Бона (паказвае Радзівілам аркуш)

Вось спіс каханкаў вашае сястры,

Усіх каханкаў пасля смерці мужа,

Калі ў ім праўды толькі напалову...

Што напалову! Толькі адна чвэрць.

Ёй пазайздросціць можа куртызанка.

Радзівіл Чорны.

Няпоўны спіс. Дадайце свайго сына,

Ён у яе не першым быў, але

Ён у яе апошні, каралева!

Апошні самы!

Бона.

У яе гады

Занадта рана ў гэтым ставіць кропку.

Яшчэ ўсё будзе.

Радзівіл Руды.

Не, ужо не будзе.

Ёй без яго не жыць. Яна памрэ!

Бона.

Каб ад кахання людзі паміралі,

Ўсе гарады даўно б пустымі сталі.

Радзівіл Чорны.

Каханне проста не даецца людзям,

Адзін агнём гарыць, другі яго астудзіць.

Шчаслівы той, хто некалі кахаў,

Бо ад яго дабрэйшым свет наш стаў.

А спіс складалі, каралева, людзі.

Галоўны спіс яшчэ у Бога будзе.

Радзівіл Руды.

I можа, нехта, што тут свята жыў...

Больш за Барбару нават награшыў.

I не паперка будзе! Цэлы стос!

Блудніцы ж дараваў Ісус Хрыстос.

Бона. Я штодня чытаю Святое Пісанне... Хрыстос сапраўды дараваў Марыі Магдаліне. Але пасля гэтага яна ўсё жыццё плакала, клялася і маліла Бога ёй дараваць, а не села на каралеўскі пасад, каб быць для людзей прыкладам высакароднай жанчыны і маці народа,

Радзівіл Руды. Сястра не хоча быць каралевай. Яна хоча кахаць і быць каханай.

Бона. А сын мой хоча ці не хоча, а павінен быць каралём Польшчы! I побач з ім будзе жанчына, якую ні ў чым... ні ў чым не змогуць папракнуць ні Бог, ні людзі. З вышэйшых асоб, асоб царскага роду людзі бяруць прыклад ва ўсім. Вы жадаеце, каб маладыя жанчыны Кароны жылі па прыкладу сястры вашае? Думаю, што вы гэтага не жадаеце.

Радзівіл Чорны. Мне даражэй той, хто сваю хворую душу вылечыў...

Бона. Вы пра сваю сястру?

Радзівіл Чорны....А не той, хто здаровую душу прымусіў захварэць... А ў асоб царскага роду гэта часцей за ўсё і бывае.

Бона. Князь!

Радзівіл Чорны.

Цнатлівасць часам на пасад садзіцца.

А пройдзе час, і ўжо сядзіць блудніца.

Сястра народзіць сына Жыгімонта,

Пра гэта ведаюць і ў Польшчы і ў Літве.

Радзівіл Руды.

Хай сын ваш жэніцца, але няхай і знае,

Што у яго ў Літве нашчадак падрастае.

Радзівіл Чорны.

Цалуем вашы рукі, каралева...

Радзівілы кланяюцца і выходзяць.

Бона.

Ліцвіны каралеве пагражаюць,

I зброяй лічаць грэшную сястру,

Яна ў жыцці кахала шмат мужчын,

Ну, а ў мяне быў толькі родны сын,

Жывая краска на стаптанай пожні,

Ён у мяне і першы, і апошні. (Гукае.)

Пан Мнішак!

З'яўляецца Мнішак.

Мнішак.

Я слухаю ўсім сэрцам каралеву.

Бона.

Ну, як адбыўся ваш ваяж у Вільню?

Мнішак. О, найяснейшая каралева, гэтым разам я толькі змог дабрацца да Нясвіжа. Нейкі літоўскі вядзьмар з пушчы прымусіў мяне купіць у яго бутэлечку атруты. Нашто яна мне была?! Даю слова гонару, ён зачараваў мяне, і я, зачараваны, аддаў яму ўсе грошы, што браў з сабой на дарогу... Усе сто дукатаў!

Бона. Колькі?

Мнішак. Дзвесце. Ну дык вось: узяўшы мае трыста дукатаў, ён аддаў мне малюпасенькую бутэлечку. Калі яе выпіць, роўна праз шэсць месяцаў, дзень у дзень, гадзіна ў гадзіну, аддасі Богу душу... Вы чулі? Ну, ці варта было за гэтую дрэнь аддаваць чатырыста дукатаў? Дапусцім, я з'ехаў з глузду і выпіў гэтае зелле. Чакаю, каб роўна праз шэсць месяцаў, гадзіна ў гадзіну, аддаць канцы. А калі мне раней камень на галаву зваліцца ці ліхаманка якая прычэпіцца, і я памру раней... За што ж тады я аддаў свае пяцьсот дукатаў?! Калі Бог хоча пакараць чалавека — перш-наперш пазбавіць розуму... Я ехаў галодны, а, уяўляеце, як бы я мог пагуляць за гэтыя шэсцьсот дукатаў? Дзякуй Богу, я неяк дабраўся да Нясвіжа, і сястра нясвіжскага князя (дай Бог ёй дабра і усялякай радасці), даведаўшыся, што я па дурноце сваёй згубіў семсот дукатаў, ласкава прыняла мяне, накарміла, напаіла і нават дала грошай на дарогу.

Бона. Колькі?

Мнішак. Два дукаты. Але што... што гэтыя два дукаты ў параўнанні з тымі васьмістамі, што гэты пушчанскі змей выцыганіў з мяне. Больш таго, ад'язджаючы, я забыўся ў ласкавай панны гэтую гадасць, гэтую атруту на стале... Не дай Бог яна вып'е яе!

Бона. Хіба вы не папярэдзілі яе?

Мнішак. Як можна, найяснейшая каралева, як можна! Канечне, папярэдзіў. Усё расказаў. I пра шэсць месяцаў, і пра тое, што аддаў за бутэлечку аж дзевяцьсот дукатаў гэтаму ваўкалаку з пушчы.

Бона (падае кашэль). Вось тысяча дукатаў. Наперад будзьце разумнейшымі, калі сустракаеце чараўнікоў. I пра гэта... не варта нікому расказваць...

Мнішак. О, што вы, каралева?! Як можна. Хіба сабе я вораг? Хіба я хачу, каб над маёй дурнотай насміхаліся людзі? Слова говару, я пра гэта забыўся і ніколі не ўспомню. Нават на споведзі.

Бона.

Няхай мне падрыхтуюць экіпаж.

Мнішак.

Куды паедзе каралева?

Бона.

У Вільню!

Вільня. Палац Барбары Радзівіл.

Уваходзіць Барбара.

Барбара.

Паехаў ты, і добрае усё

З табою з Вільні з'ехала таксама.

Змрок надышоў, і холадна паўсюль.

Завялі ружы, і камін не грэе,

I сад ля замка сумны. I пусцее.

Цябе я, любы, ўдзень і ўночы сню,

Балюча слухаць пра цябе хлусню.

Пачуй здалёку голас сэрца мой,

Прыйдзі. Прыйдзі хутчэй! I супакой.

Уваходзяць Радзівілы.

Радзівіл Чорны.

Мы з Кракава.

Барбара.

I што там?

Радзівіл Руды.

Жыгімонт, парушыўшы ўсе межы прыстойнасці... сам... сам паехаў сватацца да Габсбургаў!

Барбара.

Гэта няпраўда!

Радзівіл Чорны.

Праўда! Пра гэта пляткарыць уся Польшча!

Радзівіл Руды.

Ён каралеве-маці гаварыў:

Прынцэса найцудоўнейшая ў свеце!

Яе ён любіць! Будзе на каленях

Прасіць яе рукі. Бо ён кахае!

Цябе учора. Сёння ўжо яе!

Барбара.

Няпраўда гэта.

Радзівіл Руды.

Праўда!

Барбара.

Сэрцамчую...

Ён мне не здрадзіў... Ён душою тут.

Радзівіл Руды.

Было б найлепш, калі б ён быў тут целам.

Ты... не цяжарная? Нам шчыра адкажы.

Барбара.

Мы ўжо раней пра гэта гаварылі.

Радзівіл Руды.

Ты ўпэўнена?

Барбара.

Мне не дванаццаць год.

Радзівіл Чорны.

Але чаму?

Барбара.

Не ведаю! Напэўна,

Бог у жыцці не дасць яму дзяцей.

Радзівіл Чорны.

Дык што, карона будзе без нашчадка?

Радзівіл Руды.

Барбара... ты павінна нарадзіць...

Барбара.

Ды як?

Радзівіл Руды.

Як хочаш. У яго

Дзіця ў Вялікім княстве застанецца.

А ў Кракаве ніводная прынцэса

Яму яго ніколі не народзіць.

Барбара... Ты павінна нарадзіць!

Барбара.

Ды ад яго дзіця ў мяне не будзе!

Радзівіл Руды.

Было б дзіця... Няхай не ад яго...

Барбара.

А ад каго... яшчэ?.. Што ты гаворыш!?

Мне, значыць, трэба з некім... Божа мойі

Я, мабыць, сплю цяпер... Але так брыдка.

Што зараз я прачнуся...

Радзівіл Чорны.

Пачакай!

Даўным-даўно чароўная Юдзіф,

Ратуючы народ ад асірыйцаў,

Сама пайшла на ложа Алаферна,

Прыспала ваяводу і мячом,

Яго ж мячом адсекла галаву.

Пазбавіла свой горад ад чужынцаў.

Табе ж не трэба будзе забіваць.

А толькі даць жыццё! I даць Літве надзею!

Радзівіл Руды.

Мы столькі часу стогнем пад Каронай,

З часоў Ягайлы. А твой родны сын...

Узыдзе на пасад! I будзе ён ліцвін!

I княства наша стане каралеўствам.

Барбара.

Пакінь мяне!

Радзівіл Руды.

Здараецца такое...

На трыста год адзіны толькі раз,

Ліцвіны пра цябе складуць паданні.

Барбара.

Як я пачварва здрадзіла каханню?!

Куды мяне ты клічаш, родны брат?

Ды ты вар'ят! Вар'ят! Вар'ят! Вар'ят.

Ты з д'яблам пад руку цяпер ідзеш,

Сястру сваю, як дзеўку, прадаеш!

Радзівіл Руды.

Твой абавязак...

Барбара.

Ён — мой абавязак!

Радзівіл Руды.

Твая Радзіма...

Барбара.

I Радзіма ён!

Брат! Бацька! Бог! Увесь-увесь Сусвет!

Сыдзіце з воч! Нямілы белы свет!..

Радзівіл Чорны.

Ты супакойся і падумай добра...

Радзівіл Руды.

На свеце можна ўсім ахвяраваць,

Калі Радзіму трэба ратаваць.

Радзівіл Чорны.

Бывай, сястра... (Выходзяць.)

Барбара.

Бывай, о людзі, людзі!

Шануюць тых, хто і ў граху, і ў брудзе.

Калі ж ты вырашыў на светлы шлях звярнуць,

Імкнуцца зноўку ў пекла зацягнуць.

Прыйдзі, каханы мой, прыйдзі хутчэй!

Мне страшна! Я хачу тваіх вачэй.

Уваходзіць каралева Бона ў чорным вэлюме.

Адкуль вы тут?

Бона падымае вэлюм.

О Божа! Каралева...

Барбара апускаецца на калені.

Бона. Устаньце, дзіця маё... Гэта не вы, а я павінна апусціцца на калені і маліцца... Маліцца таму высокаму пачуццю, якое даў вам Бог ці то ва ўзнагароду, ці на выпрабаванне.

Барбара. О, светлая каралева...

Бона. Мой сын кахае вас... Кахае глыбока, шчыра, самаахвярна... Кахае так, як не могуць... і не павінны кахаць намеснікі Бога на зямлі... Яго душа разрываецца паміж вамі і святым абавязкам дзяржаўнага мужа перад Айчынай... Перад Польшчай... Венцаносныя асобы ніколі не зведаюць шчасця з тым, каго кахаюць... Дзеля карысці дзяржавы яны мусяць цярпець... цярпець на сваім ложы... нялюбых, нямілых... і мець ад іх дзяцей... Вы ж ведаеце, колькі намаганняў, колькі часу патрэбна, каб з'явіўся нашчадак прастола... Ва ўсіх каралеўствах гэта страшная праблема... I ведаеце чаму? Каля трона не жыве каханне... А без кахання дзеці цяжка нараджаюцца... Ой, як цяжка... Паверце, я гэта ведаю... А калі і народзіцца, дык хваравіты, кволы, худасочны... Па ўсёй Еўропе на пасадах сядзяць убогія... Тыя, хто народжаны не ад кахання... I яны змушаны дзеля дзяржаўных інтарэсаў нараджаць сваіх дзяцей з нялюбымі... Выраджэнне, заняпад...

Барбара. Гэта праўда, што каралевіч Жыгімонт сам... сам паехаў да Габсбургскай прынцэсы Кацярыны?

Бона. Гэта праўда.

Барбара. Гэта праўда... даруйце, каралева, гэта праўда, што ён збіраецца стаяць перад ёй на каленях і казаць, што яна найцудоўнейшая ў свеце і што ён яе любіць...

Бона. Праўда, дзіця маё... Я магу пакляспдся на Бібліі... Тым, хто служыць народу, сваёй Айчыне, амаль ніколі не даводзіцца казаць тое, што ён думае, і рабіць тое, што хоча... Абавязак... Лёс...

Барбара. Чым я магу аддзячыць сваю каралеву за той гонар, які...

Бона (перапыняе). Мой тайны візіт да вас — гэта клопат пра будучага караля Польшчы, пра свайго сына... I ў гэтым я таксама магу паклясціся на Бібліі...

Барбара. Я слухаю сваю каралеву і зраблю ўсё, што яна мне загадае...

Бона. О, даруйце мне, мая прыгожая дзяўчынка... Я ехала ў Вільню, спадзеючыся сустрэць халодную драпежніцу, якая шукае сваёй выгады... а сустрэла... Вы кахаеце каралевіча?

Барбара. Мне добра тады... калі яму добра... Калі яго вочы свецяцца радасцю. Я... адчуваю сябе на нябёсах... Бог не даў мне дзетак, але я ведаю, як іх любяць. Маці памрэ, калі гэта спатрэбіцца яе дзіцяці.

Бона. Вы кахаеце.

Барбара. Вы прыехалі загадаць мне, каб я больш не бачылася з каралевічам?

Бона. Не. Гэткай пакуты ні ён, ні вы не здолееце стрываць. Я прашу вас прыбыць да двара яго каралеўскай мосці.

Барбара. Навошта?

Бона. Каб стаць маёй фрэйлінай.

Барбара. А яго высокасць ажэніцца з аўстрыйскай прынцэсай?

Бона. Так.

Барбара. Але ж... мы з яго высокасцю павянчаныя...

Бона. Святая царква ніколі не прызнае гэты шлюб... Як жанчына, як маці, я прызнаю... Уся Польшча не прызнае! Душа Жыгімонта разарвецца паміж вамі і Польшчай... Пашкадуйце яго, Барбара...

Барбара. Што... мне... рабіць?

Бона. Даць згоду быць маёй фрэйлінай. Вы будзеце штодзень бачыць караля, ён будзе бачыць вас... А я здолею паклапаціцца пра вашае дзіця.

Барбара. Я не маю дзяцей...

Бона. Я пра таго, хто будзе...

Барбара. У мяне дзяцей не будзе...

Бона. Вы ўпэўнены?

Барбара. Мне не дванаццаць год.

Бона. Я ўсё адно чакаю вас. Бывайце. (Выходзіць.)

Барбара (адна).

Я — фрэйліна... Я — фрэйліна... Быць побач.

I быць далёка ад цябе... О, не!

Такой пакуты не знайсці і ў пекле,

Я — побач, побач, іншая ж цябе

Цалуе, лашчыць.

Божа! Божа! Божа!

Пякельны жах з маёй душы здымі,

Даруй ты мне... і грэшную прымі...

Баль адшумеў, і ціша навакол,

У чорным небе дрэмле ясны месяц,

Абліты цьмяным срэбрам лес і дол,

I болей не чутно птушыных песень.

Усімі зоркамі мяне цалуе ноч,

Ласкавы ветрык лашчыць, лашчыць грудзі,

I гладзіць цемра мне павейкі воч...

Я зведаю... чаго не зведаць людзям.

Адкаркоўвае бутэлечку, што пакінуў Мнішак, і выпівае.

Кракаў. Каралеўскі палац.

Жыгімонт і Бона.

Бона.

У Польшчы яшчэ слёзы не прасохлі

Пасля нядаўняй смерці караля,

А ты ірвешся ў Вільню?

Жыгімонт.

Так, да жонкі.

Бона.

Яе ніхто ніколі не прызнае

Як тваю жонку. Гетман гаварыў,

Што лепш на троне бачыць Сулеймана,

Скарыцца туркам, чым тваёй...

Жыгімонт.

Маўчыце!

Я ад яе не адступлюся, нават

Хай будзе свет увесь супроць яе!

Бона.

Сенатары і біскупы даводзяць,

Што ты абразіў іх, абразіў Польшчу,

Што ганьба — выбар твой для іх усіх...

Жыгімонт.

Я ў жонкі ім яе не прапаную!

Не прымушаю іх яе любіць.

Але Барбара будзе каралевай,

Таму што муж яе цяпер — кароль!

Бона.

Я не прыеду на каранаванне.

Жыгімонт.

Згадайце, што гаворыцца ў Пісанні:

«Ад бацькі, маці трэба адысці

I ўсёй душой да жонкі прырасці».

I гэта для людзей любога звання,

Грэх страшны быць з жанчынай без кахання.

Бона.

Ды ад цябе адвернецца ўся Польшча!

Жыгімонт.

Я адвярнуся ад яе і сам!

Мне Польшча без Барбары не патрэбна!

Хай ведае і канцлер, і сенат,

Усе, хто пасылае ёй праклёны,

Я лепей адракуся ад кароны,

Чым ад яе. I з'еду у Літву.

А Польшча караля хай выбірае

З тых, у каго душы няма, хто не кахае...

Хто мне не вораг, той яе прызнае.

А не прызнаюць нелюдзі і злыдні!

Каранаванне будзе праз два тыдні.

Бывайце, каралева.

Выходзіць.

Бона.

Ён за яе да смерці будзе біцца,

Выйсця няма. Даводзіцца... скарыцца.

О жорсткі лёс! Няслава ўсёй Кароне.

О страшны сон! Ліцвінка ўжо на троне.

Пан Мнішак!

Уваходзіць Мнішак.

Мнішак. Слухаю, мая каралева...

Бона. Вам належыць неадкладна выехаць у Літву і выправіць сваю памылку.

Мнішак. Якую памылку, каралева?

Бона. Мне сасніўся нядобры сон... Як быццам пушчанскае зелле, якое вы незнарок пакінулі ў Нясвіжы, выпіла маленькая дзяўчынка...

Мнішак. Калі каралева сніла сон?

Бона. Сёння ноччу.

Мнішак. Сны ў ноч на нядзелю ніколі не спраўджваюцца.

Бона. Тым не менш у мяне неспакойна на душы... Выязджайде зараз жа.

Мнішак. Я паеду зараз жа, забяру гэтую бутэлечку і дзе-небудзь закапаю яе ў лесе.

Бона. Грэх закопваць смяротнае зелле ў зямлю. Прывязіце яе сюды...

Мнішак. Слухаю, каралева...

Нясвіж. Палац Радзівілаў.

Жыгімонт і Радзівілы.

Жыгімонт.

Я толькі з Вільні. Мне сказалі ў замку...

Барбара пераехала да вас?

Радзівіл Чорны.

Так, тут яна, ды бачыць вас не хоча.

Радзівіл Руды.

Я не хачу, каб бачыліся вы.

Радзівіл Чорны.

Даруйце нам, даруйце нашу дзёрзкасць.

Жыгімонт.

Я вам ужо аднойчы дараваў,

Хай будзе так. I гэты раз дарую.

Дзе мая жонка?

Радзівіл Руды.

Я вас не пушчу!

Жыгімонт.

Я ваш кароль.

Радзівіл Руды.

Яна — мая сястра,

Якая з вашай ласкі захварэла.

Жыгімонт.

Што з ёю?

Радзівіл Руды.

Ды цяжэй няма хваробы,

Калі душу параніць.

Жыгімонт.

Дзе яна?

Радзівіл Чорны.

Ваша вялікасць, я прашу...

Жыгімонт.

Мне што,

Паклікаць стражнікаў, каб вас яны звязалі?

Барбара дзе?!

Уваходзіць Барбара.

Барбара.

Пакіньце нас, прашу...

Радзівілы выходзяць.

Жыгімонт.

Барбара, любая!

Барбара.

Скажыце мне, кароль...

Як ваша найкаштоўнае здароўе?

Жыгімонт.

Ужо цудоўна!

Барбара.

Я надзвычай рада.

Калі ваш шлюб?

Жыгімонт.

Ды роўна праз два тыдні.

Барбара.

Мне загадаеце да Вавеля прыбыць?

Жыгімонт.

Малю! Прашу! Прашу і загадаю,

Бо я на гэта трошкі права маю.

Барбара.

Вядома, мой кароль...

Жыгімонт.

Вы нездаровы?

Барбара.

Так... Глупства... Пройдзе...

Жыгімонт.

Лекараў прыслаць?

Барбара.

Не трэба, мой кароль, я... я прыеду

На цырымонію...

Жыгімонт.

Я гэта добра ведаў.

Бо як жа можна нарадзіць дзіцяці,

Калі няма ці бацькі, ці то маці.

I не бывае ў свеце шлюбных фэстаў,

Калі жаніх памёр альбо няма нявесты...

Барбара.

Якой нявесты?

Жыгімонт.

Вам напраўду дрэнна...

У ложак хуценька! Мне жонка не патрэбна

Нядужая. А ў Польшчы каралева

Павінна быць прыгожай і здаровай.

У хуткім часе будуць нас каранаваць,

А гэты здзек не проста так стрымаць.

Барбара.

Мяне? Каранаваць?

Жыгімонт.

Каго ж яшчэ?

Вы — мая жонка. Значыць, каралева.

Барбара.

Дык вы не жэніцеся?

Жыгімонт.

З кім жа мне жаніцца?

Калі вы здольная яшчэ раз нарадзіцца,

Тады яшчэ раз ажанюся я.

Барбара.

Ці не казалі вы, што любіце прынцэсу?

Жыгімонт.

Казаў. Люблю, як родную сястру.

Барбара.

Лепш за яе нідзе на белым свеце...

Жыгімонт.

I прыгажэй не будзе і няма,

Ды гэтага ніколі я не ўбачу,

Бо ў сэрцы вы.

Барбара.

Яе вы цалавалі?

Жыгімонт.

Яна сама мяне пацалавала

I пажадала шчасця мне і вам:

«Жывіце доўга, смерць сустрэньце разам.

Каханне Бог вам даў, дык не згубіце часам».

Барбара.

Я — грэшніца!

Жыгімонт.

Што з вамі, каралева?

Я вас пакрыўдзіў, можа, незнарок?

Барбара.

Я — грэшніца, я — грэшніца, о Божа!

За самую пачварную хлусню

Страшней недагавораная праўда.

Жыгімонт.

Я ўсё вам расказаў! Ды не, яшчэ не ўсё!

Яна падаравала вам пярсцёнак.

Ён цудадзейны! Гоіць добра раны!

Барбара.

Я — грэшніца... Даруй мне, мой каханы.

Падае на рукі Жыгімонту.

Жыгімонт.

Сюды, сюды! Ёй дрэнна! Памажыце.

Выносіць Барбару на руках. З'яўляецца Мнішак.

Мнішак. Каралева сказала, што бачыла свой сон у ноч перад нядзеляй. Самай занюханай знахарцы вядома, што гэтыя сны спраўджваюцца толькі да апоўдня, у тую ж нядзелю, перад якой быў сон. Калі ён спраўдзіўся, дык беднай дзяўчынцы нічым не дапаможаш — хай яна будзе свае апошнія паўгода шчаслівай. Калі да апоўдня маю бутэлечку ніхто не чапаў, дык сон каралевы быў пустым і нічога нікому не пагражае. I ў тым выпадку, і ў тым няма сэнсу шукаць гэтую бутэлечку. Гары яна гарам! Але ж каралева запатрабавала, каб я яе абавязкова прывёз. Дык што з таго? На гэтай зямлі столькі атруты, столькі гадасці, знайду я што-небудзь і для каралевы. Тады чаго ж я сюды прыязджаў? Нясвіж! Палац Радзівілаў. Файныя мясцівы... Чаму б не прыехаць?

Кракаў. Кафедральны сабор.

Жыгімонт і Барбара у каранацыйных уборах.

Жыгімонт.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа...

Барбара.

Прымі як непадзельнае — Адво...

Жыгімонт.

Прымі як непадзельнае — Адно...

Барбара.

Прымі нас, Уселітасцівы Божа...

Жыгімонт.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў...

Барбара.

Бог ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў...

Жыгімонт.

Бог ёсць Любоў, і мы цяпер — Любоў...

Барбара.

Адна Душа, адно Жыццё і Кроў...

Няхай Твой грозны гнеў нікога не кране,

Даруй усім, і ўжо апошняй мне.

Жыгімонт.

Барбара, што з табой?

Барбара.

Бывай, мой любы...

Жыгімонт.

Чаму бывай?

Барбара.

Я — грэшніца...

Жыгімонт.

Ніхто...

Няма нікога без граху на свеце,

Каханне наша ўсё нам даравала.

Барбара.

Я злу паверыла і грэшнай болей стала,

I не зямны, нябёсаў строгі суд

Абвесціць справядлівы свой прысуд...

Мой любы, ты даруй мне...

Жыгімонт.

Я кахаю...

I не аддам!

Барбара.

I мне не трэба раю...

Ніколі ад цябе не адыду.

Нават тады, калі ў нябыт сыду...

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: