Беларускі нацыянальны рух у сакавіку-кастрычніку 1917 г

Значна актывізаваўся ў гэты час беларускі нацыянальны рух. Перамога рэвалюцыі стварыла магчымасці для яго поўнай легалізацыі, ідэйнага і арганізацыйнага афармлення.

25-27 сакавіка 1917г. у Мінску адбыўся з’езд беларускіх арганізацый. З’езд вітаў перамогу Лютаўскай рэвалюцыі і заявіў аб падтрымцы Часовага ўрада. Галоўнае праграмнае патрабаванне з’езда – дзяржаўна-тэрытарыяльная аўтаномія Беларусі ў складзе Расійскай рэспублікі. Ядром беларускай тэрыторыі вызначаліся Мінская, Магілеўская, Віцебская, Гродзенская і Віленская губерні. Аўтаномная Беларусь павінна была мець свій прадстаўнічы орган з заканадаўчымі функцыямі – Беларускую краевую раду. З’езд выказаўся за рэформу народнай адукацыі, адкрыцце ў Беларусі універсітэта, выкладанне ў навучальных установах беларускай мовы. У якасці выканаўчага органа быў выбраны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). Старшыней БНК стаў дэпутат I Дзяржаўнай думы Скірмунт.

У дні працы з’езда аднавіла легальную дзейнасць Беларуская сацыялістычная грамада. БСГ выступала ў падтрымку Часовага ўрада, выказвалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю і перадачу яе сялянам у адпаведнасці з працоўнай нормай, заявіла аб неабходнасці для Беларусі аўтаноміі ў складзе Расійскай рэспублікі. Вясной 1917г. былі заснаваны таксама Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская народная грамада і іншыя згуртаванні. У аснове іх праграм таксама ляжала патрабаванне аўтаноміі Беларусі, свабоднага развіцця беларускай мовы і культуры.

Аднак гэтыя ідэі пракладвалі сабе дарогу з вялікімі цяжкасцямі. Часовы ўрад, зыходзячы з эканамічных і геапалітычных інтарэсаў Расіі ў Беларусі, не падтрымаў аўтанамісцкай платформы, прадстаўленай яму БНК. Не адразу гэта праграма знайшла падтрымку і ў грамадскай думцы самой Беларусі. Сялянства было захоплена пытаннем аб зямлі і не выказвала выразных адносін да нацыянальнага самавызначэння. Адмоўна адбівалася на папулярнасць БНК і звязаных з ім арганізацый знаходжанне на чале кіруючага руху Скірмунта, які меў рэпутацыю цвердага прыхільніка памешчыцкага землеўладання.

Тым часам у асяроддзі сіл, прадстаўленых у Беларусі шматлікім чыноўніцтвам, мясцовымі групоўкамі, што кіраваліся дактрынай “заходнерусізму”, былі ажыццеўлены арганізацыйныя і ідэалагічныя захады ў процівагу БНК. У красавіку 1917г. у Гомелі тутэйшыя прыхільнікі “заходнерусізму” аб’ядналіся ў так званы Саюз беларускай дэмакратыі, які заявіў аб намеры процідзейнічаць імкненню некаторых беларусаў да аўтаноміі. Аналітычную пазіцыю заняў і ўтвораны ў маі ў Віцебску Беларускі народны саюз (БНС). 25-26 чэрвеня у Віцебску адбыўся з’езд прадстаўнікоў БНС, Саюза беларускай дэмакратыі і іншых аналагічных згуртаванняў, які выступіў супраць сепаратных і шавіністычных імкненняў, што зыходзяць ад імя невялікай групы насельніцтва Беларусі.

Падзеі сведчылі, што к лету 1917г. у Беларусі разам з супярэчнасцямі і канфліктамі, агульнымі для ўсей тагачаснай Расіі, абвастрылася супрацьстаянне і па нацыянальным пытанні.

8-10 ліпеня ў Мінску адбыўся з’езд беларускіх арганізацый. Цэнтральным на з’здзе стала пытанне аб будучым статусе Беларусі. Пасля дыскусій дэлегаты з’езда пацвердзілі праграму дзяржаўна-палітычнай і нацыянальна-культурнай аўтаноміі. Былі прыняты рэзалюцыі аб дапамозе бежанцам, адкрыцці ў Беларусі універсітэта і г.д., а таксама рашэнне скасаваць БНК і ўтварыць новы орган – Цэнтральную Раду беларускіх арганізацый. Было абвешчана, што яна грунтуецца на прынцыпах поўнага дэмакратызму, перадачы ўсей зямлі без выкупу працоўнаму народу і абароны інтарэсаў рабочых.

Дэмакратызацыя цэнтральнага органа паспрыяла далейшаму пашырэнню беларускаму руху. Адной з формаў далучэння да яго прадстаўнікоў розных сацыяльных груп былі культурна-асветныя, літаратурныя, тэатральна-мастацкія арганізацыі і суполкі. Сярод настаўнікаў усе большае разуменне знаходзіла ідэя беларусізацыі школы.

Сур’езным набыткам нацыянальнага руху з’явілася далучэнне да яго беларусаў-вяскоўцаў. На фронце, у тылавых гарнізонах, флоцкіх экіпажах салдаты і афіцэры беларускай нацыянальнасці аб’ядноўваліся ў культурна-асветныя гурткі, грамадска-палітычныя суполкі. Сярод нацыянальных вайсковых арганізацый ксе большую прыцягальнасць набывала ідэя стварэння воінскіх фарміраванняў па нацыянальна-тэрыіарыяльнай прыкмеце. Пэўныя колы расійскага камандавання гатовы былі скарыстаць гэтыя памкненні, разлічваючы, што таварысцкая агуртаванасць вайскоўцаў-землякоў дапаможа спыніць падзенне дысцыпліны і бяздольнасці войска.

У такіх умовах беларускі нацыянальны рух у войску здолеў аформіцца арганізацыйна. 18-24 кастрычніка у Мінску адбыўся з’езд воінаў-беларусаў Заходняга фронту з удзелам прадстаўнікоў беларускіх арганізацый. З’езд заклікаў гуртаваць сілы для барацьбы за тое, каб беларускі народ змог заняць месца ў расійскай рэспубліцы як роўны з роўнымі. Дэлегаты прызналі неабходным утварэнне беларускага войска, каб прадухіліць расчляненне Беларусі суседнімі дзяржавамі. Для кіраўніцтва гэтай справай была выбрана Цэнтральная беларуская вайсковая рада (ЦБВР) на чале з Рак-Міхайлоўскім.

Узніклая перспектыва з’яўлення ўзброенай апоры ўзмацніла настроі на арганізацыю ў Беларусі аўтаномнай сістэмы кіравання. На II сесіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый і III з’ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады, якія праходзілі ў Мінску ў кастрычніку паралельна са з’ездам воінаў-беларусаў, была думка аб неабходнасці ўвядзення аўтаноміі знізу, явачным парадкам, без санкцыі агульнарасійскай улады. Для гэтага Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый была пераўтворана ў Вялікую Беларускую раду (ВБР). Мелася на ўвазе, што новая структура папоўніцца прадстаўнікамі ад гарадскіх дум, земстваў і стане, такім чынам, зародкам вышэйшага органа ўлады аўтаномнай Беларусі.

Аднак размах і ўплыў беларускага нацыянальнага руху былі яшчэ недастатковыя для таго, каб ен мог выканаць патэнцыяльна ўласцівую яму ролю кансалідуючай сілы грамадства, якое гуртавалася б у межах уласнай дзяржаўнасці на прынцыпах нацыянальнай згоды.

19. Кастрычніцкая рэвалюцыя і ўстанаўленне Савецкай улады на Беларусі.

Лютаўская рэвалюцыя, якая скінула царскае самадзяржаўе, зрабіла Расію адной з самых дэмакратычных сярод дзяржаў удзельніц Першай сусветнай вайны. Ужо надышло лета 1917г., аднак ніводнага са злабадзённых пытанняў аб міры, зямлі, Устаноўчым сходзе Часовым урадам не было вырашана. Пагоршылася становішча ў эканоміцы. Узрасло беспрацоўе, цэны на спажывецкія тавары падняліся ў дзесяткі разоў, адчуваўся востры недахоп прадуктаў харчавання. І як вынік гэтага – узмацнялася незадаволенасць мас палітыкай Часовага ўрада.

Асабліва набалелым для Беларусі было пытанне аб міры. Насельніцтва краю пакутавала ад цяжару ўтрымання больш як двухмільённай арміі Заходняга фронту. Па напружанасці сацыяльнай барацьбы ў вёсцы Беларусь выйшла на трэцяе месца ў Расіі пасля Цэнтральна-чарназёмнага раёна і Паволжа. Абвастрэнне эканамічнага крызісу выклікала хвалю забастовак рабочых: у маі-чэрвені 1917г. іх было больш за 60. Салдаты выказвалі незадаволенасць палітыкай правядзення вайны да канчатковай перамогі.Пад уплывам антываеннай агітацыі бальшавікоў пачалося разлажэнне арміі. Дэманстрацыі ў шэрагу гарадоў Беларусі прайшлі пад бальшавіцкімі лозунгамі, якія былі накіраваны супраць Часовага ўрада.

3-5 ліпеня у Петраградзе і іншых цэнтрах Расіі па ініцыятыве ваеннай арганізацыі РСДРП(б) адбыліся ўзброеныя дэманстрацыі, якія выставілі патрабаванне перадачы ўлады ў рукі Саветаў. Але бальшавікі сутыкнуліся з рэзкім супраціўленнем дэмакратычных сіл. Бальшавіцкія арганізацыі аб’яўляліся па-за законам і разганяліся. Па палітычных матывах расфарміроўваліся вайсковыя злучэнні.

Бальшавікі Беларусі ў гэты час працягвалі змагацца за ўладу мірнымі палітычнымі сродкамі. 13 ліпеня 1917г. яны разам з прадстаўнікамі буржуазна-дэмакратычных партый і беларускіх нацыянальных арганізацый увайшлі ў камітэт рэвалюцыйных арганізацый, які ставіў сваёй задачай падтрымліваць парадак, заснаваны на загадах і распараджэннях Часовага ўрада і ЦВК Саветаў. У другой палове ліпеня Мінскі камітэт РСДРП(б) выступіў у блоку з меншавікамі на выбарах у гарадскую думу. Але з канца ліпеня бальшавіцкія арганізацыі пачалі прыірымлівацца іншай тактыкі.

Новая тактыка бальшавікоў вынікала з рашэння VI з’езда РСДРП(б), які ўзяў курс на захоп улады шляхам узброенага паўстання. Часовы ўрад страчваў кантроль за развіццём падзей. У абстаноўцы безуладдзя, эканамічнага хаосу і развалу фронту усё часцей у партыі кадэтаў чуліся заклікі да ўсталявання цвёрдай улады, бо Керанскі, прыхільнік буржуазна-дэмакратычнага развіцця краіны, ужо не задавальняў буржуазна-памешчыцкія колы Расіі. Наспявала ваенная змова. У жніўні 1917г. паміж Керанскім і Карнілавым было заключана сакрэтнае пагадненне пра замену ўрадавымі войскамі збальшавізаваных часцей Петраградскага гарнізона, што павінна было стаць першым крокам на шляху стварэння новага, больш моцнага кабінета Часовага ўрада. Для выканання гэтага пагаднення па загадзе Карнілава 24 жніўня 1917г. корпусы генералаў Крымава і Баграціёна пачалі рухацца ў напрамку да сталіцы. Керанскі пасля кансультацыі з думскімі дзеячамі прыйшоў да высновы, што планы Карнілава выходзяць за рамкі дамоўленасці пра ўтварэнне новага кабінета міністраў. Карнілаву было загадана здаць пасаду вярхоўнага галоўнакамандуючага і неадкладна прыбыць у Петраград, у якім было абвешчана ваеннае становішча. Керанскі абвінаваціў Карнілава ў здрадзе Радзіме, у паўстанні супраць Часовага ўрада ў тым, што ён трапіў пад уплыў бальшавікоў і дзейнічае ў адпаведнасці з планамі германскага генеральнага штаба.

На Беларусі звесткі пра выступленне Карнілава сталі вядомыя 28 жніўня. У буйных гарадах адразу пачалі стварацца антыкарнілаўскія камітэты. Франтавы камітэт Заходняга фронту (у Мінску) звярнуўся з адозваю да насельніцтва і арміі, у якой патрабаваў падпарадкоўвацца толькі Часоваму ўраду, заявіў пра неабходнасць арышту Карнілава і ўстанавіў кантроль за адпраўкай вайсковых часцей на Петраград. Быў створаны Часовы рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, у які ўвайшлі прадстаўнікі франтавога камітэта, выканкамаў Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Савета сялянскіх дэпутатаў, гарадской думы. Для захавання спакою і небяспекі былі абмежаваныя дэмакратычныя свабоды (слова, друкарні, сходаў), уводзілася цэнзура, устанаўліваўся нагляд за друкарнямі горада. Рабіліся захады, каб не даць магчымасць Карнілаву выкарыстаць войскі Заходняга фронту, каб перапыніць сувязь карнілаўскіх войск са Стаўкай у Магілёве.

У гістарычнай літаратуры замацаваўся пункт гледжання на гэты акт як на спробу ўсталявання ваеннай дыктатуры ў краіне, разгону Саветаў і іншых дэмакратычных арганізацый. У жніўні 1917г. паміж Керанскім, які ўзначальваў ваеннае міністэрства, і Карнілавым было заключана сакрэтнае пагадненне пра замену ўрадавымі войскамі збальшавізаваных часцей Петраградскага гарнізона, што павінна было стаць першым крокам на шляху стварэння новага, больш моцнага кабінета Часовага ўрада. Падставамі для такога пагаднення паслужылі пагаршэнне становішча на фронце (21 жніўня германскія войскі захапілі Рыгу) і актывізацыя бальшавікоў, якія ўзялі курс на ўзброенае паўстанне.

Пад час барацьбы з карнілаўшчынай у цэлым па краі стварылася адзінства ўсіх дэмакратычных сіл. Часовы ўрад адмежаваўся ад Карнілава і таксама ўключыўся у барацьбу з ім. У гэтых умовах адкравалася новая магчымасць для кансалідацыі ўсіх сіл дэмакратыі, у тым ліку і ўрадавых.

Восенню 1917г. яшчэ больш пагоршылася сацыяльна-эканамічнае становішча краіны. Значна знізіўся жыццёвы ўзровень насельніцтва. У народзе ўзраслі антыўрадавыя настроі. 25 кастрычніка 1917г. рабочыя і салдаты пад кіраўніцтвам ЦК РСДРП(б) скінулі Часовы ўрад. 26 кастрычніка II Усерасійскі з’езд Саветаў абвясціў Савецкую ўладу у цэнтры і на месцах, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі і ўтварыў Часовы рабоча-сялянскі ўрад – Савет народных Камісараў на чале з Леніным.

З восені 1917г. да красавіка 1918г. існавала Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП), якая была ўтворана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) і налічвала спачатку 500 членаў, у асноўным рабочых. Партыя вяла палітычную і культурна-асветніцкую работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах, мела прадстаўнікоў у Петраградскім Савеце. Члены БСДРП прымалі ўдзел у Кастрычніцкім узброеным паўстанні ў Петраградзе.

Аб кастрычніцкіх падзеях у Петраградзе ў Мінску стала вядома апоўдні 25 кастрычніка. У той жа дзень Мінскі Савет выдаў Загад №1, які абвяшчаў, што ўся ўлада ў горадзе пераходзіць да Савета. Адначасова з гарадской турмы і гаўптвахты былі вызвалены рабочыя і салдаты, з якіх быў сфарміраваны 1-ы рэвалюцыйны імя Мінскага Савета полк пад камандаваннем прапаршчыка Рамнёва. На бок Мінскага Савета перайшлі 37-ы і 289-ы запасныя пяхотныя палкі, што знаходзіліся ў Менску. Менавіта яны і склалі ўзброеныя сілы новай улады. Ва ўсе найбольш важныя ўстановы горада былі назначаны камісары, якія павінны былі ажыццяўляць кантроль за іх дзейнасцю. Уводзілася цэнзура, адстранялася ад кіравання гарадская дума. 26 кастрычніка было прынята рашэнне аб стварэнні Рэвалюцыйнага камітэта. Узначаліў камітэт Ландар. На Райкам ускладваліся задачы: не дапусціць адпраўкі войск з фронту, прадухіліць магчымыя выступленні супраць Савецкай улады, ажыццяўляць кантроль за яе ўсталяваннем на месцах, а таксама за выкананнем усіх загадаў новай улады.

Аднак 26-27 кастрычніка абстаноўка ў горадзе рэзка абвастрылася. Яшчэ 26 кастрычніка з асуджэннем паўстання ў Петраградзе выступіў з’езд салдат-сялян Заходняга фронту. Франтавы камітэт Заходняга фронту прыняў рашэнне стварыць новы орган улады – Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Камітэт павінен быў сфарміраваць у Мінску моцную ўладу для таго, каб не дапусціць хваляванняў, у тым ліку і на фронце.

27 кастрычніка Вялікая Беларуская Рада (ВБР) у сваёй “Грамаце да беларускага народа” асудзіла захоп улады бальшавікамі.

Камітэт увёў у Мінск Каўказскую дывізію і прад’явіў Мінскаму Савету ультыматум з патрабаваннем перадачы Камітэту ўсёй улады ў горадзе і на Заходнім фронце. Перавага сіл у гэты момант аказалася на баку Камітэта выратавання, і Мінскі Савет пайшоў на часовы кампраміс з ім.

Неўзабаве з прыбыццём па-бальшавіцку настроеных войскаў і браніраванага цягніка суадносіны сіл змяшчаліся на карысць бальшавікоў. Камітэт выратавання рэвалюцыі не адважыўся пайсці на ўзброены канфлікт. Уладу ў Мінску і на Заходнім фронце ўзяў у свае рукі ВРК Заходняй вобласці і фронту. Ён распусціў Камітэт выратавання, а яго старшыню Калатухіна арыштаваў. Арыштаваны быў таксама і галоўнакамандуючы Заходнім фронтам генерал Балуеў за адмову пачаць перамовы аб перамір’і з камандаваннем германскай арміі.

Пры дапамозе ВРК бальшавікі распускалі Саветы, у якіх не мелі пераважнай большасці, праводзілі іх перавыбары і такім чынам забяспечвалі ўсталяванне сваёй улады. Такі характар мела змена ўлады ў Віцебску і Гомелі. У Нясвіжы ВРК быў створаны 29 кастрычніка, Браславе – 5 лістапада, Вілейцы і Гарадку – 8 лістапада, Гомелі – 17 лістапада.

У больш складанай абстаноўцы разгортваліся падзеі ў Магілёве. Тут знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, якая ўзначаліла барацьбу з бальшавікамі. Вакол яе групаваліся царскія генералы і афіцэры, замежныя ваенныя місіі, цэнтральныя органы буржуазна-ліберальных і дэмакратычных партый. Стаўка прымала экстранныя меры, каб не дапусціць перамогі бальшавіцкага паўстання, адклікаючы з фронту вайсковыя фарміраванні і накіроўваючы іх у Петраград і Маскву.

Эсэра-меншавіцкае кіраўніцтва Магілёўскага Савета патрабавала ад бальшавікоў стварэння аднароднага сацыялістычнага ўрада, што прывяло б да супрацоўніцтва ўсіх дэмакратычных сіл як гарантыі супраць узнікнення грамадзянскай вайны. Бальшавікі ігнаравалі гэтае патрабаванне. Савецкі ўрад аб’явіў генерала Духоніна знятым з пасады выконваючага абавязкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміяй за адмову пачаць перамовы з немцамі аб перамір’і. У Магілёў былі накіраваны прабальшавіцкія ўзброеныя сілы. Стаўка была ліквідавана, а ўлада ў Магілёве перайшла ў рукі ВРК. Вярхоўным галоўнакамандуючым быў назначаны прапаршчык Крыленка.

Хутка і бяскроўна пераходзіла ўлада ў рукі бальшавікоў у арміях Заходняга фронту, дзе бальшавікі мелі шматлікія партыйныя арганізацыі і значную падтрымку. Многія салдаты, якія падтрымлівалі бальшавікоў, спадзяваліся, што бальшавікі, захапіўшы ўладу, створаць аднародны сацыялістычны ўрад і забяспечаць скліканне Устаноўчага сходу.

У лістападзе 1917г. у Мінску прайшлі з’езды: з’езд Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці, III з’езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў і II з’езд армій Заходняга фронту. Створаныя трыма з’ездамі выканкамы аб’ядналіся ў Выканаўчы камітэт Заходняй вобласці і фронту – Аблвыканкамзах. Яго старшынёй стаў бальшавік Рагозінскі. Тады ж быў створаны і выканаўчы орган – Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з Ландарам.

У лютым 1918г. бальшавікі амаль завяршылі працу па ўсталяванні Савецкай улады ў губернях, паветах, валасцях. Адначасова праводзілася ліквідацыя органаў мясцовага самакіравання: гарадскіх дум, упраў, земскіх устаноў і інш. Іх функцыі ўзялі на сябе Саветы.

20. Падрыхтоўка і правядзенне I Усебеларускага з’езда.

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917г. на Беларусі ўспрымалася неадназначна. Многія беларускія нацыянальныя партыі і арганізацыі прызналі ўладу Аблвыканкамзаха. Вялікая Беларуская Рада (ВБР), якая з кастрычніка 1917г. узначальвала беларускі нацыянальны рух, ахарактарызавала паўстанне бальшавікоў у Петраградзе як праяву анархіі, а Аблвыканкамзах лічыла выключна франтавым органам па той прычыне, што ў ім большасць складалі вайскоўцы і ў кіраўніцтве яго не было ніводнага беларуса.

Лідэры беларускага нацыянальнага руху прызнавалі Савецкую ўладу на тэрыторыі Расіі, але не жадалі прызнаваць яе на Беларусі. Большасць з іх успрымалі лозунг бальшавікоў аб самавызначэнні народа як патрабаванне свабоднага самавызначэння беларусаў, аддзяленне ад Расіі дзеля пабудовы вольнай Беларусі.

З тым, каб вырашыць далейшы лёс Бацькаўшчыны, ВБР 27 кастрычніка 1917г. у сваёй “Грамаце да ўсяго беларускага народа” звярнулася з адозвай склікаць на 5 снежня 1917г. у Мінску з’езд прадстаўнікоў беларускага народа. Даведаўшыся пра рашэнне ВБР правесці I усебеларускі з’езд, кіраўнік Аблвыканкамзаха Мяснікоў накіраваўся ў Петраград, дзе намерваўся дабіцца ад Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей забароны на скліканне з’езда. Але Наркамнац не пагадзіўся, бо гэта разыходзілася з абвешчаным Савецкай уладай правам нацый на самавызначэнне. У той жа час Наркамнац РСФСР прапанаваў Аблвыканкамзаху ўступіць у перамовы з іншай арганізацыяй, якая ў процівагу ВБР склікала б другі з’езд з мэтай паралізаваць намеры дабіцца аддзялення Беларусі ад Расіі. Такой арганізацыяй стаў Беларускі абласны камітэт пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе (БАК), у якім рашаючую ролю адыгрывалі левыя эсэры на чале з Канчарам, Караткевічам, Гольманам. Пачаліся перамовы з кіраўніцтвам БАК. Было вырашана склікаць Усебеларускі з’езд у Рагачове 15 снежня дзеля абароны цэласнасці Беларусі. Для гэтых мэт СНК у Петраградзе была выдзелена грашовая дапамога ў памеры 500 тысяч рублёў.

Пакуль Наркамнац вёў перамовы з БАК, ВБР завяршыла кампанію па вылучэнні дэлегатаў на I Усебеларускі з’езд, якія пакрыху пачалі збірацца ў Мінску. Ва ўмовах, калі скліканне з’езда стала рэальнасцю, БАК пайшоў на перамовы з ВБР. Пасля вострых дыскусій БАК і ВБР прыйшлі да рашэння аб правядзенні агульнага I Усебеларускага з’езда. 15 снежня 1917г. у Мінск з’ехаліся 1872 дэлегаты. Яны прадстаўлялі валасныя, павятовыя і губернскія земствы, зямельныя і дарожныя камітэты, настаўніцкія, бежанскія, беларускія нацыянальныя арганізацыі, беларускія арганізацыі арміі і флоту, Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, выканаўчыя камітэты ВБР, БАК, ЦБВР. У працэсе дыскусій вызначыліся тры асноўныя кірункі: цэнтр, правае і левае крыло. Цэнтр быў прадстаўлены ў асноўным дэлегатамі ад БСГ, да якіх далучылася частка беспартыйных і эсэраў. Правае крыло аб’ядноўвала памешчыкаў, прадстаўнікоў беларускіх арганізацый усходніх губерняў і клерыкальных груп. Левае крыло складалася з часткі дэлегатаў ад БСГ і членаў БСДРП. У далейшым дэлегаты з’езда падзяляліся на дзве вялікія групы: прыхільнікаў ВБР (радаўцы) і прыхільнікаў Аблвыканкамзаха (абласнікоў), якія мелі прыкладна аднолькавую колькасць рашаючых галасоў, што прадвызначыла вастрыню дыскусій.

Прэзідыўм з’езда быў сфарміраваны з прэзідыўма ВБР на чале са Смолічам і Варонкам, прэзідыўма ЦБВР на чале з Рак-Міхайлоўскім, прадстаўнікоў вядучых беларускіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацый. Кіруючым органам з’езда стала Рада старэйшын беларускага з’езда. Старшынёй I Усебеларускага з’езда быў выбраны ўрач Серада.

Увечары 17 снежня 1917г. адбылося агульнае пасяджэнне з’езда, на якім быў абвешчаны праект рэзалюцыі “Аб самавызначэнні Беларусі і аб часовай краявой уладзе”. Дэлегаты паспелі прыняць толькі першы пункт рэзалюцыі, у якім гаварылася аб утварэнні новага органа краёвай улады – Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Улада Аблвыканкамзаха, СНК Заходняй вобласці і фронту не прызнавалася. Гэту рэзалюцыю СНК Заходняй вобласці і фронту расцаніў як спробу звергнуць Савецкую ўладу. Па яго рашэнні ў ноч на 18 снежня з’езд быў разагнаны, члены прэзідыўма арыштаваныя. Аднак сапраўдныя прычыны разгону I Усебеларускага з’езда заключаліся ў тым, што кіраўніцтва Аблвыканкамзаха наогул не прызнавала беларускую нацыю, разлічвала на перамогу сусветнай рэвалюцыі і ў такіх умовах не лічыла мэтазгодным ствараць беларускую дзяржаву.

Роспуск з’езда стаў гвалтам у адносінах да яго дэлегатаў. Гэта вымушаны быў прызнаць наркам РСФСР па справах нацыянальнасцей Сталін. Даведаўшыся аб дзеяннях Аблвыканкамзаха, Сталін патэлефанаваў яго кіраўніку Мяснікову і патрабаваў вызваліць арыштаваных членаў прэзідыўма Усебеларускага з’езда. Пазней дзеянні Аблвыканкамзаха і яго СНК былі абмеркаваны на пасяджэнні ЦВК РСФСР пад старшынствам Свярдлова, у якім прымалі ўдзел Канчар, Мяснікоў, Ландар, Фрунзе. Такім чынам, разгон Аблвыканкамзахам I Усебеларускага з’езда нанёс вялікія страты аўтарытэту Савецкай улады і ў пэўнай ступені падштурхнуў частку беларускага нацыянальна-вызваленчага руху на шлях адкрытай барацьбы супраць яе.

Удзень 18 снежня ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі сабраліся члены Рады з’езда. Радаўцы выказалі рашучы пратэст супраць акцыі Аблвыканкамзаха. Рэзалюцыя пратэсту была накіравана ў Петраград. На сходзе быў выбраны Выканаўчы камітэт, якому Рада перадавала свае паўнамоцтвы. Выканкам павінен быў прадстаўляць інтарэсы беларускага народа да склікання Беларускага Устаноўчага сойма. Да 9 сакавіка 1918г. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда быў фактычна кіруючым органам беларускага нацыянальнага руху, які неаднаразова рабіў спробы ўстанавіць сувязь з СНК у Петраградзе, але ўсе яны закончыліся няўдачай.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: