Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР

1 верасня 1939г. Германія напала на Польшчу. Польшча стала першай дзяржавай у Еўропе, народ якой узняўся на абарону свайго нацыянальнага існавання. Але Польшча аказалася непадрыхтаванай у ваенна-палітычных адносінах да абароны дзяржаўнай незалежнасці. Нягледзячы на мужнае супраціўленне польскай арміі, амаль уся тэрыторыя карэннай Польшчы была занята нямецкімі войскамі.

Ва ўмовах выхаду германскай арміі на савецка-польскую мяжу савецкі ўрад аддаў распараджэнне Чырвонай Арміі ўзяць пад абарону тэрыторыю Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. З Польшчай у Савецкага Саюза быў дагавор аб ненападзенні, але не было аб’яўлена і становішча вайны СССР з Польшчай.

17 верасня 1939г. войскі Чырвонай Арміі пачалі паход у Заходнюю Беларусь. У першы дзень былі вызвалены Баранавічы, 18 верасня – Навагрудак, Ліда, Слонім, 19 –Вільня, 20 – Гродна, 22 верасня – Беласток і Брэст. Савецкія войскі спыніліся на “лініі Керзана”, якая была вызначана ў 1919г. як усходняя мяжа Польшчы. Па дагаворы аб сяброўстве і межах, падпісаным СССР і Германіяй 28 верасня 1939г., мяжа “дзяржаўных інтарэсаў” была ўстаноўлена па рэках Сан і Заходні Буг.

Пасля ўступлення Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь сталі стварацца органы народнай ўлады: часовыя ўправы ў гарадах і сялянскія камітэты. Для вырашэння пытанняў дзяржаўнага будаўніцтва было вырашана склікаць Народны сход. Выбары абвяшчаліся ўсеагульныя, роўныя, прамыя пры тайным галасаванні. Выбары прайшлі 22 кастрычніка 1939г. Прадстаўнікі буржуазных партый не атрымалі ў Народны сход ні аднаго мандата.

Паседжанне Народнага сходу Заходняй Беларусі адбылося 28-30 кастрычніка 1939г. у Беластоку. Сход прыняў: Дэкларацыю аб дзяржаўнай уладзе (па ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі ўстанаўлівалася савецкая ўлада); Дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР; Дэкларацыю аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, зямель манастыроў, зямель буйных дзяржаўных чыноўнікаў; Дэкларацыю аб каланізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

На падставе гэтых дэкларацый 2 лістапада 1939г. нечарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла закон “Аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР з уз’яднаннем яе з Беларускай ССР”. Нечарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР 14 лістапада 1939г. прыняла закон “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР”.

У снежні 1939г. – студзені 1940г. у Заходняй Беларусі было ўведзена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне: вобласці, раёны, сельсаветы. Стварэнне прафсаюзаў прыводзілася да становішча прафсаюзаў СССР. Савецкая ўлада забараніла дзейнасць усіх палітычных партый, акрамя камуністычнай. Органы НКУС правялі шэраг аперацый па высяленні ва ўсходнія раёны краіны памешчыкаў, асаднікаў, работнікаў лясной аховы, часткі кулакоў, а таксама арышты ўдзельнікаў польскіх падпольных арганізацый “Саюз барацьбы за незалежнасць Польшчы”, “Саюз польскіх патрыётаў” і інш.

У лістападзе – снежні 1939г. адбылася нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў і банкаў. Будаваліся новыя фабрыкі і заводы. Бяднейшае і частка сярэдняга сялянства падтрымала ідэю стварэння калектыўных гаспадарак. Ствараліся калгасы, на землях лепшых маёнткаў былі арганізаваны саўгасы. У заходніх абласцях была ўведзена савецкая сістэма сацыяльнага забеспячення, бясплатнае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. Народная асвета ўключалася ў савецкую адукацыйную сістэму.

У сакрэтным пратаколе (верасень 1939г.) была запісана дамоўленасць аб адыходзе тэрыторыі Літвы ў сферу ўплыву СССР. 10 кастрычніка 1939г. паміж СССР і Літоўскай рэспублікай быў падпісаны дагавор, па якім Вільня і Віленская вобласць былі перададзены Літве.

Такім чынам, у выніку аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР насельніцтва Беларусі склала амаль 11 млн. чалавек, аднавілася нацыянальнае адзінства беларускага народа.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: