Літаратура. 1. Божович, Л.И. Личность и ее формирование в детском возрасте / Л.И

1. Божович, Л.И. Личность и ее формирование в детском возрасте / Л.И. Божович. – Москва, 1968.

6. СУЧАСНЫ ЎРОК ЛІТАРАТУРЫ. ПЛАНАВАННЕ ВУЧЭБНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ НАСТАЎНІКА ЛІТАРАТУРЫ

6.1. Урок як асноўная форма навучання, патрабаванні да яго

Урок – асноўная форма арганізацыі адукацыйнага працэсу, якая ўзнікла ў XVІІ стагоддзі пасля ўвядзення класна-ўрочнай сістэмы чэшскім педагогам Янам Амосам Каменскім.

Урок – “калектыўная форма навучання, якой уласцівыя пастаянны састаў навучэнцаў і ўстойлівыя часавыя рамкі (45 хвілін), з загадзя састаўленым раскладам і арганізацыяй вучэбнай працы над пэўным матэрыялам” [2, с. 41]. Для ўрока ставяцца арганізацыйныя, гігіенічныя, дыдактычныя, метадычныя і літаратуразнаўчыя патрабаванні.

Арганізацыйныя патрабаванні: наяўнасць раскладу, праграмы, падручнікаў, памяшкання, настаўніка, вучняў.

Гігіенічныя патрабаванні: тэмпературны рэжым; фізіка-хімічныя ўласцівасці паветра (неабходнасць праветрывання); асвятленне; папераджэнне стамлення школьнікаў; чаргаванне відаў дзейнасці (змена слухання выкананнем прац); своечасовае правядзенне фізкультхвілінак; прытрымліванне правільнай працоўнай паставы вучня; адпаведнасць класнай мэблі росту школьніка.

Дыдактычныя патрабаванні: выразнае фармуляванне адукацыйных задач і іх састаўных элементаў, усведамленне іх сувязі з развіццёвымі і выхаваўчымі задачамі; вызначэнне месца ўрока ў агульнай сістэме заняткаў; вызначэнне аптымальнага зместу ўрока ў адпаведнасці з патрабаваннем праграмы і мэтамі ўрока, улікам узроўню падрыхтаванасці вучняў; прагназаванне ўзроўню засваення вучнямі навуковых ведаў, сфарміраванасці ўменняў і навыкаў як на ўроку, так і на асобных яго этапах; выбар найбольш рацыянальных метадаў, прыёмаў і сродкаў навучання, стымулявання і кантролю, аптымальнага іх уздзеяння на кожным этапе ўрока, спалучэнне розных форм калектыўнай, групавой і індывідуальнай працы на ўроку і максімальную самастойнасць у вучэнні навучэнцаў; рэалізацыя на ўроку ўсіх дыдактычных прынцыпаў; стварэнне ўмоў паспяховага навучання школьнікаў.

Метадычныя патрабаванні: выкарыстанне не толькі агульнадыдактычных, але і спецыфічных прынцыпаў, метадаў і прыёмаў выкладання прадмета; урок павінен быць эмацыянальным, выклікаць цікавасць да вучэння і выхоўваць патрэбнасць у ведах; тэмп і рытм урока павінны быць аптымальнымі, дзеянні настаўніка і вучняў, завершанымі; неабходны поўны кантакт ва ўзаемадзеянні настаўніка і вучняў на ўроку; павінна дамінаваць атмасфера добразычлівасці і актыўнай творчай працы; па магчымасці варта мяняць віды дзейнасці вучняў, аптымальна спалучаць розныя метады і прыёмы навучання, наборы заданняў з арыентацыяй на павышаную актыўнасць вучняў, індывідуальны падыход, віды кантролю; настаўнік павінен забяспечваць актыўнае вучэнне кожнага школьніка.

Літаратуразнаўчыя патрабаванні: урок павінен уключаць веды па адпаведнай навуцы – літаратуразнаўстве: тэорыю і гісторыю літаратуры; настаўнік павінен прытрымлівацца правіл літаратуразнаўчага аналізу; веды па літаратуры павінны быць навуковымі, а таксама ўтрымліваць індывідуальны падыход да ацэнкі з’яў.

6. 2 Тыпы і віды ўрокаў літаратуры

У сучаснай метадычнай літаратуры выпрацавана некалькі падыходаў да класіфікацыі ўрока літаратуры. Папулярнасцю карыстаецца класіфікацыя,якая адлюстроўвае этапы вывучэння літаратурнага твора (В. Галубкоў): урокі-ўступныя заняткі; урокі чытання і вывучэння першаснага ўспрымання твора вучнямі; урокі аналізу; урокі-заключныя заняткі (абагульненне вывучанага настаўнікам (заключнае слова) і /або вучнямі (выніковыя выказванні, адказы на пытанні вусна або пісьмова); урокі пазакласнага чытання. Вылучаюцца тыпы ўрокаў у залежнасці ад роду, жанру твора: урок вывучэння лірычнага твора; урокі вывучэння эпічнага твора (малой, сярэдняй або вялікай формы); урокі вывучэння драматычнага твора (камедыі, драмы, трагедыі, п’есы-казкі). Тып урока абумоўліваецца спосабам яго правядзення, формай падачы матэрыялу: урок-лекцыя (уступная, аглядавая, падагульняючая, з элементамі гутаркі); урок-гутарка (эўрыстычная / рэпрадуктыўная з элементамі каменціраванага / выразнага чытання); урок-экскурсія, завочная экскурсія (у літаратурны музей, па месцах падарожжа пісьменніка); урок-дыспут з нагоды аднаго твора, творчасці пісьменніка, літаратурнай тэмы, праблемы, пры якім погляды на спрэчныя пытанні выказваюць два-тры вучні, а не ўвесь клас; урок-дыскусія – калектыўнае абмеркаванне пытанняў, якія могуць выклікаць несупадзенне думак; урок-літаратурна-музычная кампазіцыя (мантаж), прысвечаная жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка, аглядавай тэме, праблеме і інш.; урок-самастойная праца над артыкулам падручніка, крытычным артыкулам, самастойны аналіз твора або яго фрагмента (індывідуальная або групавая праца); урок-дэманстрацыя,заснаваны на праглядзе вучэбных фільмаў, тэлеспектакляў, тэлеўрокаў і інш. Дыдактычная мэта ўрока таксама можа вызначаць яго тып: урокі навучання пісьмоваму або вуснаму сачыненню; урокі навучання выразнаму чытанню, мастацкаму расказванню; урокі навучання і выканання творчых заданняў (славеснае маляванне, складанне кадрплана, мастацкае расказванне і інш.); урок навучання і напісання плана, тэзісаў, рэферата, даклада.Зыходзячы са спецыфікі прадмета М. Кудрашоў класіфікаваў урокі наступным чынам: урок вывучэння тэорыі і гісторыі літаратуры; урокі вывучэння мастацкіх твораў; урок развіцця маўлення.

Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца агульнадыдактычныя тыпы ўрокаў: урок вывучэння новага матэрыялу; урок замацавання ведаў і ўменняў; урок абагульнення і сістэматызацыі вывучанага; урок паўтарэння; урок камбінаванай будовы; урокі кантролю і ацэнкі ведаў і уменняў.

У адпаведнасці з агульнадыдактычнай класіфікацыі вылучаецца т радыцыйная структура ўрока [2]:

— арганізацыйны момант, які характарызуецца знешняй і ўнутранай (псіхалагічнай) гатоўнасцю вучняў да ўрока;

— паведамленне тэмы і мэты ўрока;

— паўтарэнне ці актуалізацыя апорных ведаў урока, праверка дамашняга задання;

— вывучэнне новага матэрыялу;

— першасная праверка разумення вучнямі новага вучэбнага матэрыялу;

— замацаванне вывучанага;

— абагульненне і сістэматызацыя вывучанага;

— кантроль і самаправерка ведаў;

— інфармацыя па дамашнім заданні, інструктаж па яго выкананні;

— падвядзенне вынікаў урока;

— рэфлексія.

Раскрыем сутнасць кожнага асноўных з этапаў. “Праблема першага этапу (арганізацыйнага моманту. – І.Г.) у педагагічнай тэорыі і практыцы належыць да ліку дыскусійных. Вельмі многія прытрымліваюцца думкі, што ён не патрэбны.

Думаецца, аднак, што гэта памылковае сцвярджэнне. <…> Гэты этап урока абавязкова павінен арганізоўваць вучняў на працу, а гэта значыць, што трэба, каб у кожнага на парце было ўсё неабходнае для прадуктыўнай дзейнасці на ўроку: ручка, сшытак, падручнік (тэкст твора), дзённік” [1, с. 109].

Да любога ўрока літаратуры ставіцца трыадзіная мэта – спалучэнне адукацыйных, развіццёвых і выхаваўчых задач. У практыцы сучасных настаўнікаў пачынае набываць папулярнасць паведамляць толькі тэму ўрока, а мэты і задачы фармуляваць разам з класам, а на этапе рэфлексіі – звяртаць увагу вучняў на іх дасягненні.

Можна карыстацца наступнымі парадамі пры фармулёўцы мэт урока:

адукацыйныя мэты і задачы: спрыяць (паспрыяць) знаёмству вучняў з жыццёвым і творчым шляхам (кароткімі звесткамі пра жыццё і творчасць) паэта (пісьменніка); садзейнічаць вызначэнню месца і ролі паэта (пісьменніка) у нацыянальнай (сусветнай) літаратуры; стварыць умовы (ствараць спрыяльныя ўмовы) для засваення вучнямі асаблівасцей эпохі (напрамку і г.д.); даць характарыстыку героям твора; паказаць узаемаадносіны....; прааналізаваць змест паэмы (апавядання, аповесці, верша); ствараць умовы для вызначэння адметнасці кампазіцыі (сюжэта, вобразных сродкаў і г.д.); праз мастацкі аналіз даследаваць асноўную праблему твора; спрыяць засваенню паняцця (тэорыя літаратуры); дапамагчы раскрыць грамадзянскі (патрыятычны) пафас лірыкі (пісьменнік), ідэйна-тэматычны змест твораў; дапамагчы вучням спасцігнуць свет паэтычнага слова (паэт); раскрыць шматаспектнасць творчасці (пісьменнік, паэт); раскрыць погляд пісьменніка на пэўную з’яву (тэма, праблема і г.д.); праверыць, як вучні засвоілі матэрыял па тэме; абагуліць і сістэматызаваць веды вучняў;

развіццёвыя мэты і задачы: развіваць вуснае (звязнае, пісьмовае, лагічнага тыпу маўленне); развіваць уменні лагічна выказваць (адстойваць) свае думкі (погляды); развіваць навыкі выразнага чытання, эмацыянальнасць; развіваць уменні аналізу мастацкага твора як мастацкага цэлага (самастойнага аналізу); развіваць уменне вызначаць мастацкую ролю тропаў; развіваць уменне вызначаць і аналізаваць (характарызаваць) тэму і ідэю твора (праблему, асноўную думку, аўтарскую пазіцыю і г.д.); развіваць уменне ўспрымаць матэрыял лекцыі, пісаць план, тэзісы, канспект, сачыненні, рыхтаваць даклады і рэфераты (самастойна працаваць з раздзелам падручніка); развіваць уменне рабіць параўнальную характарыстыку вобразаў герояў (дзеючых асоб); развіваць лагічнае (абстрактнае, крытычнае, вобразнае) мысленне вучняў; выпрацоўваць (развіваць) даследчыя (камунікатыўныя, творчыя) здольнасці; развіваць фантазію;

выхаваўчыя мэты і задачы: выхоўваць дабрыню і спагаду; выхоўваць назіральнасць; праз аналіз твора ўплываць на фарміраванне ўнутранага свету вучняў, іх эмацыянальнага вопыту; выхоўваць цікавасць да разумення і асэнсавання вечных праблем; выхоўваць патрыятычныя пачуцці; выхоўваць любоў (пачуццё гонару, павагу) да роднага слова (Радзімы, мовы, літаратуры, культуры, гісторыі, спадчыны, мінуўшчыны); выхоўваць высокія маральныя якасці; выхоўваць экалагічную (грамадзянскую, эстэтычную, мастацкую) культуру вучняў; выхоўваць мастацкі густ (любоў да кніг, жаданне іх чытаць).

Наступны этап урока – паўтарэнне ці актуалізацыя апорных ведаў, праверка дамашняга задання, які займае ад 5 хвілін да паловы ўрока.

Асноўны этап ўрока – вывучэнне новага матэрыялу, адбываецца падчас чытання, знаёмства з паняццямі па гісторыі і тэорыі літаратуры.

Замацаванне новага матэрыялу адбываецца пры дапамозе аналізу і пераказу твораў.

Абагульненне вывучанага найчасцей адбываецца ў форме заключнага слова настаўніка, якое падводзіць вучняў да больш абагуленых высноў і назіранняў.

Асноўны віда кантролю і ўліку ведаў вучняў – апытанне, якое з’яўляецца не толькі сродкам замацавання і паглыблення ведаў, але і самакантролем працы настаўніка. Апытанне бывае вуснае і пісьмовае, бягучае (паўрочнае) і тэматычнае (пасля вывучэння пэўнай тэмы). Бягучае апытанне падзяляецца наіндывідуальнае (настаўнік асобна для некалькіх вучняў распрацоўвае грунтоўныя асноўныя і дадатковыя пытанні),франтальнае(праверка ведаў многіх вучняў, кожны з якіх адказвае на вузкае пытанне, у тым ліку і на дадатковае),камбінаванае (спалучэнне індывідуальнага і франтальнага, вуснага і пісьмовага). Камбінаванае апытанне дазваляе адразу апытаць 3-4, а то і больш вучняў. Пры спалучэнні вуснага і пісьмовага апытання настаўніку трэба падрыхтаваць карткі для працы вучня на дошцы ці ў сшытку.

Паўрочны кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў ажыццяўляецца ў вуснай і пісьмовай формах ці ў іх спалучэнні шляхам правядзення індывідуальнага, групавога, франтальнага апытанняў з выкарыстаннем пытанняў і заданняў, змешчаных у падручніках, вучэбных, вучэбна-метадычных дапаможніках, а таксама іншых спосабаў кантролю.

Працуючы над тэкстам мастацкага твора згодна з пытаннямі і заданнямі падручніка, настаўнік выпраўляе сэнсавыя, а таксама маўленчыя і граматычныя памылкі ў адказе вучня. Аналітычныя пытанні падручніка могуць быць прапанаваны для пісьмовага адказу пасля абмеркавання іх на папярэдніх уроках. Пры ацэньванні вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў улічваюцца іх узроставыя асаблівасці і магчымасці.

Дамашняе заданне абавязкова запісваецца настаўнікам на дошцы і каменціруецца.

Дамашняе заданне адносіцца да форм арганізацыі адукацыйнага працэсу ў агульнаадукацыйнай установе, які ўключае матывацыю індывідуальнай працы і інструктаж па яго выкананні. Эфектыўнасць засваення ведаў залежыць ад характару дамашняга задання (якія спосабы дзейнасці яно прадугледжвае, ці цікава вучням), яго аб’ёму і ступені гатоўнасці яго выканання.

Змест дамашняга задання павінен быць рэгламентаваным. Не рэкамендуецца перагружаць вучняў вялікім аб’ёмам, неабходна ствараць умовы для магчымага выбару імі задання, улічваць вучэбныя магчымасці вучняў і іх схільнасці. Заданне, якое даецца класу для дамашняга выканання, не можа быць больш складаным, чым тая праца, якая рабілася на ўроку.

Акрэсліваючы дамашняе заданне па літаратуры, настаўніку трэба прытрымлівацца агульнадыдактычных патрабаванняў, усім ходам урока рыхтаваць клас да выканання дамашняга задання. Яно павінна вынікаць з урока і да яго трэба выклікаць цікавасць.

Мэтазгодна павышаць матывацыю выканання дамашняга задання праз дыферэнцыраваны адбор заданняў і абавязковы кантроль. Старацца дыферэнцыраваць не складанасць задання, а меру дапамогі, якую аказвае настаўнік вучням.

Дамашняе заданне павінна быць пасільным, дакладным, суадносіцца з вучэбным матэрыялам. Неабходна, каб яно дапамагала вучням ліквідаваць прабелы, узнавіць забытае, замацаваць новы змест.

“Дамашнія заданні падзяляюцца на два віды: апераджальныя, якія даюцца вучням да ўрока і ўключаюцца ў тлумачэнне новага матэрыялу ці з’яўляюцца асновай для больш глыбокага ўспрымання новых ведаў, і тыя, што вынікаюць з папярэдняй працы на ўроку як працяг тлумачэння новага матэрыялу” [1, c. 111].

У агульнаадукацыйных установах дамашнія заданні павінны задавацца вучням з улікам магчымасці іх выканання: у V–VI класах – да 2 гадзін, VII–VIII класах – 2,5 гадзіны, IX–XI класах – 3 гадзіны.

Дамашнія заданні падзяляюцца на групавыя і індывідуальныя. “У метадычнай літаратуры вылучаюць некалькі відаў дамашніх заданняў па вывучэнні мастацкага слова. Да першага належаць тыя, што звязаны з арганізацыяй самастойнага чытання. Папярэдняе прачытанне вялікіх эпічных твораў стварае спрыяльныя ўмовы для эфектыўнай працы класа па іх аналізе” [1, c. 112]. Заданні другога віду – праца над тэкстам твора (план, завучванне на памяць верша ці ўрыўка з драматычнага, празаічнага твора, заданні, звязаныя з падрыхтоўкай розных відаў пераказаў, адказаў на пытанні настаўніка, распрацоўкай інсцэніровак, мізансцэн, стварэннем малюнкаў да твораў і інш.). Трэцяя група дамашніх заданняў – тыя, што даюцца па падручніку. Чацвёртая група дамашніх заданняў звязана з вывучэннем дадатковай літаратуры, падрыхтоўкай рэфератаў, дакладаў па адной ці некалькіх крыніцах, складаннем бібліяграфіі па прапанаванай тэме, напісаннем сачыненняў і інш.

Падвядзенне вынікаў урока – выстаўленне адзнак, карэкцыя мэт і задач, пастаўленых на пачатку ўрока. Гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў у сістэме працы на ўроку, калі сінтэзуюцца і абагульняюцца набытыя веды, выяўляецца трываласць і самастойнасць вучнёўскіх меркаванняў, адбываецца карэкцыя набытых ведаў і ўменняў і выкарыстанне іх у новай сітуацыі.

Рэфлексія – адносна новы этап ўрока, гэта не ацэнка дзейнасці настаўніка (“Ці спадабаўся вам урок?”), а самаацэнка вучнямі свайго стану, работы на ўроку. Прывядзем асноўныя метады рэфлексіі:

1. Працягніце фразу:

Сёння я даведаўся…

Мне было…

У мяне атрымалася (не атрымалася)…

Я працаваў…

Мне спадабалася…

Я буду…

2. Метад Астравы: настаўнік прапануе вучням паставіць знак на тым востраве на дошцы возера (Поспеху, Ведаў, Смутку, Няўдачы і інш.), які адпавядаў іх працы на ўроку.

3. Смайлікі: вучні падымаюць той малюнак, які адпавядаў іх настрою на ўроку:

4. Дрэва настрою: настаўнік прапануе вучням размаляваць лісткі на дрэве згодна са сваім настроем.

5. Воблака настрою: настаўнік прапануе вучням у фарбах перадаць душэўны стан.

6. Мішэнь: настаўнік прапануе вучням паставіць кропкі ў сектарах па трохбальнай сістэме ад цэнтра (3) да вонкавай часткі (1).

1. Наколькі спадабалася працаваць.

2. Наколькі вы задаволены працай класа.

3. Наколькі дасягнулі мы мэты урока.

4. Наколькі кожны з вас задаволены сваёй дзейнасцю на ўроку.

 
 


На сучасным этапе неабходнай умовай падрыхтоўкі да ўрока з’яўляецца тэхналагічная карта, якая можа выглядаць наступным чынам:

Час Дыдактычная задача настаўніка[3] Змест дзейнасці настаўніка[4] Змест дзейнасці вучняў[5] Метады і прыёмы[6]
1 этап. Арганізацыйны момант
  Падрыхтоўка вучняў да працы на ўроку. Прывітанне; вызначэнне адсутных; праверка гатоўнасці вучняў да ўрока; гатоўнасць наглядных дапаможнікаў, дошкі і г.д. Прывітанне; праверка ўласнай гатоўнасці да ўрока Гутарка.
2 этап. Паведамленне тэмы і мэты ўрока;
  Падрыхтоўка вучняў да таго віду вучэбна-пазнавальнай дзейнасць (ВПД), якая будзе дамініраваць на асноўным этапе ўрока. Актуалізацыя апорных ВУНаў, фарміраванне пазнавальных матываў. Вызначэнне трыадзінай мэты ўрока (адукацыйная, выхаваўчая і развіццёвая); арганізацыя дзейнасці вучняў па яе ўсведамленню. Вызначэнне з дапамогай настаўніка мэт і задач урока. Слова настаўніка, гутарка.
3 этап. Паўтарэнне ці актуалізацыя апорных ведаў урока, праверка дамашняга задання
  Высвятленне правільнасці і асэнсаванасці выканання д/з усімі (ці большасцю) вучняў, ліквідацыя высветленых прабелаў; правядзенне ўдасканалення ведаў і ўменняў вучняў. Выяўленне ўзроўню ведаў вучняў па д/з; вызначэнне тыповых недахопаў у ведах і прычын іх з’яўлення, ліквідацыя прабелаў. Адказы на пытанні, выкананне заданняў, напісанне тэстаў і г.д. Гутарка, тэсты, заданні, чытанне, пераказ і г.д.
4 этап. Вывучэнне новага матэрыялу
  Сфармуляваць у вучняў канкрэтныя ўяўленні аб фактах, падзеях, паняццях, іх сутнасці, вызначыць асноўнае, на аснове ведаў выпрацоўваць уменні. Тлумачэнне настаўнікам новага матэрыялу (ці самастойная работа вучняў); успрыманне вучнямі гэтага матэрыялу, яго асэнсаванне, сістэматызацыя, канкрэтызацыя. Слуханне, чытанне, самастойная работа. Слова (лекцыя) настаўніка, самастойная работа.
5 этап. Першасная праверка разумення вучнямі новага вучэбнага матэрыялу
  Высветліць асэнсаванасць засваення вучнямі новага вучэбнага матэрыялу: засваенне сувязей і адносін паміж фактамі, з’явамі, працэсамі; высветліць выяўленыя прабелы і на гэтай аснове вырашыць, ці можна пераходзіць да наступнага этапа. Праверка настаўнікам таго, ці зразумелі вучні, што з’яўляецца асноўным зместам урока, што трэба засвоіць; праверка цэласнасці і асэнсаванасці засваення новых ведаў. Адказы на пытанні. Гутарка.
6 этап. Замацаванне вывучанага
  Арганізацыя дзейнасці вучняў па прымяненню атрыманых ведаў да вырашэння заданняў. Арганізацыя дзейнасці вучняў па ўзнаўленню, вызначэнню істотных прыкмет матэрыялу, канкрэтызацыя ведаў. Выкананне заданняў. Гутарка, чытанне, пераказ, самастойная работа, тэсты і г.д.
7 этап. Абагульненне і сістэматызацыя вывучанага
  Засваенне сістэмы паняццяў па курсу. Арганізацыя дзейнасці вучняў па пераводу асобных ведаў і ўменняў у цэласную сістэму ўнутрыпрадметных і міжпрадметных. Слуханне, адказы на пытанні. Слова настаўніка, гутарка
8 этап. Кантроль і самаправерка ведаў
  Глыбокая і ўсебаковая праверка ВУНаў некалькіх вучняў; выяўленне недахопаў і прычын іх з’яўлення; стымуляванне вучняў на самаадукацыю. Праверка паўнаты, асэнсаванасці, дзейнасці і трываласці ВУНаў; высвятленне станоўчых і адмоўных бакоў у ведах; рэкамендацыі вучням па ліквідацыі прабелаў шляхам самастойнай работы або з дапамогай таварышаў. Адказы на пытанні, выкананне заданняў, самастойная работа. Гутарка, чытанне, пераказ, самастойная работа, тэсты і г.д
9 этап. Інфармацыя па дамашнім заданні, інструктаж па яго выкананню
  На аснове выяўленых вынікаў засваення вучэбнага матэрыялу даць д/з, якое накіравана на развіццё і замацаванне ведаў, падрыхтоўку да далейшага навучання. Паведаміць д/з, даць інструктаж па яго выкананні. Слуханне, запіс д/з. Слова настаўніка
10 этап. Падвядзенне вынікаў
  Даць аналіз паспяховасці авалодання ведамі і спосабамі дзейнасці; паказаць тыповыя недахопы. Даць агульную характарыстыку работы класа; паказаць паспяховасць авалоданнем зместам урока; вызначыць недахопы і паказаць шляхі іх ліквідацыі. Слуханне. Слова настаўніка
11 этап. Рэфлексія
  Дапамагчы вучням асэнсаваць сваю дзейнасць (паспяховасць або недахопы). Выкарыстаць метады рэфлексіі (Астравы, адказы на пытанні, Мішэнь, Шкала самаацэнкі і г.д.) Адказы на пытанні, выкананне заданняў. Розныя метады

Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: