double arrow

Праблемы вывучэння рэчавых

і іншых відаў непісьмовых крыніц

Для общих благ мы то перед скотом имеем

Что лутче, как они, друг друга разумеем

И помощию слов, как мысль ни глубока

Описываем все чувствия и страсти

И мысли голосом делим на мелки части.

(А.Сумарокаў)

З таго часу як у чалавека з’явiлася патрэба перадаць iнфармацыю, ён iмкнуўся вызначаць яе ў мове. Фiксацыя гукаў акрэсліла з’яўленне пiсьма. З часам з’явiлiся пэўныя вiды ўмоўных вызначэнняў (што ў класiфiкацыi С. О. Шмiта акрэслiваюцца як канвенцыянальныя крынiцы) – iнфармацыя на штучных машынных носьбiтах. Развiццё тэхнiкi спрыяла ўзнiкненню i такога тыпу крынiц, як фона- і кiнадакументы. Безумоўна, форма фiксацыi iнфармацыi мае для гiсторыка пэўнае значэнне, i гiсторык часам проста вымушаны звяртацца да вывучэння выключна тэхнiчных аспектаў (магнiтафонны запiс справаздач i г. д.). Нягледзячы на пэўныя праблемы, у дадзеным выпадку гiсторыку прасцей перавесцi такую сацыяльную iнфармацыю (вобразна гаворачы) на «мову сваiх думак».

Намнога складаней сiтуацыя пры вывучэннi рэчавых i выяўленчых крынiц. Калi зараз малады гiсторык звяртаецца да рок-музыкi, яго прываблiваюць найперш тэксты, а музыка застаецца па-за ўвагай. Яшчэ ў большай ступенi складана перавесцi на «мову думак» сацыяльную iнфармацыю, што заключана ў «мове рэчаў». Тут выкарыстоўваюцца спецыфiчныя метады вывучэння, i ў адпаведнасцi з iмi вызначылiся такiя асобныя дысцыплiны, як мастацтвазнаўства, этнаграфiя i г. д.

Дарэчы, «мову рэчаў» вывучае i археалогiя. Але, па-першае, археолагi выкарыстоўваюць i пiсьмовыя крынiцы. Па-другое, археолагi вывучаюць «старажытнасцi» – рэчы, iнфармацыя аб якiх страчана поўнасцю або часткова (па трапным вызначэнні Л. С. Клейна, гэта рэшткі культуры мінулага, аддаленага ад нашага жыцця не толькі значным інтэрвалам часу – гэта не галоўнае, але і разрывам традыцыі, такім разрывам, які ўскладняе разуменне рэшткаў)[vi]. Многiя схiльны нават вызначаць археалогiю як самастойную навуку побач з гiсторыяй. У такiм выпадку ўзнiкае пытанне аб суадносiнах азначаных дысцыплiн з крынiцазнаўствам, i тут патрэбна заўважыць, што тым не менш усе яны маюць аб’ектам вывучэння гістарычныя крынiцы. I пры вывучэннi рэчаў (напрыклад, iкон) узнiкаюць тыя ж пытаннi дацiроўкi, аўтарства, месца стварэння. Таму можна сцвярджаць, што тэорыя крынiцазнаўства павiнна распрацоўваць метады вывучэння самых розных тыпаў крынiц. Разам з тым можна разглядаць у якасцi асобнай навуковай дысцыплiны прыкладное крынiцазнаўства, што вывучае пiсьмовыя крынiцы.

Некаторыя навукi, што маюць аб’ектам вывучэння гiстарычныя крынiцы, распрацоўваюць i свае, спецыфiчныя метады. Iснуе i своеасаблiвая методыка пошуку крыніц. Як археолаг ведае, дзе трэба капаць? Як этнограф ведае, дзе патрэбна шукаць сляды той цi iншай легенды? Безумоўна, ёсць элемент выпадковасцi ў адкрыццi. Можна выпадкова натрапiць на дакумент у архiве, можна выпадкова знайсцi клад i г. д. Але ў пераважнай большасцi пошук вядзецца сiстэматычна i мэтанакiравана. Патрэбна дэтальна акрэсліць прадмет пошуку, даследчык павiнен выдатна ведаць умовы i вывучыць месца пошуку (фонды архiва або мясцовасць для археолага). Даследчык павiнен ведаць магчымасцi прымянення тэхнiчных сродкаў (аэрафотаздымка, запiс на дыктафоне, сканiраванне тэксту, сканiраванне зямной паверхнi з самалёта i спадарожнiка, выкарыстанне iнфармацыйных сiстэм). Пры той вялiкай адлегласцi, якая, здаецца, аддаляе палявую археалогiю ад працы даследчыкаў у архiве, ёсць ва ўсякiм разе адна рэч, што іх аб’ядноўвае: перш чым раскопваць, трэба знайсцi, дзе капаць; перш чым вывучаць пiсьмовую крынiцу, яе трэба адшукаць.

Пошук гістарычных крыніц.
Крыніцазнаўчая эўрыстыка

Дапамагае ў пошуку крыніц крыніцазнаўчая эўрыстыка (ад грэч. – адшукваю, адкрываю), якая выпрацоўвае спецыяльныя метады іх выяўлення.

Калi гаварыць аб пiсьмовых крынiцах, то ў залежнасці ад таго, дзе арганізуецца iх пошук, крыніцазнаўчую эўрыстыку ўмоўна падзяляюць на бібліяграфічную і архіўную. Задача эўрыстыкі – выявіць усе крыніцы па тэме гістарычнага даследавання.

У пачынаючых даследчыкаў вызначаецца імкненне хутчэй звярнуцца да сховішчаў, да архіўных матэрыялаў. Але пачынаць пошук неабходна з апублікаваных крыніц. Па-першае, тым самым гісторык пазбаўляе сябе ад магчымасці «адкрываць» вядомае. Па-другое, апублікаваныя матэрыялы дазваляюць вывучаць тыя крыніцы, якія знаходзяцца ў закрытых архівах і прыватных калекцыях (часам недаступных даследчыку). Выкарыстанне апублікаваных крыніц эканоміць гісторыку час, паколькі складальнікі публікацыі праводзілі велізарную працу па тэматычнай падборцы крыніц, прадстаўленню тэксту па сучасных правілах арфаграфіі і забеспячэнню яго геаграфічнымі і імяннымі паказальнікамі, каментарыямі і г. д.

Выданні крыніц вельмі разнастайныя, таму трэба мець на ўвазе, што існуюць першасныя і другасныя выданні. Першасныя выданні змяшчаюць самі крыніцы, а другасныя – інфармацыю аб іх. Да першасных адносяць неперыядычныя публікацыі крыніц, перыядычныя выданні крыніц, што працягваюцца (напр., «Полное собрание русских летописей»); да другасных – інфармацыйныя выданні (рэфератыўныя і інш.), даведачную літаратуру (энцыклапедыі, слоўнікі), бібліяграфічныя дапаможнікі.

У залежнасці ад мэты iх выдання публiкацыi можна падзяліць на навуковыя, вучэбныя (хрэстаматыі i г. д.), літаратурна-мастацкія i навукова-папулярныя (літаратурна-мастацкія пераклады крыніц і інш.). Нават пачынаючы даследчык павінен ведаць і разумець гэтыя адрозненні.

Акрамя таго, выданні можна падзяліць на афіцыйныя і неафіцыйныя (прыватныя). Тут да месца адзначыць і цяжкасці работы з апублікаванымі крыніцамі. Галоўная з iх тая, што ў нефаксімільных выданнях (а іх выключная большасць) даследчык не мае магчымасці скласці поўнае ўяўленне аб крыніцы і вымушаны давяраць публікатарам. Паколькі публікацыі заўсёды маюць свае мэты, то ў афіцыйных выданнях пераважаюць мэты ідэалагічныя, а прыватныя выданні не заўсёды дасканалыя ў археаграфічных адносінах. Дарэчы, усё гэта выдатна адзначана ў працы М. М. Улашчыка «Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода» (1973).

Пасля выяўлення апублікаваных крыніц па пэўнай тэме і адпаведнага іх вывучэння гісторык можа і павінен пераходзіць да пошуку крыніц у архівах, рукапісных аддзелах бібліятэк, фондах музеяў і ў прыватных асоб.

Вызначэнне двух этапаў у пошуку гістарычных крыніц не звязана з прынцыповым адрозненнем паміж апублікаванымі і неапублікаванымі крыніцамі. Месца захавання і тэхніка, спосаб аднаўлення крыніц не прадвызначаюць іх значэння для даследчыка. Размова можа ісці толькі аб спецыфічных метадах выяўлення і некалькі іншых спосабах вывучэння гэтых крыніц.

Напачатку даследчык працуе з даведнікамі для таго, каб вызначыць, у якіх архівах, у якіх фондах могуць захоўвацца крыніцы па яго тэме
(гл. дадатак). Складанасць гэтай працы выклiкаецца тым, што шэраг даведнікаў («Путеводителей» i iнш.) ужо састарэў, па асобных фондах і калекцыях яны адсутнічаюць увогуле.

Праца ў архіве патрабуе ад даследчыка ведаў па палеаграфіі, геральдыцы, сфрагістыцы і інш. Ён павінен ведаць сетку і склад архіваў, для чаго неабходна пэўнае знаёмства з такой навуковай дысцыплінай, як архівазнаўства, яе тэрміналогіяй («фонд», «вопіс», «анатацыя фонду» і інш.). Трэба мець на ўвазе, што акрамя фондаў дзяржаўных устаноў існуюць і фонды асабістага паходжання, якія звычайна складаюць аснову фондаў аддзелаў рукапісаў буйнейшых бібліятэк і персанальных фондаў адпаведных музеяў. І каб ведаць, якім чынам матэрыялы, што цікавяць даследчыка, адкладваліся ў архівасховішчах, неабходна знаёмства з гісторыяй фондаўтваральнікаў (устаноў, арганізацый, асоб, чые матэрыялы ў гэтых архівах захоўваюцца).

Арганізацыя рацыянальнай працы ў архівасховішчах можа стаць прадметам асобнага вывучэння і практычных заняткаў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: