Пытанне 42

Нацыянальная палітыка ва ўмовах Савецкай улады распрацоўвалася ў вышэйшых органах РКП/б/ і праводзілася з улікам асаблівасцей таго ці іншага рэгіёна. На месцах яна атрымала назвы – беларусізацыя, украінізацыя, татарызацыя і г. д. Яна фармулявалася пад уздзеяннем ідэй і практыкі нацыянальнага руху.

Палітыка нацыянальна–культурнага будаўніцтва на Беларусі мела вытокі ў беларускім нацыянальна–вызваленчым руху, у ідэях беларускага нацыянальнага адраджэння. У час рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў КП(б)Б улілося шмат дзеячоў нацыянальна–вызваленчага руху. Многія з іх увайшлі ў склад вышейшых партыйных і савецкіх органаў. Сярод іх А.Чарвякоў – старшыня ЦВК і СНК БССР, З.Х.Жылуновіч – рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”, У.М.Ігнатоўскі – нарком асветы, А.Л.Бурбіс – намеснік наркома замежных спраў, А.В.Баліцкі – намеснік наркома асветы, а з 1926г. – нарком асветы БССР і г. д.

Афіцыйна аб пераходзе да беларусізацыі аб’явіла другая сесія ЦВК БССР (ліпень 1924г.), прыняўшы пастанову “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі”.

У шырокім сэнсе пад беларусізацыяй разумелася развіццё беларускай культуры, вылученне беларусаў на партыйую, савецкую, прафсаюзную і грамадскую працу, перавод справаводства дзяржаўнага, партыйнага,прафесійнага і каператыўнага апаратаў на беларускую мову.

Центральнае месца ў мерапрыемствах у беларусізацыі адводзілася праблеме мовы. І гэта была правільная пазіцыя ЦВК БССР, бо ў рэспубліцы, дзе карэннае насельніцтва складала 80%, яго мова выконвала вельмі мізерны аб’ем сацыяльных функцый. Пераважала, як і ў дарэвалюцыйны час, руская мова. Пры гэтым афіцыйна было заяўлена, што на тэрыторыі БССР прызнаюцца раўнапраўнымі мовы беларуская, руская, яўрэйская і польская. Але “з прычыны значнай перавагі у БССР насельніцтва беларускай нацыянальнасці, – гаварылася ў вышэй прыгаданай пастанове, – беларуская мова выбіраецца як мова пераважная для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі”. Мовай зносін органаў БССР з органамі СССР і саюзных рэспублік прызнавалася руская мова.

Найбольш паспяхова прыходзіла беларусізацыя навучальных устаноў. Каля 80% агульнаадукацыйных школ было пераведзена на беларускую мову навучання. Хутка павялічыўся лік асоб, якія былі ў стане весці сваю работу на беларускай мове. Так, калі ў 1925г. у рэспубліканскіх установах толькі 22% агульнай колькасці супрацоўнікаў валодала беларускай мовай, а ў акруговых і раённых – 36%, дык у 1927г. – адпаведна 80% і 70%. У адміністрацыйных органах на пачатак 1929г. доля беларусаў дасягнула 51,3%, гаспадарчых – 30,8%, судовых – 26,3%, зямельных – 59,5%. У часцях Чырвонай Арміі была сфарміравана 2–я тэрытарыяльная дывізія, створана Аб’яднаная беларуская вайсковая школа. У іншых вайсковых часцях беларускай Ваеннай Акругі вывучаліся беларуская мова, гісторыя і эканоміка рэспублікі, асаблівасці быту яе насельніцтва.У 1926–1927 навучальным годзе з 14 педагагічных тэхнікумаў на беларускай мове працавалі 10. Цалкам вялося выкладанне прадметаў на беларускай мове ў Магілёўскай саўпартшколе першай ступені і такой жа школе другой ступені ў Віцебску.

У 1927г. 11 рэспубліканскіх газет 3 выходзілі на беларускай мове, 4 – на рускай, па адной на яўрэйскай і па адной на польскай мовах; з 11 часопісаў на беларускай мове выдаваліся 4, беларускай і рускай – 2, рускай – 3, яўрэйскай – 2.

Высокую актыўнасць у правядзенні беларусізацыі, стварэнні мастацкіх твораў на беларускай і іншых мовах, распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі, праяўлялі члены літаратурна – вытворчых аб’яднанняў (“Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”). Маладые пісьменнікі У.Дубоўка, М.Чарот, П.Галавач, К.Чорны, М.Лынькоў і іншыя разам з народнымі пісьменнікамі Я.Купалам і Я.Коласам уносілі вялікі ўклад у рэалізацыю праграмы беларусізацыі, у развіццё беларускай літаратурнай мовы.

Аднак у канцы 20–х гг. у нацыянальнай палітыцы вызначаліся тэтдэнцыі да згортавання беларусізацыі. Аб гэтым сведчыла распачатая кампанія па разгрому так званага “нацыянал – дэмакратызму”. Пад ім разумелася так званая правая небяспека ў культурным будаўніцтве, тэндэнцыя ставіць нацыянальныя інтарэсы вышэй класавых. Нацыянал – дэмакратызм пачалі параўноўваць з нацыянал – фашызмам. Сацыяльнай асновай “нацдэмаўшчыны” было аб’яўлена кулацтва. Такі круты паварот у беларусізацыі ў 1930–я гг. фактычна прывёў яе амаль да поўнага згортвання.

Галоўны водападзел у кіруючых эшалонах партыйнага і дзяржаўнага кіраўніцтва Беларусі 1920–1930–я гг. праходзіў паміж нацыяльна – арыетаваным крылом і дэнацыяналізаванай часткай, якая складала асабліва ў партыйным кіраўніцтве, пераважную большасць. Апошняя з наступальных звышінтэрнацыяналісцкіх пазіцый, абвінавачвала меньшасць спачатку ў нацыянальных захапленнях, потым у нацыянал – ухілізме і наогул, што яны з’яўляюцца “ворагамі народа”. Нацыянальна арыентаваныя беларусы – камуністы, кіруючыся Дэкларацыяй і Дагаворам аб утварэнні СССР, пад якім стаіць і подпіс А.Р.Чарвякова, былі прыхільнікамі дабраахвотнага аб’яднання нацыянальных суверэнных рэспублік у СССР, метадаў будаўніцтва сацыялізму, якія б адпавядалі прынцыпам гуманнсці і чалавечай годнасці. Дэнацыяналізаваная ж частка арыентавалася на унітарны падыход да будаўніцтва СССР, дзяржаўную форму сацыялізму, камандна – сілавыя метады кіравання грамадствам. Яна імгненна вітала “крутыя павароты ва ўсёй палітыцы і практыцы”, якія прапаноўваліся правадыром І.В.Сталіным, усяляк імкнулася дэманстраваць адданасць яму, услаўляючы яго "мудрасць і прадбачлівасць" перспектыў у перабудове грамадства на сацыялістычных асновах.

Палітычныя рэпрэсіі па абвінавачванню у т.зв. нацыянал – дэмакратызме, якія пачаліся з канца 1920–х гг., выліліся ў расправу над прадстаўнікамі беларускай навукі, літаратуры, мастацтва, работнікамі шэрагу наркаматаў рэспублікі. Больш паловы свайго складу у 30–я гг. пазбавіўся ў выніку рэпрэсій Саюз пісьменнікаў Беларусі. Практычна поўнасцю ў 30–я гг. была разгромлена Акадэмія навук БССР: рэпрэсавана 26 акадэмікаў і 6 членаў – карэспандэнтаў Акадэміі.

Усяго ахвярамі палітычных рэпрэсій з 1917 да пачатку 1950–х гг. сталі каля 600 тыс. грамадзян Беларусі. Толькі у 1935–1940гг. былі растрэляны больш за 28 тыс. нашых суайчыннікаў. На пачатак 2001г. у Рэспубліцы Беларусь было рэабілітавана звыш 200 тыс. неабгрунтавана рэпрэсіраваных грамадзян. Сярод іх А.А.Галадзед, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.М.Ігнатоўскі, А.Р.Чарвякоў і іншыя сапраўдныя патрыёты сваёй Айчыны.


Пытанне 43

I Усебеларускі з’езд праходзіў 5–17 снежня 1917 г. у Мінску. 3 1872 дэлегатаў 1167 мелі права рашаючага голасу, 705 — дарадчага. Па сваім прадстаўніцтве і складзе з’езд быў паўнамоцным органам у вырашэнні пытання аб стварэнні краёвай рады.

Па сваёй палітычнай накіраванасці дэлегаты з'езда падзяляліся на тры групоўкі: правых, левых і цэнтрыстаў. Цэнтрысцкі накірунак прадстаўлялі дэлегаты БСГ. У ходзе работы з'езда да іх далучылася значная частка правых эсэраў і т. зв. група "беспартыйных". Левы накірунак аб’яднаў у асноўным левых эсэраў і быў нешматлікім. Правае крыло ўключала прадстаўнікоў розных буржуазных нацыяналістычных, а таксама клерыкальных і памешчыцкіх арганізацый.

У ноч з 17 на 18 снежня з’езд аб'явіў праект рэзалюцыі "Аб самавызначэнні Беларусі і аб часовай краявой уладзе". Галоўнае ў гэтай рэзалюцыі – прапанова аб стварэнні новага краявога органа улады – Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх, і рабочых дэпутатаў.

Дэлегаты з’езда паспелі прыняць толькі першы пункт рэзалюцыі, які стаў вырашальным у лёсе з’езда і яго дэлегатаў. Гэты пункт рэзалюцыі (прыняты аднагалосна) азначаў, што ў межах Беларусі абвяшчаўся "рэспубліканскі дэмакратычны лад" на чале з Усебеларускім Саветам сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Улада Абылвыканкомзаха, СНК Заходняй вобласці і фронту была прызнана незаконнай. Гэта паслужыла падставай для правядзення Саўнаркомам Заходняй вобласці рэзкай палітычнай акцыі супраць з’езда, якая атрымала розныя ацэнкі: СНК Заходняй вобласці назваў яе "роспуск", Савет Усебеларускага з'езда Саветаў — "разгон", прэса – "закрыццё".

18 снежня 1917 г. члены прэзідыума Ўсебеларускага з'езда правялі падпольнае паседжанне, на якім выбралі выканкам рады з'езда на чале з лідэрам народніцкага крыла БСГ Ф.Грыбам.

21 лютага 1918 г. выканкам Усебеларускага з'езда звярнуўся да народаў Беларусі з першай устаўной граматай, у якой яшчэ да склікання Устаноўчага сойму (з'езда) аб'явіў сябе часовай уладай на Беларусі. Да адкрыцця сойму выканаўчыя функцыі ўскладаліся на створаны выканкамам — Народны сакратарыят (урад), старшынёй якога стаў лідэр правага крыла БСГ Я.Я.Варонка. У першай устаўной грамаце падкрэслівалася, што "беларускі народ павінен здзейсніць свае права на поўнае самавызначэнне, а нацыянальныя меншасці – на нацыянальна–персанальную аўтаномію".

9 сакавіка 1918 г. выканкам Усебеларускага з'езда прыняў другую ўстаўную грамату, у якой аб'явіў Беларусь “у рубяжах рассялення і лічбавай перавагі беларускага народу” народнай рэспублікай – БНР. Выканкам быў перайменаваны ў Раду БНР, прэзідыум якой узначаліў прадстаўнік БСГ І.М.Серада Выканаўчым органам аб'яўляўся Народны сакратарыят, які назначала Рада і які быў адказны перад ёй.

25 сакавіка 1918 г. на сесіі Рады была прынятая трэцяя ўстаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. БНР абвяшчалася ў межах этнічнага пражывання і колькаснай перавагі беларускага народа. У грамаце Рада дабівалася перагляду ўмоў Брэсцкага міру, падпісанага 3 сакавіка 1918г. паміж Савецкай Расіяй і Германіяй, у дакументах якога Беларусь не прызнавалася самастойным нацыянальным рэгіёнам Расіі і не мела свайго наймення (у той час, як з Украінскай Народнай Рэспублікай мірныя умовы былі заключаны асобна).

Але Германія не прызнавала БНР. Не дапамог нават зроблены Радай БНР адчайны крок, які не прынёс ніякіх дывідэнтаў, але пакінуў цяжкі след у яе гісторыі: 25 сакавіка 1918 г. на закрытым паседжанні быў прыняты тэкст тэлеграмы германскаму імператару Вільгельму II, у якой выказвалася ўдзячнасць за вызваленне Беларусі ад бальшавіцкага прыгнёту і анархіі. Ініцыятыва пасылкі тэлеграмы зыходзіла ад Р. Скірмунта. На гэты шлях Раду падштурхоўваў прыклад Літвы, Украіны і Польшчы. Тэлеграма выклікала хвалю пратэсту ў палітычных партыях і ў розных слаях насельніцтва.

Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 г. у Германіі Расія дэнансавала Брэсцкі мірны дагавор і рушыла Чырвоную Армію на Захад. 10 снежня 1918 г. Чырвоная Армія увайшла ў Мінск. Большасць членаў Рады і урада БНР пакінулі сталіцу.

Якія высновы трэба зрабіць па факту абвяшчэння БНР і дзейнасці яе кіруючых органаў? У сучаснай літаратуры існуе некалькі поглядаў па гэтым пытанні.

1. У юрыдычным сэнсе БНР дзяржавай не стала. Наяўнасць самастойнай дзяржаўнасці прадугледжвае не толькі абвяшчэнне тых ці іншых афіцыйных дэкларацый, але і функцыяніраванне рэальнай сістэмы органаў улады на пэўнай тэрыторыі, выпрацоўку і прыняцце законаў, іх рэалізацыю, гэта значыць праватворчую дзейнасць, выкананне канкрэтных функцый, гарантыю забеспячэння правоў і свабодаў сваіх грамадзян. Усё гэта адсутнічала, таму БНР з'яўлялася толькі зародкавай формай, магчымай перспектывай дзяржаўнага ўтварэння. Хоць рэспубліка і абвяшчалася ў этнічных межах пражывання беларусаў, сваю юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыі яна не ажыццяўляла. Пагранічных падзелаў і службы не было, як не было і арміі. Адсутнічала фінансавая сістэма, не сфарміраваліся органы ўлады на месцах. Урэшце, у БНР не было і канстытуцыі ў поўным сэнсе гэтага слова. Функцыі ўрада абмяжоўваліся ажыццяўленнем паўнамоцтваў нацыянальнага ўрада пры германскай акупацыйнай адміністрацыі і рашэннем шэрага задач у культурна–асветніцкай сферы, а таксама ў галіне развіцця мясцовай прамысловасці і гандлю.

2. Абвяшчэнне БНР з’явілася першай спробай рэалізацыі на практыцы беларускай ідэі, што ўзнікла яшчэ ў пачатку XIX ст., сукупнасці усіх трох яе асноватворных элементаў – нацыянальнай свядомасці, нацыянальна–культурнага адраджэння і нацыянальнай дзяржаўнасці. Гэта сведчанне таго, што беларускі нацыянальны рух у той час набыў такую моц і размах, што аказаўся здольным паспрабаваць здзейсніць жаданую ідэю.

3. Абвяшчэнне БНР трэба разглядаць і як акт самаабароны, як зварот да сусветнай грамадскасці з заявай аб імкненні беларускага народа да самавызначэння, бо пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі ішла з боку не толькі Германіі, але і Польшчы, якая імкнулася да адраджэння польскай дзяржавы у межах 1772 г., гэта значыць да поўнай інкарпарацыі Беларусі. У пашырэнні сваіх межаў былі зацікаўлены і літоўскія палітыкі. Паўднёвыя паветы (Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі, Гомельскі) былі ўключаны ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі. Усходнія землі, не акупіраваныя Геpмaніяй, зacтaліcя пад юрысдыкцыяй Савецкай Расіі. Абвяшчэнне БНР змяніла адносіны да беларускіх тэрыторый як да зямель “нічыйных”.

Прыняцце акта аб незалежнасці БНР, дзейнасць яе Рады актывізавалі рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, прымусілі бальшавіцкі ўрад У.І.Леніна перагледзець сваю палітыку ў адносінах да Беларусі і пайсці на стварэнне хоць і абмежаванай у правах, але ўсё ж беларускай дзяржаўнасці.


Пытанне 44

Актыўнымі выразнікамі ідэі беларускай дзяржаўнасці сталі дзеячы левага крыла нацыянальна–вызваленчага руху Беларусі 3.Жылуновіч, А.Чарвякоў, І.Лагун, Я.Дыла, Б.Тарашкевіч, Я.Канчар і іншыя. У пачатку 1918 г. яны склалі аснову Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама), створанага ў адпаведнасці з дэкрэтам У.Леніна ад 31 студзеня 1918 г. Ён функцыяніраваў на правах аддзела Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцяў PCФCP.

Пазіцыі Белнацкама ў пытанні дзяржаўнасці падтрымлівалі беларускія секцыі РКП/б/, якія існавалі ў I9I8–I9I9 гг. у Петраградзе, Маскве, Варонежы, Казані, Саратаве, Тамбове і інш. гарадах. Праз газету "Дзянніца" настойліва прапагандавалася ідэя права на самавызначэнне беларускага народа на аснове савецкага ладу і ў саюзе з РСФСР.

Вырашальным крокам на шляху самавызначэння Беларусі з'явіліся рашэнні канферэнцыі беларускіх секцый РКП/б/, якая адбылася 21–23 снежня 1918 г. у Маскве. Канферэнцыя прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча–сялянскага ўрада Беларусі, выбрала Цэнтральнае бюро беларускіх секцый РКП/б/ з 5 чалавек на чале з З.Жылуновічам. Цэнтральнаму бюро было даручана пасля прызначанай на канец 1918 г. VI Паўночна–Заходняй абласной канферэнцыі РКП/б/ склікаць Усебеларускі з'езд камуністаў і стварыць нацыянальны партыйны цэнтр. Прынятыя дакументы паставілі ЦК РКП/б/ перад неабходнасцю тэрмінова вырашаць праблему беларускай дзяржаўнасці.

30 снежня I9I8 г. у Смаленску для абмеркавання пытання аб утварэнні БССР і КПБ Паўночна–Заходні абласны камітэт РКП/б/ склікаў VI Паўночна–Заходнюю абласную канферэнцыю РКП/б/, якая і прыняла рэзалюцыю "Аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. У склад БССР уключаліся Мінская, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. Паўночна–заходняя арганізацыя РКП /б/ была перайменавана ў КП/б/Б і засталася, як і ўсе іншыя нацыянальна–тэрытарыяльныя партыйныя арганізацыі, часткай РКП/б/. Гэта канферэнцыя аб'явіла сябе I з'ездам КП/б/Б.

I студзеня 1919 г. у Смаленску быў абнародаваны Маніфест Часовага рэвалюцыйнага рабоча–сялянскага савецкага ўрада, які абвясціў утварэнне БССР і асноўныя палажэнні дзяржаўнага статуса рэспублікі. Уся улада перадавалася Саветам рабочых, батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў; зямля, воды, нетры, фабрыкі і заводы абвяшчаліся ўласнасцю народа. Усе законы, дагаворы, пастановы, загады і распараджэнні "як рады і яе слуг, так сама нямецкіх, польскіх і ўкраінскіх акупацыйных улад лічацца несапраўднымі".

5 студзеня 1919 г. сталіцай БССР стаў Мінск, куды 8 студзеня пераехаў і Часовы урад.

3 прававога пункту гледжання працэдура стварэння дзяржавы і ўтварэння яе ўласных органаў на аснове рашэнняў парторганаў можа лічыцца нелегітымнай. Але РКП/б/ праз Саветы ўжо ажыццяўляла ўсе ўладныя функцыі. Гэта ўжо стала нормай. Задачу ж надання легітымнасці гэтым актам павінен быў вырашыць Усебеларускі з'езд Саветаў, на якім меркавалася прыняць Канстытуцыю рэспублікі, зацвердзіць герб і сцяг, выбраць ЦВК.

Аднак у перыяд падрыхтоўкі з’езда, 16 студзеня 1919 г., ЦК РКП/б/ прыняў рашэнне аб далучэнні да РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў і аб'яднанні часткі БССР, што засталася, з Літоўскай ССР. Спыненне нацыянальна–дзяржаўага будаўніцтва на Беларусі такім ганебным чынам тлумачылася інтарэсамі сусветнай пралетарскай рэвалюцыі, аховай яе ядра – Савецкай Расіі – ад імперыялістычных захопнікаў.

2 – 3 лютага 1919 г. у Мінску праходзіў Усебеларускі з'езд Саветаў на якім Я.М.Свярдлоў зачытаў пастанову Прэзідыума УЦВК "Аб прызнанні незалежнасці БССР". Тут жа па прапанове Я. Свярдлова было прынята рашэнне аб аб'яднанні БССР з Літоўскай ССР.

Акрамя таго, з’езд прыняў Канстытуцыю БССР, якая поўнасцю адпавядала Канстытуцыі РСФСР 1918 г.

27 лютага 1919 г. былі створаны ЦВК Літоўска–Беларускай ССР (100 чалавек) і яго прэзідыум на чале з К. Цыхоўскім, урад аб'яднанай рэспублікі –Савет Народных Камісараў на чале з В.Міцкявічусам–Капсукасам. У склад ЛітБел увайшла тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і частка Сувалскай губерняў з больш як 6–мільённым насельніцтвам.

У жніўні 1919 г. тэрыторыя ЛітБел поўнасцю была акупіраваная польскімі войскамі. Фармальна ЛітБел праіснавала да ліпеня 1920 г. 31 ліпеня 1920 г. пасля выгнання Чырвонай Арміяй палякаў з Мінска, была абвешчана Дэкларацыя аб незалежнасці БССР. У дэкларацыі сцвярджалася, што рэспубліка будуецца на прынцыпах "дыктатуры пралетарыяту і выкарыстання ўсяго вопыту Савецкай Расіі".

У перыяд свайго другога абвяшчэння рэспубліка аднавілася толькі ў межах Мінскай губерні. Па Рыжскаму мірнаму дагавору, які быў падпісаны 18 сакавіка 1921 г. паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, да Польшчы адышла ўся Заходняя Беларусь з насельніцтвам больш чым 4 млн. чалавек. Усходнія землі па–ранейшаму заставаліся пад юрысдыкцыяй Расіі.

Такім чынам, працэс станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў I9I7–I920 гг. быў надзвычай цяжкім і драматычным. Спецыфічнае геаграфічнае становішча Беларусі, перапляценне гістарычных лёсаў беларусаў з лёсам прадстаўнікоў іншых народаў, і перш за ўсё рускага, польскага, літоўскага, іншыя асаблівасці абумовілі тое, што ў ёй агульнанацыянальныя інтарэсы ўступалі месца партыйна–класавым імкненням розных труп насельніцтва. Акрамя таго, праяўляў жывучасць як велікарускі, так і велікапольскі шавінізм. Аднак, нягледзячы на тэрытарыяльныя страты ў гады вайны, была ўтворана і прызнана "дэ–юрэ" беларуская нацыянальная дзяржаўнасць.



Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: