Імпэрскі фашызм

Тое, што мы бачым цяпер у пуцінскай Расеі, -- гэта тыповае выяўленьне шавіністычна-імпэрскага фашызма. Пасьля паўраспаду савецкай імпэрыі (1991г.) адбылося перараджэньне сацыял-імпэрскага фашызма (якім быў савецкі сацыялізм-камунізм) у нацыянал-імпэрскі фашызм. Ад самага пачатку гэтых накірункаў сацыялізму розьніца паміж імі палягала толькі ў апорных групах грамадзтва. Нацыянал-сацыялізм (скарочана “нацызм”) абапіраўся на выключнае права пануючай нацыі. Сацыял-камунізм – на выключнае права пластоў грамадзтва, пазбаўленых прыватннай уласнасьці. У астатнім – поўнае супадзеньне мэтадаў і задач, толькі з мадыфікацыямі па родавых прыкметах.

На пачатку ўзьнікненьня і разьвіцьця двух фашызоідных сістэмаў сацыялізма паміж імі было брацкае супрацоўніцтва. Але паколькі і адна, і другая сістэма імкнуліся да сусьветнага панаваньня, то сутыкненьне паміж імі было непазьбежным.

У Другой Сусьветнай вайне сьвет зьнішчыў адну частку антычалавечай сістэмы – гітлераўскі фашызм і нямецкі мілітарызм. З другой часткай (сацыялізм і савецкі імпэрыялізм) пачалася халодная вайна. Пасьля перамогі вольнага сьвету ў халоднай вайне сістэма сацыялізму (сацыял-фашызма) распалася. Аднак засталася дзяржаўная імпэрская аснова і рэпрэсіўны апарат сістэмы: НКВД-КГБ. Такое становішча рана ці позна мусіла б прывесьці да дыктатуры, да аднаўленьня палітыкі імпэрыялізму і агрэсіі.

Пра небясьпеку такой зьявы я пісаў на працягу ўсіх 90-х гадоў (галоўная праца – “О русском империализме и его опасности”). Гром грымнуў у 2000-м годзе. Абсалютную ўладу ў Расеі пераняў КГБ. У той жа год зімой я паехаў ў Вашынгтон, а сябры нашай партыі (КХП-БНФ) – у Парыж, Вільню, Рыгу, Брусэль. Ставілася задача папярэдзіць сьвет аб небясьпецы, склікаць міжнарожную канфэрэнцыю палітыкаў на ўзроўні партыяў, дэпутатаў парлямантаў і членаў урадаў, зьвярнуць увагу на небясьпеку для ўсяго сьвету і прыняць плян супольных дзеяньняў. Небясьпека – гэта падрыхтоўка агрэсіі, перамена межаў, перапарадкаваньне грашовых плыняў, падпарадкаваньне дзяржаўнай мафіі і спэцслужбам усіх сфэраў дзейнасьці (найперш эканомікі і фінансаў), рост і каардынацыя сусьветнага тэрарызму, пранікненьне ў заходнюю палітычную сістэму, лякальныя войны і ў выніку – перадзел сьвету і небясьпека новай усеагульнай вайны.

У Вашынгтоне знайшліся палітыкі, якія разумелі, у якім кірунку пойдзе разьвіцьцё Расеі. Дамовіліся аб падрыхтоўцы міжнароднай канфэрэнцыі. Я выехаў у Эўропу і Прыбалтыку. У цэлым усюды была падтрымка. Але потым збой адбыўся якраз у ЗША. Вашынгтон ухіліўся ад гэтай ініцыятывы. Вышэйшыя палітычныя сфэры захаду стаялі на іншых пазыцыях. Неўзабаве ў Маскву да ручкі Пуціна паехаў прэм’ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр і іншыя лідары. Пазьней прэзыдэнт ЗША Буш убачыць у рыбіных вачах Пуціна “душу рускага народа”. Захад сваёй палітыкай фактычна выгадаваў новы рускі фашызм і яшчэ не разумее, што адбылося.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: