Утварэнне ССРБ і ЛітБел ССР

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў і аднаўлення Савецкай улады зноў паўстала пытанне аб утварэнні беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Па гэтым пытанні існавала некалькі меркаванняў. Пазіцыя кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абкама РКП(б), Аблвыканкамзаха і Абласнога СНК заключалася ў тым, што Беларусь павінна быць тэрытарыяльнай адзінкай РСФСР. Гэтыя органы ўзначальвалі не беларусы, ім было цяжка зразумець нацыянальныя інтарэсы беларускага народа. Яны лічылі, што беларусы не з’яўляюцца самастойнай нацыяй, а таму прынцып самавызначэння ў адносінах да іх не падыходзіць.

Іншую пазіцыю па пытанні аб нацыянальным лёсе Беларусі адстойваў Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам), утвораны 31 студзеня 1918г. пры Камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР. Кіраўнікі Беланцкама Чарвякоў і Жылуновіч лічылі неабходным стварэнне БССР і ўстанаўленне цесных сувязей з РСФСР. Гэтую пазіцыю падтрымлівала Цэнтральнае бюро секцый РКП(б), арганізаваных з бежанцаў-беларусаў у розных гарадах Расіі.

Белнацкам і кіраўнікі беларускіх сексый прыклалі шмат намаганняў, каб здзейсніць свае планы. Дэлегацыя Белнацкама прыехала ў верасні 1918г. у Смаленск і прапанавала Паўночна-Заходняму абкаму партыі перайменаваць Заходнюю вобласць у Беларуска-Літоўскую. Аднак абкам не прыняў дадзенай прапановы. У лістападзе 1918г. Маскоўскі камітэт беларускіх секцый выказаўся за абвяшчэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Дэлегацыя камітэта праінфарміравала аб сваім рашэнні наркама па справах нацыянальнасцей Сталіна. Але Сталін не адрэагаваў на гэта. Пытанне аб неабходнасці беларускага савецкага ўрада разглядалася і на канферэнцыі беларускіх камуністычных секцый, якая адбылася ў Маскве 21-23 снежня 1918г. Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю аб утварэнні беларускага савецкага ўрада. Дэлегацыя канферэнцыі на чале з Жылуновічам звярнулася з дадзенай прапановай да Сталіна. Але Сталін зноў не адрэагаваў.

Справа зрушылася толькі пасля ўмяшальніцтва Леніна. Па яго ініцыятыве 24 снежня 1918г. Пленум ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб абвяшчэнні БССР. Пленум абавязаў Паўночна-Заходні абкам ВКП(б) правесці партыйна-арганізацыйную работу па нацыянальна-дзяржаўным будаўніцтве на Беларусі. 25 снежня 1918г. у Наркамнаце адбылася нарада па пытанні практычнага здзяйснення рашэння ЦК РКП(б) аб утварэнні БССР з удзелам Жылуновіча і Чарвякова.

30 снежня 1918г. у Смаленску пачала работу VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б). Старшыня Паўночна-Заходняга абласнога камітэта Мяснікоў, падпарадкоўваючыся рашэнню ЦК РКП(б), прапанаваў абвясціць БССР. Канферэнцыя была перайменавана ў I з’езд КП(б)Б. Дэлегаты аднагалосна выказаліся за абвяшчэнне БССР. З’езд вызначыў межы рэспублікі. У яе склад увайшлі Мінская, Магілёўская, Гродзенская губерні поўнасцю, Віцебская без трох паветаў, а таксама частка тэрыторый памежных губерняў, населеных пераважна беларусамі. У адміністрацыйна-гаспадарчых адносінах тэрыторыя рэспублікі дзялілася на 7 раёнаў: Баранавіцкі, Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Мінскі, Магілёўскі, Смаленскі.

31 снежня Цэнтральнае бюро КП(б)Б стварыла Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад БССР. У яго ўвайшлі прадстаўнікі Белнацкама, Цэнтральнае бюро беларускіх секцый РКП(б), ЦБ КП(б)Б, Аблвыканкамзаха. Старшынёй урада стаў Жылуновіч. 1 студзеня 1919г. Часовы ўрад Беларусі абнародаваў маніфест у сувязі з утварэннем БССР. Аблвыканкамзах склаў свае паўнамоцтвы. 5 студзеня 1919г. Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад БССР са Смаленска пераехаў у Мінск, які з гэтага часу стаў сталіцай БССР.

16 студзеня 1919г. без папярэдняга абмеркавання з урадам БССР і ЦБ КП(б)Б ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб адрыве ад БССР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў, якія пераходзілі ў склад РСФСР. Усе пратэсты беларускага боку ўлічаны не былі.

2 лютага 1919г. у Мінску пачаў работу I Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Ад РСФСР з’езд вітаў Старшыня УЦВК Свярдлоў. З’езд прыняў Канстытуцыю БССР, у адпаведнасці з якой найвышэйшая ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі яе ажыццяўляў Цэнтральны выканаўчы камітэт (ЦВК). Былі выбраны Малы і Вялікі прэзідыўмы ЦВК для агульнага кіраўніцтва і для кіраўніцтва народнай гаспадаркай.

З’езд вызначыў тэрыторыю БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў, зацвердзіў перадачу Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў РСФСР. I Усебеларускі з’езд Саветаў прыняў рашэнне аб аб’яднанні Літвы і Беларусі ў адну савецкую рэспубліку – ЛітБел ССР. Гэта тлумачылася, быццам бы, неабходнасцю аб’яднаць намаганні для барацьбы супраць агрэсіўных памкненняў Польшчы, якая стала незалежнай ў лістападзе 1918г. і прэтэндавала на большую частку Літвы і Беларусі. 27 лютага на аб’яднаным пасяджэнні ЦВК БССР і ЦВК Літоўскай ССР у Вільні было афіцыйна аформлена стварэнне ЛітБелССР, СНК ЛітБел узначаліў Міцкявічус-Капсукас, а ЦВК ЛітБел – Цыхоўскі.

Так БССР праз месяц пасля абвяшчэння незалежнасці была скасавана і стала часткай аб’яднанай дзяржавы – ЛітБел ССР, сталіцай якой знаходзілася ў Вільні.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: