Фальклорная няказкавая проза

складаецца з трох частак:

1. Дыскурсіўная няказкавая проза.

2. Наратыўная няказкавая проза.

3. Парэмійная (у тым ліку рытмічна арганізаваная) проза, т. зв. малыя жанры фальклору.

Дыскурсіўная проза

Тэрмін «дыскурс» (ад франц. discours – маўленне, гаворка) ахоплівае правілы маўленчай дзейнасці (пісьмой ці вуснай).

Фальклорная дыскурсіўная проза звязана з натуральнай камунікатыўнай падзеяй. Яе тэмы – усё, што тычыцца народных традыцый, звычаяў, абрадаў, павер’яў, поглядаў на свет (рацыянальных і міфалагічных), Бога, чалавека, людзей, не-людзей, жывёл, птушак, расліны, культурныя аб’екты (збудаванні, рэчы, прадметы) і г. д. Яе «прывязка» – канкрэтная жыццёвая сітуацыя, якая ўключае па меншай меры дзвюх асоб. Возьмем шэраг сітуацый з удзелам маці і дзяцей, якім трэба нешта забараніць, абгрунтаваўшы забарону спасылкай на вынік яе нарушэння:

а) «Каму кажу, кінь жабу – бародаўкі ўскочаць, не звядзеш потым!»;

б) «А ну злазьце, неслухі! Што надумалі! Не чапайце ластаўку! Хочаце рабацінне на твар? Толькі датыкнецеся да яйка – адразу ўскочыць!»;

в) «Нікуды не хадзіце. Гуляйце каля хаты. Пойдзеце ў поле – русалка ў жыта зацягне. Мала вам не будзе!».

У складзе сітуацыйнага звароту маці да дзяцей яму надаюцца розныя функцыі:

· камунікатыўна-інфармацыйная (паведамленне аб існуючых павер’ях);

· засцерагальная (вось што бывае з непаслухмянымі дзецьмі);

· выхаваўчая (як не трэба сябе паводзіць);

· аксіялагічная (каштоўнасць жывой прыроды).

У склад фальклорнай дыскурсіўнай прозы ўваходзяць:

1. Магічная проза.

2. Міфалагічная проза.

3. Каляндарна-абрадавая проза.

4. Сямейна-абрадавая проза.

5. Народна-хрысціянская проза.

6. Сацыяльна-бытавая проза.

Магічная проза – гэта вобласць фальклору, у якой адсутнічаюць жанры. Яна ўключае:

· звод правілаў і прадпісанняў, што тычацца магічных дзеянняў,

· утрымлівае ўказанне на тое, дзеля чаго ўсё робіцца,

· можа ўключаць як асобную частку замову, заклінанне, малітву.

Напрыклад, «Каб жанчына пры родах доўга не мучылася, трэба пакласці ёй на пасцель нож і суровыя ніткі». Гэта тыповы ўзор магічнай прозы. Дадзены выраз існуе ў свядомасці як магічныя веды. Ён заснаваны на павер’і аб звышнатуральных уласцівасцях счэпкі нож – суровыя ніткі, якія, такім чынам, маюць міфалагічную семантыку.

Магічная проза звязана з магічнай практыкай бытавога характару, а таксама з каляндарнымі святамі і сямейнымі абрадамі. Напрыклад, падчас першых зімовых гулянак маладая пара выходзіла з хаты праз кажух, разасланы поўсцю ўверх, каб засцерагчы сябе ад нечаканай бяды; «Аладак на Масленіцу пяклі столькі, колькі ў двары жывёлы, каб каровы, авечкі, коні былі здаровыя»; «На Тройцу хадзілі ў лес, ламалі май. Упрыгожвалі ім хату, вароты, брамку, веснічкі. Казалі: “Будзе хадзіць ведзьма, дык каб у каровы малако не адабрала”»; «На Граной нядзелі забаранялася ўсякая работа, каб худоба не нарадзілася калекай»; «Як першы раз дзіця стрыжэш, трэба валасы закруціць у лапічак і занесці пад дубок (калі хлопчык) і сказаць: «Як гэтакі здаровы дубок, каб быў мой харошы сынок». А калідзевачку, то неслі пад бярозу і казалі: “Каб была мая дачушка така высока і здарова, і косы былі, як у бярозы”».

Міфалагічная проза складаецца з дзвюх галоўных частак:

1. Міфалагічныя расказы ў форме больш-менш разгорнутага сюжэтнага апавядання аб звышнатуральных падзеях, звязаных з міфалагічнымі персанажамі, пэўнымі мясцінамі, аб’ектамі, жывёламі, раслінамі, з удзелам людзей або без іх удзелу.

2. Тлумачэнні і апісанні, якія «расшыфроўваюць» міфалагічныя ўяўленні, звязаныя са сферай вышэйшай і ніжэйшай міфалогіі, міфалагізаваных прыродных з’яў, стыхій, рэчываў, прадметаў, чалавека, частак яго цела, прылад працы і г.д., па сутнасці, літаральна ўсяго, што нас акаляе. Яны ўяўляюць сабой міфалагічныя адказы на пытанні:

– Хто ён (яна) такі?

– Чаму ён (яна, яны) такі?

– Якія міфалагічныя функцыі і міфалагічная семантыка ўласціва той ці іншай з’яве, рэчы і г.д.?

– Адкуль яно ўзялося?

Каляндарна-абрадавая і каляндарна-святочная проза існуюць у дзвюх формах – натуральнай і штучнай, якія значна адрозніваюцца адна ад адной па форме і змесце, хоць і маюць кропкі судакранання.

Пры ўнутраных зносінах паміж вяскоўцамі дадзены від прозы, звязаны з вобразам каляндарнага свята ці абраду, які існуе ў свядомасці жыхароў, рэалізуецца настолькі шматбакова, што нават цяжка сабе ўявіць. Можна толькі меркаваць, бо мадэлі камунікацыі, якая ўключае спасылкі на святы і абрады, дакладна не апісаны. Змест гутаркі і рэакцыя суразмоўцаў (двух і больш) на дадзеную тэму вызначаецца ступенню іх далучэння да традыцыі. Адна справа, калі размаўляюць непасрэдныя ўдзельнікі святочнага абраду, іншая – яго назіральнікі, і асобны ўзровень, калі перадаецца маналог трэцяй асобы (тыпу: «Мне Ганна казала, што да іх прыходзілі валачобнікі. Там былі (і хто быў). Дык яны праспявалі (якую песню), а потым (N) кажа (цытата). А яна ім вынесла (пералік падарункаў)» і г.д.). Такім чынам, дыскурсіўная каляндарная проза зменлівая ў часе і ў гэтым сэнсе яе змест з’яўляецца гістарычна адзначаным, вар’іруецца ў залежнасці ад кантэксту.

Спецыфічны кантэкст, адрозны ад натуральнага, сітуацыя апытання інфарманта студэнтам-практыкантам. Яна ствараецца дзвюма асобамі, адна з якіх выконвае вучэбнае заданне (гэта вы), а другая згодна дапамагчы ёй. Тэма – традыцыі каляндарных свят і абрадаў у вёсцы інфарманта.

Сямейна-абрадавая проза – гэта інфармацыйна насычаныя аповеды пра тое, як у дадзенай мясцовасці праходзяць радзіны і хрэсьбіны, ладзяцца вяселлі, арганізуюцца пахаванні і памінанні нябожчыкаў.

Сямейна-абрадавая проза не мае жанраў. Яна класіфікуецца паводле тэматыкі выказвання. Напрыклад, тэмы перадвясельнай прозы – пярэпыты, даведкі, сватанне, заручыны, каравай, зборная субота і г. д.

Народна-хрысціянская проза – гэта новы пласт фальклорнай дыскурсіўнай прозы, які пачаў павольна фарміравацца з прыняццем хрысціянства. Пераемнасці паміж славянскім язычніцкім светасузіраннем і хрысціянскім не існавала. Гэта былі два абсалютна розныя тыпы, і пераход ад пакланення шматлікім багам і духам да пакланення адзінаму Госпаду, іпастассю якога лічылася Святая Троіца, расцягнуўся на стагоддзі. Працэс засваення і перапрацоўкі хрысціянскіх ідэй увесь час пашыраў поле народна-хрысціянскай прозы – цякучай, шматаблічнай, супярэчлівай. Тым не менш у тэматычна-функцыянальным плане яна была на дзіва маналітнай. Галоўная задача, якая вырашалася ў рэчышчы народна-хрысціянскай прозы, – даць адказ на пытанні, хто такія Бог, Хрыстос, Прачыстая, святыя, прыпадобныя, анёлы і іх антаганісты д’ябал, люцыпар, антыхрыст, што такое Божы храм, абразы, у чым сутнасць хрысціянскіх свят і як іх адзначаць у побыце, як суадносяцца душа і цела, што такое грэх, дабро, зло, навошта трэба маліцца, каму і як, дзе знаходзяцца рай, чысцілішча, пекла, і многія іншыя. Прыкладам: «Тою вадою на Крашчэнне ўтрачкам ідзе бацька ў хлеў і свянцае будову і крову, авечкі – ўто ў хляве е. Это, кажуць, як ужэ на тую каляду тою вадою пасвянцаеш – это Бог сохраніць от пажару. Вот яшчэ некалі казаў мой дзед, што вот этаю вадзічкаю, на Крашчэнне, да ўсхода сонца, дзе бадзякі ці асот эты ў агародзі, пасвянцай тую землю – прападзе ўвесь гэты бадзяк”

Сацыяльна-бытавая проза існавала здаўна, магчыма, яшчэ з дагістарычных часоў. Вывучацца ж яна пачала толькі з другой паловы ХХ стагоддзя, больш актыўна – з 90-х гадоў у сувязі з агульнай дэмакратызацыяй грамадства. У рэшце рэшт ён быў адзначаны ў кнізе «Восточнославянский фольклор: Словарь научной и народной терминологии» (Минск, 1993): яго беларускае тэрміналагічнае пазначэнне – чуткі, пагалоска, рускае – слухи, толки, украінскае – чутки, поголоски, гутірки (С. 332). Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя далучаць да вобласці сацыяльна-бытавой прозы плёткі. У звычайным паўсядзённым маўленні тэксты сацыяльна-бытавой прозы ўяўляюць сабой цяжкавызначальныя адзінкі. Аднак, ёсць сітуацыі, калі іх пачатак добра маркіраваны. Яго знакі – словы «я чула», «кажуць», «ёсць чутка» і пад. Напрыклад, «кажуць, што грыбы і ягады людзі вязуць з чарнобыльскай зоны і ніхто іх не спыняе», «а я чула, што БНФ трымаецца на амерыканскіх грошах», «мне сказалі, што малы бізнес перамясціўся ў Расію» і г. д.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: