Вусныя апавяданні

Апавяданне вуснае – празаічны няказкавы фальклорны жанр, скіраваны на інтэрпрэтацыю падзей, якія адбываюцца зараз ці мелі месца ў нядаўнім мінулым і маюць статус верагоднасці. Выканаўцы сказаў нярэдка з’яўляюцца сведкамі ці непасрэднымі ўдзельнікамі таго, пра што яны распавядаюць. Блізкасць мастацкіх тэкстаў вусных апавяданняў да паўсядзённага бытавога маўлення, неўсвядомленасць носьбітамі вусна-паэтычнай традыцыі (а да нядаўняга часу і збіральнікамі) іх мастацкай каштоўнасці абумовілі перыферыйнае становішча вусных апавяданняў сярод іншых жанраў вуснай народнай прозы з пункту гледжання завершанасці мастацкай формы твораў. Нягледзячы на гэта, вусныя апавяданні адносяцца да жанраў, якія вылучаюцца высокай прадуктыўнасцю і ў наш час. Вусныя апавяданні не ствараюць агульнанародных, шырока распаўсюджаных варыянтаў. Яны расказваюцца сведкамі, часам пераказваюцца слухачамі, але шырокага народнага хаджэння не атрымліваюць.

Разнавіднасцямі вусных апавяданняў выступаюць апавяданні-ўспаміны і сказы, межы паміж якімі часта недастаткова выразныя. Апавяданні-ўспаміны ўяўляюць сабой мемуары сведкаў прыгонніцтва, ваенных часоў, перыяду калектывізацыі і да. т. п.: «Пры Польшчы, пры панах у лес за ягадамі хадзілі з такімі бумажкамі, спраўкамі, што можна збіраць. А я дык вельмі баялася хадзіць і з міне ўсе смяяліся..». У сказах аповед вядзецца часцей за ўсё ад першай асобы і прысвечаны ён выпадкам з асабістага жыцця: «Раз у мяне ўнучка была. І во прыйшлі каровы, я падаіла, а яна: “Бабушка, я пайду пагуляю” – “Ідзі”, – кажу… Пайшла – няма, няма. Ой, а выйшла хмара. І ўсё маланка накрыж… Есьлі накрыж – то ўжэ недзе стрэліць гром… Бяру палку ў рукі і выходжу на вуліцу. Прыходжу, а там… ой, каля крыжа танцы! А іх там… Хлопцы, матацыклы, і гэтую музыку: тык-тык… Гэта ж цяпер музыка такая вот. Гэта не даўнейша музыка! Я кажу: “А ну ўсе па дамам! Што вы проціў Божай волі пастроілі танцы? ”»

Паколькі сюжэты вусных апавяданняў часцей за ўсё заснаваны на здарэннях, якія на самай справе адбываліся з апавядальнікам або яго блізкім ці добра знаёмым чалавекам, і расказваюцца як жыццёвыя гісторыі, то мастацкі свет гэтых твораў будуецца ў найбольшай падобнасці да рэальнага свету. У творах гэтага жанру не выяўляецца цікаўнасці да звышнатуральнага свету (як у прымхліцах) ці да падзей далёкага мінулага (як у легендах). Жанравая карціна свету вуснага апавядання ўяўляе сабой інтэрпрэтацыю «па гарачых слядах» сацыяльна-палітычных, сямейна-бытавых адносін і разгортваецца ў мастацкі свет твора праз сэнсавы цэнтр, у якім знаходзіцца герой (часцей за ўсё герой-апавядальнік) і здарэнне, якое з ім адбылося. Само здарэнне і звязаныя з ім персанажы і рэчы падаюцца праз прызму адносін да іх героя, яго так званага «індывідуальна-суб’ектыўнага» погляда і прыватнага жыццёвага досведу, за якім, зразумела, знаходзяцца традыцыйныя ўяўленні калектыву.

Тэксты вусных апавяданняў невялікія па аб’ёме і ў пераважнай большасці змяшчаюць адзін эпізод: «Ехалі мы раз з дзедам Парфёнычам па дровы ў лес. А блізка з вёскай рубіць жа нільзя, то і заехалі далёка. Так далёка, што і к партызанскім бліндажам заехалі. Ну, яны і далі па нас з кулямётаў. А наш конь спужаўся ды як рванець! Мы – кулдык з яго. Так-та. А каня потым аж у вёсцы спаймалі. А дзеду Парфёнычу ногі пасеклі кулямі».

Кампазіцыйна развіццю дзеяння ў вусных апавяданнях папярэднічае больш або менш разгорнутая экспазіцыя, якая паказвае на час і месца дзеяння. У параўнанні з легендамі, дзе апавядач імкнецца дакладна пазначыць месца і час здзяйснення падзей, у сказах назіраецца «дакладнасць даты»: звычайна год ці год і пара года: «Було мне, донькі, у ту пору трыццаць гадоў. А мужычка майго аж у 1941 годзе забралі ў армію. Ох, і нагаравалася я. Чацвёра дзяцей трэба было на ногі паставіць …»; «Когда нас спалылы в 1944 году, мы пережылы в соседней деревне зиму, в землянцы …». Месца ж дзеяння абазначаецца не настолькі дакладна, як ў легендах (аж да ўзгорачка або камня пры дарозе), а больш агульна: вёска, паселішча, горад: «Был в 1910 году в Днепропетровске у помещика на черепичном заводе …»

Сюжэтнае дзеянне ў вусных апавяданнях носіць характар здарэння: яно адрозніваецца адзінкавасцю, часта выпадковасцю, а яго наступствы маюць значнасць звычайна толькі для самога героя. «Ось як мы жылы. Пошол муй чоловік до врача – і’дэ пан наш порічскій. Да він здраў з нево шапку і піджак, да й прыйшоў мой чоловік голы. Бо не разрешалы ходыты там, где паны ходылы. Пошол на другі дэнь до пана да просіць аддаць шапку да піджака. Да туй і гаворыць: аддай шапку дурню».

Мастацкі свет вусных апавяданняў мае «суб’ектыўна-індывідуальную» афарбоўку, дзе галоўнае месца належыць герою, абставінам яго прысутнасці ў гэтым свеце і яго адносін да апошняга. Таму тэксты сказаў не проста падаюць звесткі, дзе і калі адбылося пэўнае здарэнне, але амаль заўсёды ўказваюць на асабістыя абставіны месцазнаходжання героя, колькі яму было гадоў на той час і інш. Акцэнтуецца ўвага і на адчуваннях героя: «Цяпер старыя во. Работай усё завалена. Абоі соладам селі, і рабі як хочаш. Пенсію не палучаю, толькі пяць рублей як дамахазяйка. У калхозе рабіла падзённа і дзяцей глядзела, не кінуць жа іх, як шчанят пад заборам. Хварэлі яны часта...»

Стыль вусных апавяданняў характарызуецца канкрэтыкай дэталяў самага рознага кшталту: ад дакладнай даты пэўнага здарэння да ўнутранага стану героя ў вызначаныя моманты. «Жыццепадобнасць» выступае стылеўтваральным прынцыпам вусных апавяданняў: «У мяне было сем дзяцей. Кушаць нічога не было. Карова мала давала малака. Хлеба давалі грамы. Думалася: “Госпадзі, ці прыйдзецца хлебца есці досыта”. Бывала, іду палоць картошку, і вочы мае не глядзяць і ўсё тут... Цяпер лепей жыць. Калі дбаеш, дык і маеш».


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: