double arrow

Ад імя народу Заходняй Беларусі

У выніку пагаднення, падпісанага 23 жніўня 1939 г. Нямеччынай і Савецкім Саюзам, вядомага пад назвай пакта Рыбентроп—Молатаў, межы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе падвяргнуліся асноўным змяненням. Падпісаны дакумент прадугледжваў вызначэнне заходняй граніцы СССР па лініі рэк Нарвы, Віслы і Сана. На другім баку гэтых рэк мела знаходзіцца зона нямецкіх уплываў. Аднак было гэта толькі пагадненне, якое вызначала намеры абодвух бакоў. Нягледзячы на польсканямецкую вайну, якая пачалася 1 верасня 1939 г., і ўступленне савецкай арміі на тэрыторыю ІІ Рэчы Паспалітай, усё вяліся перамовы наконт канчатковага падзелу зон уплываў у Еўропе, а тэрыторыя Польшчы была толькі адным з элементаў палітычных таргоў.

Нямецка—савецкі трактат аб дружбе і граніцах ад 28 верасня 1939 г. вызначаў супольную граніцу абодвух дзяржаў. Узамен за памяншэнне зоны ўплываў на тэрыторыі Польшчы савецкі бок атрымаў права вырашаць аб палітычным статусе Літвы. Згодна трактату паўночная частка граніцы СССР праходзіла па рэках Пісе, Нарве і Бугу. На савецкім баку апынуліся амаль усё даваеннае Беластоцкае ваяводства і Ломжынскі павет, які да 1 верасня 1939 г. уваходзіў у састаў Варшаўскага ваяводства. З Беластоцкага ваяводства да немцаў адышлі Сувальскі павет і некалькі гмін Аўгустаўскага павета.

Уступленне савецкай арміі на тэрыторыю Польшчы 17 верасня 1939 г. адбылося пад лозунгамі ўз’яднання беларускіх і ўкраінскіх зямель. Планаванае савецкімі ўладамі заваяванне тэрыторыі аж да ракі Віслы сведчыць аб тым, што лозунгі мелі выключна прапагандысцкі характар.

Вялікая перавага савецкіх падраздзяленняў над польскімі і загад маршала РыдзаСміглага аб пазбяганні сутычак з бальшавікамі садзейнічалі хуткаму паходу Чырвонай Арміі на захад. Да большых сутычак дайшло пасля некалькіх дзён савецкага паходу ў ваколіцах Сапоцкіна, Далістова, Кадзяўцоў. Двухдзённая бітва за Гродна, якая адбылася 20-21 верасня, была самым вялікім боем на польска—савецкім фронце. 22 верасня Чырвоная Армія ўвайшла ў Беласток і Брэст. У савецкі палон папала некалькі дзесяткаў тысяч польскіх салдат і афіцэраў, якія насуперак міжнародным канвенцыям былі перададзены юрысдыкцыі палітычнай паліцыі — НКУС. 25 верасня ў Брэсце адбыўся супольны парад савецкіх і нямецкіх падраздзяленняў.

Уваход Чырвонай Арміі парознаму ўспрымаўся беларускім насельніцтвам паўночнаўсходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай. У польскай літаратуры сфармаваўся даволі адназначны вобраз беларуса гэтага перыяду, які ставіў трыумфальныя аркі для прывітання савецкага войска, а пазней дапамагаў камісарам у праследаванні польскага насельніцтва. Процілегласцю беларуса найчасцей быў палякпатрыёт, які перажываў трагедыю радзімы і сваю ўласную, паколькі сам стаў першай ахвярай савецкага рэпрэсіўнага апарату. Тым часам рэчаіснасць была больш складаная, а палітычнае стаўленне грамадства да новай улады не адлюстроўвала нацыянальных падзелаў.

Несумненна, большасць беларускіх палітыкаў, ад нацыяналістаў да камуністаў, з задавальненнем успрынялі факт далучэння паўночнаўсходніх тэрыторый польскай дзяржавы да Савецкай Беларусі. Кожная беларуская партыя ў ІІ Рэчы Паспалітай у рознай форме ставіла сабе за мету імкненне да аб’яднання беларускіх зямель. Палітыка польскіх урадаў у канцы трыццатых гадоў была для большасці беларускіх дзеячаў найбольш пераканаўчым аргументам, каб падтрымаць якія—небудзь змены. Менавіта нават тыя, што ўцякалі ад бальшавікоў у нямецкую акупацыйную зону, адабралі тое, што сталася пасля 17 верасня 1939 г. Склаўшаяся сітуацыя многімі беларускімі палітыкамі ўспрымалася як пераходная. Разлічвалі яны — не беспадстаўна — на хуткі нямецка—савецкі канфлікт і дапамогу Нямеччыны ў будаўніцтве беларускай дзяржаўнасці.

Трыумфальныя аркі ў гонар Чырвонай Арміі ставіліся ўсюды там, дзе некалі дзейнічалі ячэйкі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі або ў нейкі асаблівы спосаб грамадства адчула паліцыйныя рэпрэсіі да 1939 г. У прынцыпе цырымонія прывітання чырвонаармейцаў была такая самая ўва ўсіх мясцовасцях, што сведчыць аб раней падрыхтаваным сцэнарыі.

У некалькіх месцах ад 17 да 25 верасня дайшло да сутычак паміж партызанскімі атрадамі, арганізаванымі беларускімі і яўрэйскімі камуністамі, і падраздзяленнямі войска, паліцыі і польскіх дабравольцаў. Найбольш такіх інцыдэнтаў здарылася на Гродзеншчыне, дзе ўзброеныя групы партызан атакавалі маёнткі, пастарункі паліцыі і меншыя вайсковыя падраздзяленні. Заваяванне атрадам беларускіх і яўрэйскіх камуністаў мястэчка Скідаля і двухдзённая барацьба з высланымі з Гродна карнікамі — жаўнерамі, паліцыянтамі і польскімі гарцэрамі, у савецкай гістарыяграфіі атрымала назву Скідальскага паўстання. Да польскабеларускіх сутычак пасля ўступлення савецкай арміі дайшло таксама ў ваколіцах Ліды, Астрыны, Азёраў, Лунны і Зэльвы. Зброя, якой распараджаліся партызаны, а таксама хуткае фарміраванне ўзброеных падраздзяленняў паказваюць, што дзеянні на тылах польскай арміі планаваліся намнога раней. Апрача ваенных структур, арганізаваных камуністамі, стыхійна ўзнікла многа груп грабежніцкага характару. Пазней члены гэтых груп намагаліся дапісаць да сваёй злачыннай дзейнасці рэвалюцыйную ідэалогію. Напады на памешчыкаў, асаднікаў, работнікаў лясной аховы, чыноўнікаў, паліцыянтаў і польскіх настаўнікаў не асуджаліся камандзірамі Чырвонай Арміі ці функцыянерамі НКУС. Наадварот, многія выпадкі насілля, самасуду, помсты за ранейшыя крыўды адбываліся з іх ведама і дазволу нават пасля поўнага апанавання сітуацыі савецкімі ўладамі.

Аднак трэба адзначыць, што антыпольскія эксцэсы ў паводзінах беларускага і яўрэйскага насельніцтва былі выключнай рэдкасцю, а многія прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі і памешчыкаў знаходзілі ў беларускіх хатах прыстанішча ад функцыянераў савецкай палітычнай міліцыі. Пераважная большасць беларусаў змену палітычнай сітуацыі ўспрымала з вялікай насцярожанасцю і абыякавасцю. Стыхійна не паўставалі ні камітэты для вітання хлебам і соллю савецкіх камандзіраў, ні дыверсійныя атрады, а прыйшоўшае савецкае войска па прычыне свайго выгляду і паводзін замест энтузіязму выклікала паўсюднае здзіўленне.

Зараз жа пасля ўступлення Чырвонай Арміі актыўнасць праявілі вызваленыя з турмаў камуністы і дзеячы шматлікіх беларускіх палітычных, грамадскіх і культурных груповак. Разам са зменай улады паўсюдна чакалася радыкальная перабудова палітычных і грамадскіх адносін з улікам асноўных інтарэсаў беларускага насельніцтва. Таму часта ў вёсках і гарадскіх пасёлках спантанна ствараліся рэвалюцыйныя сялянскія камітэты (рэўкамы), якіх арганізатары пераймалі ролю гаспадароў дадзенай тэрыторыі. На павятовым і ваяводскім узроўні па загаду камандзіра войск Беларускага фронту Міхаіла Кавалёва ад 19 верасня 1939 г. былі створаны часовыя ўправы, якія мелі заняцца “адбудовай грамадскагаспадарчага жыцця на абшары Заходняй Беларусі” і наглядаць за дзейнасцю рэўкамаў. Часовыя ўправы былі ў прынцыпе органамі савецкай улады, назначанымі камандзірамі Чырвонай Арміі, падраздзяленнямі НКУС і прыбылымі з Савецкага Саюза партыйнымі актывістамі. Як правіла, часовыя ўправы папаўняліся прадстаўнікамі мясцовага беларускага і яўрэйскага, радзей польскага, насельніцтва.

21 верасня Кавалёў выдаў чарговы загад, якім упаўнаважыў часовыя ўправы арганізаваць народную міліцыю і рабочую гвардыю. Неўзабаве народная міліцыя, рабочая гвардыя і рэўкамы сталі галоўнымі інструментамі ўвядзення “рэвалюцыйнага парадку” на заваяваных абшарах. Не чакаючы ніякіх заканадаўчых актаў рэўкамы пры садзеянні народнай міліцыі і пры маўклівай згодзе часовых управаў пачалі парцэляваць памешчыцкую і царкоўную зямлю. Рэквізаваліся і дзяліліся паміж парабкаў і малазямельных сялян коні, каровы, свінні, якія былі ўласнасцю двароў і плябаній. У гарадах створаныя часовымі ўправамі камісіі пераймалі заводы і вытворчыя ды паслуговыя прадпрыемствы, якіх уладальнікі наймалі рабочую сілу. Большасць прадпрыемстваў, таксама як і памешчыцкіх маёнткаў, была пакінута ўладальнікамі, якія ўцяклі на вестку аб надыходзе Чырвонай Арміі. Частка тых, якія засталіся, былі арыштаваны ў першых днях панавання савецкай улады.

Рэўкамы і народная міліцыя, апанаваныя мясцовымі камуністамі, нават без загадаў часовых управаў ажыццяўлялі ўсе савецкія канцэпцыі грамадскага ладу. З першых дзён новых парадкаў памешчыкаў, духавенства, багатае мяшчанства, былых функцыянераў польскай дзяржавы, а таксама багатых сялян лічылі яны ворагамі савецкай улады. Усе названыя грамадскія групоўкі, за выключэннем духавенства і сялян, былі польскай нацыянальнасці. У міліцыі, гвардыі і рэўкамах пераважалі беларусы і яўрэі. У такой сітуацыі складалася ўражанне нацыянальнага канфлікту, хаця рэпрэсіям з боку новаствораных органаў падвяргаліся таксама беларускае кулацтва і інтэлігенцыя, праваслаўны клір, а таксама яўрэйскія купцы і фабрыканты. Гэтыя апошнія, у адрозненне ад польскіх прадпрымальнікаў, не мелі нават куды ўцякаць ад бальшавікоў. У іх выпадку антысеміцкая фобія ў нямецкай акупацыйнай зоне была таксама небяспечная як камуністычная класавая барацьба на ўсходзе.

Cтановішча, якое склалася на занятых пасля 17 верасня 1939 г. Чырвонай Арміяй землях патрабавала прынамсі фармальнага юрыдычнага афармлення. Савецкія ўлады вырашылі паказаць свету, што іхняя палітыка з’яўляецца ажыццяўленнем волі народаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Здзейсненыя Чырвонай Арміяй факты мелі карыстацца паўсюднай падтрымкай насельніцтва занятых зямель. Спектакль ладзіўся з характэрным бальшавікам размахам, не зважаючы на рэальную сітуацыю і настроі грамадства.

5 кастрычніка 1939 г. Часовае ўпраўленне горада Беластока звярнулася да ўпраўленняў астатніх гарадоў склікаць Народны сход Заходняй Беларусі, які меў “вырашыць” аб дзяржаўнай будучыні гэтага краю і яго грамадскапалітычным ладзе. Падрыхтоўкай сходу заняўся спецыяльна створаны Арганізацыйны камітэт, які вызначыў парадак вылучэння дэпутатаў. Права прапанаваць сваіх кандыдатаў у дэпутаты атрымалі часовыя ўпраўленні, рэвалюцыйныя сялянскія камітэты, падраздзяленні рабочай гвардыі і народнай міліцыі ды сходы працоўных калектываў. Згодна з аб’яўленым “Парадкам арганізацыі выбараў дэпутатаў Народнага сходу Заходняй Беларусі” мелі яны выбірацца ва “ўсеагульным, роўным і тайным” галасаванні.

Выбары ў Народны сход адбыліся 22 кастрычніка. Спадарожнічала ім вялікая эйфарыя на ладжаных уладамі мітынгах і дэманстрацыях. Некамуністычныя арганізацыі, як польскія і яўрэйскія, так і беларускія нават падчас гэтых “усеагульных” выбараў не прабавалі заяўляць аб сваёй прысутнасці. Паводле афіцыйных савецкіх даных, у выбарах удзельнічала 2 672 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі — 96,7% выбаршчыкаў. Звыш 90% галасуючых аддалі свае галасы кандыдатам прапанаваным сялянскімі камітэтамі, часовымі ўпраўленнямі, рабочай гвардыяй. Паводле гэтых жа крыніц, выбрана 926 дэпутатаў, у тым ліку 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэі, 43 рускіх, 53 украінцаў і 10 прадстаўнікоў іншых нацый. Народны сход, які адбыўся ў Беластоку, выказаўся за ўстанаўленне савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, а дзень пазней аднагалосна прыняў дэкларацыю аб далучэнні гэтых зямель да БССР. Фармальна ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад БССР адбылося 14 лістапада, калі прашэнне дэпутатаў, якое знаходзілася ў дэкларацыі Народнага сходу, разглядалася Вярхоўным Саветам БССР. Раней такое рашэнне прыняў Вярхоўны Савет СССР.

30 кастрычніка Народны сход выканаў яшчэ адну дырэктыву бальшавіцкіх улад — прыняў дэкларацыю аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель разам з жывым і мёртвым інвентарам і ўсімі будынкамі. Адпаведна гэтым жа законам канфіскавалася таксама зямля каталіцкіх і праваслаўных манаскіх ордэнаў і асоб, якія да 17 верасня 1939 г. займалі высокія дзяржаўныя пасады. У сапраўднасці гэтая дэкларацыя санкцыяніравала ўсё тое, што здарылася ў першых днях савецкага панавання.

У выніку вайны і палітычных змен у Еўропе восенню 1939 г. тэрыторыя БССР павялічылася на больш за 100 тыс. кв. км ды 4,7 млн. насельніцтва. У склад Савецкай Беларусі ўвайшлі таксама раёны населеныя выключна палякамі або з перавагай польскага насельніцтва. Новыя межы не адлюстроўвалі існуючай нацыянальнай структуры і былі перш за ўсё вынікам кампрамісу паміж Сталіным і Гітлерам у ходзе падзелу зон уплываў у Еўропе.

У сувязі з планаванай анексіяй Літвы савецкі ўрад, з мэтай нейтралізаваць спадзяваныя адмоўныя рэакцыі літоўцаў, перадаў ім частку заваяванай тэрыторыі — Віленскую вобласць плошчаю ў 6,9 тыс. кв. км. У лістападзе 1940 г. бальшавікі адрэзалі ад БССР чарговыя 2,6 тыс. кв. км з 300 тыс. насельніцтва і перадалі іх Літве. У канцы 1940 г. плошча Савецкай Беларусі складала 223 тыс. кв. км і, паводле афіцыйнай статыстыкі, 10,2 млн. жыхароў. У сувязі з тым, што ў той час перапісы насельніцтва не праводзіліся, але працягваліся масавыя дэпартацыі ды расстрэлы “ворагаў народа”, гэтая апошняя лічба праўдападобна не адлюстроўвае сапраўднага стану.

Усталёўванне савецкай сістэмы ўлады ў Заходняй Беларусі

5 снежня 1939 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР правёў новы адміністрацыйны падзел зямель, якія да 17 верасня 1939 г. знаходзіліся ў складзе польскай дзяржавы. Створана пяць абласцей: Баранавіцкую, Беластоцкую, Брэсцкую, Пінскую і Вілейскую. Вобласці дзяліліся на раёны згодна прынцыпу, што кожны раён павінен налічваць 35-50 тыс. жыхароў. На абласным і раённым узроўні адміністрацыйная ўлада належала выканаўчым камітэтам Саветаў дэпутатаў працоўных. Прэзідыум Вярхоўнага Савета зацвярджаў састаў аблвыканкамаў, а тыя — райвыканкамаў. Райвыканкамы вызначалі састаў вясковых кіруючых органаў — сельсаветаў. Канчаткова, аднак, толькі ў сакавіку 1940 г. улада часовых упраўленняў была замешчана выканаўчымі камітэтамі.

Паралельна са з’яўленнем структур дзяржаўнай адміністрацыі ўзнікалі камітэты Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. У сувязі з тым, што камітэты КП(б)Б у адносінах да выканаўчых камітэтаў Саветаў дэпутатаў працоўных былі вышэйстаячымі ўстановамі, у іх кіруючыя органы ў прынцыпе назначаліся камуністы, якія сюды прыбылі з усходу. На пераломе 1939 і 1940 гадоў 4 500 партыйных функцыянераў з Мінска і Масквы былі напраўлены на працу ў заходніх абласцях БССР. Партыйныя ячэйкі папаўняліся галоўным чынам людзьмі, якія да гэтай пары не ўдзельнічалі ў публічным жыцці. Неахвотна прымаліся ў рады партыі найбольш ідэйныя камуністы, якія раней былі членамі распушчанай Камінтэрнам КПЗБ. З усходніх абласцей Беларусі прыбыло таксама 6 200 дзеячаў камсамола з мэтай узяць пад ідэалагічную “апеку” моладзь, якая да гэтай пары знаходзілася ў рэчышчы “кулацкіх і буржуазных” уплываў. Апрача дзеячаў КП(б)Б і камсамола ў заходнія вобласці напраўляліся яшчэ настаўнікі, спецыялісты па савецкай адміністрацыі, гаспадарцы і культуры. Агулам да кастрычніка 1940 г. дэлегавана была 31 тысяча цывільных работнікаў з мэтай арганізаваць публічнае жыццё па мадэлі, якая існавала ў БССР у трыццатых гадах.

17 кастрычніка Цэнтральны Камітэт КП(б)Б загадаў на кіруючыя пасады ў дзяржаўным апараце прызначыць “мясцовых”. У выніку да 21 чэрвеня 1941 г. на работу ў аблвыканкамах, райвыканкамах і сельсаветах паступіла 18 060 чалавек, у тым ліку 10 245 палякаў, 4 451 беларус, 3 045 яўрэяў і 329 расіян. Адносна вялікая лічба палякаў, якія паступілі на працу ў савецкую адміністрацыю была вынікам іх лепшай адукаванасці і інтэлектуальнай падрыхтоўкі вынесенай з даваеннага перыяду. Палякі, калі вызваліліся ад першага шоку пасля падзення сваёй дзяржавы, таксама шукалі спосабаў пратрымацца ва ўмовах савецкай сістэмы. Прынцыпова, аднак, не прымаліся на работу людзі, якія працавалі ў дзяржаўнай адміністрацыі да 17 верасня 1939 г. Паколькі ў даваеннай польскай адміністрацыі пераважалі палякі, былі яны падменены новымі людзьмі, часта таксама палякамі, якіх абучалі на кароткатэрміновых курсах для новай наменклатуры. У галіне падборкі кадраў нацыянальны крытэрый у савецкай сістэме не адыгрываў большай ролі. У выпадку беларусаў найчасцей прымаліся тыя, якія да гэтай пары не ўдзельнічалі ў публічным жыцці. Зрэшты, беларусы ўпершыню апынуліся ва ўсіх дзяржаўных структурах — адміністрацыі, судаводстве, пракуратуры. Было гэта магчымым таксама таму, што не патрабавалася ад іх адпаведная кваліфікацыя, а толькі акрэсленае грамадскае паходжанне і адпаведнае палітычнае стаўленне да існуючай рэчаіснасці. Старшынёю сельсавета, штатным работнікам партыі або інструктарам камсамола часта ставаў той, у каго было многа дзяцей, мала зямлі, і ў каго замест ікон вісеў патрэт Сталіна.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



Сейчас читают про: