Арышты і дэпартацыі

У адпаведнасці з савецкім заканадаўствам прыналежнасць да некаторых грамадскіх саслоўяў і прафесійных груп была злачынствам. Уладальнікі прадпрыемстваў, якія наймалі рабочую сілу, памешчыкі, багатыя сяляне, клір, паводле вызначэнняў савецкага заканадаўствва, гэта “контррэвалюцыйны, антысавецкі і антысацыялістычны элемент”. Таксама ўсялякія фармальныя сувязі паасобных людзей са структурамі буржуазнай дзяржавы, а датычыла гэта перш за ўсё вайскоўцаў, паліцыянтаў, турэмшчыкаў, лясной аховы, чыноўнікаў, кваліфікавалі іх да групы “ворагаў народа”. Злачынцамі, паводле савецкага права, былі таксама члены “буржуазных”, “кулацкіх” і “контррэвалюцыйных” палітычных партый. На практыцы датычыла гэта ўсіх асоб, якія да 1939 г. удзельнічалі ў палітычным жыцці паза структурамі камуністычных арганізацый. Савецкая рэчаіснасць трыццатых гадоў паказала, што пералічаныя “злачынствы” не падлягалі даўнасці. Пашырэнне ў 1939 г. межаў СССР на захад. абазначала таксама ўвядзенне на далучаных абшарах савецкага заканадаўства.

На тэрыторыі заходніх абласцей БССР пад пагрозай знішчэння апынулася многа асоб, якія належалі да “злачынных” саслоўяў. Да вайны грамадскую эліту на гэтым абшары складалі палякі і ў сувязі з тым гэтая нацыянальная група падчас укаранення савецкай законнасці пацярпела найбольш. Рэпрэсіі пры ўдзеле ваенных чыннікаў Чырвонай Арміі і функцыянераў НКУС пачаліся з першых дзён усталёўвання савецкай улады на тэрыторыі былых усходніх ваяводстваў ІІ Рэчы Паспалітай. Да паловы кастрычніка 1939 г. арыштаваных было амаль 3,5 тыс. чалавек, галоўным чынам палітычных дзеячаў, паліцыянтаў, пагранічнікаў і прадстаўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі.

На тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі і Украіны Чырвоная Армія ўзяла ў палон 14 736 польскіх афіцэраў, паліцыянтаў, жандараў, турэмшчыкаў і супрацоўнікаў разведкі. Амаль 97% запалоненых складалі палякі. Іншыя нацыянальныя групы ў гэтых прафесіях складалі нязначны працэнт. Ваенныя палонныя былі арміяй перададзены органам НКУС. У адпаведнасці з распараджэннем шэфа гэтага ведамства Лаўрэнція Берыі ад 25 сакавіка 1940 г. усе асобы, якія былі затрыманы ў заходніх абласцях Беларусі і Украіны, па прычыне закаранелай варожасці да савецкай улады павінны былі быць асуджаны ў неадкладным парадку і расстраляны. Функцыянеры, якія разглядалі справы арыштаваных афіцэраў, памешчыкаў, фабрыкантаў, чыноўнікаў, даваенных палітычных дзеячаў, былі вызвалены ад абавязку кантактавацца з абвінавачанымі, слухаць іх паказанні, прад’яўляць ім абвінаваўчыя акты і зачытваць ім прыгаворы. Палітбюро ЦК ВКП(б) адобрыла прапановы Берыі, вырашаючы такім чынам лёс арыштаваных. Фармальна, аднак, прыгаворы выдавала тройка работнікаў мінскага НКУС: Усевалад Мяркулаў, Амяк Кабулаў, Баштакоў.

Рашэннем Берыі ад 5 снежня 1939 г. з заходніх абласцей Беларусі высяленню падлягалі работнікі лясной аховы і вайсковыя асаднікі. Першыя абвінавачваліся ў ваенным абучэнні і ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў ваенных дзеяннях супраць СССР, другія — у захопе чужой уласнасці па волі буржуазнага польскага ўрада і ў вернасці ды адданасці гэтаму ўраду. Па загаду камісара НКУС БССР Лаўрэнція Цанавы ад 25 снежня 1939 г. да 5 студзеня 1940 г. раённыя выканаўчыя камітэты саставілі спісы сем’яў асаднікаў і работнікаў лясной аховы. Каб прадухіліць спробы ўцёкаў або супраціўлення, аперацыя высялення гэтых груп насельніцтва рыхтавалася амаль так, як ваенная акцыя. У паасобных раёнах і абласцях раней былі назначаны кіраўніцтвы аперацыі і акрэслены іх кампетэнцыі. Звычайна кіраванне высяленчай акцыяй перадавалася шэфам НКУС дадзенага ўзроўню. У распараджэнне палітычнай міліцыі ў заходняй Беларусі з усходніх абласцей было прысланых 2 тыс. работнікаў гэтага ведамства і амаль 7 тыс. чырвонаармейцаў і міліцыянераў. Было створана 4 тыс. аперацыйных груп, якія мелі прымаць непасрэдны ўдзел у правядзенні перасяленчай акцыі. Аказваць усялякага роду дапамогу НКУС у правядзенні гэтай аперацыі абавязаны былі таксама кіраўніцтвы ўсіх інстанцый партыі і камсамола. Падрыхтаваны былі адпаведныя чыгуначныя эшалоны, а нагляд за імі перанялі работнікі НКУС. У пачатку лютага Цанава пераслаў Берыю і першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панцеляймону Панамарэнку камплектныя спісы людзей, якія падлягалі дэпартацыі. Занесена ў іх была 51 тысяча прозвішчаў. Акцыя пачалася 10 лютага 1940 г. раніцай ва ўсіх раёнах адначасна. На працягу гэтага дня ў вагоны пагружана было 50 тыс. чалавек. Вывазкі пазбегнулі толькі непрысутныя ў той дзень дома або цяжка хворыя. Раней падрыхтаваныя гаспадарчыя групы заняліся вопісам маёмасці, якая засталася ад вывезеных асаднікаў і работнікаў лясной аховы.

У сакавіку НКУС пачаў падрыхтоўку да другой высяленчай аперацыі, накіраванай гэтым разам супраць сем’яў асоб, якія апынуліся ў лагерах, турмах, уцяклі за мяжу, арыштаваных раней паліцыянтаў, жандараў, фабрыкантаў, памешчыкаў, дзеячаў некамуністычных палітычных партый. Другі тур высялення адбыўся 13 красавіка 1940 г. У Сібір і Казахстан саслана з Беларусі ў гэты дзень 24 тыс. чалавек.

29 чэрвеня 1940 г. праведзены быў трэці тур высялення, накіраваны супраць тых, што ўцяклі з нямецкай акупацыйнай зоны. Падвяргнуліся яму як палякі, так і беларусы і рускія, а перш за ўсё яўрэі, якія складалі амаль 90% уцекачоў. Многія з іх належалі да г.зв. эксплуататарскага класа і галоўным чынам яны былі дэпартаваны ў ходзе трэцяй аперацыі. З Беларусі выселена тады 23 тыс. чалавек. Гэтая астатняя аперацыя матывавалася м.ін. тым, што савецкія ўлады баяліся, каб сярод уцекачоў з захаду не апынуліся нямецкія шпіёны. Дзеля прафілактыкі з прыгранічнай зоны былі вывезены ўсе падазроныя.

Апошняя вялікая аперацыя масавага высялення адбылася 19 чэрвеня 1941 г. У вагоны грузілі тады галоўным чынам дзеячаў некамуністычных грамадскіх і палітычных арганізацый, якія дзейнічалі як у польскім, так і ў беларускім, рускім і яўрэйскім асяроддзях. Дэпартавана тады 22 тыс. чалавек.

Высяленні і дэпартацыі не абмежаваліся толькі да чатырох аднадзённых аперацый НКУС, накіраваных супраць асоб, якіх грамадскі або прафесійны статус кваліфікаваў іх, паводле савецкага заканадаўства, у лік “ворагаў народa”. Сістэматычна вяліся арышты асоб падазроных у прыналежнасці да нелегальных або антысавецкіх арганізацый. Аб віне часта вырашаў данос суседа або сваяка, які жадаў пазбыцца дадзенай асобы са свайго атачэння. У такіх справах не вялося ніякае следства, а падазроныя высылаліся ў Сібір або Казахстан.

Пачатак калектывізацыі абазначаў з’яўленне чарговай групы асоб, прыгавораных на дэпартацыю. Датычыла гэта галоўным чынам сялян, якіх маёмасны статус або, напрыклад, выгляд дома вылучаўся ад іншых. На 22 чэрвеня планавалася дэпартацыя некалькіх дзесяткаў кулакоў і іх сем’яў, але выбух нямецка—савецкай вайны перашкодзіў ажыццяўленню гэтай дэпартацыі. Ваенныя дзеянні не спынілі, аднак, эшалонаў з сасланымі 19 чэрвеня 1941 г. Машына НКУС скрупулёзна выконвала загады свайго цэнтра.

Паводле вызначэнняў беларускага гісторыка Аляксандра Хацкевіча, да 20 чэрвеня 1941 г. з заходніх абласцей Беларусі вывезена было ў Сібір або Казахстан звыш 120 тыс. чалавек. У гэты лік не ўключаны звыш 14 тыс. польскіх афіцэраў, якіх пераняў НКУС з чырвонаармейскіх лагераў для ваеннапалонных, ні арыштаваных і асуджаных перад высяленнем за гаспадарчыя і крымінальныя злачынствы.


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: