Пытанне 47

1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. Англія і Францыя, звязаныя з Польшчай саюзным дагаворам, 3 верасня 1939 г. аб'явілі вайну Германіі. Так пачалася другая сусветная вайна.

Складанае перапляценне многіх фактараў – палітычных, эканамічных, ідэалагічных – вызначыла прычыны і характар другой сусветнай вайны, якая прадаўжалася 6 год і 1 дзень.

Фашысцкая Германія хутка акупіравала ўсю тэрыторыю Польшчы, яе войскі падступілі да межаў Заходняй Беларусі. 17 верасня 1939 г. у сваю чаргу войскі Чырвонай арміі перайшлі савецка–польскую граніцу і занялі землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, паводле так званага пакта Молатава–Рабінтропа — папярэдняй дамоўленасці паміж савецкім і фашысцкім урадамі. Да 25 верасня Чырвоная Армія цалкам заняла землі Заходняй Беларусі. Нямецкія войскі адыйшлі на ўзгодненую паміж урадамі Германіі і СССР мяжу.

28 – 30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Ён аднагалосна прыняў па дакладу С.В. Прытыцкага дэкларацыю аб устанаўленні савецкай ўлады на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Дэлегаты выказаліся і за ўваходжанне ў БССР. 2 лістапада 1939 г. Нечарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР і 12 лістапада Нечарговая ІІІ сесія Вярхоўнага савета БССР адпаведна прынялі законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і уз'яднанні яе з БССР. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася амаль у два разы — да 225,6 тыс., а насельніцтва рэспублікі – з 5млн.562 тыс. чалавек да 10 млн. 239тыс. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было створана 5 абласцей — Беластоцкая, Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская.

Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР паскорыла эканамічнае развіццё гэтага рэгіёна. Праз год пасля ўз'яднання ў заходніх абласцях дзейнічала 392 прадпрыемства. Аб'ём прамысловай прадукцыі павялічыўся ў канцы 1940 г. амаль у два разы ў параўнанні з 1938 г. За кароткі час была рэканструявана ўся чыгуначная гаспадарка. Рачны флот папоўніўся новымі самаходнымі судамі і буксірамі. У вёсцы было рэквізавана звыш 1 млн. га зямлі, якая належала польскім памешчыкам. Пачалася калектывізацыя. Да сярэдзіны 1940 г. тут было створана 430 калгасаў, якія аб'ядноўвалі звыш 23 тыс. сялянскіх гаспадарак.

Значныя змены адбываліся ў духоўна – культурнай сферы. Так, у 1940/41 навучальным годзе тут дзейнічала 958 агульнаадукацыйных школ, 12 тэхнікумаў, 5 інстытутаў. У 1940 г. пачалі працаваць беларускія драматычныя тэатры ў Баранавічах і Пінску, рускі абласны тэатр у Брэсце, Беластоцкі яўрэйскі драматычны тэатр і тэатр мініяцюр, аддзяленне Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Беластоку.

У той жа час у грамадска – палітычным жыцці краю адкрыта праявіла сябе камандна – рэпрэсіўная сістэма, якая не ўлічвала беларускія нацыянальныя інтарэсы. Па дагавору з Літоўскай рэспублікай ад 10 лістапада 1939 г. кіраўніцтвам СССР быў выключаны са складу Беларусі і перададзены Літве Віленскі край з горадам Вільня ў абмен на размяшчэнне савецкіх войск на тэрыторыі Літвы. Яшчэ раней, 30 верасня 1939 г., былі арыштаваны, а потым рэпрэсіраваны многія беларускія дзеячы нацыянальна–вызваленчага руху. Адпаведна прынятай ў снежні 1939 г. сакрэтнай пастанове СНК СССР аб высяленні польскіх каланістаў, памешчыкаў і работнікаў лясной аховы з Заходней Беларусі было дэпартавана ва ўсходнія раёны СССР 120 тыс. чалавек. Гэта вельмі адмоўна адбілася на маральна – псіхалагічнай атмасферы ў краі.

Аднак нягледзячы на гэтыя і іншыя моманты, ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР мела, безумоўна, станоўчае значэнне. Упершыню ў сваёй гісторыі, практычна ўсё насельніцтва беларускага этнасу атрымала магчымасць жыць разам, маючы ўласную дзяржаўнасць. Акрамя гэтага, ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР, як і Заходняй Украіны з УССР, пэўным чынам паўплывала на ход і вынікі як другой сусветнай, так і Вялікій Айчыннай вайны савецкага народа супраць фашысцкай Германіі.


Пытанне 48

22 чэрвеня 1941 г. германскія войскі ўварваліся на тэрыторыю СССР. Дырэктыва Вярхоўнага камандавання германскіх узброеных сіл № 32 ад 11 чэрвеня 1941 г. сведчыць аб намеры Гітлера правядзення шырокай экспансіі ў Еўропе, Афрыцы, на Блізкім Усходзе, Міжземнамор'і і іншых раёнах свету. Неабходнай перадумовай для дасягнення сусветнага панавання быў разгром Савецкага Саюза.

Адной з істотных прычын, якія прывялі да савецка – германскай вайны, з'яўляецца так сама знешняя палітыка Англіі, Францыі і ЗША. Яны імкнуліся ўцягнуць Германію і СССР у вайну.

Свой уклад у абвастрэнне адносін паміж СССР і заходнімі краінамі ўнесла кіраўніцтва Камінтэрна. Чацвёрты кангрэс Камінтэрна ў 1936 г. паставіў перад кампартыямі галоўную задачу: пры ўсіх абставінах перш за ўсё бараніць «дзяржаву рабочых і сялян», гэта значыць Савецкі Саюз.

У адпаведнасці з планам «Ост» фашысты меркавалі знішчыць 80 % насельніцтва Беларусі ці выселіць за Урал, 20 % анямечыць і заставіць працаваць на немцаў–каланістаў. Гітлер паабяцалі немцам «райскае жыццё» пасля перамогі над СССР: кожнаму — аўтамабіль («фольксваген»), вызваленне ад падаткаў, магчымасць атрымаць на Усходзе зямлю, маёмасць і рабоў – славян.

Асабліва трагічная абстаноўка ў першыя дні вайны склалася для савецкіх войск на Беларусі, дзе германскае камандаванне выкарыстала самую магутную групоўку войск – групу арміі «Цэнтр» (камандуючы генерал–фельдмаршал фон Ф. Бок). Савецкія пагранічнікі, чырвонаармейцы аказвалі рашучае супраціўленне. Гераічна трымаўся гарнізон Брэсцкай крэпасці. Цяжкія баі вялі часці Чырвонай Арміі ў раёне Беластока, Гродна, Маларыты, а затым Мінска, Барысава. Асабліва ўпартыя баі вяліся на подступах да Магілёва. Але нягледзячы на гераічнае супраціўленне часцей Чырвонай Арміі, да пачатку верасня ўся тэрыторыя Беларусі была акупіраваная нямецка–фашысцкімі войскамі. Часці Чырвонай Арміі цярпелі адно паражэнне за другім у Прыбалтыцы і на Украіне.

Асноўныя прычыны паражэння савецкіх войск у пачатку вайны былі ў наступным:

Па–першае, ваенна-эканамічны патэнцыял Германіі, якая да гэтага часу ўжо захапіла амаль усю Заходнюю Еўропу, у 2–3 разы пераўзыходзіў СССР.

Па–другое, у гады сталінскіх рэпрэсій было арыштавана і пакарана больш чым за 42 тыс. камандзіраў і палітработнікаў Чырвонай Арміі. Сярод іх амаль палова персаналу Генштаба, ўсе камандуючыя ваенных акругаў, 80 % кіруючага складу карпусоў і дывізій, 91 % камандзіраў палкоў, іх намеснікаў і начальнікаў штабоў. Аб гэтым добра ведала гітлераўскае камандаванне, калі прымала рашэнне аб паскарэнні пачатку вайны супраць Савецкага Саюза. «Без трыццаць сёмага года, — сцвярджаў маршал А.М.Васілеўскі, — магчыма, і не было б увогуле вайны».

Па–трэцяе, негатыўную ролю адыгралі пралікі Сталіна і яго бліжэйшага акружэння ў ацэнцы ваенна-стратэгічнай абстаноўкі і вызначэння магчымага тэрміну нападзення Германіі на СССР.

Але нягледзячы на паражэнні Чырвонай Арміі ў першыя месяцы вайны, фашысцкі стратэгічны план «маланкавай вайны» быў сарваны. Цяжкія баі на тэрыторыі Беларусі далі магчымасць арганізаваць абарону Масквы. У канцы 1941 – пачатку 1942 гг. немцам тут было нанесена першае з пачатку другой сусветнай вайны сур'ёзнае паражэнне.


Пытанне 49

У пачатку верасня 1941 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі ўсталяваўся нямецкі акупацыйны рэжым. Галоўным сродкам падтрымання «новага парадку» былі войскі і розныя службы: СС (ахоўныя атрады); СА (штурмавыя групы); СД (служба бяспекі, галоўны орган разведкі і контрразведкі); гестапа (палітычная паліцыя); жандармерыя і інш. Ужо ў першыя месяцы акупацыі агульная колькасць ваенна-паліцэйскіх сіл на тэрыторыі Беларусі перавышала 160 тыс. чалавек, не лічачы франтавых часцей, якія таксама выкарыстоўваліся ў барацьбе супраць партызан.

Захопнікі стварылі структуры «новай» ўлады, сталі займацца і гаспадарчымі пытаннямі. Усе прадпрыемствы і ўстановы былі ўзяты на ўлік; ужо на працягу ліпеня 1941 г. праведзена рэгістрацыя працаздольнага насельніцтва ў гарадах. Вясной 1942 г. была праведзена зямельная рэформа. Усе калгасы былі ліквідаваны, а іх зямля і інвентар перайшлі да ўжытку сялян у рамках так званых «кааператываў». На тэрыторыі Ўсходняй Беларусі калгасы па–ранейшаму існавалі. Яны, па меркаванню акупацыйных уладаў, з'яўляліся даволі зручным і надзейным сродкам забеспячэння харчовых патрэб Германіі і фронту.

Галоўным сродкам ажыццяўлення генеральнага плана «Ост» з'яўлялася палітыка генацыду – планамернага знішчэння цэлых групаў насельніцтва па тых ці іншых матывах: з–за прыналежнасці да савецкіх актывістаў, камуністаў, камсамольцаў, яўрэяў, цыган і г.д. Для рэалізацыі гэтага плана фашысты выкарыстоўвалі наступную сістэму мер: аблавы, заложніцтва, пагромы, турмы, лагеры смерці, карныя аперацыі і інш. У межах Беларусі было арганізавана 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. У Мінску і яго ваколіцах было размешчана 5 такіх лагераў, адзін з якіх – Трасцянецкі – па колькасці знішчаных людзей стаяў на трэцім месцы пасля Асвенціма і Майданака. На тэрыторыі рэспублікі было больш за 100 гета, ў якіх гітлераўцы знішчылі сотні тысяч яўрэяў, як жыхароў БССР, так і яўрэяў з многіх краін Заходняй Еўропы, ў тым ліку і Германіі.

Пад выглядам барацьбы з партызанамі акупанты правялі больш за 140 карных экспедыцый, ў ходзе якіх цэлыя раёны Беларусі ператварыліся ў пустыні. Так, 22 сакавіка 1943г. былі спалены 149 жыхароў, ў тым ліку 76 дзяцей, вёскі Хатынь Лагойскага раёна Мінскай вобласці.

Палітыка генацыду ўключала і гвалтоўны вываз савецкіх людзей на катаржныя работы ў Германію. Працэс гэты пачаўся з канца 1941г., але найболшь буйныя памеры набыў на пачатку 1943г. Усяго за гады вайны нямецкія акупацыйныя ўлады накіравалі на работу ў Германію звыш 400 тыс. жыхароў Беларусі, з якіх прымусовым шляхам было вывезена каля 380 тыс.

На акупіраванай тэрыторыі Беларусі нямецка-фашысцкія захопнікі ўводзілі «новы парадак» — дзяржаўную сістэму мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага ладу, эксплуатацыю нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, прыгнячэнне і знішчэнне людзей. Беларусь была падзелена на часткі. Намеснікам Гітлера на Беларусі стаў гаўляйтэр Вільгельм Кубэ, а пасля яго забойства падпольшчыкамі – фон Готберг. Пры фарміраванні акупацыйнай адміністрацыі і паліцэйскіх падраздзяленняў немцы дазвалялі прыхільнікам беларускага нацыянальнага руху ўжываць нацыянальную сімволіку, ствараць беларускія школы, асветніцкія ўстановы, выдаваць газеты. Пазней акупанты пайшлі нават на арганізацыю органаў кіравання, у тым ліку Беларускай цэнтральнай рады, Беларускай краёвай абароны. Ва ўмовах акупацыйнага рэжыму і пад уплывам некаторых прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху невялікая колькасць жыхароў рэспублікі перайшла да супрацоўніцтва (калабарацыянізму) з нямецкімі адміністрацыйнымі структурамі.

Эканоміка на акупіраванай тэрыторыі Беларусі насіла каланіяльны характар. Быў створаны спецыяльны эканамічны апарат з атрадамі для збору сродкаў вытворчасці і сыравіны, дзейнічала 60 прадпрыемстваў. Гітлераўцы гвалтоўна вывозілі людзей на катаржныя работы ў Германію. Тых, хто ўхіляўся ад адпраўкі, расстрэльвалі. Было вывезена 380 тыс. чалавек, вярнулася дадому каля 120 тыс. У межах рэспублікі было арганізавана 260 лагераў смерці, больш 100 гета. За гады акупацыі разам з жыхарамі было спалена 628 беларускіх вёсак. Усяго за гады вайны ў рэспубліцы было знішчана каля 3 млн чалавек, ці кожны трэці жыхар.



Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: