Вусная гісторыя

Паняцце “вусная гісторыя” ўвайшло ва ўжытак у другой палове ХХ ст. дзякуючы навукова-грамадскаму руху “oral history”, якое ўзнікла ў ЗША. Статус вуснай гісторыі да канца не вызначаны. Што яна сабой уяўляе? Метад, крыніцу, напрамак гістарычных даследаванняў або самастойную дысцыпліну? У дадзеным выпадку нас гэта не вельмі цікавіць. Чаму? Звычайны гісторык, як правіла, мае справу з матэрыяльна зафіксаванымі дакументамі, крыніцамі, фактамі, якія ён вывучае, верыфікуе, інтэрпрэтуе. Фалькларыст-збіральнік заўсёды карыстаецца вуснай інфармацыяй удзельнікаў або сведкаў самага рознага кшталту падзей – ад бытавых да гістарычных, якую ён фіксуе пісьмова, на паперы, або дзякуючы сучасным тэхнічным сродкам.

Прафесійны гісторык схільны не давяраць вуснай гісторыі з-за ненадзейнасці чалавечай памяці, хаця яму добра вядома, наколькі недакладнымі могуць быць летапісы і архіўныя дакументы. Перад фалькларыстам праблема даверу не стаіць. Для яго важны сам факт апавядання, манера апавядальніка, тыя тыповыя тэмы, што характэрны для гістарычнай памяці народа, грамадства цалкам, калектыўнай і масавай памяці групы людзей, жыхароў асобнай вёскі, членаў адной сям’і, аднаго чалавека, які рэальна з’яўляеца носьбітам гістарычнай памяці.

Каштоўнасць вуснай гісторыі – у яе суб’ектыўнасці. Гэта галоўная вартасць вусных апавяданняў і ўспамінаў, іх жанравая рыса. Толькі такім чынам, праз сведчанні простых людзей, можна даведаца, як яны асэнсоўвалі сваю гісторыю, як адчувалі сябе ў гістарычным часе і паўсядзённым жыцці, на якія ідэалы арыентаваліся, прымалі ці не прымалі дзяржаўную трактоўку гістарычных, палітычных, эканамічных падзей, як разумелі шчасце, сумленне, веру. І ўсё гэта будзе асабістае, непаўторнае. Фалькларысты добра ведаюць, што двойчы атрымаць ад чалавека інфармацыю ў нязменным выглядзе немагчыма. Мала таго, розныя збіральнікі могуць пачуць ад інфарманта зусім розную трактоўку той жа самай падзеі.

Суб’ектыўны сэнс выказванняў аб адной і той жа з’яве, падзеі, выпадку мае мужчынскую і жаночую тыпалогію. Менавіта таму даследчыкі вуснай гісторыі (эга-дакументаў, жыццёвых сцэнарыяў) прапануюць аддаваць перавагу паліфаніі вусных рэпрэзентацый гісторыі, бо любы пункт погляду з’яўляецца няпоўным. Так, значна разыходзяцца пісьмовая і вусная гісторыя афганскай і чачэнскай вайны, чарнобыльскай катастрофы, распаду СССР, прыватызацыі і г. д. Фіксацыя суб’ектыўных ведаў асобнага чалавека – мужчыны або жанчыны аб падзеях эпохі з’яўляецца задачай гісторыка. Аналіз зместу і формы вусных апавяданняў, адказаў, успамінаў у гендэрным аспекце – задача фалькларыста.

Усё менш застаецца непасрэдных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, усё большую значнасць набываюць іх успаміны.

Асобная тэма – вайна і пасляваенны час вачыма дзяцей, хлопчыкаў і дзяўчынак. Як не можа быць адзінай канцэпцыі вайны, так не можа быць і адзінай канцэпцыі мірнага часу. Калі ўлічыць іх полаўзроставае ўспрыманне праз суб’ектыўны вопыт асобнага дзіцяці, то можна ў рэшце рэшт пазбегнуць той інфармацыйнай аднабокасці ў рэканструкцыі гісторыі, якая пануе да гэтага часу. Ваенная і постваенная памяць дзяцей – важная частка збіральніцкай працы практыкантаў.

Яшчэ адна тэма – абагульняючая: мужчыны і жанчыны ў экстрэмальных умовах, іх асабістае ўспрыманне і ацэнка падзей (вайна, пажар, паводка, навальніца, эканамічная катастрофа і да т. п.).

Наратыўная проза ўключае творы, якія аб’ядноўваюцца адным тэрмінам – легенды (пры гэтым тэрмін паданне выкарыстоўваць не патрэбна, таму што тэрмін легенда «накрывае» ўвесь матэрыял.

Легендарная проза уключае ў сябе:

1) міфалагічныя легенды з падзелам на:

а) касмаганічныя (пра стварэнне свету і яго асобных частак),

б) заагенічныя (пра стварэнне і з’яўленне жывёл, птушак, раслін),

в) антрапагенічныя (пра паходжанне чалавека),

г) эсхаталагічныя (пра канец свету ці яго частак);

2) гістарычныя легенды, у якіх падаюцца міфалагізаваныя звесткі аб этнічнай гісторыі беларусаў, іх паходжанні або аб паходжанні асобных груп (напрыклад, Палешукоў і Палевікоў), расказваецца аб першых насельніках беларускай зямлі, гістарычных падзеях мінулых часоў, ёсць указанні на гістарычных асоб, грамадскія адносіны і г. д.;

3) тапанімічныя легенды, звязаныя з геаграфіяй пэўнай мясцовасці, яе памятных ландшафтных аб’ектаў, з паходжаннем гарадоў, вёсак, азёраў, рэк, урочышчаў, курганоў і іх назваў; ад гістарычных яны адрозніваюцца дамінантнай мэтай: тапанімічныя легенды скіраваны на тое, каб даць гістарычнае або псеўдагістарычнае тлумачэнне паходжання назваў геаграфічных аб’ектаў;

4) маральна-этычныя легенды, галоўны матыў якіх – пакаранне за зло і ўзнагарода за дабро. Большая частка гэтых легенд развівалася ў рэчышчы народнай хрысціянскай культуры.

Цэнтрам сюжэтнага дзеяння легенд, да якой бы жанравай разнавіднасці яны ні належалі, выступае падзея, характар наступстваў якой з’яўляецца значным як мінімум для насельніцтва пэўнага паселішча або мясцовасці, максімум – у сусветным маштабе. Часцей за ўсё гэта ўнікальныя падзеі, наступствы якіх нельга змяніць ці выправіць: «Раз дзялілі два браты жыта, і пакуль адзін брат нёс жыта ў засеку, другі адсыпаў яму свайго. Так яны і перасыпалі жыта адзін аднаму. За тое іх Бог узлюбіў і ў месяц узяў. Дык во яны там здароўкаюцца». У легендах расказваецца аб падзеях мінулага, верагоднасць якіх для носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі не падлягае сумненню. Легендавым апавяданнем ствараецца своеасаблівая гісторыя, якая пачынаецца з часоў стварэння зямлі і цягнецца дагэтуль. Падзеі, пра якія расказваецца ў асобных легендах, з’яўляюцца падрабязнасцямі гэтай квазігісторыі і адрозніваюцца большай або меншай ступенню міфалагізацыі.

У легендах вылучаюцца «зямны» свет і «боскі». Трэба адзначыць, што «боскі» свет сустракаецца ў легендах даволі рэдка. Звычайна ён «зямным» свеце, і падзеі, у якіх прымаюць удзел бог, святыя ці чорт, звычайна адбываюцца тут, у «гэтым» свеце: «Рана, чуць свет на зорачку, сышлі з неба на зямлю святы Касьян і Мікола-Чудатворац. Ідуць яны сабе па дарозе і гамоняць, што як гэта Бог хораша ўсё на свеце падзелаў. Ішлі, ішлі святыя ўгоднікі і бачаць, што мужык завяз у гразі з возам дроў...» Прастора зямнога свету мае кропкавую канкрэтызацыю: дакладна паказаны месцы, звязаныя з тымі ці іншымі падзеямі: «У паўвярсты ад сяла Арэнічы знаходзяцца вялікія рвы, якія калісьці былі ложам аграмаднай ракі …»

Дзеянне легенды, калі б яно не адбывалася адносна моманту апавядання, – у нявызначана-мінулым часе («даўно», «вельмі даўно») або ўжо ў «гістарычным» і больш канкрэтна пазначаным («калі татары ваявалі») ці нават у эсхаталагічнай будучыні – заўсёды мае выйсце на цяперашняе, бо яно нпарыўна звязана з ім прычынна-выніковымі сувязямі. У тэксце на гэта паказваюць спасылкі апаведача на рэчы, якія існуюць з тых часоў, калі адбыліся падзеі, па сённяшні дзень і тым самым пацвярджаюць іх сапраўднасць: «Камень той і зараз там ляжыць …»; або цяперашнія назвы ці заведзены парадак жыцця: «Там, дзе зараз стаіць Крычаў, некалі людзі прыносілі афяры сваім багам. Але раз прагучаў голас зверху, які загадаў кінуць паганства і хрысціцца. Ад таго крыку і назвалі гэта месца Крычаў».


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: