Лекцыя 7. Францыя ў 1930–1939 гг

1. Сусветны эканамічны крызіс у Францыі

2. Палітычнае развіццё Францыі ў першац палове 30-х гг.

3. Стварэнне народнага фронта

4. Палітыка ўрадаў народнага фронта.

5. Францыя напярэдадні вайны

6. Знешняя палітыка францыі ў другой палове 30-х гг.

1. Крызіс у Францыі пачаўся ў 1930 г., г.зн. крыху пазней, чым у іншых краінах. Працягваўся ён да 1936 г. За гады крызіса эканоміка краіны два разы аказалася на мінімальным узроўні ў параўнанні з 1930 г., найбольш паспяховым у пасляваенны час. У 1932 г. аб'ём вытворчасці скараціўся на 44 %, потым у 1932–1934 гг. адбылося слабае ажыўленне, а ў 1935 г. – новае падзенне на 46% ад узроўня 1930 г. Сельскагаспадарчая вытворчасць панізілася да ўзроўня 1913 г. Даходы рабочых скараціліся на 30%, служачых - на 15–18 %. Разаралася сялянства, дробная буржуазія, некаторыя буйныя прадпрыемствы і банкі. Расло беспрацоўе. Прыкладна палова рабочых ці зусім не мела работы, ці працавала непоўны тыдзень. З мэтай не дапусціць поўнага краха эканомікі, дзяржава стварыла так званы абаронены сектар, у склад якога ўвайшлі буйнейшыя і важнейшыя ў сістэме народнай гаспадаркі прадпрыемствы і банкі. У сваім супрацьстаянні крызісу яны абапіраліся на дзяржаўную дапамогу.

2. У 1929–1932 гг. пасля адстаўкі Р. Пуанкарэ краінай кіравалі ў асноўным непартыйя кабінеты А. Тардзье і П. Лаваля. Яны прытрымліваліся правакансерватыўных пазіцый, імкнуліся да абмежавання канстытуцыйных свабод, праў парламента, да стварэння моцнай выканаўчай улады. У дачыненні да крызіснай сітуацыі яны ажыццяўлялі палітыку правага дырыжызма. Сутнасць яе заключалася ва ўскосным рэгуляванні эканомікі пры дапамозе буйному капіталу і скарачэнні бюджэтных расходаў на сацыяльныя праграмы.

На парламенцкіх выбарах 1932 г. перамогу атрымалі леварэспубліканскія партыі, якія раней уваходзілі ў Левы блок. Па ініцыятыве сацыялістаў яны стварылі ўрад на чале з Э. Эррыо. адбылося як бы другое выданне Левага блока. Сацыялісты прапанавалі і новы, левы варыянт дырыжызма, блізкі да класічнага кейнсіянства. Ён прадугледжваў скараэчнне ваенных расходаў, стварэнне адзінай дзяржаўнай сістэмы сацыяльнага страхавання, увядзенне 40-гадзіннага рабочага тыдня, рэгламентацыю працоўных адносін, стварэнне дзяржаўнага сектара за кошт нацыяналізацыі стратэгічна важных галін вытворчасці і г.д. Праграма левага дырыжызма да канца рэалізавана не была ў выніку нестабільнага становішча ўрада, асабліва пасля адстаўкі ў снежні 1932 г. Э. Эррыо. Гэтая нестабільнасць была абумоўлена ў першую чаргу барацьбой груп Э. Эррыо і Э. Даладзье ў радыкальнай партыі і саперніцтвам фракцый у СФІО.

Знешняя палітыка Францыі таксама не была паспяховай. Яна ўсё больш ішла у рэчышчы англійскіх ініцыятыў. Францыя вымушана была пагадзіцца з адменай германскіх рэпарацый, а таксама з Жэнеўскімі пагадненнямі аб роўнапраўі Германіі ў ваенна-прававых пытаннях. У 1932 г. урад Э.Эррыо падпісаў з СССР пакт аб ненападзе. Гэта была адна з нямногіх ініцыятыў самой Францыі.

3. Пасля прыхода да ўлады ў Германіі фашыстаў у Францыі таксама актывізаваліся праварадыкальныя сілы фашысцкага накірунку. Тут яны былі разрозненнымі, часта сапернічалі паміж сабой, не мелі шырокай сацыяльнай базы, падтрымлівалі кантакты з традыцыйнымі правакансерватыўнымі арганізацыямі, з прадстаўнікамі ваенных колаў і царквы. Сярод арганізацый фашысцкага тыпу найбольш уплавовай былі "Баявыя крыжы", аб'ядноўваўшыя каля 200 тыс. чалавек. Былі і другія, больш дробныя арганізацыі кнакшталт "Французскай моладзі", "Французскага дзеяння", "Французскай салідарнасці". Французскі фашызм часта называюць "сарамлівым фашызмам", бо ён нават не выкарыстоўваў слова фашызм у сваёй назве, не патрабаваў поўнай ліквідацыі парламентарызма, а толькі абмежавання паўнамоцтваў парламента і "рэжыма партый". Фашысты імкнуліся да ўсталявання жорсткага парадка, пашырэння паўнамоўцтваў выканаўчай улады, абмежавання дэмакратычных праў і свабод.

6 лютага 1934 г., выкарыстоўваючы ў якасці падставы негатыўны рэзананс у грамадстве, выкліканы афёрай з каштоўнымі паперамі белаэмігранта А.Ставісскага, фашысты арганізавалі путч у Парыжы. 20 тысяч чалавек, многія з якіх былі ўзброены, накіраваліся да будынка парламента з намерам захапіць яго. Адбыліся сутыкненні з паліцыяй, і путчысты хутка былі разагнаны. Акцыі супраць актывізацыі сіл рэакцыі арганізавалі левыя сілы: камуністы, сацыялісты і прафсаюзы. 27 ліпеня 1934 г. ФКП і СФІО падпісалі пакт аб сумесных дзеяннях супраць фашысцкай пагрозы, у абарону дэмакратычных праў і свабод, супраць падрыхтоўкі вайны і г.д. Такім чынам, адзіны рабочы фронт стаў у Францыі рэальнасцю. Разам з тым прадстаўнікі левых партый імкнуліся пашырыць фронт барацьбы з фашызмам за кошт далучэння да яго ў першую чаргу сярэдніх слаёў грамадства. Справа ішла аб партыі радыкалаў, якая прадстаўляла інтарэсы гэтых слаёў і мела, дарэчы, багаты вопыт супрацоўніцтва з сацыялістамі. Пасля адпаведных перагавораў з'езд партыі радыкалаў у кастрычніку 1935 г. прыняў рашэнне далучыцца да левых партый з мэтай сумеснай барацьбы супраць наступлення рэакцыі, у абарону дэмакратыі. Такім чынам у Францыі быў створаны народны фронт, шырокае аб'яднанне дэмакратычных сілаў на антыфашысцкай аснове.

4. У студзені 1936 г. была абвешчана Праграма Народнага фронта. Яна прадугледжвала шырокія дэмакратычныя пераўтварэнні ў сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сферах. Мелася на ўвазе палепшыць становічша працоўных, абмежаваць магчымасці рэакцыйных сіл, абараніць дэмакратычныя заваёвы грамадзян, прадпрыняць намаганні для ўмацавання міру на кантыненце. З гэтай праграмай партыі народнага фронта пайшлі на выбары 1936 г. і атрымалі пермогу, сабраўшы 57 % галасоў. У выніку быў створаны ўрад Народнага фронта на чале з лідэрам сацыялістаў Л.Блюмам. Камуністы ў склад урада не ўвайшлі, але абавязаліся падтрымліваць яго дзейнасць у парламенце. Урад Народнага фронта адразу ж пачаў рэалізацыю сваёй праграмы. Летам 1936 г. было прынята каля 130 законаў, якія ў асноўным закранулі сацыяльную сферу. Была павышана заработная плата, уведзены 40-гадзінны рабочы тыдзень, двухтыднёвыя аплачаваемыя водпускі для рабочых, пашыраны правы прафсаюзаў. Прадугледжвалася таксама правядзенне амністыі палітычным зняволеным, забарона фашысцкіх арганізацый, нацыяналізацыя ваеннай прамысловасці. Устанаўліваўся кантроль дзяржавы над Французскім банкам і чыгуначным транспартам. Гэта быў прыклад шырокага рэфармавання кейнсіянскага тыпа, у выніку якога значна палешылася становішча рабочых, сялянства, дробнай буржуазіі горада. Буйны капітал адрэагаваў на рэформы негатыўна. Пачаўся вываз капіталаў за мяжу. Толькі за 1936–1937 гг. у замежныя банкі было пераведзена каля 100 млрд. франкаў. На фоне паляпшэння матэрыяльнага становішча працоўных гэта прывяло да дыспрапорцыі паміж грашовай і таварнай масай, да інфляцыі і скарачэння залатога запаса краіны. У гэтых умовах у 1937 г. Л.Блюм выходзіць у адстаўку. На змену яму прыходзіць прадстаўнік партыі радыкалаў К.Шотан, прыхільнік курса на жорсткую эканомію. У Народным фронце ўзрастаюць супярэчнасці, якія з цягам часу набываюць усё больш жорсткі і непрымірымі характар. Пасля Мюнхенскай канферэнцыі ў верасні 1938 г. Народны фронт фактычна, а ў кастрычніку і фармальна перастаў існаваць. Розныя па сваіх прынцыпах і па сваіх інтарэсах партыі не змаглі ў складаных умовах тагачаснай Францыі знайсці аснову для кампраміса.

5. Пачынаючы з красавіка 1938 г. у Францыі дзейничаў урад на чале з Э. Даладзье, лідэрам партыі радыкалаў. Ён яшчэ некаторы час называўся ўрадам Народнага фронта, хаця па сутансці яго дзейнасць не адпавядала, а супярэчыла Праграме Народнага фронта. Э. Даладзье бачыў адну з галоўных сваіх задач у тым, каб умацаваць абароназдольнасць Францыі ва ўмовах роста пагрозы з боку фашысцкай Германіі. Ён абвясціў аб стварэнні ўрада "нацыянальнай абароны" з удзелам вядучых партый і атрымаў надзвычайныя паўнамоцтвы для гэтага ўрада. Пасля гэтага дзейнасць урада была сканцэнтравана на аздараўленні эканомікі і падрыхтоўцы да вайны. Ажыццяўляліся гэтыя планы пры дапамозе палітыкі жорсткай эканоміі і цвёрдай сістэмы дзяржаўнага рэгулявання. Такая дзейнасць дала свае вынікі: эканоміка была стабілізавана, выраслі ваенныя інвестыцыі. Аднак у хуткім часе кааліцыя нацыянальнай абароны пачала распадацца. Левыя не прынімалі палітку скарачэння сацыяльных расходаў, а правыя – жорсткі ціск дзяржавы ў гаспадарчай сферы. У красавіку 1940 г. Э. Даладзье выходзіць у адстаўку. Ствараецца новы ўрад на чале з П. Рэйно, у склад якога ўжо ўваходзяць так званыя "капітулянты", якія імкнуліся любой цаной да прымірэння з Германіяй. Яны прывялі краіну ў хуткім часе фактычна да нацыянальнай катастрофы.

6. У сярэдзіне 30-х гг. некаторыя французскія палітыкі, напрыклад Луі Барту, імкнуліся пашырыць сістэму бяспекі краіны за кошт далучэння да яе ў нейкай форме Савецкага Саюза. У 1934 г. па ініцыятыве Францыі СССР быў прыняты ў Лігу Нацый, а ў 1935 г. падпісаны савецка-французскі дагавор аб узаемадапамозе. Аднак на гэтым фактычна збліжэнне з СССР закончылася, бо ў краіне было многа праціўнікаў такога курса. Не адбыўсся і альянс Францыі з Італіяй, які быў сарваны па ініцыятыве Англіі пасля агрэсіі Італіі ў Эфіопіі. На французскую знешнюю палітыку моцна ўплывала Вялікабрытанія. Пад яе ўздзеяннем Францыя ўключылася ў рэалізацыю палітыкі ўміратварэння агрэсара і ў рэшце рэшт падпісала нават Мюнхенскае пагадненне, здрадзіўшы фактычна свайму саюзніку, Чэхаславакіі. Неаднаразовыя заявы Э. Даладзье і другіх французскіх палітыкаў аб тым, што Мюнхенскае пагадненне неабходна было для таго, каб выйграць час для ўмацавання абароназдольнасці Францыі, не выклікаюць даверу. Будучыня паказала, што "выйграны" час нічога сур'ёзнага не змяніў. Пад уплывам Вялікабрытаніі Францыя ўдзельнічала і ў палітыцы няўмяшання ў іспанскія справы падчас грамадзянскай вайны у гэтай краіне. Тым самым законны ўрад Іспаніі застаўся без адпаведнай дапамогі, а германа-італьянскім інтэрвентам былі фактычна развязаны рукі. Падчас англа-франка-савецкіх перагавораў 1939 г. аб стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе, Францыя гатова была пайсці значна далей Англіі ў дасягненні кампраміса, але сітуацыя ў той час была такой, што гэта ўжо нічога не мяняла. Французская палітыка і французскія палітыкі ў многім самі вінаватыя ў тым, што адбылося з краінай 22 чэрвеня 1940 г.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: