Прымхліцы

Прымхліца – жанр фальклорнай няказкавай прозы, звязаны з так званай ніжэйшай міфалогіяй і народнымі павер’ямі. У прымхліцах апавядаецца пра сутыкненне чалавека са звышнатуральнымі істотамі і з’явамі, чымсьці незвычайным і жудасным, што быццам бы мела месца на самай справе: нячыстай сілай, прывідамі, мерцвякамі, ведзьмакамі, пярэваратнямі і да т. п.

Суіснаванне дэманічных істот і людзей – сэнсавы цэнтр карціны свету прымхліцы, разнастайныя адносіны паміж імі – крыніца яе сюжэтаў: «Жанчына пайшла ў лес па грыбы. Бачыць, на дрэве вісіць вялікі кавалак бярозавай кары. Падыйшла яна, зазірнула ў сярэдзіну, аж там ляжыць голае дзіця і спіць. Жанчыне шкада стала дзіцяці, адвязала свой фартух, прыкрыла ім дзіця... Але не паспела яна адыйсці, як пачула: “Пачакай, кабетка!” Яна азірнулася, бачыць – бяжыць да яе голая жанчына з распушчанымі валасамі. Гэта была русалка. Тая спужалася і хацела ўцячы, але русалка закрычала: “Пастой, кабетка, спор табе ў рукі!” Дакранулася да рук жанчыны і знікла. Калі жанчына трохі ачулася ад пуду, яна вярнулася дадому. З тае пары яна пачала так працаваць, што ўсе дзівіліся, адкуль у яе бяруцца сілы». Стасункі паміж «нячыстай сілай» і людзьмі могуць мець разнастайны характар: ад добрасуседскіх адносін, заснаваных на ўзаемнай павазе і выкананні пэўных абавязкаў перад іншым бокам (напрыклад, паміж дамавіком і гаспадаром хаты), да канфліктных сітуацый, калі парушэнне чалавекам тэрытарыяльных межаў ці вызначаных правіл паводзін прыводзіць да варожых дзеянняў з боку духаў. А часам гэта проста шкодніцкія падкопы «нячысцікаў».

Прастора ў прымхліццах прадстаўлена ў выглядзе пэўных локусаў, вылучэнне якіх залежыць ад «месца жыхарства» тых ці іншых «нячысцікаў» (лесавіка, вадзяніка, дамавіка і інш.) або высокай частотнасці сустрэч з імі: лес, балота, рака, мост, сядзібныя пабудовы, скрыжаванні дарог, могілкі і інш. Час у прымхліцах прымеркаваны да гадзіны сутак, калі кантакты з духамі ці іх праявамі адбываюцца найбольш часта: вечар, ноч, світанне, поўдзень і г.д.

Сюжэты прымхліц вылучаюцца надзвычайнай напружанасцю, бо апавядаюць пра таямнічае, небяспечнае, страшнае. Экспазіцыя прымхліцы можа змяшчаць у сабе кароткую «перадгісторыю» з тлумачальнымі элементамі, якая знаёміць слухача з абставінамі, пры якіх адбылося здарэнне: «Мы спрэжда былі багаты, було ў нас трыццаць коней. Наканец таго заступілі памешчыкі з Масквы, асталась з трыццаці тры толькі... Цяперака ацец наш заскучаў, патаму не хватае нам на пракармленія…». Або ўяўляе сабой больш кароткі варыянт, які паказвае толькі на час і месца дзеяння: «Вот раз, у піліпаўку … пашоў бацька наш пасля абеда … ўва’він, памаліўся богу і лёг спаць. Скінуў шубу, паклаў у галава, сам абпёрся на руку і задумаўся аб сваім хадзяйстве, што негдзі чаго ўзяць …». Завязка характарызуецца раптоўнасцю: «Удруг яўляецца яму старык: куртка чорная, пояс чорны, на галаве каўпак…»; «Адна кабета … перастала абсарваваці шчодрыя вечары. Прала яна, прала раз, аж да паўночы. Удруг чуе, што нехта стукае ў вакно …». Дзеянне разгортваецца імкліва і заканчваецца сціслай, стрыманай развязкай: «Назаўтра знайшлі спячага смельчака, а пры ім цела пана і скарб. Пахавалі пана, і з таго часу быў ужо спакойны»; «А нашыя мужчыны назаўтрае на адным вале дамоў прыбіліся». У якасці своеасаблівага пасляслоўя могуць сустракацца выразы, якія яшчэ раз падкрэсліваюць жудасць таго, пра што распавядаецца, тыпу «Страхата, не прывядзі бог», або яшчэ адно запэўніванне слухачоў у сапраўднасці апавядання: «Дак от гэта нам расказвала жанчына ў Смуроцку да й бажылася, што праўда»; «Вы не верыце, а я бачыла сама, далібо-ж тоі».

Сюжэты прымхліц апісваюць тыповыя выпадкі, якія могуць адбыцца і са слухачамі. Свядомасць носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі змяшчае ў сабе набор прэцэдэнтных сітуацый (напрыклад, нечысць заманьвае на згубу, ведзьма шкодзіць і інш.), у адпаведнасці з якімі ствараюцца і ўспрымаюцца прымхлівыя апавяданні. Пацвярджаюць гэта падагульняючыя заўвагі тыпу «Дак от як нячыстая сіла здзекуецца да дурыць людзей», «Во якія кепікі з людзей строіў тут калісьці нячысцік», «Дак во як баба паддзелала».

Для прымхліцы характэрна апавяданне ад першай асобы (форма апавядальніка) «Сядзімо мы раз у карчме, пакурваем люлькі да гамонім аб том, аб сём. Толькі ось улазіць Купрэй і пачынае жаліцца, што яго коні ноччу хтось заезджвае ў хляве...» Гэта стварае эфект атрымання слухачом звестак «з першых рук», што дае дадатковыя падставы для ўспрымання іх як верагодных, асабліва калі ў тэкст уключаны пераканаўчыя запэўніванні: «... Я сама бачыла от гэстымі самымі вачыма, што на вас пазіраюць. Далібо, што праўда, каб я так свет божы аглядала...». Радзей сустракаецца ў прымхліцах апавяданне ад трэцяй асобы (форма апаведача). Звычайна яна выкарыстоўваецца для паведамлення пра тое, якія бывалі выпадкі сутыкнення са звышнатуральным. У такіх апавяданнях, як правіла, героем выступае «нейкі чалавек», «адзін чалавек», «адна баба» і інш.: «Адзін чалавек, ідучы познім вечарам, убачыў на полі нейкую істоту. Падобная да чалавека, але не мела на сабе шкуры і былі відаць усе ўнутранасці. Гэты чалавек так перапалохаўся, што захварэў на сухоты і неўзабаве памёр».

У сучасным фальклоры сустракаецца ў якасці страшылкі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: