Мы выйгралі. У полымі / палаючага дня

чырвонай перамогаю / спынілася вайна.

У вершы цэзура стаіць усюды пасля восьмага склада. Чаму ж тады мы тут (як і ў другой палове вершарада) налічваем не чатыры, а тры стапы ямба? Справа ў тым, што, вызначаючы памер, мы лічым толькі метрычныя націскі, не ўлічваем пазаметрычныя ненаціскныя склады. Тут жа трэцяя стапа (перад цэзурай) мае наступны выгляд: __ __´ __ __. Таму дакладнае вызначэнне памеру гэтага верша наступнае: шасцістопны ямб з цэзураваным нарашчэннем на два склады (Я6Цн2). У паэзіі сустракаюцца вершы не толькі з цэзураванымі нарашчэннямі на адзін ці два склады, але -- і з цэзураванымі ўсячэннямі на адзін (Цу1) ці на два (Цу2) склады. Зразумела, сама наяўнасць цэзураў і іх характар не можа не паўплываць на рытм верша.Цэзура, такім чынам, становіцца адным з дзейсных рытмастваральных фактараў.

Часам у вершы некалькі разоў паўтараецца аднолькавае слова ў пачатку радкоў (анафара) або ў канцы іх (эпіфара). Нярэдка можна сустрэць і такую з’яву, калі ў вершы некалькі разоў (або рэгулярна, праз роўную колькасць радкоў) паўтараецца той самы радок ці некалькі радкоў(рэфрэн). Гэтак у вершы П. Броўкі “Пахне чабор” у канцы кожнай страфы ідзе адзін і той жа радок: “Пахне чабор, пахне чабор”, у вершы Максіма Танка “Ave Maria” – словазлучэнне “Ave Maria”. Паўтарэнне некалькіх радкоў праз адну ці дзве страфы назіраецца, напрыклад, у вершаваных тэкстах для песень (прыпеў). Паўтараюцца ў вершы і аднатыпныя сінтаксічныя канструкцыі. Напрыклад, у вершы Панчанкі “Жыццё маё” ў тых самых радках, дзе паўтараецца злучнік “і”, сустракаюцца і аднатыпныя сінтаксічныя канструкцыі пералічэння (“і тапаліны пах, і шорах зерня, і над труною горкі матчын плач” і г. д.). Могуць паўтарацца на адных і тых жа месцах у радках словы, розныя па сэнсу, але якія стаяць у адной і той жа граматычнай форме (напрыклад, назоўнікі ў назоўным склоне), адны і тыя ж гукі ці гукаспалучэнні і г. д. Усё гэта, несумненна, абумоўлівае характар і багацце рытму таго ці іншага сілаба-танічнага твора.

Аднак жа лексіка, марфалогія, сінтаксіс, пра што мы тут гаварылі, гэта ўжо катэгорыі чыста моўныя. Няўжо і яны ўплываюць на рытм? Аказваецца, уплываюць, і вельмі адчувальна. Рэальны рытм пэўнага верша ўзнікае ад узаемадзеяння чыста метрычных кампанентаў і ўласна моўных. Таму рытм вершаванага твора трэба вызначыць як з’яву не толькі метрычную, але – метрычна-моўную. Праўда, само адчуванне вершаванага рытму ў розных паэтаў можа быць розным. У адных яно грунтуецца на метры, у другіх – на слове. Так, як мы ўжо заўважылі, У. Маякоўскі спачатку адчуваў “рытмічны гул”, які затым “пакрываўся” словамі. У той жа час А. Твардоўскі катэгарычна падкрэсліваў: “Я і цяпер лічу, уласна кажучы, што памер павінен нараджацца не з бесславеснага “гулу”, пра які кажа, напрыклад, У. Маякоўскі, а са слоў, з іх асэнсаваных, характэрных для жывога маўлення спалучэнняў”. Калі ўважліва прыгледзецца да самой спрэчкі, то выявіцца, што яна – не столькі пра сутнасць вершаванага рытму, як пра першаснае яго адчуванне ў двух розных па характару і таленту паэтаў. Яна, гэтая спрэчка, яшчэ больш падкрэслівае непадзельнасць у рытме сучаснага верша чыста метрычнага і моўнага пачаткаў. Пачаткаў, так арганічна спалучаных у сілаба-танічнай сістэме вершавання.

Наогул, як мы бачым, сілаба-танічны верш валодае вельмі багатымі рытмастваральнымі магчымасцямі. Менавіта гэта абумоўлівае вялікую пашыранасць яго ў сучаснай беларускай паэзіі. Як паказваюць статыстычныя падлікі, прыблізна 85 % усёй вершаванай прадукцыі апошняга саракагоддзя ХХ ст. складаюць сілаба-танічныя вершы (дарэчы, у рускай паэзіі яны займаюць 86%, ва ўкраінскай – 75%). Хоць гэты працэнт паступова змяншаецца, не выклікае сумнення, што яшчэ доўга сілаба-тоніка будзе панаваць у нашай паэзіі. Што да метрычнага малюнка сілаба-танічнага верша, то, згодна з нашымі назіраннямі, найчасцей беларускія паэты карыстаюцца ямбамі (45 % ад усёй колькасці вершаваных тэкстаў), значна менш – харэямі (15,4 %), анапестамі (12,8 %), амфібрахіямі (11 %) і дактылямі (3,5 %). З ямбічных вершаваных памераў найбольшая папулярнасць у Я5 (42 % ад усёй колькасці тэкстаў, напісаных гэтым метрам) і Я4 (39,6 %), у Х5 (50 %) і Х4 (38,7 %), у Ан3 (48 %), Ам3 і Ам4 (адпаведна па 37,5 %).

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Дайце азначэнне і раскрыйце сутнасць вершаванага рытму. 2. Што такое метр? Чым адрозніваецца ён ад рытму? 3. Пералічыце ўсе асноўныя рытмастваральныя кампаненты сілаба-танічнага верша. 4. Што такое пірыхіі і спандэі? Як яны ўплываюць на рытм верша? 5. Раскажыце пра лагаэды і іх віды. 6. Як відазмяняюць рытмічны малюнак верша анакрузы, клаўзулы? Што такое трохскладовікі з пераменнай анакрузай (П.а.3) і двухскладовікі з пераменнай анакрузай (П.а.2)? 7. Раскрыйце сутнасць такіх рытмічных з’яў, як дыярэза, сінярэза, пераакцэнтуацыя, расцяжэнне (сцяжэнне) вершарадоў. 8. Дайце вызначэнне вольнага (байкавага) верша. Чаму яго часта называюць вольным ямбам? 9. Якія існуюць паўзы ў вершы, як уплываюць на вершаваны рытм цэзураваныя нарашчэнні (Цн) і цэзураваныя ўсячэнні (Цу)? 10. Пералічыце неасноўныя (дапаможныя) рытмастваральныя кампаненты, раскрыйце іх сутнасць.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: