double arrow

Тэрмін і тэрміналогія

У сучасным мовазнаўстве існуюць разнастайныя вызначэнні паняцця “тэр­мін”. Так, “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” падае тэрмін як “слова (або ­злучэнне слоў), якое дакладна абазначае пэўнае паняцце ў навуцы, тэхніцы, мастацтве і пад.”* П.У. Сцяцко, М.Ф. Гу­ліцкі, Л.А. Антанюк у “Слоўніку лінгвіс­тычных тэрмінаў” выз­на­чаюць тэрмін як “слова або словазлучэнне, якое дак­лад­на абазначае пэўнае па­няцце з галіны навукі, мастацтва, вытворчасці, а таксама гра­мадска-па­лі­тыч­нага жыцця”*. Б.М. Галавін, Р.Ю. Кобрын пад тэрмінам разумеюць “слова або падпарад­кавальнае словазлучэнне, якое мае спецыяльнае значэнне, што вы­ражае і фарміруе прафесійнае паняцце і прымяняецца ў працэсе пазнання і зас­ваення навуковых і прафесійна-тэхнічных аб’ектаў і адносін паміж імі”*. Л.А. Капанадзе тэрмінам лічыць “такую адзінку наймення ў галіне навукі і тэх­нікі, якой прыпісваецца пэўнае паняцце і якая суаднесена з іншымі найменнямі ў гэтай галіне і ўтварае разам з імі тэрміналагічную сістэму”*. Усе гэтыя азна­чэнні падкрэсліваюць сувязь тэрміна і паняцця.

Слова “тэрміналогія” выкарыстоўваецца ў двух асноўных значэннях:

1. Сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сістэму паняццяў. Напрыклад, тэхнічная тэрміналогія, юрыдычная тэрміналогія, тэрміналогія эканомікі.

2. Раздзел мовазнаўства, які займаецца вывучэннем тэрмінаў.

Тэрміналогія ўключае агульнанавуковыя, міжнавуковыя і вузкаспецыяльныя тэрміны. Агульнанавуковыя тэрміны — важны кампанент лексікі навуковага стылю. Такія словы-тэрміны можна сустрэць ва ўсіх тэрміналагічных сістэмах: актуальнасць, мэтазгоднасць, фарміраванне, дэталізацыя, элемент, функцыя, працэс. Міжнавуковыя тэрміны ўваходзяць у тэрміналагічныя сістэмы некалькіх галін ведаў, паколькі выражаюць найбольш агульныя паняцці, якія суадносяцца з аб’ектамі, з’явамі, працэсамі, уласцівасцямі ў розных галінах навукі: злучэнне (тэхн., хім., астран.), кампанент (хім., фіз., лінгв.), канцэнтрацыя (грам-паліт., эканам., псіхал.). Вузкаспецыяльныя тэрміны — гэта ўласна навуковыя тэрміны, якія выражаюць сістэму паняццяў пэўнай галіны ведаў, большасць з такіх тэрмінаў не выходзяць за межы вузкапрафесійных зносін: гарнітура, петыт, нонпарэль, меданос, дэпазіт, дэнамінал і г. д.

Тэрмін з’яўляецца часткай моўнай сістэмы. Паміж тэрміналогіяй і літа­ра­тур­най мовай існуе пастаянная сувязь (многія словы з разраду агульнаўжывальных пе­райшлі ў разрад тэрмінаў і наадварот). Такія лексіка-семантычныя працэсы, як полі­се­мія, аманімія, сінанімія, што працякаюць у мове, сустракаюцца і ў тэрміналогіі.

Асноўны крытэрый, якому павінен адпавядаць тэрмін, гэта яго дак­лад­насць, адпаведнасць слоўнага знака пэўнаму паняццю. Д.С. Лотэ сфармуляваў тыя прычыны, якія вядуць да парушэння крытэрыя дак­лад­насці тэрміна:

● няўдалы падбор элементаў для пабудовы навукова-тэхнічнай тэр­мі­на­логіі;

● няправільны выбар прыкмет, якія падлягаюць непасрэднаму ад­люстра­ван­ню элементамі тэрміна, узятымі ў пэўным спалучэнні;

● пабудова тэрміна для па­няц­цяў, якія недастаткова асвоены;

● пабудова тэрміна для паняцця, якое канчаткова яшчэ не выкрышталізавалася ў такой ступені, каб яго можна было ўключыць у сістэ­му паняццяў данай дысцыпліны*. Напрыклад, закрыты грунт — захаваны грунт — уцеплены грунт.

Важным крытэрыем тэрміна з’яўляецца адназначнасць. Парушаюць яе такія ле­ксі­ка-семантычныя працэсы, як полісемія (наяўнасць у слове некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў, якія развіліся з першапачатковага значэння) і аманімія (гукавое супадзенне дзвюх ці больш моўных адзінак, семантычна не звязаных паміж сабой), якія характэрны як для мовы, так і для тэрміналогіі, таму што пэўная частка слоў літаратурнай мовы расшырыла сваю семантыку і набыла дадатковыя тэрміналагічныя значэнні. Так, пра адназ­нач­насць тэрміна можна гаварыць, разглядаючы яго толькі ў межах пэўнай тэр­мі­на­сістэ­мы.

Наступным крытэрыем тэрміна можна назваць яго кароткасць. Аднак гэты кры­тэрый не павінен быць рашаючым у выбары тэрміналагічнага наймення. Д.С. Лотэ заз­начае: “Кароткасць тэрміна і яго адпаведнасць паняццю з’яўляюцца станоўчымі якас­цямі, якія вызначаюць дабротнасць кожнага асобнага тэрміна. Гэтыя фактары не мо­гуць быць прызнаны адзінымі і нават рашаючымі. Кожны тэрмін належыць да пэў­най тэрміналагічнай сістэмы, таму ацэньваць яго неабходна не толькі па інды­відуаль­ных якасцях, але і ўлічваючы шматлікія паказчыкі ўсёй адпаведнай сістэмы”*.

Немалаважным крытэрыем тэрміна з’яўляецца яго сістэмнасць, што звязана з упарад­каваннем адпаведнай тэрміналогіі. Тэрміналогія — гэта сукуп­насць тэрмінаў, звя­заных адзін з адным на паняційным, лексіка-семантычным, словаўтваральным і гра­матычным узроўнях. Іншымі словамі, тэрмі­налогія — гэта сістэма, звёнамі якой з’яўляюцца тэрміны і ўнутры якой яны займаюць сваё пэўнае месца. Немагчыма вы­кінуць тэрмін з сістэмы, не парушыўшы яе цэласнасць.

Акрамя пералічаных вышэй якасцей, якімі павінен валодаць тэрмін, неабходна адзна­чыць такія, як адсутнасць дублетаў, магчымасць утвараць вытворныя словы і інш.

Ад тэрмінаў неабходна адрозніваць прафесіяналізмы — словы, якія сустракаюцца ў мове прадстаўнікоў пэўнай прафесіі: пчаляроў, акцёраў, чырвонадрэўшчыкаў, плытагонаў, цесляроў і інш. Некаторыя назвы разнастайных прылад працы, дзеянняў, асаблівасцей вырабаў не выходзяць за межы прафесіянальнай мовы і не становяцца афіцыйнымі назвамі як тэрміны. Напрыклад, у мове рыбакоў існуюць назвы розных прылад для лоўлі рыбы: бучы, таптухі, кашалі, крыгі. У залежнасці ад прызначэння цесляры адрозніваюць розныя віды гэбляў: гарбач, калёўка, штап.

Значную ролю ў папаўненні тэхнічнай тэрміналогіі адыгрываюць на­менкла­тур­ныя назвы. Наменклатура ўзнікла значна пазней. Сістэмнае вывучэнне яе па­ча­ло­ся ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў.

Адным з першых, хто падняў праблему суадносін паміж тэрміналогіяй і на­менкла­турнымі назвамі ў рускім мовазнаўстве, быў А.А. Рэфармацкі. Ён сцвярд­жаў, што “тэрміналогія перш за ўсё звязана з сістэмай паняццяў данай навукі, на­менклатура — толькі этыкетуе яе аб’екты”. Намен­кла­тура з’яўляецца “эты­кеткай для аб’ектаў навукі”*.

У асяроддзі моваведаў няма адзінства поглядаў на тое, што трэба разумець пад тэр­мінам “наменклатурная назва”. Адны вучоныя адносяць да яе ўласныя імёны, якімі абазначаны розныя аб’екты навукі і тэхнікі, другія — сістэму назваў пэўных галін ведаў. Адным з асноўных крытэрыяў тэрмінаў з’яўляецца паняційнасць, у той час як для номена важна прадметнасць, назыўная функцыя. Тэрмін і наменклатурную назву мож­на часткова суаднесці з паняццем і назвай.

У сучасным беларускім тэрміназнаўстве, як адзначаюць вучоныя, намеціліся дзве тэндэнцыі развіцця. Першая звязана з увядзеннем у тэрміналогію дыялектных слоў і стварэннем штучных тэрмінаў, другая — з выкарыстаннем лексічнага фонду літа­ратурнай мовы. Таму перад вучонымі стаіць праблема выбару лексічных адзінак для намінацыі спецыяльных паняццяў.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Як вызначаецца паняцце “тэрмін” у розных крыніцах?

2. Што азначае слова “тэрміналогія”?

3. Якія тэрміны адносяцца да агульнанавуковых, міжнавуковых і вузкаспецыяльных?

4. Ахарактарызуйце асноўныя крытэрыі тэрміна?

5. Якія прычыны парушаюць дакладнасць тэрміна?

6. Якія лексіка-семантычныя працэсы парушаюць адназначнасць тэрміна?

7. Якія словы называюцца прафесіяналізмамі?

8. Чым адрозніваюцца тэрміны і прафесіяналізмы?

9. Дайце тлумачэнне паняццю ”наменклатурная назва”?

Заданне 1. Прачытайце тэкст. Вызначце тэрміны і іх прыкметы.

Бульдозеры

Бульдозеры прызначаны для паслойнага зразання, планіравання і транспартавання грунту на адлегласць да 150 м. Пры большых адлегласцях з-за павелічэння страт перасоўваемага грунту выкарыстанне бульдозера робіцца эканамічна нявыгадным. Бульдозерамі можна выконваць грубую планіроўку, будаўніцтва вадасховішчаў, каналаў, плацін, дамб, дарог, засыпку каналаў і траншэй, разраўноўванне кавальераў, распрацоўку кар’ераў, штабялёўку сыпучых матэрыялаў і іншыя падобныя работы. Акрамя таго, пры неабходнасці можна рабіць зразанне і выдаленне хмызняку, выкарчоўванне і перамяшчэнне пнёў і камянёў, валку дрэў. (А.М.Карташэвіч, Я.І.Мажугін)

Заданне2. У тэрміналагічных сістэмах якіх галін навукі могуць выкарыстоўвацца наступныя тэрміны? Што яны абазначаюць?

Бародка, вусы, губы, зубы, калена, ку­лак, нага, нос, палец, пята, рабро, шчака, язык.

Заданне 3. Прачытайце тэкст. Вызначце тэрміны і наменклатурныя назвы. Абгрунтуйце свой выбар.

Сістэмы аўтаматычнага кіравання

Да недахопаў сістэм аўтаматычнага кіравання (САК) “Профіль-1” і “Профіль-2” адносіцца тое, што яны не рэагуюць на бакавыя нахіленні бульдозера ці скрэпера, а таксама не карэкціруюць вышыню размяшчэння рабочага абсталявання ў тым выпадку, калі, напрыклад, адбываецца паніжэнне ці павышэнне машыны без яе падоўжнага нахілення. Больш дасканалымі з’яўляюцца САК, забяспечаныя лазернымі выпраменьвальнікамі. Да іх адносяцца “Комбіплан-10Л”, “Капірстабіплан-10”, “Профіль-30”. Сістэма “Комбіплан-10Л” прызначана для кіравання рабочым абсталяваннем бульдозера, “Капір-стабіплан-10” — скрэпера, “Профіль-30” — аўтагрэйдэра. Усе САК маюць падобны прынцып дзеяння. (А.М.Карташэвіч, Я.І.Мажугін)

Заданне 4. Карыстаючыся слоўнікам, вызначце значэнне прыведзеных тэрмінаў. Адзначце, да якіх тэрміналагічных сістэм яны належаць.

Антысептыка, буксір-штурхач, водачарпалка, дыспансэр, іонаабменнік, каталізатар, клеедрабілка, кома, неўроз, пандэмія, прафілактыка.

Заданне 5. Прачытайце тэкст, выпішыце тэрміны, а таксама словы і выразы, характэрныя для мовы лётчыкаў.

Палёты

Буксіроўшчык прайшоў па кругу і пайшоў у сваю зону. За ім узляцела звяно на стральбу. Работа на аэрадроме хутка разгортвалася, ішла хвіліна ў хвіліну па планавай табліцы.

Цыбнік падаваў каманды з пульта, ссоўваў з ілба на вочы светафільтравыя акуляры і, аглядаючы пілатажныя зоны, толькі пакручваў круглай галавою. Яму самому хацелася вылецець. Але па планавай табліцы яго палёт значыўся ў чатырнаццаць гадзін.

…Ліцвінаў, між тым, увайшоў у воблачнасць, якая насунулася з поўдня і плотнай сцяной спаткала звяно на пяці тысячах метраў, і выскачыў з яе значна вышэй.

Звяно ўвесь час ішло з наборам вышыні, Кучынскі быў … вядзёным лейтэнанта Рэзянкіна.

Праверыў вышыню па альтыметру, паклаў руку на сектар газу. (А. Алешка)

Марфалагічны спосаб утварэння тэрмінаў

Слоўнікавы склад мовы змяняецца, ён звязаны з дзейнасцю чалавека. Пастаянная патрэба ў пашырэнні лексічнага складу мовы ў значнай ступені забяспечваецца сродкамі і сіламі самой мовы, г. зн. шляхам выкарыстання яе сло­ваўтва­ральных магчымасцей. Тэрмі­налогія —не­ад’ем­ная частка літа­ра­тур­най мовы, якая змяняецца разам з ёй. Змены ў мове, а разам з тым і ў тэрміналогіі, выяўляюцца ў папаўненні яе новымі словамі, якое ў асноўным ідзе або за кошт запазычанняў (што вельмі актуальна для тэрміналогіі), або за кошт утварэння новых слоў пры дапамозе існуючых у мове словаў­тваральных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для стварэння ўласнабеларускіх тэрмінаў.

Прадуктыўнасць словаўтваральных сродкаў залежыць ад розных умоў і асаб­лівасцей як унутрылінгвістычнага характару, так і пазамоўнай рэчаіснасці. Словаўт­варальная сістэма развіваецца, у ёй праходзяць працэсы, якія абумоўлены патрэбамі намі­нацыі. А.А. Лукашанец адзначае, што “гэтыя пра­цэ­сы ў розныя перыяды жыцця грамадства, а значыць, і функцыянавання мовы могуць набываць спецыфічны харак­тар і напрамак, могуць быць паступовымі і стабільнымі або характарызавацца незвы­чайнай інтэнсіўнасцю і супярэч­лівасцю... Свая спецыфіка ўласціва і сло­ваўтва­раль­ным працэсам у беларускай мове другой паловы ХХ стагоддзя, што звязана ў першую чаргу з асаблівасцямі функцыянавання беларускай мовы, характарам беларуска-рус­кага двухмоўя на Беларусі і асноўнымі тэндэнцыямі ў развіцці моўнай сітуацыі”*.

“Спосабы ўтварэння тэрмінаў, — сцвярд­жа­юць А.В. Супе­ранская, Н.В. Падольская, Н.В. Васільева ў працы “Агульная тэрміналогія,“ — залежаць ад часу фарміравання тэрміналагічных сістэм. Пры ўтварэнні тэрмінаў не да месца ні моў­ны пурызм, ні празмер­ная цікавасць да запазычанняў. Тэрмін — гэта перш за ўсё элемент пэўнай навуковай галіны... Любы тэрмін не ўсенародны набытак, а састаўная част­ка паняційнага апарату, якім карыстаецца абмежаванае кола спецыяліс­таў. Семан­тыка тэрміна не належыць данай мове. Яна фарміруецца ў галі­не спецыяльных ведаў”*.

Марфалагічнае ўтварэнне —гэта ўтварэнне новых слоў на базе існуючых у мове словаўтва­ральных афіксаў. Гэты спосаб з’яўляецца найбольш прадуктыўным. Асноўнымі тыпамі марфалагічнага словаўтва­рэння, якія выкарыстоўваюцца ў тэрміналогіі, з’яўляюцца афіксацыя (утварэнне слоў шляхам далучэння да кораня, асновы ці цэлага слова пэўных афіксаў), аснова- і словаскладанне, абрэвіяцыя.

Суфіксацыя займае значнае месца ва ўтварэнні тэрмінаў. Найбольш прадуктыўнымі ва ўтварэнні тэхнічных тэрмінаў з’яўляюцца наступныя суфіксы:

асць-: акругласць, буйнасць, вуз­касць, вынослівасць, вы­раз­насць, вязкасць, гіб­касць, дробнасць, жы­ву­часць, зяр­ніс­тасць, клей­касць і інш. Тэрміны-назоўнікі з гэтым суфіксам ужываюцца са значэннем уласцівасцей;

-нн-, -энн-, -к-: абаграванне, асяданне, кіпенне, па­мут­­ненне, пе­ра­тлушч­­­ванне;ап­раш­чэнне, ахаладжэнне, брад­­жэнне, вы­па­рванне, жарстчэнне, за­гушчэнне, згушчэнне, па­тан­чэнне, патаўшчэнне; адгонка, ачыстка і інш. Тэрміны-назоўнікі з гэтым суфіксам ужываюцца са значэннем працэсаў;

-льнік-, -к-, -ак- (-як-), -ін-: абагачальнік, ахаладжальнік, ацвярд­жальнік;абмазка, абмуроўка, абшыўка, выцяжка, змазка;блішчак, вапняк, згустак, рухляк; акаліна, украпіна і інш. Тэрміны-назоўнікі з гэтым суфіксам ужываюцца са значэннем рэчываў;

-чык, -шчык: грузчык, даследчык, на­ладчык, разносчык; апра­цоўшчык, варшчык, загар­тоўшчык, за­ліўш­чык, замер­шчык, зварш­чык і інш. Тэрміны-назоўнікі з гэтым суфіксам ужываюцца са значэннем назваў прафесій, сфер дзейнасці;

-льн-: абагачальны, абціскальны (абціскальная клець), ася­дальны, выбі­раль­ны, выгінальны, да­лу­чальны, злу­чальны, змяшчальны і інш. Тэрміны-прыметнікі з гэтым суфіксам ужываюцца са значэннем ‘прыз­начаны для выканання пэўнага дзеяння; здольны выканаць пэўнае дзеянне; з’яў­ляецца вынікам пэўнага дзеяння’.

Прэфіксацыя займае меншае месца ва ўтварэнні тэрмінаў у параўнанні з суфіксацыяй. Высокай прадуктыўнасцю характарызуюцца наступныя прэфіксы:

не- (ня-), якія ўказваюць на адсутнасць таго або процілегласць таму, што названа ўтваральнай асновай: ад­­моўнасць → не­ад­моўнасць, адна­знач­насць → не­ад­наз­начнасць, адна­род­­насць → неад­­народ­насць, адчувальнасць → не­ад­чу­валь­насць, вераго­д­насць → не­ве­ра­год­насць, да­га­ранне → недагаранне, да­гар­­­ванне → не­да­гар­ван­­не і інш.;

без- (бяз-) і бес- (бяс-), пры дапамозе якіх утвараюцца тэрміны-пры­метнікі са значэннем ‘не мае таго, што абазначана ўтваральнай асновай’: на­порны → безнапорны, сальніковы → бессальніковы, сцёкавы → бяссцёкавы і інш.;

звыш-, пры дапамозе якога ўтвараюцца тэрміны-прыметнікі, што абаз­начаюць перавышэнне якасці, уласцівасці, абазначанай утваральнай асновай: адчу­вальны → звышадчувальны, гара­чатры­валы → звыш­гара­ча­тры­валы, дакладны → звыш­дак­ладны, правод­ны → звыш­пра­вод­ны, хутка­дзейны → звыш­хуткадзейны, цягучы → звышцягучы і інш.

Прэфіксальна-суфіксальны спосаб утварэння зай­мае невялікае месца ў тэрміналагічнай намінацыі. Прэфіксальна-суфіксальным спосабам тэрміны ўтвараюцца шляхам адначасовага далучэння да ўтваральнай асновы прэфікса і суфікса:

● пры дапамозе прэфікса за- і суфікса -нік утвараюцца тэр­міны-назоўнікі з агульным значэннем прадмета, які размешчаны за тым, што названа ўтва­ральнай асновай: галава → загалоўнік, зуб → за­зуб­нік;

● пры дапамозе прэфікса на- і суфікса -нік утвараюцца тэр­міны-назоўнікі, якія абазначаюць у асноўным прадметы, размешчаныя на чым-небудзь або прыз­начаныя для таго, аб чым сказана ўтваральнай асновай: га­ла­ва → нагалоўнік, грудзі → нагруднік, канец → на­ка­нечнік;

● пры дапамозе прэфікса пад- і суфікса -нік утвараюцца тэрміны-назоўнікі са значэннем прадмета, які знаходзіцца або размяшчаецца пад тым, што абазна­чана ўтваральнай асновай: домна → паддоменнік, пя­та → падпятнік, рама → пад­рамнік;

● пры дапамозе прэфікса без- (бяз-) і суфікса -н- утвараюцца тэрміны-пры­метнікі са значэннем ‘не мае ці адбываецца без таго, што названа ўтваральнай ас­новай’: паветра → беспаветраны, пера­бой → бес­пера­бой­ны, полымя → бясполымны, пера­пы­нак → бесперапынны, шум → бяс­шум­ны і інш.;

● пры дапамозе прэфікса пры- і суфікса -н- утвараюцца тэрміны-пры­метнікі са зна­чэннем ‘знаходзіцца каля таго, паблізу таго ці побач з тым, што абазначана ўтваральнай асновай’: зямля → прыземны, гра­ніца → прыгранічны і інш.;

● пры дапамозе прэфікса ўнутры- і суфіксаў -ев-, -н-, -ічн- утва­ра­юцца тэрміны-пры­метнікі са зна­чэннем ‘знаходзіцца ўнутры, у сярэдзіне або ў межах чаго-н., што абазначана ўтва­ральнай асновай’: зер­не → унут­ры­зерневы, клетка → унутры­кле­тач­ны, крыш­­таль → унутры­крышталічны і інш.;

● тэрміны-прыметнікі з прэфіксам су- і суфіксам -н-, якія ўтвараюцца ад прыметнікаў і ўжываюцца са значэннем ‘які не падзелены на часткі’: цэлы → суцэльны.

Аснова- і словаскладанне займае значнае месца ва ўтварэнні тэрмінаў. Складаныя тэрміны (тэрміны-кампазіты) утвараюцца шляхам спалучэння ў адзінае цэлае двух і больш самас­тойных слоў або асноў. Асновы могуць злучацца паміж сабой злучальнымі галоснымі. Асноваскладанне можа спалучацца з суфіксацыяй: дабаўка і падавальнік → дабаўка-пада­вальнік, да­баў­ка і пас­ка­раль­нік → дабаўка-паскаральнік, дабаў­ка і ўця­жар­­вальнік → да­баў­ка-ўця­­жар­валь­нік; карыстацца вадой → водакарыстанне, паг­лынаць ваду → вода­па­­глы­­­­­нан­не, спаль­­ваць дым → дыма­спаль­ванне, дзяў­­баць зубы → зуба­дзяў­бан­не і інш.Вылучаюццатэрміны “зме­шанага” тыпу, у іх адзін з кампанентаў запазычаны, іншы уласна­бе­ла­рускі: аўтамабіль і самазвал → аўта­ма­біль-самазвал, аўта­ма­біль і ўсю­ды­ход → аўтамабіль-усюдыход, аэрас­тат і ска­кун → аэрас­тат-ска­кун, блок і пакой → блок-пакой, бруст і­ па­мост → ­бруст-памост, ва­куум і пом­па → ваку­ум-пом­па і інш.

Абрэвіятурны спосаб гэта ўтварэнне тэрмінаў у выніку скарачэння слова­злучэння. Актыўнаму ўжыванню іх садзейнічае агульная тэндэнцыя развіцця тэр­міналогіі імкненне да кароткіх тэрмінаў, “эканамічных”.

У тэхнічнай тэрміналогіі ўжываюцца пераважна трохкампанентныя абрэвіятуры: ГСВ (гідраўз­мацняльнік счапной вагі), ШТА (штозменнае тэхнічнае абслугоўванне), ПЗМ (паліва­зма­зачныя матэрыялы), МАП (майстэрні агульнага прызначэння), СТАТ (станцыя тэх­нічнага абслугоўвання трактароў), ЦРМ (цэнтральная рамонтная майстэрня).

У папаўненні тэрмінаў удзельнічаюць у асноўным “іні­цыяльныя” абрэвіятуры, якія ўтвараюцца шляхам скарачэння тэрміналагічнага слова­злучэння. У склад такіх абрэвіятур уваходзіць побач з уласнабеларускім эле­ментам, як правіла, запазычаны: ММА (маслы маторныя адпрацаваныя), ВАМ (вал ад­бору магутнасці), МІА (маслы індустрыяльныя адпрацаваныя).

Такім чынам, марфалагічны спосаб утварэння тэрмінаў характарызуецца прадуктыўнасцю. Асноўнае месца належыць такім тыпам марфалагічнага ўтварэння як суфіксацыя, аснова- і словаскладанне.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Ахарактарызуйце асноўныя тыпы марфалагічнага словаўтварэння?

2. Якія суфіксы найбольш прадуктыўныя ва ўтварэнні тэхнічных тэрмінаў?

3. Якія прэфіксы ўдзельнічаюць ва ўтварэнні тэхнічных тэрмінаў? Якія значэнні яны ўносяць?

4. Ахарактарызуйце аснова- і словаскладанне ў тэрміналагічнай намінацыі?

5. У чым заключаецца абрэвіятурны спосаб тэрмінаўтварэння?

Заданне 1. Прачытайце тэкст. Вызначце тэрміны. Якім спосабам яны ўтвораны?

Абкатка

Увядзеннем у эксплуатацыю землярыйна-транспартных машын займа­юцца спецыялісты прадпрыемства, а абкатку звычайна робіць механізатар, які атрымлівае машыну па прыёма-здатачнаму акту.

Абкатка заключаецца ў тым, што пасля ўважлівага агляду машыны і яе тэхнічнай падрыхтоўкі запускаюць рухавік і праслухоўваюць яго на розных рэжымах халастога ходу, адначасова назіраюць за паказаннем прыбораў, правяраюць крапёж і магчымыя месцы падцякання вадкасці. Затым пачаргова ўключаюць у дзеянне ў халастым стане рабочае абсталяванне і органы кіравання. Уключэнне праводзіцца некалькі разоў з раверсаваннем руху, калі яно прадугледжана. Таксама праводзіцца праверка хадавой сістэмы шляхам паслядоўнага ўключэння ўсіх перадач і руху на іх з паваротамі ўправа і ўлева... (А.М.Карташэвіч, Я.І.Мажугін)

Заданне 2. Вызначце спосаб утварэння наступных тэрмінаў.

Адкол, адліўка, газавыратавальнік, кампенсавальны, наладка, размеркаванне, распыленасць, сераачыстка, серабрэнне.

Заданне 3. Запішыце па пяць тэрмінаў па сваёй спецыяльнасці, утвораных суфіксальным, прэфіксальным, прэфіксальна-суфіксальным спосабамі.

Заданне 4. Прачытайце сказы, вызначце словы абмежаванага ўжывання. У якой прафесіянальнай сферы яны выкарыстоўваюцца?

1. На верстаку ляжалі рубанкі, шархебелі, фуганкі, акатнікі, далаты розных памераў. (Б. Мікуліч)

2. Праўда, меў спраўную рыбацкую гаспадарку: два чаўны і розныя там сеткі, мярэжы, бучы, перамёты і шмат іншага, чаму Мікола і назвы не ведаў. (М. Машара)

3. Тэмп пілатажа нарастаў. Нарэшце Ліцвінаў кінуў машыну ў піке і, абышоўшы аэрадром па кругу, зайшоў на пасадку. (А. Алешка)

4. Возьмем кельні, малаточкі, дзве рыдлёўкі, вінкель, шнур, гукнем: “Людзі, галубочкі! Хто ахвочы класці мур?” (А. Гарун)

Заданне 5. З падручнікаў (канспектаў) па тэхнічных дысцыплінах выпішыце пяць складаных тэрмінаў “змешанага” тыпу.

Семантычны спосаб утварэння тэрмінаў

Лексіка-семантычны спосаб словаўтварэння заключаецца ў тым, што новыя словы ўзнікаюць у выніку разыходжання значэнняў аднаго і таго ж слова, г. зн. расшчаплення слова на амонімы, кожны з якіх выступае як асобная лексічная адзінка са сваім значэннем.

Лексіка-семантычны спосаб утварэння тэрмінаў мае свае асаблівасці. У літа­ра­тур­най мове працэс утварэння асобных лексічных адзінак на базе мнагазначнага слова быў даволі працяглы, у той час як у мове навукі ён праходзіў намнога хутчэй. Як сцвярджае Д.С. Лотэ, “працэс пераўтварэння звычайнага слова ў навукова-тэхнічны тэр­мін заключаецца ў тым, што гэта слова ў сістэме тэрмінаў атрымлівае пэўны тэх­­нічны змест. Таму можна сцвярджаць, што да ліку раней зарэгістраваных зна­чэн­няў такога слова далучаецца яшчэ новае значэнне”*. Лексіка-се­ман­тыч­ны спосаб утварэння тэрмінаў у наш час характарызуецца сваёй пра­дук­тыў­нас­цю, тэр­мі­ны, утвораныя гэтым спосабам, зручныя ў выкарыстанні, ёмістыя і лёгка зас­вой­ваюцца.

Асноўнымі відамі пераасэнсавання слоў літаратурнай мовы з’яўляюцца мета­фарызацыя (перанос назвы агульнавядомага прадмета адбываецца на аснове падабенства формы, колеру, унутраных якасцей, функцый, з’яў і інш.) і метанімізацыя (перанос назвы адбываецца на аснове сумежнасці). Можна вылучыць тэматычныя групы агульнаўжы­вальных слоў, якія здольныя да метафарычнага пераносу ў тэхнічнай тэрміналогіі:

● словы, якія абазначаюць назвы частак цела чалавека: бародка, вусы, губы, зубы, калена, ку­лак, нага, нос, палец, пята, рабро, шчака, язык і інш.;

● словы, якія абазначаюць назвы жывёл, іх частак цела і іншым чынам звя­заныя з жывёльным светам: бык, гусеніца, жаба, жабкавая абмотка, жабры, змеявік, крыло, лапа, пяро, чарвяк, хваставік, хвасты і інш.;

● словы, якія абазначаюць назвы расліннага свету: вянок, елка, пялёс­так, яблык і інш.;

● словы, якія абазначаюць назвы бытавых і гаспадарчых прадметаў: грабёнка, грэбень, касты­лёк, качалка, кішэнь, кружок, крыж, люль­ка, мяшок, паплавок, парог, пацерка, паясок, рукаў, саш­чэп­ка, свечка, столік, стрэлка, ручка, шпілька і інш.

Метафарычны перанос назвы агульнавядомага прадмета, з’явы на спецыяльнае па­няцце адбываецца ў выніку асацыяцыі, асабліва асацыяцыі падабенства. Пры мета­фарыч­ным пераносе другаснае значэнне слоў агульналітаратурнай мовы ў тэхнічнай тэрміналогіі развіваецца на аснове падабенства. Яно бывае ў самых розных адносінах. Найбольш відавочным з’яўляецца падабенства па форме, напрыклад: арэшак — плод, семя ў выглядзе ядра ў цвёрдай шкарлупцы і арэ­шак — гатунак каменнага вугалю; бародка — памяншальна-ласкальнае да барада; валасяное покрыва ніжняй часткі твару і бародка — выступ у якой-н. прыладзе; вусікі — маленькія вусы; вала­сяное покрыва над верхняй губой і вусікі — доўгія тонкія выступы якой-н. дэталі; прыс­тасаванне ў выглядзе спружынак, дроцікаў.

Не менш часта для стварэння новых тэрмінаў выкарыстоўваецца падабенства па функцыі: віхор — імклівая кругавая плынь ветру; ‘пра імклівае бурнае праяўленне чаго-н.’ і віхравы рух — рух вадкасці (або газу), пры якім яе час­ціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгнен­най восі; дзірка — адтуліна, шчыліна, праём у чым-н. і дзір­ка — не заняты электронам энергетычны стан у валентнай зоне; замок — прыстасаванне для запі­рання на ключ чаго-н. і замок — дэталь у некаторых відах агнястрэльнай зброі.

Нярэдка выкарыстоўваецца падабенства па дзеянню, што выконвае прадмет: ваўчок — цацка ў выглядзе круга або шарыка на шпяні, якая пры хуткім вярчэнні доўга захоўвае вертыкальнае становішча і ваўчок — 1) цвёрдае цела з апорай ніжэй цэнтра цяжару, якое верціцца вакол восі сімет­рыі; 2) машына для здрабнення мяса пры прыгатаванні каўбас, катлет на мясакамбінатах; захоп — дзеянне паводле дзеяслова захопліваць — захапіць і захоп (электрона) — працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з адной з унутраных абалонак атама з адначасовым выпра­мяненнем электрон­нага нейтрына.

Часта выкарыстоўваецца падабенства па дзвюх прыкметах:

па форме і месцаразмяшчэнню: лапа — ступня або ўся нага ў некаторых жывёл або птушак і лапа — расплюшчаны і загнуты канец у нека­то­рых інструментах, прыс­тасаваннях; інструмент, прыстасаванне з такім канцом; шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх ў вянец;

па форме і функцыі або прызначэнню: грэбень — пласцінка з зубамі для расчэсвання валасоў або для заколвання і ўпрыго­жвання жаночай прычоскі і грэбень — прыстасаванне, якое формай і прыз­на­чэннем нагадвае грэбень; дарожка — памяншальна-ласкальнае да дарога; вузкая дарога, сцежка і дарожка — вузкае, доўгае паглыбленне на чым-н.; кастыль — апора для чалавека без ног або з хворымі нагамі і кастыль — металічны шпень, які забі­ваецца ў шпалу для прымацавання да яе рэйкі;

Метафарызацыя ажыццяўляецца і ў галіне абстрактнай лексікі (словы з адцягненым значэннем якасці, уласцівасці, дзеяння, стану: вывучэнне, уласцівасць, шум, аўтаматызацыя і інш.), дзе другаснае зна­чэнне слоў літаратурнай мовы развіваецца на аснове падабенства па якасці: дакладнасць — уласцівасць дак­ладнага; які адпавядае ісціне, сапраўдны і дакладнасць — сту­пень прыбліжэння сапраўднага значэння параметраў працэсу, прадмета, рэчыва да іх тэарэ­тычнага намінальнага значэння; дакладнасць апрацоўкі — ступень прыбліжэння фор­мы, памераў і становішча апрацаванай паверхні дэталі да патрабаванняў чарцяжа і тэхнічных умоў; даўгавечнасць — уласцівасць даўгавечнага; здольнасць жыць, існаваць доўгі час, многа гадоў і даўгавечнасць — улас­цівасць тэхнічнага вырабу (прыстасавання, збудавання) захоўваць працаздольнасць да нады­ходу гранічнага стану, пры якім далейшая эксплуатацыя яго павінна быць спынена з‑за неадхільнага парушэння патрабаванняў тэхнікі бяспекі або выхаду параметраў за ўстаноўленыя межы.

Наступным спосабам лексіка-семантычнага ўтварэння тэрмінаў з’яўляецца метанімізацыя — перанясенне назвы аднаго прадмета на іншы на аснове знешняй ці ўнутранай сувязі, сумеснасці. Сярод тэхнічных тэрмінаў сустракаюцца наступныя мадэлі метанімічнага пераносу:

назва дзеяння (працэсу) — назва месца — абрыў — дзеянне паводле дзеяслова абры­ваць — абарваць і абрыў — месца, дзе абарвана што-н.; злом — дзеян­не паводле дзеяслова зламаць і злом — месца, на якім што-н. зламана, надламана;

назва дзеяння (працэсу) — назва рэчыва (матэрыялу) — забойка — працэс запаўнення свабоднай ад выбуховых рэчываў часткі зараднай поласці інертным забоечным матэрыялам, які забяспечвае замкнутасць зарада, што перашкаджае пры выбуху дачаснаму вылету прадуктаў дэтанацыі і паляпшае за гэты кошт эфектыўнасць работы выбуху і забойка — матэрыял, які прымяняюць у зарадных камерах для ізаляцыі зарада выбуховых рэчываў ад адкрытай паверхні; замазка — дзеянне паводле дзеяслова замазаць і замазка — вязкае рэчыва для замазвання шчылін;

назва дзеяння (працэсу) — вынік гэтага дзеяння (працэсу) — адгон — дзеянне паводле дзеяслова адга­няць — адагнаць і адгон — прадукт адгонкі парай; адліўка — дзеянне паводле дзеяслова адліваць — адліць і адліўка — вырабы, атрыманыя з дапамогай ліцця; вёрстка — дзе­ян­не паводле значэння дзеяслова вярстаць і вёрстка — звярстаны набор; адбітак звярста­нага набору;

дзеянне паводле адпаведнага дзеяслова; уласцівасць адзінка вымярэння — аддача — дзеянне паводле дзеяслова аддаваць — аддаць і аддача — каэфіцыент карыснага дзеяння механізма; вязкасць — уласцівасць вязкага і вязкасць — велічыня, якая характарызуе вязкасныя ўласцівасці вадкасці і газаў; прабег — дзеянне паводле дзеяслова прабягаць — прабегчы і прабег — адлегласць, пройдзеная якім-н. транспартным сродкам;

назва прыстасавання — назва рэчыва — выцяжка — прыстасаванне для вентыляцыі памяшканняў і выцяжка — рэчыва, здабытае выцяжэннем з расліннай або жывёльнай тканкі з дапамогай якой-н. вадкасці; экстракт; марылка — прыстасаванне, пры дапамозе якога мораць насякомых і марылка — вадкасць, якой насычаюць паверхню дрэва з мэтай афарбоўкі; пратрава;

назва дзеяння (працэсу) — назва прыстасавання — працяжка — від гарачай штампоўкі для атрымання пустых (парожніх) паковак шляхам працягвання праз кольцы, у якіх паступова змяншаецца дыяметр і працяжка — многаразцовы металарэзны інструмент для апрацоўкі скразных адтулін і знешніх паверхняў металічных, пластмасавых дэталей на працяжных станках; раскатка — кавальская аперацыя для павелічэння знешніх і ўнутраных дыяметраў кальцавой загатоўкі пры нязначным павелічэнні даўжыні за кошт памяншэння таўшчыні сценкі і раскатка — кавальскі інструмент, які служыць для перадачы ціску ад верхняга байка молата або рабочай часткі прэса на плоскую або цыліндрычную полую загатоўку з мэтай памяншэння таўшчыні загатоўкі або выканання на ёй мясцовых паглыбленняў.

Лексіка-семантычны спосаб утварэння тэрмінаў харак­та­ры­зуецца значнай прадуктыўнасцю. Ён мае асаблівае значэнне для мовы на­вукі. Справядліва сцвярджаюць, што менавіта гэты спосаб быў адным з першых словаўт­варальных прыёмаў стварэння тэрміналагічных найменняў. Даследчыкі канста­туюць выкарыстанне яго ў перыяд, які папярэднічаў фарміраванню мовы навукі.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. У чым заключаецца семантычны спосаб утварэння тэрмінаў?

2. Якія асноўныя віды пераасэнсавання слоў літаратурнай мовы пры семантычным утварэнні? Абгрунтуйце свой адказ.

3. На аснове чаго развіваецца другаснае значэнне слоў літаратурнай мовы пры метафарычным пераносе?

4. Назавіце асноўныя мадэлі метанімічнага пераносу ў галіне тэхнічнай тэрміналогіі? Абгрунтуйце свой адказ.

Заданне 1. Вызначце асацыятыўныя сувязі паміж словамі літаратурнай мовы і тэрмінамі? Абгрунтуйце свой адказ.

Грабёнка, грэбень, касты­лёк, качалка, кішэнь, кружок, крыж, люль­ка, мяшок, паплавок, парог, пацерка, паясок, рукаў, саш­чэп­ка, свечка, столік, стрэлка, ручка, шпілька.

Заданне 2. Карыстаючыся тэрміналагічнымі слоўнікамі, запішыце па пяць тэрмінаў, утвораных на аснове метафарычнага і метанімічнага пераносаў. Абгрунтуйце свой выбар.

Заданне 3. Запішыце дзесяць тэрмінаў па сваёй спецыяльнасці, утвораных семантычным спосабам.

Словазлучэнне як спосаб утварэння тэрмінаў

У тэхнічнай тэрміналогіі шырока ўжываюцца шматлікія тэрміны-словазлучэнні. Тэрміны-словазлучэнні, якія выражаюць адзінае цэласнае паняцце, валодаюць рознай ступенню сэнсавай раскладальнасці, у цэлым больш устойлівыя ў параўнанні са свабоднымі словазлучэннямі літаратурнай мовы.

Тэрміны-словазлучэнні актыўна ўжываюцца ў тэхнічнай тэрміналогіі таму, што яны маюць магчымасць найбольш поўна і дакладна адлюстроўваць асаблівасці таго ці іншага тэрміналагічнага паняцця або прадмета. На сучасным этапе гэта адзін з самых высокапрадуктыўных спосабаў намінацыі ў тэхнічнай тэрміналогіі.

У залежнасці ад ступені ўнутранай сувязі паміж кампанентамі тэрміны-словазлучэнні падзяляюцца на тры тыпы:

свабодныя, у якіх кожны кампанент з’яўляецца тэрмінам і характарызуецца самастойнасцю: браджэнне гніласнае, водазабеспячэнне аба­рот­нае, водазабеспячэнне гарачае, водазабор берагавы, водазабор горны, вып­ра­баванне канчатковае, увядзенне задавальнае, уздзеянне кіравальнае, унут­ранае адлюстраванне і інш.;

несвабодныя, у якіх кожны кампанент сам па сабе не з’яўляецца тэрмінам: бетон лёгкі, бетон цяжкі, высакародныя металы, гліна тлус­тая, спакойная сталь, хвост хвалі, цвёрдыя раст­во­ры і інш.;

фразеалагічна звязаныя, якія рэдка выкарыстоўваюцца ў тэхнічнай тэр­мі­налогіі і адлюстроўваюць або толькі знешнія асаблівасці, або ўнутраныя якасці прад­мета ці з’явы: вавёрчына клетка, вадзяная рубашка, ластаўчын хвост і інш.

У залежнасці ад колькасці кампанентаў словазлучэнні падзяляюцца на прос­тыя (двухкампанентныя) і складаныя (больш двух паўназначных слоў).

Самую вялі­кую групу складаюць двухкампанентныя тэрміны-словазлучэнні: выпраменьвальнік цеплаты, вяршыня крывой, галоўка гуказдымальніка, галоўка запісу, галоўка ўзнаўлення, га­сіль­нік ваганняў, глы­біня пранікнення, дакладнасць вымярэння, мацаванне адводаў, націсканне шчотак і інш.

Складаныя тэрміны-словазлучэнні характа­рызуюцца невя­лі­кай прадуктыўнасцю: даў­жы­ня па­вет­­ра­на­га зазору, лямпа дзённага святла, паветравод адноль­ка­вага ся­чэн­ня, паветравод раўнамернай раздачы, рухавік адваротнай пе­ра­­мо­ткі, тры­маль­нік плаўкай устаўкі, час адва­ротнага хо­ду і інш.

Сярод складаных тэрмінаў-словазлучэнняў сустракаюцца і чатырох­кам­па­нент­ныя. Яны адзінкавыя: гашэнне зварот­нага ходу променя, збядненне гліністага раствору глінай.

Пераважная большасць тэрмінаў-словазлучэнняў “змешанага” тыпу: у склад та­­кога словазлучэння побач з уласнабеларускім тэр­мінаэлементам уваходзіць запа­зы­чаны: абса­лютнае слізганне, аварыйнае сілкаванне, аварыйны выключальнік, амплі­туднае скажэнне, аўтаматычнае зрушэнне, аўтаномная работа, высоканапорныя гідра­электра­станцыі, высо­ка­частотнае награванне, дыэлектрычнае награ­ван­­не і інш.

Тэрміны-словазлучэнні характарызуюцца прадуктыўнасцю. Перавага ва ўжыванні аддаецца двух­кам­панентным канструкцыям, што адпавядае ап­ты­мальнай даўжыні тэрміна.

ПЫТАННІ І ЗАДАННІ

1. Чым адрозніваюцца тэрміны-словазлучэнні ад тэрмінаў-слоў? Абгрунтуйце свой адказ.

2. Якія тыпы тэрмінаў-словазлучэнняў вылучаюцца ў залежнасці ад ступені ўнутранай сувязі?

3. Якія тыпы тэрмінаў-словазлучэнняў вылучаюцца ў залежнасці ад колькасці кампанентаў?

4. Якія тэрміны-словазлучэнні адносяцца да “змешанага” тыпу?

Заданне 1. Прачытайце тэкст. Вызначце тэрміны-словазлучэнні.

Скрэперы

Па спосабу кіравання рабочым органам скрэперы дзеляць на скрэперы з канатным і гідраўлічным кіраваннем. У скрэпераў з канатным кіраваннем коўш падымаецца прымусова, а апускаецца і заглыбляецца разам з нажом пад дзеяннем сілы цяжару. У скрэпераў з гідраўлічным кіраваннем абодва гэтыя дзеянні выконваюцца прымусова, што павышае прадукцыйнасць і дазваляе выкарыстоўваць скрэперы на больш шчыльных грунтах. Сучасныя скрэперы вырабляюцца з гідраўлічным кіраваннем.

Да асаблівасцей хадавой часткі скрэпераў адносяць колькасць восяў, калёсную формулу, тып прывода колаў, наяўнасць дадатковага матора для прывода. (А.М.Карташэвіч, Я.І.Мажугін)

Заданне 2. Запішыце па пяць свабодных, несвабодных і фразеалагічназвязаныхтэрмінаў-словазлучэнняў па сваёй спецыяльнасці.

Заданне 3. Карыстаючыся падручнікамі па тэхнічных дысцыплінах, выпішыце па пяць тэрмінаў-словазлучэнняў рознай будовы.

Заданне 4. З падручнікаў па тэхнічных дысцыплінах (канспектаў) выпішыце пяць тэрмінаў-словазлучэнняў “змешанага” тыпу.

Тэндэнцыя да інтэрнацыяналізацыі ў сучаснай тэхнічнай тэрміналогіі

У сучасных умовах актыўнага міжнароднага супрацоўніцтва і абмену навуковай інфармацыяй асаблівую актуальнасць набывае не толькі праблема ўпарадкавання тэрміналогіі ў кожнай нацыянальнай мове, а і міжнародная каардынацыя тэрміналагічнай работы.

Ператварэнне практычнага тэрмінаўтварэння ў свядома скіраваны працэс і міжнародная каардынацыя тэрміналагічнай работы садзейнічаюць зносінам і міжнароднаму навуковаму супрацоўніцтву вучоных ва ўмовах масавага ўзнікнення новых тэрмінаў у выніку бурнага развіцця навукі і тэхнікі.

Улічваючы тое, што галіна тэхнікі патрабуе соцень тысяч тэрмінаў, якія вы­ка­рыс­­тоўваліся вучонымі розных краін, многія мовы свету ўжо даўно пайшлі па шляху інтэр­нацыяналізацыі тэрміналогіі, а гэта азначае, што запазычанняў у іх становіцца ўсё больш. Сучасная тэхнічная літаратура на развітых мовах свету мае ў лексічных ад­но­сінах вельмі вялікае падабенства. “Калі раней развіццё навук і адпаведна фар­мі­ра­ванне навуковых тэрміналогій ішло са значным спазненнем у параўнанні з заход­ні­мі краінамі і па іх узоры і падабенстве, адзначае В.П. Даніленка, то зараз прычыны ін­шыя: яны заключаюцца ў агульным высокім узроўні развіцця навук у нашай краіне і ў іншых высокаразвітых краінах, у сінхронным зараджэнні адных і тых жа навуковых нап­рамкаў… у розных краінах, у павелічэнні навуковых кантактаў вучоных розных краін, у сумеснай распрацоўцы канкрэтных навуковых праблем, што патрабуе і зблі­жэн­ня, аднастайнасці адпаведных тэрміналогій”.*

Неабходна адзначыць вялікую ролю лацінскай і грэчаскай моў у фарміраванні тэр­мі­налогіі. Менавіта яны на пэўным гістарычным прамежку часу выступалі ў якасці асоб­ных моў навукі ў заходнееўрапейскіх краінах і пакінулі значны след у фар­мі­ра­ван­ні нацыянальных моў навукі, у тым ліку і беларускай. “Грэчаскія і лацінскія мовы мёрт­выя, таму яны асабліва зручныя для стварэння тэрмінаў у розных нацыянальных мо­­вах навукі… Семантыка каранёў і афіксальных марфем уяўляецца для сучасных моў у закансерваваным выглядзе… што вельмі каштоўна для тэрміналогіі”*, заўважае тая ж даслед­чыца. У тых выпадках, калі тэрміны ствараюцца на аснове грэ­ча­скіх і лацінскіх моўных элементаў, яны без цяжкасцей становяцца інтэр­на­цыя­наль­ны­мі. Гэта тэрміны: даэўтэктоідны, дэцыбел, дэцыметр, заэў­тэк­тоідны, мегават, мега­вольт, мегаджоўль, мілі­бар, мілівольт, мі­лі­метроўка, рэнт­генаграма, рэнтге­ног­раф, эўтэктоідны, электра­­акус­ты­ка, электра­ана­ліз, электраарматура і інш.

“Стварэнне, замацаванне, пашырэнне і засваенне інтэрнацыянальнага (міжна­роднага) фонду тэрміналогіі ўплывае і на тэрміналагічнае словаўтварэнне, зазначае С. Кейніс. Няма кітайскай сцяны паміж нацыянальнай і інтэрна­цыянальнай тэрміналогіяй. Гэтыя два пласты тэрміналагічнай лексікі не толькі мірна суіснуюць у сістэме адной нацыянальнай тэрміналогіі, але і ўзаемапра­нікаюць і шырока ўцягваюцца ў далейшую рэпрадукцыю новых тэрмінаў”*. Часта ў якасці запазычанага тэрмінаэлемента ў такіх тэрмінах выступае ўсечаная аснова грэчаскага назоўніка:

электра- (ад гр. ēlektron смала, бурштын), адпавядае па значэнню слову ‘электрычны’: электравоз, электравуглі, электравыраб, элект­ра­гадзін­нік, электра­дзяў­баль­нік, электра­за­зям­ляльнік, электразапальнік, электра­­­наг­ра­вальнік, электра­су­шыл­ка і інш.;

мікра- (ад гр. micros малы), паказвае на малы памер чаго-н., выражае паняцці ‘вельмі малы, дробны’, ‘звязаны з вывучэннем або з вымярэннем вельмі малых прадметаў, велічынь’, ‘мільённая доля адзінкі меры, названай у другой частцы слова’: мі­краапрацоўка, мік­ра­ва­ган­ні, мікравагі, мік­ра­вык­лю­чальнік, мікра­вязкасць, мікрадабаўкі, мікра­дасле­даванне, мікраполе, мікра­ру­хавік, мік­раўключэнні, мікраўплаўленне, мікрахвалі і інш.;

фота- (ад гр. phōs, phōtos святло), адпавядае паняццям ‘які дзейнічае пры дапамозе святла’, ‘заснаваны на дзеянні святла’, ‘фатаграфічны’: фотаадбітак, фотааднаўленне, фота­адчувальнасць, фотаадшчапленне, фо­та­нап­ружанне, фотанасадка, фотаносьбіт, фо­тапаглынанне, фотапераход, фо­таўзбуд­жэнне, фотаўс­пышка і інш.;

пнеўма- (ад гр. pneuma дыханне, подых, дух), выражае паняцце ‘паветраны’: пнеўмаглушыцель, пнеў­мазабойнік, пнеўмазакід, пнеў­ма­за­мок, пнеўма­зараднік, пнеўма­попе­лавыдаленне, пнеўмапрывод, пнеў­ма­пры­ёмнік, пнеўмарухавік і інш.;

аўта - (ад гр. autos сам),адпавядае па значэнню словам ‘аўтаматычны’, ‘аўтамабільны’: аўтаадказчык, аў­та­акісленне, аўта­ва­ганні, аўтадарога, аўта­завод, аўтазагрузчык, аў­та­запраўшчык, аўта­леса­воз, аўта­пракладчык, аўтапрамысловасць, аў­та­са­ма­звал, аўта­сані, аўта­справа, аўта­спуск, аўтасчэпка, аўтацягач і інш.;

гідра- (ад гр. hydōr вада), выражае паняцці ‘вада’, ‘водны’, ‘вадзяны’: гід­ра­ачыстка, гідра­ачышчальнік, гідравадкасць, гідравузел, гідра­выключальнік, гідра­пад’­ём­нік, гідра­перадача, гідрапомпа, гідра­пры­вод, гідра­рухавік, гід­раўдарнік, гід­раўз­мац­няль­нік, гідраўзрыванне, гідраўс­таноўка і інш.;

тэрма- (ад гр. thermē жар, цяпло), выражае паняцце ‘які апрацаваны, атрыманы з дапамогай цяпла, высокіх тэмператур’: тэр­маапа­вяшчальнік, тэр­маапрацоўка, тэрма­асаджэнне, тэрма­ацвярджэнне, тэрмавагі, тэрма­стойкасць, тэр­ма­супраціўленне, тэрма­ток, тэрмаўк­ла­дыш, тэрмаўс­таноўка, тэрмаўстойлівасць, тэр­ма­фарба і інш.;

тэле- (ад гр. tēle далёка), выражае паняцці ‘які здзяйсняецца на адлегласці’, ‘які дзейнічае на далёкую адлегласць’, ‘тэлевізійны’: тэлеабслугоўванне, тэлеадключэнне, тэлеапавяшчальнік, тэлеапрацоўка, тэле­бачанне, тэ­ле­назі­ранне, тэле­­перадатчык, тэлеперадача, тэлесетка, тэле­сувязь і інш.;

аэра- (ад гр. aēr паветра), адпавядае паняццям ‘авіяцыйны’, ‘павет­ра­ны’: аэраапырсквальнік, аэра­жолаб, аэра­здым­ка, аэра­пругкасць, аэрасані, аэрасумесь і інш.

Грэчаскія моўныя элементыхарактарызуюцца сваёй прадуктыўнасцю і выступаюць у ролі звязанага кампанента да ўжо наяўнага складанага тэрміна: аўта­тэлекіраванне, аэра­фо­та­аб­ста­ля­ван­не, аэрафотаздымка, аэрафо­таўста­ноўка, кінафотаклей, мак­ра­кі­на­здым­ка, мікра­­фо­та­на­садка, тэле­кі­наўс­та­ноў­ка, тэле­фотаздымка, тэле­фо­та­паве­лічэнне, электра­тэр­ма­ап­ра­цоў­ка і інш.

Лацінскія тэрмінаэлементы займаюць меншае месца:

радыё- (ад лац. radiаre выпраменьваць), выражае паняцці ‘які адносіцца да радыё’, ‘звязаны з радыё’: радыёбачанне, радыёбачнасць, радыё­вымярэнне, радыё­выпраменьванне, радыёвышка, радыёвышынямер, радыё­даль­­намер, радыёпрамень, радыёўз­мацняльнік, ра­дыё­ўсплеск, ра­дыёўстаноўка, радыёхваля, ра­дыё­хва­ля­вод, ра­дыё­яр­касць і інш.;

вібра- (ад лац. vibrare дрыжаць, вагацца), паказвае на сувязь з паняццем ‘вібрацыя’: вібравыпрамляльнік, вібрагасільнік, віб­ра­грохат, віб­ра­дра­білка, вібразагрузчык, вібра­заціранне, вібразачыстка, вібраіголка, віб­ра­кар­­чавальнік, вібраўстойлівасць, вібраўшчыльненне і інш.;

турба- (ад лац. turbo віхор, вярчэнне), паказвае на сувязь з паняццем ‘турбіна’, ‘турбінны’: тур­ба­будаванне, турбабурэнне, турбаводапад’ёмнік, тур­­бавоз, турбапрывод, турбасушылка, тур­баўз­буд­­жаль­нік, тур­ба­ўс­таноўка, тур­ба­ха­ла­дзіль­нік, турбаход, тур­ба­цягнік і інш.;

авія- (ад лац. avis птушка), адпавядае па значэнню слову ‘авіяцыйны’: авіяапырсквальнік, авіяздымка, авія­лінія, авія­ру­­ха­вік, авіятканіна, авіяўс­та­ноўка і інш.;

відэа- (ад лац. video гляджу, бачу), паказвае на прыналежнасць слова да галіны адлюстравання электрычных сігналаў на экране электронна-прамянёвай трубкі: відэазапіс, відэа­­пера­датчык, відэаперашкоды, відэаўзмацняльнік і інш.;

мота- (ад лац. motor які прыводзіць у рух), выражае паняцці ‘маторны’, ‘мата­рызаваны’, ‘матацыклетны’: мо­тавоз, мо­та­пак­рыш­ка, мотапомпа і інш.;

радые- (ад лац. radiare прамень),паказвае на адносіны да радыю, радыеактыў­насці, да радыя­­цыі: радые­ад­чу­вальнасць, радыестойкасць, радыеўзроўнямер, ра­дыеўстой­лі­васць і інш.

Меншай прадуктыўнасцю характарызуецца спалучальнасць лацінскіх моўных эле­ментаў з замацаванымі ў мове складанымі тэрмінамі, у тым ліку з тымі, дзе ў якас­ці азначальніка выступае кампанент грэчаскага паходжання: радые­геаразведка, ра­дыё­­кі­наўс­та­ноў­ка, радыётэлевымярэнне, радыё­тэ­ле­кі­ра­ванне і інш.

Такі неаднастайны склад тэрміналагічнай лексікі беларускай мовы сведчыць аб тым, што тэрміналогія бярэ вытокі і папаўняе свае рэсурсы з розных крыніц, што фар­міраванне тэрмінасістэмы мае даволі доўгую гісторыю, у якой адлюстроўваюцца асаб­лівасці развіцця літаратурнай мовы пад уплывам унутраных і знешніх фактараў.

Неабходнасць міжнароднай уніфікацыі тэрмінаў павінна прымацца ў разлік пры ўпарадкаванні тэрмінасістэм нацыянальных моў. Пры ацэнцы таго ці іншага тэрміна неабходна ўлічваць не толькі ўнутрысістэмныя фактары, а і шырокі інтэрнацыянальны кантэкст мовы навукі. Заўважана, што некаторыя тэрміны, якія цалкам адпавядаюць унутрымоўным патрабаванням, з міжнароднага пункту погляду могуць аказацца неаптымальнымі, а тое, што з’яўляецца не зусім апраўданым у асобна ўзятай мове, можа апраўдаць сябе ў плане суадносін з іншымі мовамі.

Пэўныя вынікі ў рабоце па мэтанакіраванаму фарміраванню інтэрнацыянальнага слоя навуковых тэрмінаў дасягнуты Міжнароднай арганізацыяй па уніфікацыі тэрміналагічных неалагізмаў (МАУТН), каардынацыйны цэнтр якой створаны і працуе ў Варшаве пры падтрымцы ЮНЕСКА (заснавальнік і прэзідэнт МАУТН прафесар З. Стаберскі).

Аператыўнае выяўленне новых інтэрнацыянальных тэрмінаў, іх скаардынаваная апрацоўка і ўдакладненне тэрмінолагамі розных краін у напрамку міжнароднай уніфікацыі з’яўляецца першапачатковай задачай міжнароднага ўпарадкавання і мэтанакіраванага стварэння шырокага слоя тэрмінаў-інтэрнацыяналізмаў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: