Л І Т А Р А Т У Р Н Ы Т А Н І Ч Н Ы В Е Р Ш

Літаратурная тоніка ўзнікла на аснове народнага танічнага верша. Гэтаксама як раней (XVI–XVIII ст.) народны верш “расхістваў” сілабіку, паскараючы і аблягчаючы яе пераход да новай сістэмы вершавання – сілаба-танічнай, цяпер (ХІХ–ХХ ст.) ён актыўна пачынае ўплываць на саму сілаба-тоніку, прадвызначаючы нараджэнне чыста танічнага літаратурнага верша. Гэты ўплыў выяўляецца ў самых розных формах. Адна з іх – узнікненне акцэнтна-складовага верша (АС),у прыватнасці, так званых каламыйкавых вершаў (Клм) Т. Шаўчэнкі і Янкі Купалы.

Асноўнымі асаблівасцямі такіх вершаў з’яўляюцца: аднолькавая колькасць апорных націскаў (гэта збліжае іх з акцэнтным вершам) і складоў у вершарадах (чатырнаццаць; гэта родніць іх з сілабічным вершам), адсутнасць раўнамернасці чаргавання націскных і ненаціскных складоў у радках (гэта адрознівае іх ад сілаба-тонікі), абавязковая наяўнасць рыфмы (у адрозненне ад народнага танічнага верша, у якім рыфма часта адсутнічае). Некаторыя даследчыкі такія вершы лічылі сілабічнымі (В. Ператц) або ўмоўна-сілабічнымі (М. Рыльскі), іншыя (М. Багдановіч і яго паслядоўнікі) – сілаба-танічнымі. Яркім прыкладам шаўчэнкаўскага Клм з’яўляюцца наступныя радкі, якія як узор прыводзяць многія даследчыкі (дзеля рытмічнага ўразнастайвання 14-складовы вершарад Т. Шаўчэнка дзяліў на дзве часткі: 8+6 складоў у радках):

Вітре бýйний, / вітре бýйний,

Ти з мóрем / говóриш.

Збуди йогó, / загрáй ти з ним,

Спитáй / синє мóре.

М. Багдановіч у першых трох радках гэтай страфы бачыў харэй – амфібрахій – ямб, у апошнім – ямб і два харэі. Украінская даследчыца рытмікі Шаўчэнкі Г. Сідоранка, удакладняючы па-свойму Багдановіча, разглядае апошні радок як два амфібрахіі. Большасць літаратуразнаўцаў наогул не спрабуюць вызначыць памер верша, абмяжоўваючыся канстатацыяй “тэндэнцыі да харэічнага рытму”. На нашу думку, І. Ралько слушна лічыць, што верш Шаўчэнкі “Вітре буйний” – “гэта, бясспрэчна, акцэнтны (г. зн. танічны. – В. Р.) верш, у рытмарадках якога трэба лічыць не склады, не стопы (харэі, ямбы, амфібрахіі), а толькі колькасць моцных акцэнтаў, прыпадаючых заўжды на сэнсава найбольш значныя словы”. Сапраўды, верш Шаўчэнкі яшчэ моцна прытрымліваецца традыцый сілаба-тонікі, што ідуць ад сілабікі: аднолькавая колькасць складоў у радках (у няцотных – па 8, у цотных – па 6). Разам з тым пад уздзеяннем народнага танічнага верша ў радках замест унармаванасці націскных і ненаціскных складоў з’яўляецца ўнармаванасць моцных (апорных) націскаў: у кожным радку верша – па два такія націскі. Такім чынам памер гэтага Клм можна вызначыць як АС4/14 – 4-акцэнтны 14-складовік.

Тое ж мы бачым і ў некаторых лірычных вершах Янкі Купалы, а таксама ў паасобных частках яго паэмы “Безназоўнае”:

Беларусь / на куце

Ў хаце сваёй / села, –

Чарка мёду / ў руцэ,

Пазірае / смела.

Тут яскрава відаць колькасная ўпарадкаванасць моцных націскаў (па два) пры свабодзе іх размяшчэння ў радку.

Пры вызначэнні віду акцэнтна-складовага верша ўлічваюцца два паказчыкі: колькасць акцэнтаў і складоў. У беларускай паэзіі знаходзім розныя ўзоры гэтага верша: 1-акцэнтны 5-складовік – АС1/5 (кальцоўскага тыпу: “Я — калгасніца” Янкі Купалы), 2-акцэнтны 5-складовік – АС2/5 (“Смык” Ф. Багушэвіча), 2-акцэнтны 10-складовік – АС2/10 (“Хмаркі” Ф. Багушэвіча), 4-акцэнтны 10-складовік – АС4/10 (“Спакойнай ночы!” Максіма Танка) і інш.

У значнай ступені пад уздзеяннем народной тонікі ўзнік і дольнік (Дк)– своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сістэмы вершавання. У дольніку ўрэгулявана колькасць моцных націскаў у радках. У той жа час міжнаціскныя інтэрвалы не роўныя, яны звычайна займаюць адзін-два склады. Часам могуць быць пропускі апорных націскаў. У выніку ўсяго гэтага ў Дк заўважаецца чаргаванне не аднолькавых стопаў, як у сілаба-танічным вершы, а няроўнаскладовых рытмічных доляў (адсюль і назва верша). Гэта, зразумела, павышае рытмастваральную ролю моцных (апорных) націскаў, а таксама значэнне слоў, на якіх стаяць націскі, і словазлучэнняў, аб’яднаных вакол іх. Разам з тым у Дктак ці інакш адчуваецца метрычная аснова трохскладовых памераў. Калі колькасць адступленняў ад памеру не асабліва значная, Дк набліжаецца да сілаба-танічнага верша. І наадварот, калі колькасць такіх адступленняў павялічваецца, ён далей адступае ад сілаба-тонікі, ідзе насустрач танічнаму вершу.

У вершы Максіма Танка “Тут расстраляна трое…” рытмічная аснова трохскладовых памераў выразна заўважаецца:

Тут расстраляна трое

Мсціўцаў народных было.

Ты мусіш іх знаць!

Стань і разагні свае плечы.

Яны перад смерцю

Сваіх не схілілі галоў.

Аб гэтым

сляды

куль

На цэгле параненай сведчаць.

У гэтым Дк, дзе няма раўнамернасці чаргавання націскных і ненаціскных складоў, адносна лёгка можна “рэстаўрыраваць” чыстыя трохскладовыя памеры (у круглыя дужкі ўзяты склады, якія ў вершы адсутнічаюць, але неабходныя па метрычнай схеме трохскладовіка, у квадратныя – звышсхемныя, “лішнія” склады):

__ __ __ __ __ (__) __ __

__ __ __ __ __ __ __

[__΄] __ __ __ __

__ [__] __ __ __ __ __ __ __

__ __ __ __ __ __

__ __ __ __ __ __ __ __

__ __ __ __ __ (__ __) __

__ __ __ __ __ __ __ __ __

Як бачым, у першым радку не хапае аднаго, а ў сёмым – двух ненаціскных складоў, у той жа час у трэцім і чацвёртым з’яўляюцца “лішнія”, звышсхемныя склады (“ты”, “і”). Гэта надае Дксвоеасаблівае рытмічнае гучанне, якое дапамагае перадаць экспрэсію паэтычнага выказвання.

Дк у беларускай паэзіі сустракаўся яшчэ ў канцы ХІХ -- пачатку ХХ ст. (Янка Лучына, Цётка, Янка Купала, М. Багдановіч, Міхась Чарот і інш.), але асабліва пашырыўся ў пасляваенны час. Ім карысталіся і карыстаюцца А. Куляшоў, Максім Лужанін, П. Панчанка, Максім Танк, У. Караткевіч, Р. Барадулін, Г. Бураўкін, А. Вярцінскі, А. Наўроцкі і інш.

Да Дк вельмі блізка стаіць другі від танічнага верша – тактавік (Тк). У тактавіку колькасць міжнаціскных складоў некалькі большая: 1 – 2 – 3 склады. Пропускі націскаў на метрычна моцных месцах рэдкія, затое ў трохскладовых інтэрвалах часта сустракаюцца звышсхемныя націскі на сярэднім складзе. Тк, такім чынам, яшчэ больш аддаляецца ад сілаба-танічнага верша, чым Дк.

Прыклад Тк дае нам М. Багдановіч у вершы “Хмурыя, цёмныя гудзяць і шэпчуць елі…”:

Хмурыя, цёмныя / гудзяць і шэпчуць елі,

Бóр чырванее / на яснай зары.

Грудзь вольна дыша, / кроў калышацца ў целе, –

Ціха цалую / мяккі мóх на кары.

Сэрца гарачае / да ствала прыжымаю,

Ясныя слёзы / на смалу ціха лью,

Ў неба сінеючыя / вочы падымаю, –

Дзіўнае нешта / грудзь калыша маю.

Тут міжнаціскныя інтэрвалы займаюць два, тры і нават чатыры (адзін раз – у першым радку другой страфы) склады. У гэтым вершы, як і ў любым Тк увогуле, рытмічная аснова двухскладовых ці трохскладовых памераў (а значыць, і роднасць з сілаба-тонікай) амаль не адчуваецца. Затое ўжо, як кажуць, рукой падаць да акцэнтнага, або чыста танічнага, верша (Акц), у якім пры аднолькавай (прыблізна аднолькавай) колькасці моцных націскаў у вершаваных радках колькасць ненаціскных складоў паміж націскамі адвольная. Найбольш часта яна бывае ад 0 да 5, часам дасягае нават 8 складоў.

Акц і народны танічны верш пры іх вялікай агульнасці (і там і тут – роўная колькасць моцных націскаў у радках), пры тым, што першы ўзнік пад непасрэдным уплывам другога, усё ж значна адрозніваюцца паміж сабой. І галоўнае адрозненне – у функцыі моцных (апорных) націскаў. Калі ў народным вершы націск выконваў толькі рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя словы, нават дапаможныя (прыназоўнікі, злучнікі, выклічнікі і інш.), то ў Акц ён абавязкова прыходзіцца на найбольш значнае па сэнсе слова. У той час як у першым выпадку ён ураўноўваў усе словы (гэтаму дапамагала і мелодыя, музычнае суправаджэнне асноўнага тэксту), то цяпер ён, наадварот, падкрэслівае, рытмічна выдзяляе асобныя словы і словазлучэнні. Націскам у Акц дапамагаюць шматлікія паўзы, якія адыгрываюць рытмаарганізуючую ролю. Яны аддзяляюць адзін ад другога інтанацыйна самастойныя рытмічныя адрэзкі, у цэнтры якіх і знаходзяцца націскі. У Акц павышаецца значэнне рыфмы як рытмастваральнага і кампазіцыйнага элемента. Яна тут такая ж неабходная, як і націск. Нездарма У. Маякоўскі падкрэсліваў, гаворачы пра танічную сістэму вершавання: “Без рыфмы верш рассыплецца. Рыфма прымушае нас вяртацца да папярэдняга радка, прымушае ўспомніць яго, прымушае ўсе радкі, што афармляюць адну думку, трымацца разам”. У радках з адвольнай колькасцю складоў рыфма падкрэслівае іх заканчэнне, вызначае мяжу міжрадковай паўзы.

Акц спачатку ўзнік у літаратуры як своеасаблівае перайманне ўзораў народнага танічнага верша. Ім пісалі А. Пушкін (“Песни западных славян”), М. Лермантаў (“Песня про купца Калашникова”), А. Кальцоў, М. Някрасаў і інш. Аднак сапраўдным яго стваральнікам лічыцца У. Маякоўскі. Ён найбольш поўна раскрыў велізарныя выяўленчыя магчымасці як Акц, так і танічнай сістэмы вершавання ўвогуле. Чытаючы вершы паэта, добра адчуваеш моўныя адрэзкі, аб’яднаныя вакол апорных націскаў. Гэтыя сэнсавыя комплексы аддзелены адзін ад аднаго рытмічнымі паўзамі, вылучаны нават графічна, каб не здарылася, як падкрэсліваў сам паэт, “ні сэнсавай, ні рытмічнай блытаніны” (т. зв. лесвіца Маякоўскага). Рытм унутрырадковых націскаў і паўз падтрымліваецца паўтарэннем сугуччаў (рыфмы) і аднародных клаўзулаў у канцы радкоў, а таксама чаргаваннем міжрадковых паўз. Усё гэта і стварае вельмі багатую, гнуткую рытміку танічнага верша Маякоўскага.

У той час як Дк знайшоў даволі значнае пашырэнне ў сучаснай беларускай паэзіі, Акц у ёй амаль не выкарыстоўваецца. Відаць, звязана гэта перш за ўсё з нацыянальнымі традыцыямі беларускай літаратуры, традыцыямі фальклору. Пры шырокім бытаванні ў беларускай вуснай народнай творчасці танічнага верша ўвогуле адна яго разнавіднасць – народна-песенны верш – займае ў ёй выключнае становішча. Другая разнавіднасць – рэчытатыўны (былінны) верш – не знайшла шырокага ўвасаблення ў беларускіх фальклорных творах. Акцэнтны ж верш якраз і грунтуецца на другой разнавіднасці народнага танічнага верша.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Як паўплывала народнае вершаванне на ўзнікненне літаратурнага танічнага верша? 2. Раскрыйце сутнасць каламыйкавага верша (Клм). 3. Раскажыце пра акцэнтна-складовы верш (АС). 4. Дайце вызначэнне додьніка (Дк), пакажыце яго своеасаблівасць. 5. Што характэрна для тактавіка (Тк)? 6. Што ўяўляе сабой акцэнтны, або чыста танічны, верш (Акц), чым ён адрозніваецца ад народнага танічнага верша? 7. Раскажыце пра “ верш Маякоўскага ”. 8. Якія віды літаратурнага танічнага верша і чаму найбольш распаўсюджаны ў сучаснай беларускай паэзіі?


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: