Мэтамарфозы фашызму

Пераход да імпэрскага нацыянал-фашызму ў форме пуцінскага гэбізму адбыўся натуральна і заканамерна, з выкарыстаньнем гістарычных напрацовак, для інтэграцыі і асэнсаваньня якіх хапіла КГБ і Пуціна. Менавіта палітыка пуцінскага гэбізму арганізавала імпэрскі нацыянал-фашызм у Расеі. КГБ для кантролю над грамадзтвам стварыў мноства радыкальных праімпэрскіх прарасейскіх арганізацыяў, фінансаваў іх, арганізаваў (па прыкладу лукашызма) псэўда-апазыцыйныя структуры, разьвіваў ура-патрыятычныя настроі, дзе культывавалася расейская выключнасьць, мэтадычна ствараўся вобраз ворага ў абліччы Амэрыкі, НАТО, падступнага Захаду, гатовага нашкодзіць Расеі. Негалосна падтрымліваліся расісцкія настроі і дзеяньні. Пры гэтым рэжым Пуціна афіцыйна выступаў супраць фашызму і экстрэмізму, але фашыстамі і фашызмам у расейскім разуменьні называліся ўсе нярускія нацыянальныя рухі і людзі, што выступалі супраць расейскага імпэрыялізму, агрэсіі і несвабоды. Тут усё сьведама, па-гэбоўску было перавернута з ног на галаву. І збыліся словы Чэрчыля, калі рэальныя фашысты пачалі казаць, што змагаюцца супраць фашызму і ненавідзяць “фашызм”, пад якім разумеюць тых, хто змагаўся за незалежнасьць, свабоду і дэмакратыю супраць імпэрскай Расеі. “Фашыстамі” аб’яўлялі цэлыя нацыі: эстонцы – гэта “фашысты”, “они против Росии”, украинцы – “они все фашисты-бэндэровцы”, БНФ – “фашисты”, “они за белорусский язык” і г. д.

Усё гэта замбавалася на ірацыянальным узроўні, зьвярталіся да людзкой неадукаванасьці і нізкіх інстынктаў. У давяршэньне гэбізм сканцэнтраваў усе сродкі інфармацыі ў сваіх руках і арганізаваў такую сістэму інфармацыйна-прапагандысцкай ілжы, хлусьні, інсінуацыяў, якая можа быць толькі ў Расеі. Перад ёй нават гёбельсаўшчына малее.

Фашызацыя грамадзтва Расеі адбывалася татальна і хуткімі тэмпамі, а інфармацыя пра гэта аб’яўлялася “антырасейскімі правакацыямі”, “русафобіяй” і т. п. Усё трывала да таго часу, пакуль пуцінскі гэбізм ні напаў на Украіну, ні захапіў Крым і ня выявіў сваю сутнасьць у агрэсіўных дзеяньнях, ацэначна зразумелых ва ўсім сьвеце як агрэсія, напад, анэксія, вайна. Сьвет ачнуўся ад ілюзіяў, але, як мне здаецца, яшчэ не ўсьвядоміў, што адбываецца.

Сістэмы бясьпекі ў Эўропе, заснаванай на аснове дамоўленасьцяў і непарушнасьці межаў, больш не існуе. Галоўны фігурант гэтых дамоўленасьцяў Расея – краіна з самым вялікім патэнцыялам ядзернай зброі -- паламала ўвесь парадак міжнародных абставінаў, з цяжкасьцямі дасягнуты пасьля 2-й Сусьветнай вайны. Гарантыі і мэмарандумы вялікіх краін ператварыліся ў пустыя паперкі і нічога ня значаць. Сытуацыя вярнулася ў 30-я гады мінулага стагоддзя, і Захад у гэта яшчэ ніяк ня можа паверыць. На працягу шэрагу гадоў усе папярэджаньні беларусаў, палякаў, прыбалтаў аб агрэсіўнай сутнасьці Расеі, аб гэбізме ў Расеі як новай формы фашызма, аб падрыхтоўцы Расеі да вайны, -- на ўсё гэта Захад не зьвяртаў увагі, ён, бачыце, спадзяваўся на “дэмакратыю” ў гэбоўскай імпэрскай краіне, даваў ёй мільярды крэдытаў.

Гэты Захад апраўдываў прарасейскую ўнутранную акупацыю Беларусі і вуснамі сумнавядомага Ганса Віка штурхаў нашу краіну да анэксіі, казаў, што злучэньне аўтарытарнай Беларусі з “дэмакратычнай” Расеяй прывядзе Беларусь да дэмакратыі. Яны як зомбі паўтаралі заклінаньні аб “дэмакратычнай” Расеі (там, дзе дэмакратыі ніколі не было і ня можа быць, пакуль гэты монстр не распадзецца). Сапраўды, паўтараюцца 30-я гады, калі Эўропа сама выкарміла Гітлера і разьвязала яму рукі для агрэсіі. Рускі гэбізм таксама сфармаваўся і акрэп пры спрыяньні Захаду. Адсюль вынікае, што і на гэты раз яны знойдуць між сабой паразуменьне, аж пакуль Расея ні пачне новую сусьветную вайну.

Гісторыя канстатуецца, але, на жаль, не засвойваецца, бо ў палітыцы існуюць іншыя тэндэнцыі – вярнуцца ў гісторыю і ўвайсьці двойчы ў тую ж ваду. Тое, што робіць цяпер Пуцін і кампанія – гэта не псіхічны зрыў, не скорапальная авантура, а цалкам сьведамае дзеяньне, нечаканае для Захаду, які ад прыроды ня ў стане зразумець сутнасьці рускіх гэбоўскіх мазгоў. (У гэтым, дарэчы, адзіная перавага Расеі перад Захадам. Расея разумее Захад дасканальна, а Захад Расею – не.) Калі б расейцы былі ў квяцістых халатах, у чалмах, з бародамі па пояс – тады было б ўсё зразумела. Але вось яны на фатаграфіі ў эўракасьцюмчыках, у джынсах, пры гальштуках стаяць рашучым натоўпам пад вялікім лёзунгам з нагоды анэксіі Крыму, на якім напісана: “Мы против свободы”. Гэта тое, пра што я пісаў у пачатку. Яны супраць свабоды заходняй і за свабоду рускую, гэта значыць за свабоду рабскую, за свабоду ненавідзець усіх, хто ня зь імі і хто не такія, як яны.

Некаторыя заходнія асобы пішуць наконт паталёгіі крымскага псіхозу ў Расеі. Маўляў, Пуцін падставіў Расею пад санкцыі, а Крым пад дэградацыю і выміраньне. У выніку настане ацьверазеньне, і настроі ў расейцаў зьменяцца. Тут чарговая ілюзія заходніх уяўленьняў. Расейцы -- гэта ня немцы, што ўжо скора семдзесят гадоў каюцца пасьля вайны і адчуваюць сваю віну за злачынствы Гітлера. Расейцам такія пачуцьці віны і пакаяньне ў прынцыпе не вядомыя. У гісторыі Расеі такіх выпадкаў не было. Яны ня каяліся ні перад чачэнцамі, ні перад крымскімі татарамі, ні за Курапаты, ні за Галадамор украінцаў – увогуле, яны ніколі і ні за што не каяліся, бо ў іх іншая маральна-гістарычная ўстаноўка ў сьвядомасьці – як у цара Хамурапі, як у Чынгіз-хана, і забойствы (тым больш масавыя “ў імя Расеі”) – гэта, па-іхняму, “гераізм”, “доблесть” правления, оружия и твердой руки”. Яны гэтым ганарацца. (Пачытайце выказваньні рускіх генэралаў апошняй Чачэнскай вайны.) «Ваше сиятельство, не щадите виновных!» -- шыпеў на паўстанцаў Каліноўскага рускі паэт М. Някрасаў, зьвяртаючыся да Мураўёва-Вешальніка. (Гэта той самы Някрасаў, што вывеў карыкатурны вобраз беларуса ў вершы “Железная дорога”)

Калі ў выніку авантурнай палітыкі Пуціна пасьля нападу на Украіну рускім стане жыць горш, калі пачнецца, напрыклад, эканамічны абвал, то будзе ня так як думаюць на Захадзе, а так як адбываецца ў Расеі: псіхоз імпэрскага шавінізму пяройдзе ў амок шавінізму (все гады, бей, круши!). І ня Пуцін стане ў іх вінаваты, а ўвесь сьвет, Амэрыка, НАТО, піндосы, “предатели” і г. д. Будзем да гэтага гатовыя. Небясьпека толькі ў тым, што калі амок захопіць самога Пуціна і яго ідэалягічнае ўпраўленьне тыпу разанскага епіскапа “Краніка”, то паміраць могуць “з музыкай” пад акампанэмэнт атамных выбухаў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: