Грамадства і гаспадарка

Паводле перапісу насельніцтва ад 1921 г. у Польшчы, на тэрыторыі Беластоцкага, Навагрудскага, Палескага і Віленскага ваяводстваў, пражывала 1 035 тысяч беларусаў. Ніхто, аднак, з сур’ёзных гісторыкаў ні ў міжваенны перыяд, ні пазней не лічыў гэты лік сапраўдным. Дзяржаўныя ўлады імкнуліся паказаць польскі характар зямель, распаложаных на ўсход ад рыжскай мяжы, таму ў час перапісу прымаліся розныя меры, каб паказаць там як найменшую колькасць беларускага насельніцтва. Паводле польскага гісторыка Анджэя Жарноўскага, у ІІ Рэчы Паспалітай жыло каля 1,7 млн. беларусаў. Паводле вызначэнняў гісторыка Ежы Тамашэўскага, на тэрыторыі чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў было сама меней 1,95 млн. чалавек беларускай нацыянальнасці, у тым ліку ў Палескім ваяводстве 654 тыс., Навагрудскім — 616 тыс., Віленскім — 407 тыс., Беластоцкім — 269 тыс.

Так як і ў БССР, сярод беларусаў пражываючых у польскай дзяржаве пераважную большасць складала сялянства. Працэнт беларускага насельніцтва ў гарадах быў у восем разоў меншы за такі ж паказчык у вясковым асяроддзі. У сапраўднасці беларускіх жыхароў гарадоў было ў сорак разоў менш чым сялян, якія размаўлялі на такой самай мове. Больш за 90% беларускага насельніцтва ўтрымлівалася з працы на зямлі. Для 7% крыніцай утрымання была наёмная праца. Рабочыя беларускай нацыянальнасці працавалі на пасадах, якія не патрабавалі кваліфікацыі — у сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве, лесаводстве, або ў якасці хатняй службы. Наглядальных пасад, лепш платных і патрабуючых кваліфікацыі, беларусы наогул не атрымлівалі. У некаторых галінах гаспадаркі, асабліва кантраляваных дзяржавай, напрыклад, у камунікацыі, транспарце, сувязі, публічнай службе — беларусаў не прымалі на працу па палітычных прычынах, паколькі адміністрацыя баялася з іх боку сабатажу або дыверсійных дзеянняў.

Вытворчасць на тэрыторыі чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў была цесна звязана з сельскай гаспадаркай. Працавала тут 149 спіртзаводаў, 8 бровараў, 27 крухмальных заводаў, 44 смалакурні, 87 цагельняў, 34 малочныя заводы, 298 млыноў, 82 тартакі. Былі гэта невялікія прадпрыемствы, у якіх сацыяльнае заканадаўства прымянялася толькі ў сімвалічных памерах. Формы працы і аплаты рабочым вызначаліся паводле меркавання работадаўца.

Беларусы складалі самую вялікую групу рабочых у памешчыцкіх маёнтках. Найчасцей працавалі там цэлымі сем’ямі. Жонка даіла кароў, даглядала жывёлу, дзеці пасвілі свіней або выконвалі іншыя хатнія і палявыя работы. Узамен уладальнік маёнтка даваў ім прыстанішча, адпускаў кавалак зямлі для вырошчвання бульбы і гародніны ды плаціў у натуры малаком і свойскай птушкай. Ва ўмовах адсутнасці іншай працы беззямельныя сяляне найчасцей былі поўнасцю залежныя ад работадаўца.

Большасць палявых работ, на сенажацях, у лясах выконвалі сезонныя рабочыя, найчасцей навакольныя сяляне, якія ў такі спосаб зараблялі грошы, каб заплаціць падатак, або адраблялі пазычаную ў двары муку, збожжа, бульбу, якіх нястача, асабліва напрадвесні, была паўсюднай з’явай.

Рамеснікі і дробныя купцы беларускага паходжання гуртаваліся галоўным чынам у пасёлках і малых мястэчках. Рамяство звычайна папаўняла ім даходы з невялікай гаспадаркі. Таксама ў кожнай вёсцы была група сялян, якая, апрача працы на сваёй гаспадарцы, выконвала кавальскія, сталярскія, цяслярскія, кравецкія, ткацкія, шавецкія паслугі.

Беларуская інтэлігенцыя на абшары чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай была нешматлікай. Не было таксама ўмоў, якія садзейнічалі б росту гэтай грамадскай групы. Па палітычных прычынах беларусы вельмі рэдка прымаліся на працу ў адміністрацыю і іншыя дзяржаўныя ўстановы. Беларускае школьніцтва існавала толькі ў сімвалічных памерах. Магчымасці паступаць у польскія сярэднія школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы былі для беларускай моладзі абмежаваны фінансавымі абставінамі. Таму гэтая грамадская праслойка з цягам часу скарачалася. Частка беларускай інтэлігенцыі шукала паратунку ўладкоўваючыся на працу ў гандлі і дробнай вытворчасці, або выконваючы працы характэрныя для найніжэйшых слаёў грамадства. Многія займаліся палітыкай, звычайна імкнучыся звергнуць лад, які давёў іх да ўніжанай сітуацыі. Уздзеянне беларускай інтэлігенцыі на сялянства было невялікае. Не было разбудаваных інструментаў такога ўздзеяння ў выглядзе школ, друку, культурных устаноў.

Беларускія памешчыкі складалі зусім нешматлікую групу. На тэрыторыі чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў 84,4% маёнткаў належалі палякам, а толькі 4,1% — беларусам. У Беластоцкім ваяводстве беларускія памешчыкі складалі толькі 2,4% уладальнікаў маёнткаў (звыш 50 га), Віленскім — 8,2%, Навагрудскім — 8,2%, Палескім — 17,8%. Памешчыцкая ўласнасць складала значную частку ў аграрнай структуры згаданых ваяводстваў. У Палескім ваяводстве займала яна 50,8% плошчы зямлі, Навагрудскім — 35,1%, Віленскім — 32%, Беластоцкім — 18,1%. Самыя вялікія маёнткі налічвалі па некалькі дзесяткаў тысяч гектараў.

Вялікую частку плошчы на гэтай тэрыторыі — звыш 40% — займалі неўраджайныя землі, пашы, лясы, балоты. Існуючай аграрнай структуры спадарожнічалі архаічныя метады гаспадарання. У сялянскіх гаспадарках зямлю апрацоўвалі такімі спосабамі як і стагоддзі таму. Памешчыкі значную частку сваёй зямлі здавалі ў арэнду ўзамен за частку плёну. Грошы рэдка ўжываліся пры такога тыпу здзелках. Рэліктам мінулага былі таксама сервітуты. Аднак для мала і беззямельных сялян давалі яны шанц пратрымаць некалькі штук свіней ці быдла. Таму іх ліквідацыяй былі зацікаўлены толькі больш заможныя сяляне і ўладальнікі фальваркаў. Для гэтых апошніх вартаснымі былі галоўным чынам лясныя сервітуты, па прычыне магчымасці продажу драўніны.

Узровень тэхнікі і плён на Заходняй Беларусі — як звычайна называюць гэтую тэрыторыю ў беларускай пісьменнасці — былі самымі нізкімі ў Польшчы. Па вёсках панавала амаль натуральнае гаспадаранне. Сяляне большасць неабходных у штодзённым жыцці артыкулаў выраблялі саматужна: бялізну, вопратку, абутак, сельскагаспадарчыя прылады, хатняе абсталяванне, посуд. Льняное палатно — асноўны матэрыял для пашыўкі вопраткі — выраблялася амаль у кожнай хаце. У якасці летняга абутку паўсюдна выкарыстоўваліся лыкавыя лапці. Асноўнымі харчовымі прадуктамі былі капуста, бульба і хлеб, які пяклі з мукі змеленай у жорнах. Прымянялася соль найгоршага гатунку, а цукар быў рэдкасцю ў сялянскай хаце і паўсюдна замяняўся сахарынам, які кантрабандысты перапраўлялі ў Польшчу цераз літоўскую граніцу. Папаўненнем сялянскага меню былі рыбы, якія ў вялікай колькасці вадзіліся ў адносна шчыльнай сетцы вадаёмаў. Ураджай з 5—10-гектарнай гаспадаркі з цяжкасцю дазваляў пратрымацца звычайна мнагалікай сялянскай сям’і. Голад на гэтай тэрыторыі, асабліва ў пераджніўны час, пастаянна спадарожнічаў насельніцтву.

Грошы ў тадышняй гаспадарцы не адыгрывалі істотнай ролі. Патрэбны яны былі для аплаты падаткаў і куплі неабходных тавараў — запалак, газы, солі. Свайго роду капіталаўкладаннем была жывёлагадоўля. Калі сялянам патрэбны былі грошы, тады прадавалі яны каня або карову, у крайнім выпадку — кавалак зямлі.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: