Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай быў закладзены ў час падпісання ганебнай для Вялікага княства Літоўскага Люблінскай уніі. Здрада вялікага князя літоўскага свайму гаспадарству, гвалт польскай шляхты ў адносінах да свайго шматгадовага саюзніка заклалі хісткі падмурак пад Рэч Паспалітую. Уся гісторыя Рэчы Паспалітай ад Любліна да трох падзелаў — гэта гісторыя барацьбы народаў Вялікага княства Літоўскага за сваю дзяржаўнасць, за права яе існавання. Бяскроўная і крывавая, дыпламатычная і ўзброеная барацьба аслабляла змучаныя гвалтам дзяржавы і ў эканамічных, і ў палітычных, і ў культурных адносінах, рабіла Рэч Паспалітую лёгкай здабычай суседніх краін.
Такім чынам, Люблінская унія — гэта пачатак канца, згубы не толькі Вялікага княства Літоўскага, але і Полыпчы як самастойных, незалежных дзяржаў. Гэта першы выток палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай.
Другім вытокам крызісу стаў палітычны лад Рэчы Паспалітай, які заканамерна падрываў самыя асновы дзяржаўнасці. Найбольш небяспечным было спалучэнне знакамітых "залатых шляхецкіх воль-насцей": выбранне манарха, liberum veto, "канфедэрацыі" і "рокашы". Страціўшы са смерцю Жыгімонта II Аўгуста манархічную дынастыю Ягелонаў, якая правіла амаль 200 гадоў, палякі не знайшлі ў сябе дзяржаўнай мудрасці і адказнасці за лёс бацькаўшчыны і не вылучылі ніводнай са шматлікіх вядомых магнацкіх фамілій на каралеўскі пасад (як гэта здарылася ў Расіі на пачатку XVII ст. пры адпаведных умовах). Яны пайшлі па шляху запрашэння манарха на польскі трон з суседніх краін. Сам гэты факт сведчыў аб існаванні глыбокіх супярэчнасцей у кіруючым стане дзяржавы.
Выбранне манарха мела і такую адмоўную рысу, як подкуп. Карупцыя стала звычайнай з'явай палітычнага жыцця Рэчы іІаспалітай. Напрыклад, да сярэдзіны XVII ст. у асяроддзі польскай шляхты ўзнік рух за скасаванне царкоўнай уніі. Уніяцкі мітрапаліт Календа ў 1688 г. быў вымушаны падкупляць сенатараў, каб захаваць унію. У выніку шырока распаўсюджанай карупцыі з грамадскай свядомасці паступова знікаюць такія паняцці, як маральнасць, сумленне, годнасць, грамадзянскі доўг, патрыятызм і інш. Асабісты інтарэс прэваліруе над усім жыццём.
Выбары манархаў у Польшчы стваралі таксама падставу для зацікаўленасці суседніх краін у "хатніх" справах Рэчы Паспалітай; паступова яны ўцягваюцца ў вырашэнне польскіх спрэчак, у тым ліку і ўзброенай сілай. Такім чынам, дастаткова было адной шляхецкай вольнасці — выбрання караля, каб прывесці дзяржаву да згубы. Але шляхта карысталася яшчэ і такой вольнасцю, як "Pacta conventa". Гэтыя ўмовы для выбрання караля звычайна пашыралі шляхецкія вольнасці і абмяжоўвалі каралеўскую ўладу, адначасова паглыблялі палітычны крызіс, бо інтарэсы шляхецкіх груповак часцей за ўсё не адпавядалі інтарэсам дзяржавы. Так з'явіліся "Генрыхавы артыкулы", хвалёны Літоўскі Статут 1588 г., няздзейснены польскі план унітарнай дзяржавы і іншыя пытанні. Выбары, такім чынам, прымалі выгляд гандлю паміж рознымі групоўкамі шляхты і кандыдатам у каралі. Дарэчы, да Люблінскай уніі шматлікія заявы шляхецкіх дэпутатаў на сейміках насілі форму просьбаў да вялікага князя. Каронны ж сейм у Рэчы Паспалітай дыктаваў каралю сваю волю. І кароль павінен быў строга выконваць як "Pacta conventa", так і пастановы сейма. Гэта шляхецкая вольнасць была гарантавана правам на "канфедэрацыі" альбо "рокашы", якія, па сутнасці, былі не чым іншым, як узаконеным правам шляхты развязаць грамадзянскую вайну ў дзяржаве супраць вышэйшай улады ў асобе караля.
Шляхецкія вольнасці вянчала знакамітае liberum veto, якое не проста нараджала анархію, карупцыю (Маскве, Вене ці Берліну было дастаткова падкупіць аднаго шляхціца і такім чынам сарваць прыняцце непажаданай пастановы), але магло наогул паралізаваць цэнтральную ўладу, дзяржаўны механізм. З сярэдзіны XVII ст. гэта тэндэнцыя пачала перарастаць у звычайную з'яву палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай. Да 1652 г. на польскіх сеймах справы вырашаліся большасцю галасоў, хаця ў пратаколах дзеля формы ўжывалася фраза "па аднагалоснаму рашэнню". У 1652 г. дэпутат Уліцкага павета Сіцінскі ўпершыню ўжыў слова "не позволям" (г.зн. не згодзен з пастановай сейма) і прыпыніў пастанову сейма. З гэтага часу фраза "не позволям" усё часцей стала ўжывацца на сеймах. Так, калі за 1652—1764 гг. з 80 сеймаў былі сарваны 44, то за 1744—1762 гг. усе адзінаццаць сеймаў не здолелі прыняць патрэбных рашэнняў. Але і прыняцце пастаноў сеймам яшчэ нічога не азначала. Любая пастанова караля ці сейма магла быць адхілена шляхтай. Неабмежаваная дэмакратыя губіла Рэч Паспалітую.
У выніку асаблівасцей палітычнага ладу Рэчы Паспалітай да канца XVII ст. у дзяржаве ўзнікае прыкметнае аслабленне манархічнай улады, бяспрыкладнае ўзмацненне шляхты, заняпад адміністрацыйнага кіравання, духоўнасці і грамадзянскага сумлення.
Трэцім вытокам палітычнага крызісу з'явілася бязглуздая рэлігійная палітыка з канца XVI ст. Берасцейская царкоўная унія не дала пажаданых вынікаў. Наадварот, яна паглыбіла існуючыя ў грамадстве супярэчнасці.
Чацвёрты выток палітычнага крызісу — спалучэнне нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту з феадальным. Распаўсюджанне аграрнай рэформы Жыгімонта II Аўгуста на Усходнюю Беларусь выклікала супраціўленне народных мас: скаргі на самавольства адацністрацыі і арандатараў, адмаўленне ад выканання прыгонных Оявіянасцей, уцёкі ад сваіх гаспадароў да іншых феадалаў ці за межы краіны, часцей за ўсё на Украіну і ў Расію, падпальванне маёнткаў.
Пяты выток паглыблення палітычнага крызісу — барацьба паміж магнатамі за ўладу. У другой палове XVII ст. у Вялікім княстве Літоўскім асноўнымі сапернікамі былі Радзівілы, Пацы і Сапегі. У 60-х і першай палове 70-х гадоў XVII ст. найбольш уплывовымі былі Пацы, а ў першай палове 80-х — Сапегі.
Набліжэнне канца адчувалі і сучаснікі падзелаў Рэчы Паспалітай, і таму патрыёты спрабавалі хоць як-небудзь прыпыніць агонію. У 1764 г. Чартарыйскія на канвакацыйным сейме паспрабавалі правесці памяркоўныя рэформы дзяржаўнага ладу: абмежаваць "ліберум вета", аслабіць залежнасць дэпутатаў ад інструкцый сеймікаў, упарадкаваць суд, фінансы, павялічыць войска. Аднак рэформы закраналі шляхецкія вольнасці і таму адразу ж выклікалі рашучы адпор рэакцыйных сіл краіны, а таксама Прусіі і Расіі. Пры падтрымцы расійскага пасла Рэпніна дысідэнты стварылі канфедэрацыі: пратэстанцкую ў Торуні і праваслаўную ў Слуцку. На дапамогу ім прыйшла 40-тысячная руская армія, карыстаючыся правам абароны праваслаўных у Рэчы Паспалітай, згодна з "вечным мірам" паміж Масквой і Варшавай (1686).
У 1768 г. сейм (пад націскам рускіх войск) прыняў пастанову аб ураўноўванні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі. Адначасова Расія стала гарантам не толькі верацярпімасці, але і захавання палітычнага ладу Рэчы Паспалітай, які існаваў да 1764 г. У лютым 1768 г. каталіцкія фанатыкі стварылі ў Бары (на Украіне) канфедэрацыю з мэтай процідзеяння ўплыву рускай імператрыцы ў Польшчы.
Хутка разгарэлася грамадзянская вайна, у якой канфедэратыўны рух быў задушаны з дапамогай царскай арміі. Па прапанове прускага караля Фрыдрыха II Вялікага 5 жніўня 1772 г. у С.-Пецярбургу была падпісана канвенцыя аб падзеле Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Прусія атрымала паўночна-заходнюю частку Польшчы, Аўстрыя — паўднёвую частку Полыпчы і частку Заходняй Украіны са Львовам. Да Расіі адышлі Інфлянты, большая частка Полацкага ваяводства (па правым беразе Заходняй Дзвіны), амаль усё Віцебскае, усё Мсціслаўскае ваяводствы і ўсходняя частка Рэчыцкага павета, Магілёўскае ваяводства (з Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем).
Першы падзел Рэчы Паспалітай ацвярэзіў польскіх сенатараў. Хутка была створана паспалітая рада, якая складалася з караля, 18 сенатараў, 18 дэпутатаў сейма. Прымаюцца рашэнні, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча гараджан, развіццё прамысловасці. Таксама была праведзена рэформа адукацыі, звязаная з дзейнасцю Адукацыйнай камісіі — свецкай установы па арганізацыі i кіраўніцтве сістэмай школьнай асветы ў Рэчы Паспалітай, фактычна першай у Еўропе афіцыйнай структуры з функцыямі цэнтральнай школьнай улады. Камісія была заснавана 14 кастрычніка 1773 г. з мэтай правядзення рэформ у галіне школьнай адукацыі. Гэтаму спрыяла i скасаванне ордэна езуітаў (1773 г.), маёмасць якога перадавалася Адукацыйнай камісіі. Першым крокам стала ўпарадкаванне залежнасці школы ад свецкай дзяржаўнай улады. Наступны этап прадугледжваў падрыхтоўку свецкіх педагагічных кадраў, перапрацоўку навучальных праграм на аснове свецкай ідэалогіі i выпуск новых падручнікаў. Значных вынікаў Адукацыйная камісія дасягнула ў справе рэарганізацыі вышэйшай адукацыі. Распрацоўкай праекта рэформы Віленскай акадэміі, якая з 1781 г. пачала называцца Галоўнай школай ВКЛ (з 1803 г. Віленскі універсітэт) кіраваў І. Храптовіч. Галоўнай. мэтай універсітэцкай адукацыі ён лічыў пашырэнне навуковых ведаў у грамадстве, выкарыстанне апошніх пры вырашэнні важнейшых сацыяльных праблем, грамадзянска-патрыятячным выхаванні моладзі. Першачарговую задачу прафесуры ён бачыў у распаўсюджанні асветы шляхам адкрытых лекцый i публікацыі вынікаў сваіх даследаванняў у даступнай форме.
3 мая 1791 г. сейм прыняў канстытуцыю Рэчы Паспалітай, якая адмяняла выбарнасць каралёў, але ўводзіла выбарнасць дынастый. Заканадаўчая ўлада належала двухпалатнаму сейму, які выбіраўся на 2 гады і павінен быў прымаць рашэнні большасцю галасоў. У склад сейма ўводзіўся 21 прадстаўнік гарадоў з правам дарадчага голасу. Каралю і радзе ("вартавому закону"), якая складалася з прымаса каталіцкай царквы і пяці міністраў, належала выканаўчая ўлада. Выканаўчыя органы ўлады, войска і бюджэт былі абвешчаны агульнымі для ўсёй Рэчы Паспалітай. Аднак захаваліся асобныя дзяржаўныя пасады ў Літве, а таксама войска. Канстытуцыя абвяшчала захаванне правоў і прывілеяў шляхты і яе "першынство ў прыватным і грамадскім жыцці". Адначасова канстытуцыя зрабіла крок у напрамку збліжэння мяшчанства са шляхтай: шляхта атрымала дазвол займацца гандлем, а мяшчане — набываць зямельныя ўладанні, займаць цывільныя пасады. Зусім не змянілася становішча сялян. Праўда, пан атрымаў права, калі ён таго захоча, вызваляць мужыка ад прыгону. Абвяшчалася свабода веры, але за каталіцтвам пакідаўся статус дзяржаўнай рэлігіі. Канстытуцыя ў чарговы раз абвясціла поўнае зліццё Полыпчы з Вялікім княствам Літоўскім у адзіны і непадзельны арганізм.
Безумоўна, канстытуцыя насіла прагрэсіўны характар. Адчуваўся ўплыў Вялікай французскай рэвалюцыі, ствараліся больш спрыяльныя ўмовы для развіцця прадукцыйных сіл краіны.
Праціўнікі канстытуцыі, на чале якіх стаялі Севярын Ржэвускі, Ксаверый Браніцкі і іншыя, узняліся на барацьбу супраць канстытуцыі. 14 мая 1792 г. у мястэчку Таргавіцы (на Украіне) была створана канфедэрацыя і абвешчаны акт аб абароне каталіцкай рэлігіі і ранейшага парадку кіравання краінай. На дапамогу канфедэраты запрасілі Кацярыну II. Зноў пачалася грамадзянская вайна, у якой кароль далучыўся да канфедэратаў і выступіў супраць канстытуцыі і папярэдніх рэформ.
У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Да Прусіі адышлі Данцыг і Вялікая Полыпча, а да Расіі — частка Полацкага ваяводства (па левым беразе Дзвіны), рэшткі Віцебскага і Мсціслаўскага, Мінскае і ўсходнія часткі Навагрудскага і Врэсцкага ваяводстваў.
Другі падзел Рэчы Паспалітай выклікаў абурэнне і пратэст розных пластоў шляхецтва. 24 сакавіка 1794 г. у Кракаве пачалося паўстанне на чале з генерал-лейтэнантам Андрэем Тадэвушам Банавентурам Касцюшкам. Мэта паўстання — "аднаўленне незалежнасці нацыі і ўсталяванне ўсеагульнай свабоды", адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У першы дзень паўстання Касцюшка звярнуўся з адозвамі "Да арміі", "Да грамадзян", "Да духавенства", "Да жанчын", у якіх заклікаў абараняць свабоду і айчыну. 7 мая 1794 г. быў выдадзены Паланецкі універсал, які абвяшчаў сялян асабіста вольнымі, але без зямлі.
Паўстанне перакінулася на Літву. 3 22 на 23 красавіка 1794 г. паўстанцы захапілі Вільню і ўтварылі найвышэйшую раду літоўскага народа на чале з віленскім камендантам палкоўнікам Якубам Ясінскім.
Паўстанцы мелі тры карпусы войск, але і ў час смяротнай небяспекі яны не здолелі згуртавацца. Паміж імі адсутнічала ўзаемапаразуменне, дысцыпліна, працягваліся сваркі і спрэчкі. Гэта прывяло да таго, што Тадэвуш Касцюшка адхіліў ад кіравання паўстаннем Ясінскага, замяніўшы яго генералам Віельгорскім. Хутка ўся Беларусь і Літва былі ахоп-лены полымем паўстання, да якога далучылася частка сялян, што паверылі абяцанням Касцюшкі вызваліць іх ад феадальнага прыгнёту. Паколькі выкананне абяцання затрымлівалася, сяляне пачалі адыходзіць ад паўстання. Пры такіх абставінах было няцяжка справіцца з паўстаўшымі.
Супраць рэшткаў Рэчы Паспалітай выступілі Прусія, Аўстрыя і Расія. Лёс Рэчы Паспалітай быў вырашаны ў бітве пад Мацаёвіцамі (паблізу Варшавы) паміж рускімі і польскімі войскамі. Касцюшка трапіў у палон, а ў Варшаву былі ўведзены рускія, прускія і аўстрыйскія войскі. Апошні кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст IV (Станіслаў Панятоўскі) адрокся ад прастола. Аўстрыя, Расія і Прусія зноў пачалі кроіць Рэч Паспалітую.
У 1795 г. адбыўся трэці, апошні падзел Рэчы Паспалітай. Расія атрымала Заходнюю Беларусь і Усходнюю Літву, а таксама Украіну да Заходняга Буга. Аўстрыя і Прусія захапілі карэнныя землі, частку ўкраінскіх і літоўскіх зямель. Рэч Паспалітая была знішчана, а польскі народ на доўгія гады аказаўся пад сацыяльным і нацыянальным прыгнётам.
Палітычны лад Рэчы Паспалітай, неабмежаваныя шляхецкія вольнасці, рэлігійны фанатызм, неверагоднае падзенне нораваў шляхецкага саслоўя з'явіліся галоўнымі прычынамі гібелі дзяржавы.
Пытанні для самакантролю:
1. Што з’явілася прычынай Лівонскай вайны?
2. На якіх умовах была заключана Люблінская ўнія двух краін?
3. На якіх умовах адбывалась выбранне каралёў Рэчы Паспалітай?
4. Які характар мела на Беларусі падтрымка паўстання на Ўкраіне Б.Хмяльніцкага?
5. Што з’явілася прычынай пачатка вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654-1667 гг.?
6. Паміж якімі магнацкімі групоўкамі распачалася вайна ў канцы XVII стагоддзя?
7. Якія рэформы былі праведзены на Чатырохгадовым сейме?
8. Што з’явілася прычынай правядзення аграрнай рэформы 1557 года?
9. Якімі шляхамі адбывалася аднаўленне гаспадаркі Беларусі ў пачатку XVIII стагоддзя?
10. У чым была асаблівасць разгортвання мануфактурнай вытворчасці на Беларусі?






