З гісторыі фарміравання і развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі

Беларуская навуковая тэрміналогія пачала фарміравацца ў самым пачатку ХХ стагоддзя, калі адрадзілася кнігадрукаванне, з'явіліся кнігі, газеты, навуковыя і навукова-папулярныя брашуры на беларускай мове. У лютым 1921 годзе пачала працу Навукова-тэрміналагічная камісія, у склад якой уваходзілі тры секцыі: гуманітарных, прыродазнаўчых і матэматычных навук. Камісія павінна была апрацаваць беларускую тэрміналогію па ўсіх галінах ведаў у аб'ёме сярэдняй школы. За час працы камісіі было створана і прапанавана для ўжывання каля 2500 слоў-тэрмінаў. Аднак у працэсе такой дзейнасці высветлілася, што праца камісіі не адпавядае моўнай практыцы і для стварэння беларускай тэрміналогіі патрэбны былі іншыя маштабы, якія б ахапілі ўсю тэрміналагічную лексіку. Таму 30 студзеня 1922 года быў заснаваны Інстытут беларускай культуры. У выніку тэрміналагічнай працы ў перыяд з 1922 па 1930 гг. было апублікавана больш за 30 тэрміналагічных слоўнікаў па розных галінах навукі. Галоўным прынцыпам працы камісіі было ўвядзенне слоў, якія бытавалі ў жывой народнай мове. Так, у сферу навукі былі ўведзены агульнаўжывальныя словы бялок, сцябло, ланцуг, ціск, сіла і іншыя, якія страчвалі сваю бытавую выразнасць, набывалі строга акрэсленае спецыяльнае значэнне.

Другі напрамак - стварэнне неалагізмаў згодна з законамі беларускай мовы. Ва ўжытак уводзіліся калькі з рускай мовы: азначэнне, вочка, суквецце. Узмацненне пурыстычных тэндэнцый прывяло да таго, што часам неалагізмы пачалі стварацца без уліку пашырэння таго ці іншага слова ў мове, толькі каб пазбавіцца чужых слоў: замест гібрыд - мяшанец, пейзаж - краеабраз, песіміст - смутнаглядзец, пралетарый - бабыль, прафесійны - умецкі, фокус - вогнішча і інш.

У 1929 годзе быў створаны Інстытут мовазнаўства АН БССР, які распачаў работу па ўкладанні больш вузкіх тэрміналагічных слоўнікаў. У 1932 годзе выйшаў з друку першы выпуск “Слоўніка тэхнічнай тэрміналогіі” А. Гурло. Аднак у 30-40-я гады праца па стварэнні беларускай тэрміналогіі амаль спынілася. І пасля вайны не было агульнага цэнтра па распрацоўцы і ўпарадкаванні тэрміналагічнай лексікі. Значную ролю ў нармалізацыі беларускай тэрміналогіі адыгралі “Руска-беларускі слоўнік” (1953 г.), “Беларуска-рускі слоўнік” (1962), “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (1977-1984 гг.) і некаторыя іншыя. Аднак шэраг задач па-ранейшаму заставаўся не вырашаным. У прыватнасці, вывучэнне практыкі ўжывання тэрмінаў у навуковых тэкстах і выданне слоўнікаў, папаўненне паняційна-тэрміналагічнага фонду, прывядзенне яго ў адпаведнасць з узроўнем развіцця сучаснай навукі. Для вырашэння гэтых задач у 1980 годзе была створана Рэспубліканская тэрміналагічная камісія, якая складаецца з прэзідыума і дзевяці секцый (грамадазнаўчай, навукова-тэхнічнай, фізічнай і матэматычнай, хімічнай, біялагічнай, сельскагаспадарчай, геалагічнай і геаграфічнай, медыцынскай і фізіялагічнай, секцыі па архітэктуры і будаўніцтве). З 1989 года працуе Тэрміналагічная камісія ТБМ імя Ф. Скарыны.

З прычыны значнага перыяду заняпаду ў развіцці нацыянальнай мовы беларуская навуковая тэрміналогія і на сённяшні дзень знаходзіцца на стадыі фарміравання. Да ліку адносна ўпарадкаваных тэрміналагічных сістэм можна аднесці гістарычную, грамадска-палітычную, сельскагаспадарчую, лінгвістычную і інш. Значна менш распрацаваныя матэматычная, фізічная, тэхнічная, біялагічная, экалагічная і іншыя сістэмы, што ў сваю чаргу патрабуе далейшага вывучэння і асэнсавання.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: