Варыянт

Варыянт (ад лац. variare – быць адрозным, мяняцца; varians (variantis) – які змяняецца) – адзінкавы (аднакратна выкананы, запісаны або іншым чынам зафіксаваны), адносна самастойны твор, які суадносіцца з колам падобных, выяўляючы сваю адметнасць у параўнанні з іншымі. Варыянты твора, асабліва песеннага, могуць быць вельмі блізкімі па пабудове, наяўнасці агульных месцаў – устойлівых вобразаў, сімвалаў, формул, азначэнняў, як, напрыклад, у купальскай песні, прадстаўленай у двух варыянтах:

Варыянт 1.

Купала на Йвана!

Дзе Йван ходзе, там жыта родзе.

Дзе Йванава жонка, там родзе пшонка.

Дзе Йванавы дзеці, люба паглядзеці.

Варыянт 2.

Ой, рана на Йвана!

На Івана сонца йграла,

Дзе Йван ходзе, там жыта родзе,

Дзе Йванавы дзеці, там жыта рэжы,

Дзе Йванава жонка, там жыта гонка.

Значна адрозніваюцца паміж сабой у плане слоўнага выражэння варыянты празаічных жанраў – казак, легенд і г. д. Напрыклад, легенда пра тое, чаму людзі перасталі прытрымлівацца старадаўняга звычаю пазбаўляцца ад старых бацькоў, выпраўляць іх з хаты на смерць, нават забіваць, існуе ў сукупнасці некалькіх варыянтаў, якія грунтуюцца на агульным сюжэце. У БНТ пад рознымі назвамі надрукаваны чатыры: «Як упярод хавалі людзей», «Стары бацька», «Лопаўшчына», «Трэба шкадаваць старых». Іх агульная гуманістычная ідэя наступная: бацькоў трэба шанаваць за тое, што яны проста бацькі, а не толькі за жыццёвы вопыт, мудрасць, слушныя парады.

Тэрмін «варыянт» ужываецца таксама ў дачыненні да асобных частак твора, элементаў зместу, вобраза, матыву і г. д., якія змяняюцца. Напрыклад, у розных варыянтах пры захаванні агульнага сэнсу падаецца як матывацыя ўчынку дзяцей, парушэння імі закону, у прыведзенай легендзе: «адзін сын дужа любіў свайго бацьку»; «шкада дзецям старэнькага бацьку»; «а адзін сваго бацька шкадаваў», «і сыны міласлівыя ў яго». Некалькі варыянтаў зачынаў мае баладная песня пра дачку-птушку: «Зялёна каліначка рана расцвіла», «У лузе каліначка жарка зацвіла», «Каліна-маліначка не парой цвіла» і інш. Яны выступаюць своеасаблівым эмацыянальна-псіхалагічным камертонам твора, акцэнтуючы ўвагу на сімволіцы колеру (зялёна – жарка) і часу (рана – не парой). Такім чынам, праз варыянт твора ажыццяўляецца ідэйна-мастацкая задума, удасканальваецца форма выражэння, дадаюцца новыя эмацыянальныя нюансы, паглыбляецца псіхалагічная характарыстыка персанажаў, аздабляецца новымі гранямі самакаштоўны паэтычны вобраз (ластаўка – ластаўка-белакрылка – ластаўка касатая; перапёлка-перапёлка, трасцяно гняздзечка, залато яечка). Варыянт – рэальная адзінка варыянтнай формы твораў (гл. варыянтнасць, варыятыўнасць).


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: