Польска-савецкая вайна і Беларусь

У лістападзе 1918г. адрадзілася польская дзяржава. Кіраўнік Пілсудскі аб’явіў аб абнаўленні Рэчы Паспалітай у межах 1772г. У снежні 1918г. польскія кіруючыя колы сталі на шлях ажыццяўлення сваіх намераў далучыць землі Украіны, Беларусі і Літвы да Польшчы. У лютым-сакавіку 1919г. палякамі былі заняты Брэст, Кобрын, Беласток, Ваўкавыск, Слонім, Пінск. Да сярэдзіны сакавіка была захоплена Вільня – сталіца Літоўска-Беларускай ССР.

Бальшавіцкая ўлада не змагла аказаць значнага супраціўлення польскім войскам, бо вялікія сілы Чырвонай Арміі ў гэты час былі задзейнічаны на Усходнім фронце, які бальшавікі лічылі на той час галоўным.

Няздольнасць у арганізацыі супраціўлення агрэсіі Польшчы, прымусовая мабілізацыя ў чырвоную армію і адпраўка мабілізаваных на Усходні фронт, палітыка “ваеннага камунізму” выклікалі сярод насельніцтва Беларусі і чырвонаармейцаў хвалю абурэння і прывялі да паўстанняў супраць бальшавіцкай улады ва ўсходняй частцы Беларусі. Адным з іх было паўстанне ў Гомелі. 24 сакавіка паўстанцы захапілі Гомель, а 26 – Рэчыцу. Для барацьбы з паўстанцамі ў Мінску быў створаны ваенна-рэвалюцыйны штаб, які звярнуўся ў іншыя гарады з просьбай прыслаць войскі і з іх дапамогай жорстка задушыў паўстанне. Вясной 1919г. польскія войскі захапілі Ліду і Вільню. Урад ЛітБел пераехаў у Мінск. Але польскае наступленне працягвалася. Праз некаторы час савецкія войскі пакінулі Мінск, Слуцк, Барысаў, Бабруйск, Жлобін, Рагачоў, Рэчыцу. Пагроза навісла над Гомелем. І толькі з восені 1919г. па вясну 1920г. фронт стабілізаваўся на лініі ракі Бярэзіны.

На захопленай тэрыторыі Беларусі польскія ўлады ліквідавалі органы мясцовага кіравання, яе бальшавіцкія, так і тыя, што былі створаны Радай БНР. Былі забаронены прафсаюзы і іншыя рабочыя арганізацыі. Аднаўлялася польскае памешчыцкае землеўладанне. Польская армія паўсюдна чыніла гвалт і рабаўніцтва.

Акупірываная тэрыторыя была падзелена на дзве акругі – Віленскую і Мінскую, якія ў сваю часргу дзяліліся на паветы. Улада ў іх належала польскай акупацыйнай адміністрацыі. Беларусы ў органы кіравання не дапускаліся. У культурным жыцці праводзілася палітыка паланізацыі. Многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху, настаўнікі беларускіх школ былі арыштаваны. Дзяржаўнай мовай была аб’яўлена польская.

Адначасова польскія кіруючыя колы выступілі з адозвай да насельніцтва былога Вялікага княства Літоўскага, у якой абяцалі даць яму магчымасць самому вырашаць свае нацыянальныя і рэлігійныя справы. Гэта прывяло да таго, што Рада БНР, якая спачатку адмоўна паставілася да польскай акупацыі, узяла курс на падтрымку польскай палітыкі і дабівалася перадачы ёй улады на Беларусі. Многія беларускія дзеячы спадзяваліся з дапамогай палякаў стварыць суверэнную беларускую дзяржаву. Хутка стала зразумела, што палякі думаюць толькі аб інкарпарацыі Беларусі і Літвы ў склад Польшчы. 12 снежня 1919г. са згоды польскага ўрада была склікана Рада БНР. Акупанты разлічвалі, што яна адобрыць далучэнне Беларусі да Польшчы, але яна выказала пратэст супраць гаспадарання палякаў на Беларусі. Тады палякі стварылі так званую Найвышэйшую Раду, якая прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, але польскі ўрад праігнараваў гэтую прапанову.

Палітыка польскіх улад выклікала рашучае супраціўленне беларускага народа. Барацьбу ўзначалілі камуністы і беларускія эсэры. Разгортваецца масавы партызанскі рух. Камуністы ЛітБела разам з эсэрамі стварылі агульны паўстанцкі камітэт. Ад беларускіх эсэраў адышла група моладзі на чале з Ігнатоўскім, якая стварыла на акупіраванай тэрыторыі Беларускую камуністычную арганізацыю (БАК). Яна разгарнула барацьбу за Савецкую Беларусь у федэрацыі з Расіяй, удзельнічала ў партызанскім руху, пазней увайшла ў Кампартыю Беларусі.

Адзіны антыпольскі фронт даваў станоўчыя вынікі. Вясной 1920г. польскія ўлады вымушаны былі спыніць ваенныя перавозкі амаль на ўсіх чыгуначных магістралях Беларусі. Масавы і арганізаваны рух супраціўлення падрываў бяздольнасць польскай арміі, паскорыў выгнанне акупантаў з тэрыторыі Беларусі.

У сакавіку 1920г. польскія войскі пачалі новае наступленне. Імі былі заняты Мазыр, Калінкавічы, Рэчыца. Каб дапамагчы Паўднева-Заходняму фронту, Заходні фронт перайшоў у наступленне, якое было няўдалым. Пасля гэтага Заходні фронт быў умацаваны. У сярэдзіне мая пачалося новае наступленне Заходняга фронту. У ліпені вызвалены Мінск, Вільня, Гродна. Да жніўня 1920г. была вызвалена ўся Беларусь.

12 ліпеня 1920г. прадстаўнікі РСФСР у Маскве падпісалі мірны дагавор з прадстаўнікамі літоўскага ўрада, якім прызнавалася незалежнасць Літвы. Без згоды беларусаў літоўскімі аб’яўляліся Віленская і Гродзенская губерні.

Падпісанне дагавору з Літвой азначала скасаванне ЛітБел ССР. У сувязі з гэтым 31 ліпеня 1920г. адбылося другое абвяшчэнне незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.

З пераносам баявых дзеянняў на тэрыторыю Польшчы сталі выразна відаць палітычныя матывы і мэты вайны, якія меў Савецкі ўрад. Яна ператварылася ў сродак экспарту сацыялістычнай рэвалюцыі ў Польшчу і далей на Захад. Аднак разлік на падтрымку польскага пралетарыяту не спраўдзіўся. Наадварот, адказам на наступленне Чырвонай арміі быў магутны нацыянальна-вызваленчы ўздым польскага народа. 16 жніўня палякі перайшлі ў контрнаступленне. Чырвоная Армія адкацілася ад Варшавы да Мінска. Аднак як Польшча, так і Савецкая Расія не мелі магчымасці працягваць вайну. 12 кастрычніка 1920г. былі заключаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР і Украінай з аднаго боку і Польшчай – з другога, згодна з якімі ваенныя дзеянні спыніліся.

18 сакавіка 1921г. быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор паміж РСФСР і Польшчай. Да Польшчы адыходзіла 113 тыс. кв. км беларускай тэрыторыі з насельніцтвам больш за 4,6 млн. чалевек. БССР захавалася толькі ў межах шасці паветаў Мінскай губерні з насельніцтвам крыху больш як 1,6 млн. чалавек. Віцебская і Гомельская губерні, заходнія паветы Смаленшчыны былі ўключаны ў склад РСФСР. Вось так, за спінаю беларускага народа, быў вырашаны яго лёс.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: