Пакрыванне

Вясельны звычай, які звязаны з пакрываннем нявесты, жаніха ці iх абодвух хусткай (плахтой), чапцом, наміткай, хлебам, кажухом або шапкай. Лакальныя назвы: Завiванне, Акручванне, Апавiванне. Пакрыванне адбывалася на розных этапах вяселля. У залежнасці ад функцыянальна-мэтавай скіраванасці рытуальнага моманту пакрыванне магло праходзіць і ў доме нявесты, і ў доме жаніха. Звычай меў поліфункцыянальны характар: указваў на прыналежнасць дзяўчыны да роду маладога, адзначаў змену ў яе паводзінах, вызначаў статус жаніха ці маладой, выконваў функцыю абярэга, з’яўляўся знакам яднання маладых. Змест вясельных песень, якія выконваліся ў межах рытуальнага моманту, цалкам адпавядаў абраду. Напрыклад, сустракаюцца матывы пра знаходжанне нявесты ў «темніцы», «каморачке»: «Захавана ў каморачку, / І замочкам замкнёна, / І калочкам заткнёна, / І мядочкам замазана». Заручоную нявесту сваякі маладога пакрывалі спецыяльна прывезенай чырвонай хусткай. Згодна з народным звычаем, пасля заручын нявеста павінна была прайсці перыяд ізаляцыі, «знікнуць» на некаторы час для іншых людзей і з’явiцца перад iмi ў вызначаны рытуалам момант ў iншай iпастасi. Жаніх, падкрэсліваючы свой статус, на працягу вяселля не здымаў шапку: «… Ехала дружына, / Пры дружыне Яся малады. / Стаў каліну ламаці, / Ды й шапачку ўбіраці, / Каб яго цёшча пазнала, / Маладым зяцем назвала». У хаце дзяўчыны дружка надзяваў на жаніха вянок, а на нявесту шапку. Едучы да шлюбу, маладая абавязкова пакрывалася кажухом. Пасля вянчання хросная маці здымала з нявесты вянок (цi вэлюм) і накідвала пакрывала (цi кавалак палатна), за што жаніх плаціў ёй грошы. У гэты момант гучала песня (Брагiнскi раён): «Што жа мы захочам, / Тое ж i зробiм, / З цеста палянiцу, / З дзеўкi маладзiцу».

На Віцебшчыне пасля пакрывання нявесты, якое адбывалася ў доме жаніха, маладых вялі з клеці ў хату, накрыўшы іх галовы ручніком, спяваючы пры гэтым песнi: «Хараша нова клець / Пад крышкаю, / Луччы таго Мар’юшка / Пад намёткаю». Пры падзеле каравая маладым звязвалі рукі і накрывалі галовы наміткай.

Звычай пакрывання стаў абъектам увагi песень розных вясельных жанраў, але працэс яго паэтычнага ўвасаблення мае спецыфiчныя рысы, якiя абумоўлены жанравай аднесенасцю пэўнага твора, функцыяй жанру. У рытуальных песнях абрадавая сiтуацыя адлюстроўвалася спецыфiчна–«прама», а ў лiрычнай песнi – праз дэманстрацыю абрадавых пачуццяў i перажыванняў вясельных персанажаў: «Шкада тую маладзiцу, / Што сядзiць у цямнiцы. / Трэба ёй прастор даць – / Пакрывала зняць».

Акрамя пакрывання вялiкае значэнне мела і ўскрыванне, якое адбывалася ў хаце маладога пасля вяртання з клеці. Здымала пакрывала сястра жаніха ці гарманіст. Спытаўшы дазволу прысутных «пакрывала зняцi», выканаўца здымаў i кiдаў яго мацi жанiха, якая стаяла з жанчынамi на лаўцы каля печы i чакала гэтага моманту. Злавiўшы пакрывала, яны накрывалi iм свае галовы i, скачучы, спявалi: «Дзякуй Богу, / Сына ажанiла, / Да нявестачкi дачакала, / Ды не буду воду насiцi, / Ды не буду хлеба мясiцi, / Ды не буду хату мясцi, / Толькi буду парадачак вясцi. / Дай, Божа, ляльку, / То я буду за няньку».

З нявесты здымалi вянок i завязвалі на галаву хустку ці чапец, абкручаны наміткай (Столінскі раён). Пакрываць маглі таксама іншых удзельнікў вяселля. Так, дзяўчына ручнiкамi перавязвала сватам не толькі плечы, але і галовы. Ранiцай першага дня ў хаце мужа маладзiца пакрывала хусткамі ўсіх жанчын, што за яе рабiлi хатнюю працу. У апошні дзень вяселля нявеста частавала свякроў; потым маладая жанчына абвязвала яе поясам, якi зрабiла сама, на плечы вешала ручнік, пакрывала галаву хусткай.

ПАСАГ

(прыданае)

1. Каштоўнасці (матэрыяльныя і духоўныя), якiя давалі дзяўчыне бацькі і родныя, калі яна выходзіла замуж. 2. У заходнiм Палессi i некаторых сумежных раёнах спецыяльныя песнi (як благаславенне цi закляцце), якiя выконвалiся пасля вяртання маладых са шлюбу, а таксама пажаданнi i парады. На традыцыйным вяселлi беларусаў пасаг у розных рэгiёнах адрознiваўся па коште ў залежнасцi ад дастатку бацькоў маладой, па часе перадачы зяцю, па рытуале. Звычайна гэта асабiстыя рэчы i адзенне дзяўчыны, маёмасць («гарод», «марга сенакоса») i грошы, што бацькi давалi маладой, каб «пачынаць хазяйнiчаць», жывёла (карова, авечкi, свiннi), розныя рэчы, якiя родныя даравалi ёй непасрэдна на вяселлi. Пасаг нявеста прыносіла ў новую сям’ю, але ён заставаўся пажыццёвай уласнасцю маладой.

Рыхтаваць яго пачыналі з самага маленства дзяўчыны. У склад ўваходзілі шматлікія дары для сваякоў, часам бялізна і верхняя вопратка для жаніха, адзенне для самой нявесты, пасцель, падушкі, дываны, коўдры, якія змяшчаліся ў скрыні (кубле, куфры): «Трэба ж, каб не толькі палатно было, але і коўдра суконная, радзюжак сама меней чатыры, падушак дзве, навалачкі друкаваныя, паясы». На Навагрудчыне таксама «поцясь, што прасці, і пук верацён, валак, качалку, варстат, што кросны ткаць».

Папярэдняя размова пра пасаг пачыналася ў час сватання і магла насіць не толькі жартаўліва-гумарыстычны, але і разважліва-сур’ёзны характар: у Магілёве бацька дзяўчыны нават падпісваў «прэдбрачную» – абяцанне абавязкова даць у якасці пасагу маёмасць ці грошы. Лiчыўся другараднай справай, калi хлопцу дзяўчына падабалася, а калi не – сват ад iмя жанiха патрабаваў вялiкага пасагу, нярэдка наўмысна, каб расстроiць вяселле. Урачыстая перадача яго адбывалася, калі нявеста садзілася на пасад: «Ляцелі гусанькі цераз сад, / Клікалі Надзечку на пасад: / – Будуць цябе дарыць, / Шчасцем-долею дзяліць, / Да вялікім дарам – пасагам» (Пінскі раён). У Віцебскім павеце нявесту надзялялі пасагам непасрэдна перад прыездам жаніха. На стол ставілі засланую хусткай талерку, гарэлку, пірог, кавалак мяса, сальніцу солі і спявалі: «Надзялі ж мяне, татухна, / Не рублём, палцінаю – / Залатой грыўнаю». Пры гэтым у Пружанскім павеце дружкі і свахі спявалі: «– Ой, родзе, родзе, слаўны, багаты, / Дарыце мяне скатом рагатым: / А вы, браткове, – дый па канёві, / А вы, сястрыцы, – дый па цяліцы, / А кравайніцы – хоць па курыцы». І адразу: «Скупую Ганначка радзіну мае, / Срэбра і злата сабе хавае, / Дробну манету табе кідае». Бацька ці брат давалі ў пасаг жывёлу: «– Мой брацейка, да мой родненькі, / А што ж ты мне на пасаг дасі? / – Сто рублёў танюсенькіх, / Пару коней варанюсенькіх». Радня маладой дарыла намiткі, хусткі, спадніцы (андаракі), кашулі і грошы. Дружко пры гэтым выклікаў: «Таксама даруе (імя) нашу пані-маладую срэбрам-златам, не так срэбрам-златам, як шчасцем і доляю, на век доўгі, на быт добры». Ці: «Хоць бы не дзяньгамі – / Добрымі славамі». Бацькі і родныя жадалі маладой шчасця, здароўя, добрай долі: «З добрым векам, з добрай доляй, / Каб здарова была, як зіма, / А вясёла, як вясна, / А ціха, як лета, А багата, як восень, / Каб цябе вадзіла і пладзіла». Акрамя таго, дзяўчыне выказвалі розныя парады: «Сабралася дружыначка – / Уся свая радзімачка / Пасага збіраці – / Раду даваці».

Калі заканчвалі дарыць і жадаць, маладая выходзіла з-за стала і кланялася ўсім у ногі. Атрыманую частку пасагу неслі ў клець і аб’ядноўвалі з ужо падрыхтаваным прыданым маладой. Рэчы, грошы і пажаданні, якія дзяўчына атрымала ў сваёй хаце, былі яе пасагам. Пасля вянчання маладых абводзiлi тры разы вакол стала, спявал «Ойча наш», усаджвалi за стол, пелi пасаг – «самыя галоўныя спевы, што складаюць працяг шлюбу i аснову ўсяго вяселля», якiм надавалася асаблiвае значэнне i без чаго нi шлюбу, нi вяселля не прызнавалi: «Як сцяклося дзві рэчанькі, / То ж обідві быстрысэнькі! / Як зайшоўся місяц з сонцам, / То ж абое яснэсэнькі. / Як з’іхалося два пасажэнькі / Да й абідва маладэсенькі. / Першый пасаг з-пад місяца, / Другій пасаг з-пад сонэнька; / З-пад місяца маладый жэнішок, / З-пад сонэнька малада дзівóнька». Пасаг спявалі доўга, для ўсіх родных і суседзяў, кожны раз паўтараючы яго спачатку. Пасля гэтага падавалі пачастунак, перад якім прысутныя выконвалі заклінальную песню з магìчнай формулай: «Наша пісэнька без прыпілочкі не будэ, / Наш жанішок без дзівонькі не будэ».

Звычайна пасаг везлi ў скрынi (куфры) са шматлiкiмi песнямi прыданыя нявесты ў поўнач або перад свiтаннем пасля першай ночы маладых у клецi. На Вiцебшчыне адвозiлi пасля вясельнага застолля ў маладой i адначасова з ад’ездам да жанiха. Цешча садзiлася на воз i не давала яго везцi без выкупу. На Случчыне ў час запоiн малады дамагаўся пасагу. Першую частку пасагу (грашыма) цесць аддаваў далiкатна пры бяседзе перад выпраўленнем маладых да вянца: у чыстай талерцы, засланай хустачкай, налiваў чарку гарэлкi, пiў за зяця i перадаваў яму талерку. Другую частку – як на запоiнах. Куфар з дабром зяць забiраў на другi дзень. Бацькi маладой ставiлi куфар на воз i самi садзiлiся каля яе; музыка залазiў на скрыню, iграў на скрыпцы, а прыданыя пелi «Дзе ж наша панначка» (у сааўтарстве з А. С. Фядосiкам).

ДА РАЗДЗЕЛА « Сфера празаічных эпічных жанраў: КАЗКІ»


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: