Эканамічная палітыка

Ад першых месяцаў савецкай улады ў Заходняй Беларусі ўкараняліся асноўныя лозунгі камуністычнай дактрыны, паскараючы з цягам часу і ў выніку ліквідацыі “варожых грамадскіх класаў” тэмпы саветызацыі гэтай тэрыторыі. Пасля падзелу памешчыцкіх маёнткаў павялічылася плошча найменшых гаспадарак. Дадатковыя надзелы пераважна даставаліся беларускім сялянам.

Напрыканцы верасня 1939 г. часовыя ўправы і рэвалюцыйныя сельскія камітэты аб’яўлялі ў паасобных раёнах перыяд вольніцы — неабмежаванага доступу да лясоў. Спрыяла гэта забеспячэнню сялян у недаступную ім да гэтай пары драўніну, якая выкарыстоўвалася ў якасці будаўнічага матэрылу і апалу. І хаця новыя адміністрацыйныя структуры ў выглядзе выканаўчых камітэтаў адмянілі вольніцу, аднак нелегальны гандаль драўнінай на выгадных для мясцовага насельніцтва ўмовах не спыняўся і займаліся ім і савецкія афіцэры, і цывільныя службоўцы. У якасці плацёжнага сродка найчасцей прымянялася гарэлка.

У першых месяцах савецкай улады выразна палепшылася матэрыяльнае становішча вясковага насельніцтва. Паўплывала на гэта галоўным чынам змяншэнне павіннасцей у карысць дзяржавы і зніжэнне цэн на прамысловыя артыкулы. Даступнасць да танных тавараў аказалася, аднак, кароткатрывалай. Пасля некалькіх месяцаў, калі вычарпаліся запасы ў польскіх складах, якія былі пераняты савецкімі ўладамі, і калі былі абмежаваны пастаўкі прамысловых тавараў з глыбі СССР, з’явіліся забытыя ўжо тут чэргі. У 1940 г. лёгка можна было зарабіць грошы, але цяжка было за іх нешта купіць. Таннасць палатна, цукеркаў, газы, прадметаў шырспажыву была прычынай таго, што вясковае насельніцтва большасць часу праводзіла ў чэргах перад магазінамі, якія знаходзіліся ў раённых або абласных цэнтрах.

Вялікая колькасць войска, якая дыслацыравалася ў пагранічных раёнах, выклікала павышаны попыт на харчовыя прадукты і гэтым самым стварала сялянам магчымасць заробку. Аднак плацілі ім грашыма, якія не гарантавалі куплі патрэбных для гаспадаркі тавараў. У палове 1940 г. у найдалей высунутых на захад абласцях пачаліся абарончыя інвестыцыі — будова аэрадромаў, мастоў, віядукаў, пад’язных дарог. У якасці рабочай сілы выкарыстоўвалася мясцовае насельніцтва. Частку прац пры гэтых аб’ектах выконвалі яны ў рамках шарваркаў, за частку атрымлівалі грошы. Ваеннае будаўніцтва з аднаго боку спрыяла змякчэнню перанаселенасці сельскіх гаспадарак, а з другога — не стварала пастаянных месцаў работы.

На ваенныя будаўнічыя пляцоўкі завозіліся таксама зняволеныя з глыбі Расіі. Улады не змаглі іх поўнасцю ізаляваць ад мясцовах жыхароў. Іх расказы пры сітуацыю ў СССР — пра калектывізацыю, голад, рэпрэсіі паспяхова абвяргалі міф аб рабочасялянскай уладзе ў гэтай краіне, які ствараўся левымі арганізацыямі ў міжваенны перыяд і савецкай прапагандай пасля 17 верасня 1939 г. Некаторыя вязні былі прыгавораны да шматгадовага зняволення за крадзеж галоўкі капусты ці некалькіх коласаў пшаніцы на калгасным полі, калі хацелі выратаваць ад голаду сваіх дзяцей. Паявіліся жудасныя расказы пра галодную смерць і канібалізм на Украіне. На агульны здзіў, зняволеныя нават найбяднейшых сялян называлі кулакамі, паколькі былі ў іх конь, карова і некалькі гектараў зямлі. Савецкія зняволеныя, пераважна калгаснікі, уяўлялі сабе, што Чырвоная Армія, калі перасячэ польскую граніцу, сустрэне мясцовых сялян запрэжаных у ярмо і цягнучых плугі на панскім полі.

У першых месяцах савецкай улады невыноснай была не велічыня падатку або шарварку, але спосаб іх экзекуцыі. Шарваркі часта ладзіліся ў перыядах самых важных царкоўных святкаванняў, калі людзі ішлі на багаслужбы. У многіх раёнах збожжанарыхтоўчыя планы загадвалі выканаць яшчэ ў ходзе жніў. Абсурдныя рашэнні засланых сюды савецкіх чыноўнікаў прымушалі задумацца нават найбольш верных новай уладзе беларусаў.

Найбольш жахлівай аказалася барацьба з кулацтвам, якая з асаблівым размахам пачалася ў канцы 1940 г. Кулаком мог стаць кожны, у каго было за дзесяць гектараў зямлі, некалькі коней і кароў, або чарапіца замест страхі. Патэнцыяльна ў гэтую групу можна было занесці большасць сялян. Змаганне з кулацтвам было адным з этапаў на шляху да калектывізацыі. Бальшавікі ў гэтай галіне былі ўжо ў пэўнай меры спрактыкаваны і таму стваранне калгасаў у заходніх абласцях Беларусі хацелі правесці больш плаўна, каб не выклікаць такіх як на ўсходзе грамадскіх і эканамічных трасенняў. Найбольш інтэнсіўна калектывізацыя праводзілася пры былой польска—савецкай граніцы. Да канца 1940 г. на тэрыторыі пяці новадалучаных абласцей створана 646 калгасаў, а да чэрвеня 1941 г. — 1 115. За гэты час лік сялянскіх гаспадарак скараціўся толькі на 7 працэнтаў.

Самымі павольнымі тэмпамі праводзілася калектывізацыя ў Беластоцкай вобласці. Тут калгасы арганізаваліся выключна на землях населеных беларусамі і ўзнікла толькі 18 калектыўных гаспадарак. На захад ад Беластока, на этнічна польскіх землях, калектывізацыя не праводзілася. Выключэннем быў калгас у Ломжынскім раёне, у якім пераважна працавалі работнікі яўрэйскай нацыянальнасці. Мабыць, іншае стаўленне да населеных палякамі зямель вынікала з планаў Сталіна стварыць польскую аўтаномную вобласць у якасці зародка польскай савецкай рэспублікі. Будова аэрадромаў у пагранічнай зоне паказвала, што не мелі яны выкарыстоўвацца толькі ў абарончых мэтах і што існуючае палітычнае становішча таксама ў Маскве лічылася часовым.

У калектыўных гаспадарках Беласточчыны большасць палявых прац выконвалі жанчыны. Мужчын у той час вывозілі будаваць дарогі, масты, аэрадромы. Заплатай за працадзень на калгасным полі была міска пшаніцы ёмістасцю ў адзін літр. Найчасцей сельскагаспадарчымі кааператывамі кіравалі прыбылыя з СССР камсамольскія актывісты. Іх агратэхнічныя веды і спосаб кіравання сталі прычынай таго, што калгасы сталі пародыяй гаспадарання.

Нягледзячы на эскалацыю запалохвання сялян шляхам чарговых вывазак багацейшых сем’яў у глыб Расіі, павелічэння падаткаў і іншых павіннасцей у карысць дзяржавы тэмпы калектывізацыі не паскараліся. У красавіку 1941 г. Цэнтральны Камітэт ВКП(б) вызначыў максімальныя нормы плошчы сялянскіх гаспадарак у заходніх абласцях БССР на 10, 12, 15 гектараў, у залежнасці ад класа зямлі. Раней было забаронена наймаць рабочую сілу або здаваць зямлю ў арэнду. Не вядома як доўга дзейнічаў бы гэты закон, але несумненна быў ён больш лагодны за сістэму, якая панавала на ўсходзе Беларусі.

Паралельна з калектывізацыяй вёскі пачалася акцыя стварання рамесніцкіх кааператываў, якая ліквідавала маламестачковую дробную вытворчасць, паслугі і гандаль. У выніку знішчэння структуры дробнага гандлю пагоршылася таксама сістэма забеспячэння гарадскога насельніцтва прадуктамі. Нацыяналізаваны гандаль хутка давёў да перманентнай нястачы тавараў і чэргаў ля магазінаў.

Некалькі дзесяткаў тысяч рамеснікаў былі напраўлены на працу ва ўсходнюю Беларусь, дзе былі яны прыняты на работу на заводах Мінска, Оршы, Гомеля, Віцебска. Некаторыя прадпрыемствы ў гэтых гарадах ад паловы 1940 г., у выніку прытоку рабочай сілы з заходніх абласцей, былі вымушаны працаваць на тры змены. Адначасна, па ідэалагічных прычынах, вяліся намаганні знайсці дадатковыя працоўныя месцы ў заходняй частцы краіны. Тут таксама амаль адзіным спосабам было ўвядзенне трохзменнай сістэмы працы. Такім чынам без ніякіх інвестыцый некаторыя заводы Беластока, Гродна, Баранавіч, Брэста ўтрая павялічылі колькасць працоўных месц, прымаючы на работу беспрацоўных, сялян і колішніх рамеснікаў.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: