double arrow

Мова і соцыум. Функцыі мовы ў грамадстве

УВОДЗІНЫ. МОВА – ДУХОЎНЫ СКАРБ НАРОДА

Мова – адметная форма культуры народа, у ёй найперш выяўляецца духоўная самабытнасць пэўнай грамадскай супольнасці людзей. Як катэгорыя грамадская (або сацыяльная), яна з'яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства, тым падмуркам, на якім яно трымаецца. Разам з тым без грамадства сама мова існаваць не можа. Яна з'яўляецца галоўным сродкам зносін людзей, ёй ахоплены ўсе сферы духоўнага і матэрыяльнага жыцця грамадства. Пры гэтым мова – важны кансалідуючы элемент любога грамадства. Са знікненнем мовы адбываецца працэс яго разбурэння і ўрэшце яно перастае існаваць. І такіх прыкладаў у гісторыі шмат.

Мова – з’ява індывідуальная, бо ўласцівая пэўнаму чалавеку. Яна дапамагае кожнаму заявіць аб сабе як пра арыгінальную асобу са сваім духоўным светам, інтэлектуальным патэнцыялам. Мова канкрэтнага чалавека – гэта не толькі яго сацыяльная прыналежнасць, узровень культуры, але нават спецыяльнасць і род заняткаў.

Дасканалае валоданне мовай – адзін са складальнікаў поспеху будучага спецыяліста сувязі.

Мова – складаная знакавая сістэма. І тое, што мы ведаем, як жылі нашы продкі тысячы гадоў таму, пра што яны марылі, аб чым рупіліся, і тое, што мы можам выказваць свае думкі, перадаваць пачуцці, – гэта ўсё дзякуючы яе універсальнаму характару і поліфункцыянальнасці.

Прызначэнне мовы вельмі шырокае. Яна абслугоўвае непасрэдна (або апасродкавана) усе сферы чалавечага жыцця. Таму і функцыя ў яе не адна, а некалькі. Аднак найважнейшай з'яўляецца камунікатыўная, бо мова служыць сродкам зносін, сродкам людскіх дачыненняў. Мова выконвае яшчэ адну важную ролю ў жыцці грамадства. Яна называе прадметы і з'явы рэчаіснасці. Дзякуючы мове яны ўсведамляюцца намі як дыферэнцыраваная рэальнасць. Гэтая функцыя мовы называецца намінатыўнай. Не менш важнай трэба лічыць і паняційную функцыю. Яна дазваляе чалавеку пазнаваць свет, назапашваць, захоўваць і перадаваць свае веды, рабіць абагульненні і высновы ў выглядзе паняццяў, правіл, законаў.

Да асноўных належыць таксама экспрэсіўная функцыя. Яе прызначэнне – перадаваць думкі і пачуцці чалавека, яго псіхічны стан, светапогляд, адносіны да рэчаінасці. Чалавеку ўласціва пачуццё прыгожага, якое ён увасабляе ў творах як духоўнай, так і матэрыяльнай культуры. У сваей маўленчай дзейнасці пры перадачы інфармацыі чалавек таксама імкнецца да таго, каб выклікаць у слухача (чытача) станоўчыя эмоцыі, пазітыўны настрой. Гэтую ролю мова выконвае дзякуючы эстэтычнай функцыі. Эстэтычная функцыя мовы найбольш поўна ўвасабляецца ў мове мастацкай літаратуры (прозе, паэзіі), сцэнічным маўленні. Непасрэдна ў маўленні рэалізуецца апелятыўная функцыя мовы. I гэта зразумела, бо маўленне заўсёды мае мэтавае прызначэнне, да каго-небудзь звернута. Кожная функцыя мае сваю ролю ў мове, але ўсе разам яны служаць таму, каб мова магла быць эфектыўным і аптымальным сродкам зносін паміж людзьмі.


Сейчас читают про: