Сямейнае звычаёвае права

Сямейнае звычаёвае права — няпісаныя нормы і правілы, якія рэгулявалі асабістыя і маёмасныя адносіны, што ўзнікалі са шлюбу і прыналежнасці да сям’і. Паводле сямейнага звычаёвага права ў беларусаў шлюб бралі ў некалькі этапаў: сватанне, аглядзіны, заручыны (змовіны), вянчанне і вяселле. Сватанне і аглядзіны, як падрыхтоўчыя дзеянні, ніякіх прававых вынікаў не мелі, апошнія наступалі толькі пасля заручын. Той, хто адмаўляўся ад шлюбу, павінен быў вярнуць панесеныя выдаткі. Асноўныя правамоцтвы пры заручынах належалі бацькам, блізкім сваякам ці апекунам маладых. Калі ў сям’і было некалькі дачок, аддавалі раней старэйшую, потым маладзейшую. Узрост, з якога маглі ўступаць у шлюб, у сямейным звычаёвым праве не быў дакладна ўстаноўлены. Паводле царкоўных правілаў у шлюб маглі ўступаць дзяўчаты з 12 — 14, хлопцы з 14 — 15 гадоў (паводле Статутаў 1529 і 1566 паўналетнімі лічыліся дзяўчаты з 15, хлопцы з 18 гадоў, паводле Статута 1588 шлюбны ўзрост для дзяўчыны — 13 гадоў). Шлюб адбываўся са згоды маладых і іх бацькоў (ці блізкіх сваякоў). Згода на шлюб жаніха і нявесты мела значэнне, калі яны былі матэрыяльна незалежныя і ў сталым узросце. Часцей яна была фармальнасцю. Вяселле праходзіла ўрачыста, суправаджалася народнымі абрадамі. На вяселле запрашалі вельмі многа гасцей. Пасля вяселля, незалежна ад таго, адбылося царкоўнае вянчанне ці не, шлюб лічыўся агульнапрызнаным і грамадска замацаваным. Узаемаадносіны мужа і жонкі ў сям’і залежалі ад іх характару, паходжання і маёмаснага становішча (маёмасць, якую яны ўнеслі пры шлюбе). Прызнанне па сямейнаму звычаёваму праву маёмасных правоў жанчыны забяспечвала ёй пэўную свабоду як гаспадыні ў доме, а не служанкі мужа. Пасаг жонкі, хоць і пераходзіў у агульную ўласнасць сям’і, забяспечваўся нерухомай маёмасцю мужа. Калі муж быў бяднейшы за жонку і прыходзіў да яе ў дом, жонка абмяжоўвала яго правы па распараджэнню маёмасцю. Але і ў гэтым выпадку ён лічыўся галавой сям'і. Доля дзяцей у агульнай маёмасці не была дакладна вызначана, хоць іх права і не адмаўлялася.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: