаю, каб жыццё вашае было гэткім жа чыстым і звонкім, як ваша песня, але не такім сумным.

Барбара. Дзякую.

Мнішак. Скажыце, цудоўная панна, беднаму вандроўніку, што гэта за краіна?

Барбара. Вы ў Вялікім княстве Літоўскім.

Мнішак. Панна не зразумела. Я хацеў спытацца: не якая гэта краіна, што гэта за дурная краіна? Чаму тут столькі дарог? Адны ростані. Еду гасцінцам на Вільню і раптам тпр-р-р... Адзін шлях проста прама, другі прама і трошкі ўлева, трэці прама і трошкі ўправа, чацвёрты ў левы бок, пяты ў бок правы, шосты назад і ўлева, сёмы назад і ўправа, а восьмым я прыехаў. Стаю, як дурань, і гадаю, а які ж на Вільню? Гэта ж колькі трэба было таптацца па гэтым краі, каб натаптаць столькі дарог. Рымляне зрабілі некалі так, што ўсе дарогі вялі толькі ў Рым... Тут жа ўсе дарогі вядуць к чортавай матары... Дзе я, ласкавая панна?

Барбара. Гэта Нясвіж, да Вільні два дні шляху.

Мнішак. Дзякую магутнаму Богу! Я выехаў з Кракава маладым дзецюком і збіраўся дабрацца да Вільні сівым дзедам. Такая краіна, такая краіна...

Барбара. Вы з Кракава? Што там чутно, скажыце?

Мнішак. Там непагадзь, чароўная панна, непагадзь і ў прыродзе, і ў народзе. Жыгімонт стары доўга памірае, а Жыгімонт малады розуму не мае.

Барбара. Чаму так?

Мнішак. Каралі не павінны доўга паміраць, ад гэтага дзяржава слабее, і ўжо ім зусім не да твару быць закаханымі — ад гэтага дзяржава чмурэе. А ў Польшчы і тое, і гэта. Калі ты надумаўся паміраць, дык памірай на здароўе... Дай народу радасна крыкнуць: «Кароль памёр! Няхай жыве кароль!» Дык не! Каторы год квохча, скрыпіць як... не ведаю што...

Барбара. А ў каго ён закаханы?

Мнішак. Ён закахаўся ў Смерць, а тая круціць хвастом... Ну ты ж кароль! Ды атруціся ты на карысць народа! Для шчасця народнага! Усё адно ж памрэш...

Барбара. Вы казалі, што малады ў некага закаханы...

Мнішак. I гаварыць пра гэта не хачу! Брыдота! Яго маці каралева Бона — італьянка. I паўднёвы тэмперамент усёй Італіі перайшоў да Жыгімонта. Ён з дзяцівства каго бачыць, таго і кахае. Перакахаў усіх фрэйлін яе вялікасці, усіх сваіх выхавальніц і настаўніц... Усе пакаёўкі ў каралеўскім палацы ад яго плакалі... Калі на карову надзець спадніцу — ён пакахае карову. I гэта будучы ўладар Польскай Кароны! Няшчасная краіна!

Барбара. Дык а ў каго ж цяпер ён закаханы?

Мнішак. Цяпер яму, мабыць, надакучылі вытанчаныя полькі і прыгожыя ліцвінкі. Наеўся! Бацька ляжыць на смяротным ложы, а ён едзе сватацца...

Барбара. Да каго?

Мнішак. Да Кацярыны Габсбургскай! Цьфу! Паверце, яснавяльможная панна, там няма на што глядзець, ды хіба яго зразумееш? Для яго іншым разам пакаёўка — каралева, каралева — пакаёўка. Закахаўся! Піша вершы! Захацелася аўстрыячкі! Дзе ж гэта бачна, каб жаніх сам... сам паехаў прасіць рукі... Кажа, стану на калені перад ёй і буду стаяць да таго часу, пакуль не дасць згоду быць маёй жонкай.

Барбара. Вы гэта самі чулі?

Мнішак. Гэта чулі ўсе прыдворныя і ведае ўся Польшча. Каралева Бона залівалася слязьмі, маліла не рабіць гэтага, бо вяселле з хаўтурамі ніхто не ладзіць адначасова, ды хіба маладога жарабка зацугляеш? Паехаў! Чароўная панна! Калі да вас будуць сватацца, не давайце згоды італьянцу. Народзіцца сын ці дачка з тэмпераментам Жыгімонта, і ўсё жыццё будзеце пакутаваць з імі. Трэба ехаць далей. Два дні, кажаце, да Вільні?

Барбара. Два дні.

Мнішак. Неяк даеду. Вам не даводзілася, чароўная пана, рабіць у жыцці тое, што вы ніколі не збіраліся рабіць? Мне давялося... За Бярэсцем на дарогу з ляснога гушчару выйшаў кудлаты сівы вяшчун. Пытаецца: «Ці не мае пан жадане мець сродак, каб марудна-марудна памерці?» Я кажу: «Такі сродак я маю, бо гэта маё ўласнае жыццё, і я тое і раблю ад нараджэння, што марудна паміраю». Кажа: «Калі жыццё ваша параўнаць са свечкай, то пасля таго, як гэта вып'еце, застанецца малюсенькі агарачак. Праз паўгода згаснеце ціха, непрыкметна і без пакут. Ніхто не ведае часу свайго, а вы будзеце ведаць». I ведаеце, чароўная панна, я купіў. Я аддаў гэтаму ведзьмаку ўсе грошы, што браў на дарогу, вось за гэтую бутэлечку. Зараз праклінаю сам сябе: нашто мне гэтая атрута? Далібог, ачмурэнне нейкае найшло... Не збіраюся ні сам піць, ні векага частаваць... Бачылі дурня? Ад Бярэсця еду галодным, бо не маю за што купіць кавалка хлеба... ці жменю аўса для каня. А яшчэ да Вільні два дні...

Барбара.

Вунь стайня, адвядзіце туды коней,

Пасля прыходзьце да мяне ў палац.

Мы разам павячэраем, і вы

Раскажаце пра Кракаў падрабязна.

Мнішак.

О, дзякуй вам! Чым толькі адплаціць

Змагу я панне за такую ласку? Ну, не атрутай жа...

Барбара.

Не, шчыраю размовай. Чакаю вас.

Мнішак кланяецца і выходзіць.

Не веру, а бывае...

Калі ў вадзе чысцюткай, як сляза,

Жыве хвароба страшная. I мёдам

Салодкім можна проста атруціць...

Каханы мой! Няўжо ўсё гэта праўда?!

Няўжо цяпер душой ты не са мной?

Ад усяго я ў гэтым свеце збегла,

Альбо з табою ў рай, альбо адной у пекла.

Кракаў. Каралеўскі палац. Пакоі каралевы Боны.

Уваходзяць каралева Бона і Радзівілы.

Радзівіл Чорны.

Мы дзякуем вам шчыра, каралева,

Што вы ў такі для вас нялёгкі час

Змаглі прыняць нас.

Бона.

Слухаю.

Радзівіл Чорны.

Кароль як?

Бона.

Надзеі, князь, ужо зусім няма,

Наш уладар паўстане перад Богам

Не сёння заўтра.

Радзівіл Чорны.

Літасцівы Бог!

Прымі свайго пакорлівага служку

Ласкава. I занадта не судзі.

Бона.

Я слухаю.

Радзівіл Чорны.

У Кракаў нас прыслалі

Два абавязкі: перад сваім родам

I перад каралеўскаю сям'ёй.

Бона

Я слухаю.

Радзівіл Чорны.

Адкрыць я тайну мушу.

Наша сястра і сын ваш Жыгімонт

Каханнем моцна звязаны.

Бона

Няўжо?

Радзівіл Чорны.

Паверце, я хацеў гэта спыніць. Сястра яму не пара.

Бона

Гэта праўда.

Радзівіл Руды.

Але яна й не цацка для забавы.

Род Радзівілаў — самы годны род

Ў Вялікім княстве.

Радзівіл Чорны.

Я зрабіў усё.

Усё, што толькі мог, каб перашкодзіць

Ім сустракацца.

Бона.

Ну і урэшце што?

Радзівіл Чорны.

Ды іх нядаўна тайна павянчалі!

Бона.

Што, гэта праўда?

Радзівіл Чорны.

Праўда, каралева.

Я з тым плябанам сам размову меў!

Ён іх вянчаў па просьбе Жыгімонта.

Радзівіл Руды.

Ці па загаду.

Бона

Гэта можа быць.

Ды толькі ўсё, што робяць па-зладзейску,

Употайкі, цішком — не трэба Богу,

А значыць, непатрэбна будзе ўсім!

Я гэты шлюб ніколі не прызнаю.

I Польшча не прызнае! I касцёл!

Бо з прынцам можна ўпотайкі кахацца,

Ды толькі нельга ўпотайкі вянчацца.

Ён не жаўнер, а будучы кароль,

I жэніцца ён з Габсбургскай прынцэсай.

Радзівіл Руды.

Яна чакае ад яго дзіця.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: