У сацыялізм цераз Курапаты

Рэпрэсіі і генацыд трыццатых гадоў у Беларусі, так як і на тэрыторыі ўсяго СССР, мелі дактрынёрскі характар і былі вынікам самой сутнасці марксісцкаленінскай тэорыі класавай барацьбы. Беларусь, у якой амаль 90% насельніцтва складалі сяляне, мусіла стацца аб’ектам бальшавіцкага насілля. Пазбаўленне ўласнасці так вялікай колькасці ўладальнікаў не магло абысціся без ахвяр. На XVII З’ездзе ВКП(б) у лютым 1943 г. Сталін зрэшты не скрываў, што рэпрэсіі і насілле могуць быць істотным элементам сацыялістычнага будаўніцтва. Больш таго, ні індустрыялізацыя, ні калектывізацыя не маглі б здзейсніцца без папярэдняга збудавання таталітарнай сістэмы.

У снежні 1934 г. рашэннем Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта СССР уведзены былі новыя прынцыпы следства супраць абвінавачаных у тэрарызме. Аб тым, хто быў тэрарыстам і які ўчынак лічыць тэрактам, вырашалі функцыянеры Народнага камісарыята ўнутраных спраў. “Тэрарыстаў” судзіла спецыяльная камісія ў структурах НКУС. Час следства быў скарочаны да 10 дзён, а прыгавор меў быць неадкладна выкананы. У 1937 г. такія ж прынцыпы прымяняліся да асоб, абінавачаных у дыверсіі і шкодніцтве савецкай уладзе. Узрост асуджаных, якіх можна было пакараць смерцю, зніжаўся да 12 гадоў. Функцыянеры НКУС атрымалі права катаваць падазроных у шкодніцтве. Данос пра антысавецкія сімпатыі быў дастатковай прычынай для таго, каб прыгаварыць чалавека да пакарання смерцю.

Беларусь была толькі адной з многіх рэспублік, праз якую пракацілася хваля ірацыянальнага насілля і злачынстваў, якім падвяргаліся часта выпадковыя ахвяры. У 1937—1938 гадах работнікі НКУС узнагароджваліся ордэнамі і павышэннямі па службе за колькасць выяўленых “ворагаў народа”. Аддзяленні НКУС спаборнічалі паміж сабою ў забойствах людзей, якіх пазбаўлялі жыцця без судовага разбору і зачытання ім абвінаваўчага заключэння. У лесе каля вёскі Курапаты пад Мінскам у 1937—1941 гадах, паводле розных ацэнак, было забітых ад 100 да 250 тыс. чалавек. Ахвярамі ў большасці сталі сяляне Міншчыны і зняволеныя з усёй Беларусі, якія трапілі ў кіпцюры мінскага НКУС. Людзей забіралі з дамоў ноччу і пасля занясення ў спісак “ворагаў народа” завозілі іх у курапацкі лес.

У 1937—1938 гадах расстрэльвалі амаль усіх, якія мелі якое-небудзь дачыненне да беларускага нацыянальнага руху, асветы, навукі, культуры. Загінулі ўсе раней абвінавачаныя ў прыналежнасці да Саюза вызвалення Беларусі. Гэтым разам абінавацілі іх у шпіянажы на карысць Польшчы. Страцілі жыццё 90% работнікаў Беларускай Акадэміі навук, большасць выкладчыкаў Дзяржаўнага універсітэта ў Мінску, работнікаў Тэатра оперы і балета, Дзяржаўнай філармоніі. Загінулі амаль усе арганізатары беларускага палітычнага, навуковага і культурнага жыцця дваццатых гадоў. З ліку 238 беларускіх літаратараў эпоху Сталіна пражыло толькі 20 тварцоў. З бібліятэк была выключана большасць літаратурных твораў на беларускай мове.

Ад тэрору не ўсцерагліся таксама галоўныя каты і арганізатары масавых рэпрэсій у Беларусі. У красавіку 1939 г. ваенны суд НКУС Беларускай акругі прыгаварыў да пакарання смерцю кіраўнікоў гэтага ведамства на тэрыторыі Беларусі — Стаяноўскага, Каўфмана, Ягодзіна і кіраўнікоў Аддзела Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР — Бермана, Закоўскага, Наседкіна, якія стваралі ідэалагічную і прапагандысцкую падставу для бальшавіцкага тэрору.

Невядома колькі жыхароў БССР страціла жыццё ў 1937—1941 гг., колькі магіл, такіх, як у Курапатах, узнікла тады на тэрыторыі рэспублікі. Невядома колькі людзей пражывала на гэтым абшары ў чэрвені 1941 г., калі пачалася нямецка—савецкая вайна.

Беларусы ў ІІ Рэчы Паспалітай


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: