Літаратура. 3. Педагогическая энциклопедия : у 6 т

1. Быкаў, В. Збор твораў: у 4 т. / В. Быкаў. – Мінск: Маст. літ., 1982. Т. 4

2. Колас, Я. Збор твораў: у 14 т. / Я. Колас. – Мінск: Маст. літ., 1976. Т. 11.

3. Педагогическая энциклопедия: у 6 т. Москва: Просвещение, 1965. Т.2.

4. Рыбникова, М.А. Очерки по методике литературного чтения: пособие для учителя / М.А. Рыбникова. – 4-е изд., испр. – Москва: Просвещение, 1985.

5. НАСТАЎНІК І ВУЧНІ ЯК СУБ’ЕКТЫ ВУЧЭБНА-ВЫХАВАЎЧАГА ПРАЦЭСУ

5.1. Настаўнік беларускай літаратуры і прафесійныя патрабаванні да яго

Аповесць В. Быкава “Абеліск”, адзін з найлепшых твораў беларускай літаратуры пра настаўнікаў, прысвечана “Светлай памяці М.А. Пашкевіча”, настаўніка Сваткаўскай сярэдняй школы імя Максіма Танка Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Менавіта пра такіх, як Мікола Пашкевіч і герой аповесці Алесь Мароз, у згаданым творы сказана: “...У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, – найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў” [1, с. 294]. Учынак Алеся Мароза, які ў час вайны разам з вучнямі свядома пайшоў на смерць, каб пацвердзіць свой асноўны жыццёвы і педагагічны прынцып “слова настаўніка ёсць справа настаўніка” выклікае захапленне і ў сённяшняй школьнай моладзі.

Мікола Пашкевіч па сваіх жыццёвых прынцыпах вельмі падобны на галоўнага героя аповесці В. Быкава. У краязнаўчым музеі Сваткаўскай школы беражліва захоўваецца дзённік Пашкевіча, у якім ёсць запіс: “... трэба ўсяго самога аддаць вучням, беззапаветна любіць, любіць і любіць абраную па ахвоце сэрца прафесію, гарэць агнём на кожным кроку...”.

Быць узорам высокамаральнай асобы – найпершае і найважнейшае патрабаванне да настаўніка, незалежна ад прадмета, які ён выкладае.

Сучасная педагагічная навука выпрацавала шэраг агульнапрафесійных патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да настаўніка: ведаць тэарэтычныя асновы навукі, якая выкладаецца; валодаць агульнымі метадамі перадачы ведаў; ведаць і улічваць узроставыя асаблівасці вучняў; цікавіцца і авалодваць новымі тэхналогіямі навучання і інш.

Побач з агульнапрафесійнымі патрабаваннямі існуюць і вузкаспецыяльныя патрабаванні да настаўніка літаратуры.

Уменне разумець літаратуру і лепшаеў ёй даводзіць да свядомасці школьнікаў – адно з найважнейшых патрабаванняў да сучаснага настаўніка-філолага.

Вялікай павагай карыстаецца педагог, які мае сваю пазіцыю як у дачыненні да падзей у паўсядзённым жыцці, так і пры ацэнцы ўсёй творчасці пісьменніка або пры інтэрпрэтацыі асобнага твора, літаратурнага героя, канкрэтнага эпізоду. Калі настаўнік не дазваляе сабе выкарыстання аўтарытарных метадаў, каб пацвердзіць правільнасць сваіх меркаванняў, а далікатна, аргументавана, з улікам гістарычнай эпохі і творчай індывідуальнасці мастака слова вядзе сваіх суразмоўцаў да спасціжэння мастацкай з’явы, тады ён становіцца пасрэднікам паміж вучнямі і пісьменнікам.

Настаўнік беларускай літаратуры павінен быць асобай творчай. Творчы педагог пастаянна шукае і знаходзіць новыя формы заняткаў, адкрывае для сябе і вучняў нестандартныя метадычныя прыёмы, пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства, умее крытычна ставіцца да ўласных метадычных набыткаў, не спыняцца на дасягнутым, не скупіцца перадаваць свой педагагічны вопыт калегам, прывучае і школьнікаў да пошукавай працы. Творчы настаўнік не вывучае з дзецьмі літаратуру, а навучае іх літаратуры з ўсебаковым улікам яе спецыфікі як мастацтва слова.

Адзін з самых вядомых настаўнікаў літаратуры Я.М. Ільін (Санкт-Пецярбург) раіць пераносіць на методыку ўрока літаратуры спосабы, якімі карыстаецца пісьменнік у сваёй працы. “Ці можна ўмела дакрануцца да вялікіх майстроў з іншых пазіцый?” – ставіць ён пытанне і сам адказвае: “Калі славеснік баіцца такой “роўнасці”, свет вялікага пісьменніка і самі яго кнігі закрыты перад ім. І ніхто: ні знакамітыя крытыкі, ні вядомыя літаратуразнаўцы, ні вучоныя-літаратары – гэтага свету і гэтых кніг за яго не адкрыюць” [3, с 51].

Пад творчасцю настаўніка-філолага неабходна разумець і яго ўласную мастацкую творчасць, а таксама ўменне арганізаваць самастойную творчую дзейнасць вучняў. “Навучанне літаратуры, – адзначаў акадэмік М.А. Лазарук, – ўключае ў сябе і працэс вывучэння літаратуры, і штосьці “звыш таго” – творчасць. Менавіта творчы элемент і павінен ляжаць у аснове навучання літаратуры ў сённяшняй школе” [4, с. 43]. Вучоны са шкадаваннем канстатаваў, што ў агульнаадукацыйных установах часам выкладаюць літаратуру, кіруюць гурткамі людзі, у якіх адсутнічаюць літаратурна-творчыя здольнасці. На яго думку, пачынаць падрыхтоўку будучых настаўнікаў мовы і літаратуры неабходна яшчэ ў школе з выяўлення ў дзяцей педагагічных і філалагічных схільнасцей.

Настаўнік літаратуры павінен валодаць таксама лектарскім майстэрствам, свабодна арыентавацца ў вучэбным прадмеце, інтэрпрэтаваць з’явы літаратуры ў гісторыка-літаратурным кантэксце, выкладаць матэрыял пераканаўча і эмацыянальна, што адпавядае спецыфіцы мастацкай літаратуры, мець добра пастаўлены голас, умець скіроўваць увагу аўдыторыі ў патрэбным рэчышчы.

Вучні заўсёды прыхільна ставяцца да настаўніка які валодае артыстычнымі дадзенымі: умее трымацца перад аўдыторыяй, правільна выкарыстоўвае жэсты, міміку і, галоўнае, умее выразна (па-мастацку) чытаць літаратурныя творы. Выразнае чытанне настаўніка садзейнічае ўспрыманню літаратуры як мастацтва слова, выклікае захапленне, без якога не можа быць паўнацэннага ўрока. Ад якасці прачытання твора або яго часткі настаўнікам ў значнай ступень залежыць сіла ўздзеяння мастацкага слова на розум і пачуцці вучняў.

Успамінаючы свайго школьнага настаўніка рускай мовы і літаратуры І. Мележ пісаў: “… Мы калектыўна прачыталі “Як гартавалася сталь”, “Дзевяноста трэці год”, “Тараса Бульбу”. Чытаў часцей за ўсё сам Пакроўскі, трэба было чуць як, як ён чытаў! У Пакроўскага быў незвычайны талент чытальніка. У яго чытанні вобразы як бы ажывалі, галасы іх гучалі, як жывыя, з дзівоснай натуральнасцю, багаццем інтанацый. Чытанне гэтае працягвалася многія вечарыны. І помню, з якім нецярпеннем мы чакалі кожны новы вечар, калі зноў збяромся і сустрэнемся з надзвычайным цудам, які завецца – літаратура”. [2, с. 524 – 525]. Гэта найвышэйшая ацэнка працы педагога.

Універсальным метадам выкладання літаратуры ў агульнаадукацыйнай установе з’яўляецца эўрыстычная гутарка, якая рэалізуецца з дапамогаю пытанняў і адказаў на вызначаную тэму. Уменне сфармуляваць сістэму пытанняў, каб яны сталі “святам душы” і для вучняў, і для педагога, – адно з неад’емных патрабаванняў да настаўніка-славесніка.

Дапытлівы і адказны за даручаную справу настаўнік пастаянна знаёміцца з новымі творамі мастацкай літаратуры, аналізуе іх пры вывучэнні аглядавых або манаграфічных тэм, каменціруе ў пазакласны час і прапагандуе на “паэтычных пяцімінутках” ў пачатку ўрока, лепшыя рэкамендуе вучням для самастойнага прачытання.

Настаўнік беларускай літаратуры – не толькі выкладчык вызначанага вучэбным планам прадмета, але і актыўны носьбіт і прапагандыст беларускай літаратурнай мовы, які бездакорна валодае яе вуснай і пісьмовай формамі.

Настаўнік роднай літаратуры павінен цесна супрацоўнічаць з выкладчыкамі гісторыі і рускай літаратуры, каб паглыбіць веды вучняў пра гісторыю свайго народа і засяродзіць іх увагу на адметнасці, арыгінальнасці і мастацкай каштоўнасці твораў беларускіх пісьменнікаў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: