Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай. Этапы запрыгоньваня сялян. Аграрная рэформа 1557 г

З канца XV ст. у Заходняй Еўропе з ростам насельніцтва, асабліва гарадскога і хуткім развіццем гаспадаркі ўзрос попыт на зерне і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты. Вялікае княства Літоўскае, гаспадарка якога была звязана з еўрапейскай, адрэагавала адпаведна попыту суседзяў. З мэтай атрымаць больш прадукцыі была праведзена рэарганізацыя сельскай гаспадаркі. Прычынамі рэарганізацыі былі рост попыту на зерне на міжнародным рынку; архаічная, стракатая сістэма абкладання павіннасцямі, што толькі прыблізна ўлічвала рэсурсы адзінкі падаткаабкладання; цяжкі фінансавы стан скарбу ВКЛ.

Каб павялічыць даходы з дзяржаўных зямель, вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст ажыццяўляе ў дзяржаўных маентках рэформу, якая атрымала назву " валочная памера ". Асноўны дакумент рэформы – інструкцыя "Ўставы на валокі", які датаваны 1 красавіком 1557 г. На яго падставе была праведзена суцэльная рэвізія дзяржаўных і вялікакняскіх уладанняў. У 1568 г. усе дзяржаўныя ўладанні заходняй часткі княства былі ахоплены рэформай.

Асноўныя прынцыпы рэформы:

· дакладны ўліку зямель;

· абкладанне сялян павіннасцямі прапарцыянальна занятай зямлі;

· вылучэнне адзінай пазямельнай меры – валокі;

· за карыстанне валокай вызначаліся пэўныя павіннасці.

Пад час рэформы ўся зямля ў маёнтку дзялілася на валокі, лепшыя з якіх адводзіліся пад вялікакняжацкія гаспадаркі – фальваркі. Астатнія раздаваліся сялянам у падворнае землекарыстанне. Суадносіны велічыні фальваркавага і сялянскага ворыва ў дзяржаўным маентку вызначаліся 1:7. Гэта значыць, апрацоўку адной фальваркавай валокі рабілі сем сялянскіх валок. Сялянская сям'я ў залежнасці ад колькасці ворыва ў той ці іншай мясцовасці, магчымасцяў апрацоўкі (колькасці рабочых рук, цяглавай жывёлы, прылад працы) атрымлівала валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна ўстаноўленыя павіннасці. Сялянскі надзел падзяляўся на тры часткі. Гэта забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, што спрыяла росту ўраджайнасці. Рэформа спрыяла распаўсюджванню перадавой агракультуры.

Валочныя надзелы падзяляліся на цяглыя (паншчынныя), асадныя (чыншавыя), вольныя (для сялян-слуг, што вызваляліся ад спецыфічных павіннасцей сялян іншых катэгорый). Цяглыя сяляне абавязваліся адпрацоўваць паншчыну два дні на тыдзень, выходзіць на гвалты і талокі. Асадныя сяляне павінны былі плаціць чынш па 30 грошаў з кожнай валокі, адбываць за год 12 талок, або плаціць за іх 12 грошаў, замест гвалтоў даваць 10 грошаў. Кошт сялянскіх павіннасцяў з валокі сярэдняй якасці глебы складаў значную суму.

Пры правядзенні рэформы не было рэгламентацыі або абмежаваіняў у надзяленні сялян зямлёй. Сялянская гаспадарка магла ўзяць валоку ці яе частку. Валока складала 30 моргаў, ці 21,36 га. Па якасці глебы валокі былі “добрыя”, “сярэднія”, “дрэнныя” і “вельмі дрэнныя”. Агульны памер павіннасцяў упершыню быў абумоўлены памерам надзелу і якасцю глебы.

Вынікі правядзення рэформы:

1. сяляне страцілі правы на зямельныя ўчасткі, якія традыцыйна лічыліся ў іх спадчынным валоданні;

2. іх палеткі ў большасці сталі меншымі – сем’і не маглі выканаць усе павіннасці, якія прызначаліся з ранейшых надзелаў;

3. асноўнымі формамі павіннасці стала паншчына на захадзе, на ўсходзе – грашовы чынш;

4. з'явіліся пустыя валокі, якія ўтварылі рэзервовы зямельны фонд;

5. павялічыліся даходы дзяржаўнага скарбу;

6. прынцыпы рэфармавання былі пераняты прыватнымі землеў­ладаль­нікамі, у першую чаргу буйнымі;

7. на захадзе і ў цэнтры Беларусі, дзе імкліва ствараліся фальваркі, сялянская абшчына была разбурана, на ўсходзе яна захавалася, але была падпарадкавана феадалам.

Прыгонны стан сялянства замацоўваўся заканадаўча на працягу некаторага часу:

Прывілей 1447 г., пацвердзіў даўняе права феадалаў на вотчынны суд, што ставіла ў значную залежнасць ад яго рашэнняў сялян.

Першы Статут ВКЛ 1529 г. адмаўляў сялянам у праве ўласнасці на зямлю. Яны страчвалі права ёю распараджацца без згоды феадала. "Уставай на валокі" (1557 г.) дзяржаўныя сяляне фактычна замацоўваліся за зямельнымі надзеламі.

Другі Статут ВКЛ 1566 г. замацоўваў 10-гадовы тэрмін пошуку беглых ці крадзеных сялян і адміністрацыйныя пакаранні супраць тых, хто іх хаваў. Забаранялася хаваць сялян у гарадах.

Трэці Статут ВКЛ (1588 г.) падоўжыў тэрмін пошуку беглых да 20 гадоў, канчаткова пазбаўляў сялян права пераходу ад феадала і залічваў у стан непахожых людзей тых, хто пражываў на зямлі феадала 10 гадоў. Тэарэтычна се­лянін мог адкупіцца, заплаціўшы 10 коп грошай, а таксама ўсе пазыкі і дапамогі, якія ён атрымаў ад пана, аднак выплаціць такія грошы было вельмі цяжка.

У канцы XVI – першай палове XVII ст. у ВКЛ канчаткова фактычна і юрыдычна аформілася прыгоннае права. Селянін быў пазбаўлены права свабодна распараджацца сваёй спрадвечнай маёмасцю. Селянін стаў аб’ектам залогу, куплі-продажу як з зямлёй, так і без яе. Феадал мог судзіць селяніна.

З другой паловы XVII ст. пачынаецца эканамічны заняпад Беларусі. Ён быў выкліканы ўзмацненнем феадальнага прыгнёту, разбурэннем гаспадаркі, як у выніку антыфеадальнай, нацыянальна-вызваленчай барацьбы, так і ў значнай меры ў выніку знешніх войнаў. Аднаўляць разбураную гаспадарку пачалі з раздачы зямлі сялянам і пераводу іх на грашовы і натуральны аброк. Да 60-х гадоў XVIII ст. сельская гаспадарка была ў асноўным адноўлена: павялічылася плошча ворных зямель, павялічылася пагалоўе прадукцыйнай жывёлы.

У другой палове ХVІІІ ст. улады Рэчы Паспалітай пачалі рэфармаванне эканомікі. Кіраваў гэтымі працэсамі А. Тызенгаўз. З аднаўленнем гаспадаркі вяр­талася паншчына і павялічваліся павіннасці. Маемасная дыферэнцыяцыя вёс­кі ства­рала рынак працоўных рук. Наёмныя рабочыя атрымлівалі грашовую плату і пла­ту натурай. Побач з тэндэнцыяй да росту землеўладанняў свецкіх феа­да­лаў з дру­гой паловы XVIII ст. назіралася і іншая тэндэнцыя – перадача маёнткаў у заклад, якія з цягам часу пачалі пераходзіць ва уласнасць крэдытораў. Гэта быў пер­шы эканамічны парастак капіталізму ў нетрах феадалізму. Другім парасткам было з’яўленне ў буйной памеснай гаспадарцы прадпрымальніцтва і прад­пры­емстваў-мануфактур. Найбуйнейшымі феадальнымі прадпрыемствамі былі: Урэц­кі і Налі­боцкі шкляныя заводы князёў Радзівілаў, фаянсавы завод князя Агінскага і інш.

Яшчэ адным саслоўем былі мяшчане – жыхары гарадоў. На працягу ХVІ – першай паловы XVII ст. колькасць гарадоў дасягнула 37. Саслоўе мяшчан павялічвалася за кошт вольных сялян, уцекачоў і прыгонных. Да першай паловы XVIII ст. магдэбургскае права мелі ўсе буйныя гарады. Магістрат быў вышэйшым органам самакіравання. Саслоўе мяшчан складалася з заможных вярхоў (ба­гатыя купцы і частка майстроў), сярэдняга пласта (пераважна частка майстроў і гандляроў) і беднаты. Асновай эканамічнага жыцця гарадоў былі рамёствы і гандаль. Цэхі былі трох тыпаў: спецыялізаваныя (адной пра­фе­сіі), аб’яднаныя (дзвюх і больш блізкіх прафесій), зборныя (розных прафесій). Цэхавыя статуты рэгламентавалі вытворчую дзейнасць цэха, імкнуліся ахоўваць сваіх ра­меснікаў ад канкурэнцыі на рынку. Рамеснікаў, якія не ўваходзілі ў цэхі, называлі “партачамі”.

Пашыраўся гандаль як унутраны, так і знешні. Найбольш трывалыя сувязі былі з Расіяй, Польшчай, Левабярэжнай Украінай, Рыгай, з краінамі Заходняй Еўропы. У Заходнюю Еўропу з Беларусі вывозілася жыта, лес і іншыя тавары лясной і сельскай гаспадаркі. Завозілася на Беларусь футра, абутак, мыла, жалеза, сталь, свінец і г.д. Пастаяннай пагрозай для купецтва было самавольства шляхты, якая рабавала купцоў, разганяла кірмашы. Каб абараніць свае інтарэсы, ствараліся цэхі купцоў, якія рэгулявалі парадак куплі і продажу тавараў і іншыя справы.

Будаваліся новыя шляхі зносін. У 1784 г. было завершана будаўніцтва канала Агінскага, які злучаў Нёман з Прыпяццю. У 1781 г. пачалося будаўніцтва Днепра-Бугскага канала.

Такім чынам, сельская і гарадская гаспадарка Беларусі да сярэдзіны XVIII ст. была ў асноўным адноўлена.

3. Асаблівасці канфесійных адносін. Рэфармацыя и Контррэ­фар­ма­цыя. Берасцейская царкоўная ўнія 1596 г.

У канцы ХV – пачатку ХVІ стст. рымская каталіцкая царква ў Заходняй Еўропе ўступіла ў паласу працяглага крызісу, вынікам якога стаў другі вялікі раскол у хрысціянстве (першы адбыўся ў 1054 г. як афіцыйны падзел хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную) – рэфармацыя (шырокі грамадска-палітычны і ідэалагічны рух ХVІ ст., накіраваны супраць каталіцкай царквы, які насіў антыфеадальны характар). Ідэолагамі першай хвалі рэфармацыі сталі Марцін Лютэр, Жан Кальвін, Ульрых Цвінглі. Яны заклікалі веруючых да барацьбы са злоўжываннямі ў царкве, вяртання да ідэалаў першапачатковага хрысціянства. Гэты рух быў падтрыманы ў Еўропе найшырэйшымі коламі грамадства: ад збяднелых сялян да кіруючых колаў свецкай улады.

Моцны выбух на Захадзе не мог не аказаць пэўны ўплыў на рэлігійную сітуацыю ў ВКЛ. Рэфармацыйны рух тут стаў адметнай гістарычнай з’явай. У сваім развіцці ён прайшоў некалькі этапаў: 1-ы 1553-1570 гг. характарызуюцца ідэйным уздымам рэфармацыі, падзелам руху на некалькі накірункаў; 2-гі 1570-я – ХVІІ ст. адзначаецца крызісам рэфарматарскага руху, наступленнем і перамогай контррэфармацыі, умацаваннем пазіцый каталіцызма на Беларусі.

Першыя ідэі рэформы каталіцтва з'явіліся ў ВКЛ у 1521 г., з прыдворным прапаведнікам Жыгімонта І італьянцам Францыскам Лісманіні. Але афіцыйна пачаткам рэфармацыі лічыцца заснаванне ў 1553 г. першай кальвінскай суполкі (збору). Лютэранства ў ВКЛ было распаўсюджана пераважна сярод гараджан іншаземнага паходжання.

Шырокімі коламі насельніцтва на нашых землях быў падтрыманы кальвінізм. Ён вабіў людзей патрабаваннямі адмены царкоўных падаткаў і землеўладання, таннай царквой, суполкамі з самакіраваннем. Магнаты ў кальвінізме бачылі царкву, незалежную ад каталіцкай Польшчы і праваслаўнай Масковіі. Патронам кальвінісцкага руху на Беларусі стаў віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны (1515–1565). Ён ператварыў сваю рэзідэнцыю ў Нясвіжы ў цэнтр кальвінізму ў ВКЛ. Тут працавалі гімназія, друкарня, выдаваліся кнігі на старабеларускай і польскай мовах. Прыхільнікамі кальвінізму былі выдатныя дзеячы беларускай культуры Сымон Будны, Астафей Валовіч і Васіль Цяпінскі. Буйнейшымі цэнтрамі кальвінізму на беларускіх землях сталі Вільня, Брэст, Заслаўе, Навагрудак, Слуцк і іншыя гарады. Кальвіністы засноўвалі школы (у тым ліку для дзяўчатак), друкарні. Таленавітая моладзь на грошы мецэнатаў выязджала вучыцца ва універсітэты Заходняй Еўропы.

У 1562–1565 гг. на беларускіх землях з кальвінізму вылучаецца радыкальны накірунак – антытрынітарызм (арыянства), патронам якога стаў Ян Кішка. Яго прадстаўлялі дзве плыні: 1) радыкальная, плебейска-сялянская, прыхільнікі якой адмаўлялі многія хрысціянскія дагматы, выступалі супраць вярхоўнай улады і дзяржаўных устаноў, нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту, за стварэнне бессаслоўнага грамадства; 2) памяркоўная, шляхецка-бюргерская. Арыянскія зборы не былі такімі багатымі як кальвінісцкія, але і яны імкнуліся адчыняць школы і друкаваць кнігі. Найбольшага поспеху арыяне дасягнулі ў Навагрудскім і Брэсцкім ваяводствах. У Ашмянскім павеце, Заслаўі і Любчы былі заснаваны арыянскія друкарні. У арыянства перайшоў С. Будны. Гэты накірунак пратэстантызму вабіў многіх праваслаўных вернікаў.

Прывілей Жыгімонта ІІ Аўгуста (1563) ураўноўваў пратэстантаў у правах з католікамі. Акт Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г. аб свабодзе веравызнання, тэкст якога ўвайшоў у Статут 1588 г., абвясціў рэлігійны мір у Рэчы Паспалітай. Але паступова з другой паловы ХVI ст. колькасць пратэстантаў на беларускіх землях пачала змяншацца. Гэтаму спрыяла напужанасць многіх магнатаў узмацненнем антыфеадальных настрояў сярод простых вернікаў, а таксама супрацьдзеянне каталіцкай царквы, якая праводзіла палітыку контррэфармацыі.

Асноўную ролю ў контррэфармацыі на Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, адыгралі каталіцкія манаскія ордэны, асабліва ордэн езуітаў. У сваёй барацьбе з рэфармацыйнымі плынямі яго дзеячы галоўную ролю адводзілі ўсталяванню кантролю над навукай, літаратурай і мастацтвам, фарміраванню высокага ўзроўню адукацыі і выхаванню моладзі. У канцы 1569 г. па запрашэнні віленскага біскупа В. Пратасевіча езуіты з’явіліся ў Вільні. Манархі Рэчы Паспалітай, асабліва Стэфан Баторый, горача падтрымалі іх дзейнасць. У 1570 г. імі ў Вільні быў заснаваны калегіум, ператвораны ў 1579 г. у акадэмію – першую вышэйшую навучальную ўстанову на тэрыторыі ВКЛ. Яе першым рэктарам стаў выдатны прамоўца і пісьменнік Пётр Скарга. Езуіты кіравалі будаўніцтвам новых кляштароў і касцёлаў, займаліся дабрачыннасцю і аказвалі медыцынскую дапамогу насельніцтву (заснавалі першую на Беларусі аптэку ў Гародні). Свае красамоўныя пропаведзі яны часта прамаўлялі на беларускай мове, на ёй жа вялося выкладанне ў Полацкім калегіуме, перакладаліся свяшчэнныя кнігі. За пяць гадоў дзейнасці езуітаў толькі ў Вільні да каталіцызму вярнулася 6 тысяч чалавек.

Поспехі Рэфармацыі выклікалі заклапочанасць і сярод праваслаўных святароў. Але праваслаўная царква ВКЛ у той час знаходзілася ў заняпадзе. Таму дзеячы каталіцкага кліру, у першую чаргу П. Скарга і А. Пасевіна, выступілі за унію дзвюх хрысціянскіх цэркваў. На іх думку, гэта магло паспрыяць не толькі барацьбе з пратэстантамі, але і пашырэнню каталіцкага ўплыву ва ўсім свеце. Прэстыж праваслаўнай царквы ў грамадстве ў гэты час падаў, што было звязана, з аднаго боку, з пракаталіцкай палітыкай вышэйшай улады, а з другога – з нізкім узроўнем адукацыі і маралі праваслаўнага духавенства. У 1589 г. была ўтворана незалежная ад Канстанцінопаля Маскоўская патрыярхія, якая хутка стала прэтэндаваць на ўладу над праваслаўным насельніцтвам ВКЛ, што магло пацягнуць за сабой і палітычную залежнасць ад Масквы. Многія праваслаўныя іерархі імкнуліся з дапамогай уніі атрымаць роўныя правы з вышэйшым каталіцкім духавенствам.

Ідэолагамі царкоўнай уніі з праваслаўнага боку сталі ўладзімірскі і брэсцкі епіскап Іпацій Пацей і брэсцкі епіскап Кірыла Тарлецкі. Унія была падпісана 8 кастрычніка 1596 г. на царкоўным соборы ў Брэсце кіеўскім мітрапалітам Міхаі­лам Рагозай. Па ўмовах пагаднення новая царква захоўвала праваслаўныя абрады, але было прынята каталіцкае веравучэнне, і на чале уніяцкай царквы стаў папа рымскі. Трэба асобна падкрэсліць, што на той час толькі ва уніяцкай царкве мовай набажэнства стала зразумелая простаму насельніцтву старабеларуская мова. Для ўмацавання пазіцый грэка-каталіцкай царквы ў 1617 г. на тэрыторыі ВКЛ быў створаны манаскі ордэн базыльян, які кіраваў школамі, друкарнямі і бібліятэкамі.

Прыняцце уніі выклікала незадаволенасць сярод значнай часткі праваслаўнага насельніцтва. Праціўнікі уніі правялі ў Брэсце антысабор і абвясцілі уніятам анафему. Многія магістраты адмаўляліся прымаць уніяцкіх святароў. Сваю незадаволенасць праваслаўныя дзеячы выкрывалі ў палемічнай літаратуры. Значную ролю ў развіцці культуры ў гэты час адыгрывалі таксама праваслаўныя брацтвы. Яны адкрывалі пачатковыя і сярэднія школы і друкарні (самая вядомая – братоў Мамонічаў у Вільні – выпусціла першыя кірылічныя прававыя выданні — "Трыбунл ВКЛ" (1586) і "Статут ВКЛ" (1588)). На працягу ХVІ ст. брацтвы ўзніклі ва ўсіх буйных беларускіх гарадах. Для супрацьстаяння каталіцкай царкве 168 праваслаўных і пратэстанцкіх магнатаў у 1599 г. стварылі ў Вільні канфедэрацыю. У 1623 г. праваслаўныя вернікі Віцебска забілі апантанага прыхільніка уніі, полацкага арцыбіскупа Ясафата Кунцэвіча. Але на баку каталікоў і уніятаў стаялі ўлады Рэчы Паспалітай. На працягу ХVІІ – ХVІІІ стст. уніяцтва становіцца на Беларусі самым масавым веравызнаннем і ахоплівае да 80% сялянства, мяшчан, дробнай і сярэдняй шляхты.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: