Прагматыкі і партызаны

Грамадскія, палітычныя, эканамічныя і нацыянальныя адносіны на тэрыторыі чатырох паўночнаўсходніх ваяводстваў стваралі атмасферу калоніі. Спосаб польскага праўлення на землях, населеных беларусамі, ад самага пачатку не спрыяў усталяванню карэктных адносін паміж дзяржаўнай уладай і мясцовым насельніцтвам. Разам з замацаваннем дзяржаўных структур пачаліся ліквідацыя беларускага школьніцтва, разбуранне або адбіранне цэркваў, праследаванне падазроных у спрыянні камунізму. Паколькі ў Польшчы перамагла нацыяналдэмакратычная канцэпцыя нацыянальнай палітыкі, на практыцы сталі ажыццяўляцца найгоршыя і самыя брутальныя метады асіміляцыі славянскіх меншасцей. Ва ўмовах парламенцкага кіравання (1921—1926) не рэалізавалася аднак ніводная кампактная праграма нацыянальнай палітыкі. Гэтыя пытанні належалі кампетэнцыі чатырох ведамстваў: міністэрствам унутраных, ваенных і замежных спраў ды міністэрству веравызнанняў і публічнай асветы. За гэты перыд урады змяніліся дзесяць разоў, а кіраўнікі названых ведамстваў змяняліся значнай часцей. Таму палітыка на паўночнаўсходніх крэсах вызначалася перш за ўсё лакальнай адміністрацыяй, якая беларусаў лічыла элементам ніжэйшай катэгорыі, адсталым, прымітыўным, якога лёгка можна апалячыць. Адміністрацыйныя кадры папаўняліся чыноўнікамі з цэнтральных ваяводстваў. У Беларусь часта прысылаліся людзі, якія не праявілі сябе на папярэдняй пасадзе або скампраметаваліся. Гэтая адміністрацыя ажыццяўляла перш за ўсё такую палітыку, якой чакалі мясцовыя памешчыкі і якая не заўсёлы адпавядала інтарэсам польскай дзяржавы.

Тым часам для змякчэння грамадскіх напружанняў патрэбна была аграрная рэформа. Аднак кожнае дзеянне ў гэтым напрамку давяло б да змяншэння ўласнасці, якая заставалася б у польскіх руках. Таму на аснове закона ад 20 снежня 1920 г. сюды былі прывезены пасяленцы з цэнтральнай часткі Польшчы. Перасяляліся галоўным чынам былыя жаўнеры і афіцэры, якіх надзялялі зямлёй і падтрымоўвалі крэдытамі на асваенне гаспадаркі. Асаднікі мелі ўздзейнічаць на беларускае асяроддзе ў напрамку яго асіміляцыі, быць апорай мясцовай адміністрацыі і тым фактарам, які тармозіў бы антыдзяржаўныя выступленні. Асаднікі найчасцей выконвалі абавязкі солтысаў, войтаў, лаўнікаў (засядацеляў), ставаліся ніжэйшай ступенькай улады. Часта на новае месца жыхарства прыязджялі яны з пісталетам або вінтоўкай. У выпадку патрэбы абавязаны яны былі дапамагаць войску, паліцыі, лясной ахове, прымаць удзел у аблавах на партызан.

Каланізацыя крэсаў, паводле планаў дзяржаўных улад, мела аб’яднаць іх з Польшчай, зменшыць зямельны голад у цэнтральных рэгіёнах краіны, стварыць адпаведныя тылы ў выпадку канфлікту з СССР. Хаця на беларускія землі перасяліліся некалькі дзесяткаў тысяч людзей, палітычныя і гаспадарчыя вынікі асадніцтва аказаліся малазначныя. Асаднікі не змянілі нацыянальнага аблічча гэтага рэгіёна. Іх прысутнасць даводзіла часам толькі да напружанняў у адносінах з мясцовым беларускім насельніцтвам.

Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора ўлады хутка давялі да заняпаду беларускае школьніцтва на Віленшчыне. Урад спыніў фінансавую падтрымку, паколькі існаванне гэтых школ палічыў спрэчным з інтарэсам дзяржавы. Пад уздзеяннем агітацыі нацыяналістычных груповак у беларусаў была адабрана большасць асветных устаноў. У іншых ваяводствах беларускія школы былі закрыты на пачатку 1921 г.

Беларускія палітыкі не былі згодны ў справе пазіцыі ў адносінах да рэчаіснасці, якую на населенай беларусамі тэрыторыі стваралі польскія ўлады. Дзеячы, раней звязаныя з Найвышэйшай Радай — Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Сымон РакМіхайлоўскі, ксёндз Адам Станкевіч, Аркадзь Смоліч, Лявон Дубейкаўскі, Эдуард Будзька, Фабіян Ярэміч — лічылі, што ва ўмовах нездзяйснення нацыянальных памкненняў, паражэнняў у галіне будовы сваёй дзяржавы і раздзелу Беларусі трэба прынамсі шукаць магчымасці для праіснавання народа. Зыходзілі яны з прадпасылкі, што змаганне з польскай дзяржавай можа толькі пагоршыць сітуацыю беларусаў і ў склаўшыхся ўмовах самым галоўным павінна быць асветная праца з народам — змаганне за асвету на роднай мове, стваранне вытворчых кааператываў, удзел у парламенцкіх выбарах. Браніслаў Тарашкевіч быў перакананы, што парламентарызм і польская дэмакратыя створаць беларусам магчымасць поўнага нацыянальнага жыцця. Прыхільнікі пошукаў пагаднення з палякамі называлі сябе рэалістамі і прагматыкамі. Вясною 1921 г. стварылі яны Беларускі палітычны камітэт (БПК), які супрацоўнічаў у барацьбе на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з уплывамі эміграцыйнага ўрада Вацлава Ластоўскага. БПК быў неафіцыйнай арганізацыяй. Інтарэсы гэтай групы афіцыйна прадстаўляў віленскі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК).

У сакавіку 1922 г. дэлегацыя Беларускага палітычнага камітэта з Тарашкевічам на чале была прынята начальнікам дзяржавы Юзафам Пілсудскім і прэм’ерміністрам Антоніем Панікоўскім. Беларусы прадставілі найважнейшым асобам у дзяржаве свае пажаданні ў галіне развіцця асветы на роднай мове. Патрабавалі яны стварыць пры Міністэрстве асветы ўстанову па справах беларускага школьніцтва, выдзеліць Віленскай беларускай гімназіі датацыю, адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ды абняць усе беларускія дзеці навучаннем роднай мове. Апрача галантнасці і абяцанняў пацікавіцца справамі беларускай асветы польскія ўлады беларусам не мелі чаго прапанаваць.

У красавіку 1922 г. дзеячы Беларускага палітычнага камітэта заснавалі Палітычную камісію, якую састаўлялі Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч і Вячаслаў Багдановіч. Камісія мела распрацаваць прынцыпы працы афіцыйнага Беларускага нацыянальнага камітэта на глебе польскай дзяржаўнасці, а перш за ўсё падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў. Прытрымоўваючыся сваіх поглядаў дзеячы БПК хацелі змагацца за беларускія нацыянальныя інтарэсы ў Польшчы, скарыстоўваючы дэмакратычныя механізмы дзяржавы.

Іншую пазіцыю ў адносінах да польскай дзяржавы прадстаўлялі дзеячы верныя эміграцыйнаму ўраду БНР у Коўне. 26 верасня 1921 г. па ініцыятыве прэм’ера ўрада Вацлава Ластоўскага ў Прагу была склікана Беларуская нацыянальнапалітычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Беларускай партыі сацыялістаўрэвалюцыянераў, Беларускай партыі сацыялістаўфедэралістаў, Беларускай сацыялдэмакратычнай партыі, нацыяналсацыялістаў і беспартыйных дзеячаў. Амаль палову ўдзельнікаў канферэнцыі (18) складалі дэлегаты БПСР. На працягу пяці дзён нарадаў удзельнікі канферэнцыі распрацавалі план дзеяння ў новых палітычных умовах. У прынятай на заканчэнне канферэнцыі рэзалюцыі было сказана, што Беларусь павінна быць непадзельнай і незалежнай дзяржавай. Адзінай легальнай уладай з’яўляецца ўрад БНР які мандат атрымаў ад Рады. Рыжскі дагавор удзельнікі канферэнцыі назвалі трактатам аб падзеле, а склаўшыся парадак па абодвух баках рыжскай мяжы — акупацыяй Беларусі дзвюма суседнімі дзяржавамі. У рэзалюцыі “ўсе актыўныя беларускія сілы” заклікаліся да барацьбы ўсімі магчымымі сродкамі “супраць падзелу Беларусі”. “Кожнага, хто прызнае рыжскі дагавор, трэба прызнаць ворагам беларускага народа”, — заявілі ўдзельнікі канферэнцыі.

Улічваючы — як было сказана ў рэзалюцыі — асабліва нялюдскае праследаванне беларускай культуры, інтэлігенцыі і нацыянальных дзеячаў у польскай акупацыйнай зоне, вырашана выслаць пратэст у Лігу Нацый з патрабаваннем адкінуць “польскі імперыялізм на лінію рэк Нарвы і Буга”. З’езд прадстаўнікоў беларускіх сацыялістычных партый у Празе ўхваліў таксама рэзалюцыю ў справе дзейнасці ген. Станіслава БулакБалаховіча, які быў названы аферыстам і узурпатарам ды абвінавачаны ў злачынствах і грабяжах на беларускім і яўрэйскім мірным насельніцтве.

Хаця ўсе прынятыя ў Празе дакументы аднолькава ацэньвалі польскі і савецкі бакі, аднак партызанскі рух на практыцы арганізаваны быў толькі на заходнім баку рыжскай мяжы. Праўдападобна так дзеялася па волі літоўскіх і нямецкіх пратэктараў урада Ластоўскага. Менавіта Нямеччына і Літва падтрымоўвалі фінансава і забяспечвалі зброяй і амуніцыяй узнікаючыя беларускія партызанскія атрады. Звыш таго, галоўная палітычная сіла ў эміграцыйным урадзе — эсэры, традыцыйна праяўлялі заходнерускія тэндэнцыі. Пачатак бальшавіцкай палітыкі беларусізацыі ў БССР спрыяў трактаванню іх як патэнцыяльных саюзнікаў беларускай справы.

На пачатку 1922 г. з малалікіх узброеных груп ствараліся буйнейшыя падраздзяленні, якія мелі пачаць паўстанцкую кампанію ў выпадку польскалітоўскага канфлікту. Увесь партызанскі рух кантраляваўся эсэрамі, якія дзейнічалі ў пагадненні з урадам Ластоўскага. У адпаведнасці з дырэктывай Паўстанцкага камітэта, бліжэй неакрэсленага складу, беларускія ваенныя структуры павінны ў канспірацыйных мэтах весці дзейнасць як асветныя гурткі, кааператыўныя арганізацыі, царкоўныя брацтвы. Ваенная вертыкаль эсэраўскай арганізацыі мела назву Брацтва беларусаў. Некаторыя камандзіры, каб падкрэсліць сялянскі характар руху, карысталіся назвай Брацтва сялянбеларусаў.

Побач эсэраўскай арганізацыі дзейнічаў таксама арыентаваны на Мінск Саюз сялянскай самааховы.

Беларускай паўстанцкай арганізацыяй у Польшчы кіраваў Галоўны беларускі штаб, якія меў цесныя сувязі са штабам літоўскай арміі. Галоўнаму беларускаму штабу падначалены былі камандаванні чатырох паўстанцкіх груп са штабамі ў Аранах, Уцянах, Мерачы (на Літве) і праўдападобна ў Вільні. Штабы паасобных груп мелі весці арганізацыйную, палітычную, разведвальную і аперацыйную дзейнасць. У рамках аперацыйнай дзейнасці рыхтаваліся планы дыверсійнасабатажных акцый у адносінах да стратэгічных аб’ектаў — мастоў, віядукаў, вакзалаў, тэлефонных і тэлеграфных станцый, а таксама наступальныя дзеянні супраць атрадаў польскага войска. З Літвы паступала паўстанцам зброя, амуніцыя, узрыўныя матэрыялы, грошы. Камандзір чацвёртай групы Вячаслаў Разумовіч “Хмара”, якой штаб знаходзіўся ў Мерачы, кіраваў канспірацыйнай структурай з амаль 8 тысяч чалавек. Большасць з іх займалася земляробствам і ніколі не прымала ўдзелу ў арганізаваных лакальнымі камандзірамі акцыях. Праўдападобна патэнцыяльныя паўстанцы не надта добра арыентаваліся таксама ў якім палітычным кантэксце адбывалася іхная канспірацыйная дзейнасць. У выдаваемым камандзірам атрада, які дзейнічаў у ваколіцах Белавежскай пушчы, Германам Шыманюком “Скамарохам” часопісе “Беларускі партызан” пісалася перш за ўсё пра лютасці і здзекі польскага боку над беларусамі. Удзельніцтва ў партызанскім руху мела быць абаронай і адначасна помстай за крыўды нанесеныя народу. Дзяржаўная ідэя ў змесце гэтых публікацый была ледзь прыкметная.

Паколькі структуры беларускай паўстанцкай арганізацыі ствараліся галоўным чынам з думкай аб удзеле ў польскалітоўскай вайне, дзейнасць беларускіх канспіратараў абмяжоўвалася да непрадбачаных Галоўным штабам акцый, якія праводзілі лакальныя камандзіры. Былі гэта перш за ўсё напады на пастарункі паліцыі, цягнікі, склады, магазіны, леснічоўкі, двары. Злоўленыя ў аблавах партызаны ў прынцыпе прыгаворваліся да вышэйшай меры пакарання. Першая экзекуцыя схопленых партызан атрада Германа Шыманюка адбылася 24 мая 1922 г.

15 сакавіка 1923 г. Савет Лігі Нацый прызнаў усходнія межы Польшчы з СССР і Літвой. Перспектыва польскалітоўскай вайны стала нерэальнай. Гэта вырашыла аб адмове падтрымкі літоўскага ўрада для беларускага цэнтра ў Коўне. Змена літоўскай палітыкі выклікала неабходнасць пераносу структур БНР у Берлін, а пазней у Прагу. Сталіца Чэхаславакіі ў другой палове дваццатых гадоў стала галоўным цэнтрам беларускай палітычнай эміграцыі.

У новай палітычнай сітуацыі канспірацыйныя беларускія структуры на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай, якія ствараліся з восені 1921 г., пачалі падвяргацца распаду. Паліцыі ўдалося арыштаваць арганізатараў беларускага руху на Гродзеншчыне і Беласточчыне. У маі 1923 г. у Беластоку адбыўся працэс 45 канспіратараў, у тым ліку двух дэпутатаў польскага парламента — Сяргея Барана і Сымона Якавюка.

У 1923 г. частка колішняй эсэраўскай канспірацыі апынулася пад кантролем прысланых з Мінска або Масквы эмісараў. На базе, між іншым, груп, якія раней дзейнічалі ў рамках Брацтва беларусаў і Саюза сялянскай самааховы, ствараліся структуры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.

Грамадаўская рэвалюцыя

1924 год характарызаваўся самай вялікай напружанасцю беларускіх выступленняў супраць польскай улады. Былі гэта як дзеянні інспіраваныя камуністычнымі арганізацыямі, так і звычайныя рэакцыі на паводзіны адміністрацыі, паліцыі і войска.

Палітыка польскага ўрада вагалася паміж дзвюма тэндэнцыямі, з аднаго боку прымаліся меры рэпрэсіўнага характару, з другога боку вяліся нясмелыя пошукі палітычных спосабаў вырашэння існуючых канфліктаў. Партызанcкі рух ліквідаваўся пры дапамозе рашучых ваенных дзеянняў. Стварэнне новай ваеннай структуры — Корпуса аховы пагранічча (КАП), камандзіры якога атрымалі паўнамоцтвы весці контрразведвальную і паліцыйную дзейнасць, масавыя арышты, якія вяліся ў 1923—1925 гадах, абмежавалі развіццё ўсялякіх форм нелегальнай дзейнасці, але поўнасцю яе не ліквідавалі.

Урад разважаў таксама некалькі праектаў эканамічных і палітычных вырашэнняў, якія мелі стварыць шанц нармалізацыі сітуацыі ў паўночнаўсходніх ваяводствах. Першым такія меры прыняў прэм’ер Уладзіслаў Сікорскі. Па яго загаду Канстанты Срокаўскі вясною 1923 г. распрацаваў рапарт аб сітуацыі беларускага насельніцтва. Летам 1923 г. Палітычны камітэт Рады Міністраў падрыхтаваў закон аб дзяржаўнай мове. Закон дапускаў магчымасць карыстацца беларускай мовай у судах і школах, ва ўстановах абавязвала выключна польская мова. Адстаўка ўрада Сікорскага спыніла працы ў напрамку пошукаў палітычных вырашэнняў праблемаў на тэрыторыі населенай беларусамі. Палітыку Сікорскага ў нацыянальным пытанні намагаўся працягваць урад Уладзіслава Грабскага. Апрача стварэння згаданага Корпуса аховы пагранічча кабінет Грабскага падрыхтаваў г.зв. моўныя законы. Былі яны ўхваленыя Сеймам у якасці закона 31 ліпеня 1924 г. Для разрадкі напружання ва ўсходніх ваяводствах было дазволена арганізаваць двухмоўныя школы, у якіх можна было вучыць беларускай і ўкраінскай мовам у польскіх школах. Гэты закон вырашаў пытанне толькі ў фармальным плане. Інтэрпрэтацыйныя акты да гэтага закона на практыцы рабілі немагчымым якоенебудзь развіццё беларускага школьніцтва. У заходняй частцы Беластоцкага ваяводства, у Беластоцкім, Бельскім і Сакольскім паветах наогул юрыдычна забаронена было ствараць школы з навучаннем беларускай мове. Год пасля ўвядзення закона двухмільённая беларуская меншасць мела 3 школы з выкладаннем прадметаў на роднай мове, з 425 вучнямі і 19 двухмоўных, у якіх роднай мове вучыліся 1 683 вучні. Усіх дзяцей, якія гаварылі пабеларуску і наведвалі ўсеагульныя школы, было звыш 125 тысяч. На кожную тысячу беларускіх дзетак толькі 3,5 мелі нагоду вывучаць родную мову.

Каб адвесці беларусаў ад партызанскага руху ўрад Грабскага разглядаў магчымасць правядзення аграрнай рэформы з улікам інтарэсаў няпольскага насельніцтва. Абмяркоўваўся нават намер увядзення беларускай мовы ва ўстановы тых паветаў, у якіх пераважную колькасць грамадзян складалі беларусы. Ва ўрадзе Грабскага прыхільнікам палітычных вырашэнняў быў Станіслаў Тугут. Прапанаваў ён парцэляваную зямлю перадаць беларусам, правесці дэмакратычныя муніцыпальныя выбары ва ўсходніх ваяводствах і адкрыць мясцоваму насельніцтву шырэйшы доступ да дзяржаўных і муніцыпальных устаноў.

Аднак на практыцы для дасягнення нармалізацыі на ўсходзе краіны большае значэнне прыдавалася дзеянням КАПа і паліцыі, чым увядзенню развязак эканамічнага і палітычнага характару. Дзеля змены прывычак крэсавай адміністрацыі неабходная была вялікая рашучасць цэнтральнага ўрада. Воля паасобных міністраў рацыяналізаваць нацыянальную палітыку аказалася малазначным фактарам і не паўплывала на ўвядзенне асноўных змен у гэтай галіне. Бязлітаснае сыскванне падаткаў, паліцыйны тэрор і самаўпраўства чыноўнікаў толькі спрыялі росту папулярнасці прасавецкіх груповак, асабліва КПЗБ.

У канцы 1924 г. Камінтэрн памяняў палітыку ў адносінах да Польшчы. Адмовіўся ён ад маланкавых партызанскіх акцый, якія хаця парушалі ўстойлівае становішча ва ўсходніх ваяводствах, аднак вялі да вынішчэння патэнцыяльных рэвалюцыйных кадраў у выніку штораз больш паспяховай барацьбы польскай дзяржбяспекі з падпольнымі структурамі. Стратэгічныя планы Камінтэрна прадугледжвалі падрыхтоўку “працоўных мас” да ўсеагульнай рэвалюцыі. Найбольш паспяховым метадам падрыхтоўкі было прызнана ўздзеянне на грамадства праз пасрэдніцтва легальна існуючых грамадскіх, палітычных, культурных, асветных і гаспадарчых арганізацый. Дзеля гэтага трэба было ініцыяваць іх узнікненне або пераймаць кантроль над існуючымі ўжо структурамі.

На парламенцкіх выбарах у лістападзе 1922 г. беларускія групоўкі, аб’яднаныя ў Беларускім цэнтральным выбарчым камітэце атрымалі 11 мандатаў у Сейме і 3 у Сенаце Рэчы Паспалітай. Дэпутаты абедзвюх палат польскага парламента заснавалі Беларускі пасольскі клуб, які ўзначаліў Браніслаў Тарашкевіч — прадстаўнік, разам з Сымонам РакМіхайлоўскім і Фабіянам Ярэмічам, беларускіх сацыялдэмакратаў. Дэпутатам Сейма стаў таксама прадстаўнік беларускай хрысціянскай дэмакратыі ксёндз Адам Станкевіч. Самую шматлікую групу беларускіх парламентарыяў складалі беспартыйныя — Аляксандр Уласаў, Вячаслаў Багдановіч, Міхал Кахановіч, Аляксандр Назарэўскі.

Згодна раней абранай палітычнай арыентацыі Тарашкевіч падняўся спрабаваць атрымаць палітычныя і культурныя канцэсіі ў карысць беларусаў пры скарыстанні дэмакратычных механізмаў польскай дзяржавы. У студзені 1923 г. дэпутаты, згуртаваныя ў Беларускім пасольскім клубе прадставілі праект культурнай аўтаноміі для беларусаў. Прапанавалі яны стварыць краёвы парламент у Вільні, дапусціць ужыванне беларускай мовы ў школах і судах, правесці аграрную рэформу і перадаць зямлю мясцовым сялянам, спыніць вайсковае асадніцтва, стварыць ваенізаваныя фарміраванні на прынцыпе грамадзянскай тэрытарыяльнай абароны замест гарнізонаў, якія сваёй прысутнасцю правакавалі антыдзяржаўныя выступленні. Беларускія парламентарыі патрабавалі таксама вярнуць Праваслаўнай царкве храмы, якія ў 1919—1922 гадах былі пераменены на касцёлы. У тадышніх умовах гэтыя патрабаванні былі нерэальнымі і поўнасцю ігнараваліся польскай парламентарнай большасцю і чарговымі ўрадамі.

Тарашкевіч не знеахвочваўся абвінавачваннямі ў паланафільстве, якім падвяргаўся з боку розных беларускіх арганізацый. Намагаўся ён, каб парламентарыі захавалі лаяльнасць у адносінах да польскай дзяржавы. У верасні 1923 г. вёў ён размовы з кандыдатам на пост прэм’ерміністра Станіславам Тугутам. Ад імені Беларускага пасольскага клуба абяцаў падтрымку для новага ўрада ўзамен за спыненне вайсковага асадніцтва, прад’яўленне зняволеным беларусам абвінаваўчых актаў, стварэнне ў ведамстве асветы пасады намесніка міністра па справах беларускага школьніцтва, адстаўку навагрудскага ваяводы і замяненне яго чыноўнікам беларускай нацыянальнасці, стварэнне адной школьнай акругі для зямель заселеных беларусамі і даручэнне абавязкаў намесніка куратара чалавеку, які выводзіцца з гэтага асяроддзя, адкрыццё гімназіі і дзвюх беларускіх настаўніцкіх семінарыяў і прысваенне ім статусу публічных школ. Стварыць урад Тугуту не пашанцавала, а як міністр без партфеля ва ўрадзе Уладзіслава Грабскага нямнога мог зрабіць, паколькі астатнія міністры да беларускіх пытанняў ставіліся неахвотна.

Адсутнасць якіхколечы ўступак з польскага боку, хаця б у карысць беларускай культуры або асветы, адсутнасць нават жэстаў, якія стваралі б надзею на змену палітыкі ў будучым сталі прычынай адыходу часткі беларускіх парламентарыяў ад дэклараванай раней лаяльнасці ў адносінах да ўрада і інстытутаў польскай дзяржавы. Восенню 1923 г. Сымон РакМіхайлоўскі, Васіль Рагуля і Пётр Мятла стварылі асобны дэпутацкі гурток Беларускіх незалежных сацыялістаў. У адрозненне ад Браніслава Тарашкевіча, парламенцкую трыбуну выкарыстоўвалі яны для апісвання таго, што дзеялася на беларускіх землях.

Надыходзячыя з БССР весткі аб развіцці нацыянальнага жыцця ўсведамлялі тадышнім прыхільнікам прапольскай арыентацыі размеры іх памылковых палітычных разлікаў. У 1925 г. нішто яшчэ не паказвала, што некалькі гадоў пазней беларуская культура і яе стваральнікі стануць першымі ахвярамі сталінскага таталітарызму.

Змена палітычнай арыентацыі Браніслава Тарашкевіча даспявала даволі доўга. У палове ліпеня 1925 г. раіўся ён у гэтай справе ў Гдыні з Аляксандрам Цвікевічам, які неўзабаве адмовіўся ад усіх пастоў ва ўрадзе БНР і выехаў у Мінск. Тарашкевіч жа разам з Сымонам РакМіхаўлоўскім, Пятром Мятлой, Паўлам Валошыным і Юрыем Сабалеўскім выступілі з Беларускага пасольскага клуба і заснавалі новы клуб Беларускай работніцкасялянскай грамады (БСРГ). У час выступленняў у Сейме і на старонках друку Тарашкевіч тлумачыў, што стаўка на атрыманне аўтаноміі для “Белай Русі” ад польскага ўрада аказалася памылковай. “У нас такіх ілюзій няма. Мы раз назаўсёды ад гэтых усіх ілюзій былі вылечаны”, — падкрэсліваў правадыр Грамады. Ніколі ён, аднак, дэталёва не ўдакладняў канчатковую мэту, за якую хоча змагацца разам з узнікаючай на базе клуба палітычнай партыяй. Затое часта паўтараў пра “саюз рабочых і сялян польскіх і беларускіх” і “незалежнасць Белай Русі ў цеснай сувязі з народамі, якія рашыліся на новую грамадскую структуру”. Гэтая новая структура была толькі ў народаў СССР.

Дэпутаты Грамады, у адрозненне ад калег з Беларускага пасольскага клуба, перасталі шукаць пагаднення з польскай парламентарнай большасцю і кампрамісных развязак з паасобнымі кабінетамі. Гаварылі перш за ўсё пра цёмныя бакі крэсавай рэчаіснасці, рэлікты феадалізму, злоўжыванні адміністрацыі, нахабнасць паліцыі, пародыі судовых працэсаў над беларусамі. Тарашкевіч рашыўся на поўнае супрацоўніцтва з камуністамі, стаў членам КПЗБ і нават быў удзельнікам ІІІ Канферэнцыі гэтай партыі, якая адбывалася ў лістападзе 1925 г. у Маскве.

Да майскага дзяржаўнага перавароту (1926 г.) Грамада была малалікай арганізацыяй. Пасля года існавання, у чэрвені 1926 г., гуртавала яна 569 членаў. У лістападзе гэтага ж года БСРГ налічвала ўжо 62 тысячы, а ў снежні — звыш 100 тысяч членаў. Раптоўны рост колькасці членаў гэтай партыі з аднаго боку быў выкліканы настроямі, якія панавалі ў беларускім асяроддзі, з другога — паводзінамі лакальнага дзяржаўнага апарату пасля майскага перавароту, які чакаў інструкцыі, баючыся прымаць якія—небудзь меры, паколькі маглі б яны аказацца супярэчлівымі да намераў новай урадавай каманды. Пасіўнасць лакальнага дзяржаўнага апарату дала правадырам Грамады шанц стварыць партыйныя структуры ўва ўсіх паветах, у якіх жылі беларусы.

Стыхійнасць грамадаўскага руху і адначасна легальныя метады дзейнасці — засноўванне чытальняў, бібліятэк, структур Таварыства беларускай школы, сельскагаспадарчых кааператываў, пазыковых касаў, самадзейных калектываў і выдавецтваў — выклікалі бяссілле паліцыі і крэсавай адміністрацыі.

Для пераважнай большасці беларускіх сялян Грамада давала надзею на змены, была сілай, якая заступілася за іхныя чалавечыя і грамадзянскія правы, стала партыяй, якая ўголас сказала пра польскую крэсавую ўладу тое, што аб ёй думала большасць беларусаў. Была арганізаванай формай пратэсту супраць прыніжаючай рэчаіснасці. Тактыка правадыроў цікавіла нямногіх. Людзі давяралі ім і ўключаліся ў розныя формы дзейнасці, прапанаваныя партыяй.

Дзеячы Грамады перанялі кантроль над Таварыствам беларускай школы, Беларускім навуковым таварыствам, Беларускім выдавецкім таварыствам, віленскім Беларускім нацыянальным камітэтам, Беларускім кааператыўным банкам, Беларускім студэнцкім саюзам. Іншыя беларускія партыі ў той час заставаліся ў цяні БСРГ.

13 лістапада дэпутаты Народнанацыянальнага саюза ўнеслі ў Сейме прапанову неадкладна забараніць БСРГ, а баявыя дружыны Польскай сацыялістычнай партыі актыўна ўключыліся ў разгон грамадаўскіх мітынгаў і сходаў. Аб роспуску Грамады прадрашыла пазіцыя крэсавых памешчыкаў, асабліва Аляксандра Мяйштовіча, тадышняга міністра юстыцыі. Ноччу з 14 на 15 студзеня 1927 г. кіраўнікі партыі, а заадно дэпутаты польскага Сейма былі арыштаваны. Зняволенне парламентарыяў супярэчыла абавязваючым законам, якія гарантавалі ім недатыкальнасць у часе выконвання дэпутацкіх абавязкаў. Парламенцкая большасць адобрыла арышты і забарону Грамады.

Зняволенне правадыроў Грамады і забарона партыі не выклікалі ніякай рэакцыі ні Мінска, ні Масквы. У кіраўніцтве ВКП(б) распрацоўваліся ўжо планы расправы з беларускім нацыяналдэмакратызмам. Тарашкевіч, РакМіхайлоўскі, Мятла, Валошын, Сабалеўскі і іншыя лідэры Грамады пакінулі прапольскую арыентацыю і захапіліся тым, што дзеялася ў Савецкай Беларусі ў галіне развіцця нацыянальнага руху. Прадстаўлялі яны самую дасканалую форму нацыяналдэмакратызму. На думку некаторых беларускіх гісторыкаў, правадыры БСРГ былі першымі ахвярамі бальшавіцкай расправы над беларускім нацыянальным рухам. Многае паказвае на тое, што агенты Камінтэрна дапамаглі атрымаць польскаму боку доказы супрацоўніцтва лідэраў Грамады з савецкімі палітычнымі цэнтрамі.

Асуджаныя правадыры Грамады пасля некалькіх гадоў пабыўкі ў польскіх турмах былі перададзены ўладам СССР у рамках абмену палітвязнямі. Загінулі яны падчас масавых рэпрэсій у 1937—1938 гадах, абвінавачаныя ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: