Лекцыя 11. ЗША пад час стабілізацыі і сусветнага эканамічнага крызісу

1. Асаблівасці стабілізацыі ў ЗША

2. Уплыў крызіса на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны

3. Палітыка ўрадаў і грамадска-палітычнае развіццё ў 1924 – 1932 гг.

4. Знешняя палітыка

1. Галоўнай асаблівасцю стабілізацыі у ЗША было тое, што эканамічны пад'ём тут пачаўся ужо ў 1922 г., гэта значыць на два гады раней, чым у большасці іншых краін. Пры гэтым неабходна зазначыць, што і тэмпы эканамічнага роста былі вельмі высокімі. У выніку ЗША значна ўмацавалі сваё фінансава-эканамічнае і гандлёвае лідэрства ў свеце. За перыяд з 1922 г. па 1929 г. вытворчасць сталі павялічылася на 70%, нафты – на 156%, аўтамабіляў – на 255%. Менавіта ў гэты час аўтамабіль становіцца сімвалам амерыканскага працвітання. Разам з аўтамабільнай прамысловасцю асабліва хуткімі тэмпамі развіваліся новыя галіны вытворчасці: электратэхнічная, хімічная, авіяцыйная, радыётэхнічная. У гэты час у прамысловасць актыўна ўкараняліся працэсы масавай вытворчасці і стнадартызацыі, хуткімі тэмпамі расла вытворчасць працы. За гады стабілізацыі валавы нацыянальны прадукт вырас на 54%. У 1927 г. на долю ЗША прыходзілася 40% сусветнай вытворчасці каменнага вугалю, каля 50% сталі, каля 70% нафты. У 1928 г. нацыянальны даход Злучаных Штатаў складаў 48% ад сусветнага. Для параўнання можна сказаць, што доля Германіі складала 11,6% Вялікабрытаніі – 9,3%, Францыі – 7%, СССР – 6%. Заработная плата за гады стабілізацыі вырасла ў сярэднім на 33 %. Усё гэта давала падставы амерыканскай прапагандзе сцвярджаць аб перавагах амерыканскага ладу жыцця і аб наступленні ў краіне эры працвітання, якая стане пастаянным стандартам жыцця для Амерыкі і амерыканцаў.

2. Сусветны эканамічны крызіс пачаўся ў ЗША ў выніку краху на нью-йоркскай біржы 29 кастрычніка 1929 г. (чорны аўторак). У выніку рэзкага падзення акцый было страчана каля 10 млрд. долараў. У хуткім часе крызіс ахапіў усю фінансава-эканамічную сферу Амерыкі і перакінуўся на іншыя краіны. У Злучаных Штатах крызіс быў асабліва маштабным, глыбокім і разбуральным. Часта гэта называюць дражджавым эфектам, параўноўваючы крызіс з перыядам стабілізацыі. Аб'ём прамысловай вытворчасці ў 1932 г. складаў толькі 53 % ад узрлўня 1929 г. Здабыча вугалю скарацілася на 40%, выпуск сталі – прыкладна ў 4 разы., выплаўка чыгуна апусцілася да ўзроўню 1896 г., з 285 доменных печаў у краіне ў сярэдзіне 1932 г. дзейнічала толькі 46. За гады крызісу перасталі дзейнічаць 10 тыс. банкаў, разарылася 135 тыс. фірмаў. Даходы фермераў скараціліся на 55 %. Асабліва ў цяжкім стане аказаліся працоўныя слаі насельніцтва. У 1932 г. колькасць беспрацоўных дасягнула 17 млн. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ў ЗША адсутнічала сістэма сацыяльнай падтрымкі бяднейшых слаёў насельніцтва. Фонд заработнай платы скараціўся за гады крызіса на 60%. Так ці інакш, а ў гады крызіса ў ЗША, якія яшчэ зусім нядаўна ганарыліся эрай працвітання, смерць ад голаду стала звычайнай з'явай.

3. Пад час стабілізацыі, якая супала са знаходжаннем ва уладзе Рэспубліканскай партыі, усе поспехі тлумачыліся вяртаннем рэспубліканцаў да традыцыйных амерыканскіх прынцыпаў, асабліва ў справе бізнеса, пасля адпаведных эксперыментаў В.Вільсана. Нягледзячы на тое, што прэзідэнтамі ў гэты перыяд былі дастаткова пасрэдныя палітыкі (А.Гардзінг, К.Кулідж) Рэспубліканская партыя атрымоўвала пераканаўчыя перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1924 і 1928 г.г. Спроба прапанаваць амерыканцам у 1924 г. акрамя двух традыцыйных кандыдатаў яшчэ і незалежнага кандыдата, якім стаў сенатара Лафаллет, сур'ёзна сітуацыю не змяніла. Паўсюдна прапагандаваліся лозунгі аб перавагах Амерыкі, амерыканцаў і амерыканскага ладу жыцця. Яны паспяхова ўкараняліся ў свядомасць мільёнаў амерыканцаў. У гады стабілізацыі значна знізілася актыўнасць забастовачнай барацьбы. Колькасць членаў прафсаюзаў скарацілася з 5 млн да 3,6 млн. Нават кіраўніцтва амерыканскай кампартыі прызнала, што Злучаныя Штаты сталі краінай працвітання. У сувязі з гэтым сцвярджалася нават, што вучэнне К. Маркса аб збядненні пралетарыяту не падыходзіць для ЗША.

Сітуацыя карэнным чынам змянілася пасля пачатку крызісу. Прэзідэнт-рэспубліканец Г.Гувер, вядомы тэарэтык амерыканскага індывідуалізму, вымушан быў нават прыбягаць да элементаў дзяржаўнага рэгулявання ў гаспадарчай сферы. Былі зніжаны падаткі на даходы карпарацый, створана Рэканструкцыйная фінансавая карпарацыя, распрацавана федэральная праграма будаўнічых работ, створана Федэральнае фермерскае ўпраўленне. Аднак гэтага было відавочна недастаткова, каб пераламаць да лепшага сітуацыю ў фінансавай, гаспадарчай і сацыяльнай сферах. Крызіс працягваўся, патрабуючы новых ахвяр.

Ва ўмовах крызісу рэзка абвастраюцца сацыяльныя супярэчнасці ў краіне, ідзе працэс палярызацыі класавых і палітычных сіл. Верагоднасць сацыяльнага выбуху становіцца ўсё больш рэальнай. Сацыяльная напружанасць праяўляецца ў першую чаргу ў руху беспрацоўных. Ужо ў сакавіку 1930 г. па ўсёй краіне прайшлі выступленні беспрацоўных. У 1931 і 1932 г.г. адбыліся галодныя паходы беспрацоўных на Вашынгтон, а летам 1932 г. – паход на Вашынгтон ветэранаў вайны. Улады жорстка разганялі ўдзельнікаў гэтых паходаў. Забастовачная барацьба шырокага размаху не набыла ў першую чаргу таму, што рабочыя, ва ўмовах масавага беспрацоўя, баяліся страціць сваё працоўнае месца.

4. У галіне знешняй палітыкі пасля Першай сусветнай вайны ЗША у першую чаргу займаліся фінансава-эканамічнымі пытаннямі. Яны былі звязаны з павелічэннем замежных капіталаукладанняў, пашырэннем знешняга гандлю, заваёвай новых рынкаў збыту. Асаблівая ўвага надавалася краінам Лацінскай Амерыкі. У канцы 20-х гадоў 14 з іх знаходзіліся пад кантролем ЗША. Пасля Вашынгтонскай канферэнцыі рэзка актывізавалася пранікненне Амерыкі ў Кітай. Тут амерыканцы зрабілі стаўку на Чан Кайшы і значна ўмацавалі свае пазіцыі. У Еўропе ЗША адыгрывалі значную ролю ў развіцці рэпарацыйнага пытання. Яны актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы рэпарацыйных планаў Дауэса і Юнга. Наогул, ЗША займалі цэнтральнае месца ў пасляваеннай сістэме плацяжоў. Таму менавіта прэзідэнт ЗША Г.Гувер адыграў рашаючую ролю ў адтэрміноўцы ў 1931 г. на адзін год рэпарацыйных выплат Германіяй (мараторый Гувера). У 1932 г. ЗША вымушаны былі пагадзіцца з адменай рэпарацый наогул і ў выніку - з крахам пасляваеннай сістэмы плацяжоў. У 1928 г. ЗША сталі адным з двух ініцыятараў пакта Брыяна–Келага, які адпавядаў пацыфісцкім настроям у грамадстве, але быў не больш, чым дэкларацыяй, якая не мела ніякага механізма супрацьдзеяння агрэсіўнай палітыцы.

Лекцыя 12. "Новы курс" Ф.Д.Рузвельта

1. Сутнасць і мэты "новага курса"

2. Сацыяльна-эканамічныя рэформы Ф.Д.Рузвельта

3. Палітычная барацьба ў краіне

4. Знешняя палітыка

1. У 1932 г. ва ўмовах найбольшага абвастрэння крызіснай сітуацыі ў ЗША праходзілі чарговыя прэзідэнцкія выбары. Рэспубліканцы, якія аказаліся не ў стане астанавіць развіццё крызіса, не мелі перспектыў на перамогу. Новым прэзідэнтам ЗША быў абраны прадстаўнік Дэмакратычнай партыі Ф.Д.Рузвельт. Да гэатага ён займаў пасаду губернатара штата Нью-Йорк і быў вядомы як рэфарматар. Уступіўшы на прэзідэнцкую пасаду, Ф.Д.Рузвельт прапанаваў шырокую праграму рэформаў пад назвай "Новы курс". У адпаведнасці з гэтай праграмай Кангрэс ЗША прыняў цэлую серыю законаў, якія ахапілі ўсе бакі эканамічнага і палітычнага жыцця краіны. У аснове "Новага курса" ляжаў прынцып пашырэння ролі дзяржавы ва ўсіх сферах жыцця, што ў першую чаргу абазначала пераход да дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і сацыяльнага жыцця. Такім чынам, можна сказаць, што ідэалогіяй "новага курсу" было кейнсіянства, а ён сам быў прыкладам сацыяльнага лібералізму. Рузвельт зыходзіў з таго, што старая мадэль эканамічнага развіцця, у аснове якой ляжала фактычна неабмежаваная свабода рынкавых адносін, больш не здольна забяспечыць эканамічную і сацыяльную стабільнасць. Гэта ясна праявілася падчас крызіса. Альтэрнатывай старым падыходам магло стаць дзяржаўнае рэгуляванне. Такім чынам, "Новы курс" меў мэтай рэфармаваць сістэму капіталізма і пры дапамозе гэтага рэфрмавання захаваць гэтую сістэму, прыдаўшы ёй большы дынамізм развіцця.

2. Першыя крокі "Новага курса" былі звязаны з аздараўленнем фінансавай сістэмы. Пасля банкаўскай катастрофы, якая адбылася ў пачатку сакавіка 1933 г., дэкрэтам прэзідэнта ад 6 сакавіка былі зачынены ўсе банкі. Ім дазвалялася працягваць работу паступова пасля праверкі іх фінансавага становішча. У чэрвені 1933 г. былі прыняты два законы, якія значна ўмоцоўвалі дзяржаўны кантроль над банкаўскай сістэмай. Адным з важнейшых законаў "Новага курса" стаў закон аб "Аднаўленні прамысловасці". Ён прадугледжваў ўвядзенне кодэксаў сумленнай канкурсэнцыі, у адпаведнасці з якімі дзяржава ўстанаўлівала аб'ём вытворчасці і ўзровень цэн, а таксама размяркоўвала рынкі збыта. Кантроль за выкананнем кодэксаў ажыццяўляла спецыяльна створаная Нацыянальная адміністрацыя аднаўлення. У галіне працоўных адносін закон прадугледжваў устанаўленне мінімальнага ўзроўню зароаботнай платы, максімальнай працягласці рабочага тыдня, права на аб'яднанне ў прафсаюзы і калектыўныя дагаворы. Для змяншэння ўзроўня беспрацоўя, заокн прадугледжваў увядзенне грамадскіх работ, дзяржава выдзялаля для гэтага 3,3 млрд долараў. Закон "Аб дапамозе фермерам" меў мэтай зняць праблему перавытворчасці сельгаспрадуктаў. Для гэтага скарачаліся пасяўныя плошчы, змяншалася пагалоўе дамашняй жывёлы, дзяржава скупляла хлопак, зерне, мяса, перапрацоўвала іх і захоўвала да лепшых часоў. У выніку гэтых і іншых законаў эканоміка ЗША ў 1933 г. пачала паступова выходзіць з крызіса. Тым не менш, рэформы "Новага курса" працяглваліся. У 1935 г. быў прыняты Закон аб працоўных адносінах, ці закон Вагнера, які пашыраў правы прафсаюзаў, закон аб сацыяльным забеспячэнні, які ўпершыню у ЗША ўводзіў дзяржаўную сістэму пенсій і сацыяльнай дапамогі. У гэтым жа годзе было выдзелена яшчэ 4,9 млрд. долараў на арганізацыю грамадскіх работ. Акрамя гэтага была праведзена падатковая рэформа і і ўстаноўлены кантроль дзяржавы над Федэральнай рэзервнай сістэмай (фактычна – цэнтральны банк). Усё гэта абазначала, што "Новы курс" быў не кан'юнктурнай палітыкай, а прынцыпова новым падыходам да сацыяльна-эканамічнага развіцця.

3. Рэформы Ф.Рузвельта сутыкнуліся з супрацьдзеяннем кансерватыўных палітыкаў рэспубліканскай партыі і многіх прадстаўнікоў бізнеса. Яны былі незадаволены парушэннем традыцыйных прынцыпаў свабоды бізнеса і амерыканскага ладу жыцця. Асабліва актывізавалася барацьба супраць "Новага курса" пасля ажыўлення эканомікі. Рознымі шляхамі кансерватары змаглі дабіцца адмены некаторых законаў, прынятых у межах "Новага курса". Асноўны ўдар па палітыцы рэформаў планавалася нанесці падчас прэзідэнцкіх выбараў 1936 г., на якіх рэспубліканцы спадзяваліся ўзяць рэванш. Аднак у грамадска-палітычных колах Злучаных Штатаў, сярод розных сацыяльных катэгорый насельніцтва было многа прыхільнікаў палітыкі Ф.Рузвельта. Як паказалі выбары, іх было значна больш, чым праціўнікаў. Ф.Рузвельт перамог, набраўшы на 11 млн. галасоў больш, чым яго канкурэнт ад Рэспубліканскай партыі. Перамога Ф.Рузвельта сведчыла аб тым, што "новы курс” быў не эпізодам, а новым накірункам у развіцці ЗША. Яна стварала гарантыі для гэтага. Дзяржаўнае рэгуляванне эканамічнай і сацыяльнай сферы пашыралася і ўдасканальвалася. Яно станавілася важнейшым элементам амерыканскай дзяржаўна-палітычнай сістэмы.

На фоне рэформаў "Новага курса" абвастрылася барацьба ў амерыканскіх прафсаюзах паміж прыхільнікамі вытворчага прынцыпа іх будаўніцтва і цэхавага, які буў характэрным для АФП. Паколькі кампраміс не быў знойдзены, у 1938 г. адбыўся раскол. З АФП выйшаў шэраг прафсаюзаў, якія стварылі новы прафсаюзны цэнтр – Кангрэс вытворчых прафсаюзаў. Ён налічваў 3,7 млн. членаў, АФП – 3,6 млн.

4. "Новы курс" аказаў уплыў і на знешнюю палітыку ЗША. Мэты яе пры гэтым не змяніліся, толькі метады. Яны сталі больш гібкімі і знешне больш прывабнымі. У лістападзе 1933 г. Злучаныя Штаты ўстанавілі дыпламатычныя адносіны з СССР. Змянілася палітыка ў адносінах да Лацінскай Амерыкі. Яна атрымала назву палітыкі “добрага суседа” і абазначала адмаўленне ад жорсткіх сілавых метадаў, пераход да больш спрыяльных прынцыпаў гандлёва-эканамічных адносін. Такая палітыка дазволіла пацясніць канкурэнтаў з Англіі і Германіі. У адносінах да Еўропы ішла барацьба паміж інтэрнацыяналістамі і ізаляцыяністамі. Першыя, да якіх адносіўся Ф.Рузвельт, імкнуліся да актыўнай палітыкі ў еўрапейскім напрамку. Ізаляцыяністы, як заўсёды, дыстанцыравалісся ад Еўропы і ад магчымых еўрапейскіх кнфліктаў. У 1935 –1936 гг. пад іх ціскам былі прыняты законы аб нейтралітэце, якія забаранялі прадаваць зброю ваюючым краінам. Пры гэтым не праводзілася розніца паміж агрэсарам і ахвярай агрэсіі, што безумоўна было выгадна агрэсару. Толькі ў 1937 г., калі Японія напала на Кітай, ЗША пачалі паступова адыходзіць ад закона аб нейтралітэце. 31 верасня 1939 г. былі ўжо прыняты законы аб продажы зброі Англіі і Францыі. Пасля паражэння Францыі адбыўся рэзкі паварот грамадскай і палітычнай думкі да ўсебаковай падтрымкі Вялікабрытаніі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: