Цяжкі час Украіны

Мушу паўтарыцца яшчэ раз, што напад на Украіну рыхтаваўся ад самага пачатку заступленьня Пуціна на вяршыню расейскай улады. Сістэмна гэта рыхтавалася за часы прэзыдэнта Януковіча. Тады ў структуры ўкраінскай улады і ўвогуле грамадзтва Масква ўсяліла тысячы сваіх агентаў, задача якіх была дэзарганізаваць украінскую дзяржаву (падрыхтаваць яе для лёгкага захопу).

Украінскую армію, напрыклад, развалілі цалкам. Цяпер, калі пачаўся другі этап падрыхтоўкі ўварваньня, у паўднёва-усходнія гарады заслалі са зброяй сотні рускіх дыверсантаў і тысячы сабатажнікаў пад выглядам турыстаў. Яны вытвараюць там, што хочуць, а ўкраінская дзяржава ня ў стане ні перакрыць мяжу, ні абараніць гарады ад нашэсьця. Добрая палова ўкраінскай міліцыі падкуплена расейскай агентурай. Міліцыя бяздзейнічае. Уся расейская ФСБ кінута зараз на ўсход і поўдзень Украіны дзеля падрыхтоўкі правакацыяў і стварэньня ўмоваў для ўварваньня.

Ужо даўно адбываецца расейская акупацыя, ідзе сучасная вайна на тэрыторыі Украіны, новымі расейскімі мэтадамі, ўзброеныя да зубоў сучаснай зброяй рускія вайсковыя аддзелы ГРУ захопліваюць украінскія гарады, на вайсковых рускіх машынах падвозяць падмацаваньні -- зброю і жывую сілу (і як гэта яны праязджаюць праз дзяржаўную мяжу?), а часовая кіеўская ўлада ня ведае што рабіць. (У сучаснай жа вайне няма франтоў і акопаў). Расейскія фашысты жаруць Украіну па частках, як зграя ваўкоў, загнаўшы лася, рвуць кавалкі яго па-жывому, а бапцісцкае кіраўніцтва у Кіеве, відаць, вырашае, якую шчаку яшчэ падставіць расейскім жывадзёрам. Сапраўды становішча Ўкраіны проста трагічнае. Новая ўлада не дае магчымасьці іншым краінам дапамагчы Украіне, бо Украіна не супраціўляецца.

Справа ня ў Крыме, не ў паўднёвых і ўсходніх вобласьцях Украіны. Справа ва ўсёй Украіне, якая па плянах Пуціна (пра што ён раней прагаварыўся) павінна быць ліквідавана як дзяржава. Захоп па кавалачках – гэта тактыка і адцягваючы манэўр, бо галоўны ўдар і галоўная правакацыя рыхтуецца ў Кіеве. Шмат будзе залежыць ад таго, як украінцы ўмацуюць Кіеў і засьцерагуць урадавыя будынкі.

Пуцін мог бы адкласьці шырокае ўварваньне, калі б былі гарантыі перамогі на выбарах 25 траўня кандыдата на прэзыдэнта Украіны выгаднага Маскве (як мяркуюць многія украінцы – Юліі Цімашэнкі). Калі гарантыяў ня будзе, маскоўцы пастараюцца сарваць выбары. Маштабнае ваеннае ўварваньне на Украіну – адзін з мэтадаў.

Складанасьць на Украіне ў тым, што акрамя агульнага дзяржаўнага развалу, тут прызначана (што для ўсіх відавочна) безаблічнае і нерашучае часовае кіраўніцтва дзяржавы. Дрэнна таксама, што яно вымушана ва ўсім цяпер слухаць бесталковую Эўропу. Вынік гэтай залежнасьці – перасьлед і абмежаваньне дзейнасьці Правага сэктару – структуры, якая вынесла ўкраінскую рэвалюцыю на сваіх плячах. Тут відаць тыповая падвойная “палітычка” лібэральнага Захаду: прасоўваць свае паняцьці пра дэмакратыю і зьнішчаць нацыянальна-дэмакратычныя сілы, якія праводзяць моцную незалежную палітыку.

Такі сцэнар яны ажыцьцявілі ў Беларусі ў 90-х гадах, калі кінулі вялікія грошы і кадры на раскол Народнага Фронту і подкуп дэмакратычных маргіналаў, зь якіх клеілі потым “дэмакратычную апазыцыю”. Супольнымі сіламі з рэжымам Лукашэнкі і з Масквой гэтыя заходнія “дабрадзеі” грунтоўна панішчылі тады ў Беларусі беларускую нацыянальную палітыку. Цяпер яны пачалі гэтым займацца ўжо на Украіне.

Праблемы ў Беларусі

Калі рускую акупацыю ня спыняць на Украіне, то агрэсія будзе распаўсюджвацца далей. Але ўжо цяпер Масква, практычна, уцягнула антыбеларускі рэжым у падрыхтоўку ўдара па Украіне. Расейцы перакінулі 24 свае самалёты на стратэгічны беларускі аэрадром у Бабруйску, нават не паставіўшы ў вядомасьць свайго сатрапа. Гэтым засьведчана (хто яшчэ не зразумеў), што суверэнітэту ад Расеі ўжо няма. Зрэшты, яго няма ўжо з 1996 года, калі вырадак насуперак Канстытуцыі ліквідаваў мяжу з Расеяй.

Мяркуецца, што Расея сьцягвае свае войскі ў акупаваную Беларусь для ўдару па Кіеву. У апошні час у Менску сталі заўважаць дзіўных ваенных у пагонах, але без ніякіх вайсковых адзнак. Яны гавораць па-руску. Але чыё гэта войска – сказаць цяжка. Магчыма, нават беларускае. Калі так, то гэта трывожны сімптом, які сьведчыць, што маскоўскі гэбізм намераны сур’ёзна ўцягнуць антыбеларускі рэжым у канфлікт і запляміць нашых людзей у братазабойчай вайне.

Подласьць Масквы нямераная. Яна ведае нашыя цёплыя адносіны да ўкраінцаў, а ўкраінцаў да беларусаў. Украінцы – гэта нашыя сапраўдныя браты. Мы гаворым кожны на сваёй мове і разумеем адзін аднаго. Перакладчыкаў нам ня трэба. І тут гэбоўскай Маскве трэба пасеяць сваю нянавісьць. Такога нельга дапусьціць, бо ўкраінская вайна з акупанцкай Расеяй – гэта і нашая вайна з акупанцкай Масквой. Беларускія жаўнеры павінны быць гатовыя павярнуць зброю супраць расейскіх акупантаў, а ў выпадку прымусу перастраляць акупанцкіх афіцэраў (а такія ёсьць) і ваяваць на баку ўкраінцаў за нашу і іхнюю свабоду. Калі рускія фашысты думаюць, што возьмуць Беларусь голыма рукамі – яны моцна памыляюцца. Зараз не да сантымэнтаў і не да пустых размоў.

Усе ўжо ўбачылі агрэсіўнае валасатае мурло рускага кагэбізму. Гэтае мурло не разумее ніякай чалавечай мовы, акрамя мовы дубіны і кулі. Таму гаварыць зь імі можна толькі на гэтай іхняй мове. Інакш ня дойдзе. Перамагае той, хто змагаецца. Дапамагаюць таму, хто супраціўляецца. Настае вызначальная пара. Трэба быць да яе гатовымі.

Жыве Беларусь!

13. 04. 2014 г. Зянон Пазьняк


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: