Кантрольныя пытанні і заданні

1. Калі адбылося трывалае засяленне першабытнымі людзьмі тэрыторыі сучаснай Беларусі? Што перашкаджала больш ранняму яе засяленню?

2. Вызначце асноўныя рысы, характэрныя для прысвойваючай, вытворчай і шматукладнай гаспадарак.

3. Дакажыце, што на землях сучаснай Беларусі не было падставаў для развіцця рабаўладальніцтва.

4. Дайце характарыстыку асноўных формаў першабытнай рэлігіі.

5. Якія канцэпцыі этнагенезу беларусаў вам вядомы?

 

ПРЫКЛАДНАЯ ТЭМАТЫКА РЭФЕРАТАЎ

1. Гаспадарка першабытных людзей на тэрыторыі Беларусі ў каменным веку.

2. Эвалюцыя прылад працы ў першабытную эпоху.

3. Шматукладная эканоміка на землях Беларусі ў перыяд разлажэння першабытных адносін.

4. Зараджэнне і развіццё мастацтва ў першабытную эпоху.

5. Праблема этнагенезу беларусаў.

ЛІТАРАТУРА

1. Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. – Мінск: БелЭн, 1993.

2. Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад пачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. – Мінск: Экаперспектыва, 2000.

3. Горемыкина В.И. История первобытного общества. – Минск: Выш. шк., 1973.

4. Загорульский Э.М. Древняя история Белоруссии (очерки этнической истории и материальной культуры до ІХ в.). – Минск: Изд-во БГУ, 1977.

5. Калечиц Е. Г. Первоначальное заселение территории Белоруссии. – Минск, 1984.

6. Копытин В.Р. Каменный век на территории Белоруссии. – Минск: Изд-во МГПИ, 1990.

7. Піваварчык С., Семянчук Г. Археалогія Беларусі. – Гродна, 1997.

8. Саракавік І.А. Беларусазнаўства. - Мінск: Веды, 1998.

9. Чарняўскі М. Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі. – Мінск: Народная асвета, 1981.

 

Тэма 2. Эканамічнае і палітычнае развіццё беларускіх зямель у эпоху ранняга феадалізму (ІХ– пачатак ХІІІ ст.)

1. Характэрныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці.

2. Генезіс феадальных адносін і сельская гаспадарка Беларусі ў ІХ– пачатку ХІІІ ст.

3. Першыя беларускія гарады і іх функцыі ў грамадстве.

4. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях.

5. Феадальная раздробленасць на землях Беларусі і яе наступствы.

6. Культура Беларусі ў ІХ– пачатку ХІІІ ст.

1. Характэрныя рысы і перыядызацыя феадальнага спосабу вытворчасці. Тэрмін «феадалізм» у навуковы ўжытак упершыню ўвёў французскі гісторык Ф.Гізо ў ХІХ ст. Гэтым тэрмінам ён абазначаў новы перыяд у гаспадарчым і сацыяльным жыцці грамадства, які прыйшоў на змену рабаўладальніцкаму.

Сярод асноўных рысаў феадальнага грамадства вучоныя вылучаюць наступныя:

§ асноўным сродкам вытворчасці пры феадалізме з’яўлялася зямля;

§ зямля знаходзілася ў манапольнай уласнасці феадалаў і з’яўлялася прыкметай палітычнай улады;

§ надзяленне непасрэднага вытворцы (селяніна) сродкамі вытворчасці (зямлёй) з прымацаваннем яго да зямлі (пазаэканамічны прымус);

§ наяўнасць феадальнай рэнты ў трох асноўных формах: даніна - прадуктовы падатак (натуральны аброк), чынш - грашовы падатак, паншчына - адпрацовачная павіннасць;

§ панаванне натуральнай гаспадаркі, пры якой усё, што выраблялася, спажывалася пераважна ў межах гэтай жа гаспадаркі;

§ нізкі, руцінны стан тэхнікі.

У еўрапейскіх краінах феадалізм існаваў з сярэдзіны І тысячагоддзя н. э. па ХІХ ст. Станаўленне і развіццё феадальных адносін можа адбывацца двума шляхамі: сінтэзным і бяссінтэзным. У некаторых краінах Заходняй Еўропы феадалізм развіваўся ў выніку сінтэзу родаплемянных і рабаўладальніцкіх адносін. Ён грунтаваўся на запазычванні некаторых гаспадарчых і тэхнічных дасягненняў Рымскай імперыі: двух- і трохполля, добрага ўгнаення глебы і інш., а таксама на развіцці дробнай вытворчасці і існаванні свабодных абшчыннікаў.

Пры бяссінтэзным шляху развіццё феадалізму праходзіць больш марудна. Яно было ўласціва для краін, у якіх сувязь з рымскім грамадствам адсутнічала ці была слабая. На такіх землях станаўленне феадалізму адбывалася пасля разлажэння родавага ладу. Менавіта такім шляхам, без уліку рымскіх традыцый, мінуючы рабаўладальніцтва, пачалося развіццё феадальных адносін на тэрыторыі Беларусі.

У адпаведнасці з гістарычнымі даследаваннямі прынята лічыць, што ў сваім развіцці феадалізм прайшоў тры перыяды. У гісторыі Беларусі этапы феадалізму храналагічна выглядаюць наступным чынам:

1) перыяд ранняга феадалізму (ІХ - першая палова ХІІІ ст.), у якім адбылося станаўленне феадальных адносін, сфармавалася саслоўе землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначылася феадальная рэнта, узніклі першыя дзяржаўныя ўтварэнні;

2) перыяд развітога феадалізму (другая палова ХІІІ - першая палова ХVІІІ ст.), найвышэйшая стадыя, якая характарызавалася развітымі феадальнымі адносінамі, стратай сялянамі асабістай свабоды, уздымам эканомікі і культуры;

3) перыяд крызісу феадалізму і зараджэння капіталістычных адносін (другая палова ХVІІІ - першая палова ХІХ ст.), у аснове якога было разлажэнне традыцыйных для феадалізму грамадскіх і гаспадарчых парадкаў, развіццё таварна-грашовых адносін, рост гарадоў, складванне ўнутранага рынку і г. д.

2. Генезіс феадальных адносін і сельская гаспадарка Беларусі ў ІХ– пачатку ХІІІ ст. Станаўленнефеадальных адносін на землях Беларусі адбывалася ва ўмовах існавання шматукладнай гаспадаркі. Як і раней, значную ролю ў жыцці сельскага насельніцтва адыгрывала абшчына (верв, мір). Янаскладалася з усіх сем’яў вёскі і выконвала адміністрацыйныя, судовыя і гаспадарчыя функцыі. Насельніцтва абшчыны было звязана кругавой парукай ― разам адказвала за здзейсненыя злачынствы і выкананне павіннасцяў, працавала на карысць усёй абшчыны. Ворыўныя землі былі ў карыстанні асобных двароў, а ў абшчынным ― лугі, сенажаці, вадаёмы.

Навукова даказана, што ва ўсходніх славян існавалі выразныя рысы рабаўладальніцтва (хатняе рабства), хаця яно і не атрымала шырокага распаўсюджання. Асноўнай крыніцай захопу нявольнікаў была вайна.

Але галоўнай характарыстыкай перыяду ІХ - першай паловы ХІІІ ст. стаў працэс усталявання і паглыблення феадалізму, які, з аднаго боку, заключаўся ў фармаванні буйнога землеўладання князёў, знаці і царквы, а з другога ― у тым, што свабодныя абшчыннікі траплялі ў залежнасць ад феадалаў.

З утварэннем на землях Беларусі першых дзяржаваў-княстваў ішло фарміраванне і сацыяльнай структуры феадальнага грамадства. Выразна аформілася феадальная іерархія («феадальная лесвіца»). На чале грамадства стаяў князь, які лічыўся вярхоўным уласнікам зямлі. Ён абапіраўся на баяр (родавую знаць), ваенна-служылую знаць, якая складала старэйшую і малодшую дружыны, духавенства.

Феадальнае землеўладанне на тэрыторыі Беларусі ўсталявалася ў дзвюх формах:

1) вотчыннае (безумоўнае) - з правам продажу, раздзелу і перадачы па спадчыне;

2) часовае (умоўнае) - землі з правам часовага карыстання,якія за сваю службу атрымлівала ад князя ваенна-служылая знаць.

Разам з тым з канца Х ст. пасля прыняцця хрысціянства ўласнікам зямлі стала і царква.

Паводле аднаго з самых старажытных помнікаў права на землях усходніх славян − «Рускай праўды»,свабоднае насельніцтва мела назву «людзі», або «людзіны». Але непазбежным вынікам з’яўлення буйнога землеўладання было ўзмацненне феадальнай залежнасці сялян. Некаторыя свабодныя абшчыннікі − смерды − паступова траплялі ў залежнасць ад дзяржавы, а потым і ад феадалаў. Трапіць у залежнасць можна было рознымі шляхамі, аб чым сведчаць наступныя катэгорыі сялян:

§ закупы ― збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць на яго гаспадарцы за «купу», пакуль не вярнуць грошы;

§ радовічы ― сяляне, якія знаходзіліся ў залежнасці ад феадала ў адпаведнасці з дамовай («радам»);

§ ізгоі ― у ХІ-ХІІ ст. так называліся людзі, якія ў выніку якіх-небудзь абставін выйшлі са свайго звычайнага грамадскага становішча. Большасць з іх складалі сяляне, якія былі па нейкіх прычынах выгнаны з абшчыны, засталіся без зямлі і былі вымушаны пайсці ў залежнасць да феадала;

§ чэлядзь, халопы - несвабодныя людзі, рабы, якія знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад феадала. Гісторыкі лічаць, што чэлядзь фарміравалася з палонных, захопленых у час вайны, а халопы - з мясцовага люду.

Такім чынам, у ІХ - першай палове ХІІІ ст. сацыяльная структура раннефеадальнага грамадства поўнасцю сфармавалася.

Аснову гаспадаркі ў адзначаны перыяд трывала складала земляробства, развіццю якога садзейнічалі спрыяльныя прыродныя і кліматычныя ўмовы, а таксама эвалюцыя прылад працы. Ворныя прылады выраблялі з дрэва, металічнымі былі толькі асобныя іх часткі. Людзі карысталіся драўляным ралам з жалезным наральнікам, плугам, матыгай, сярпом, драўлянай рыдлёўкай і інш. Значным крокам наперад у развіцці земляробства стала з’яўленне ў канцы ІХ-Х ст. якасна новай ворнай прылады - двухзубай драўлянай сахі з двума металічнымі сашнікамі. Ворнае земляробства ўжывалася з прымяненнем паравай сістэмы ў выглядзе двухполля ці трохполля.

У перыяд ранняга феадалізму на землях Беларусі вырошчвалі амаль усе вядомыя сёння збожжавыя культуры, галоўнай з якіх было жыта. Сярод іншых культур можна адзначыць пшаніцу, ячмень, проса, лён, каноплю, грэчку, агуркі, цыбулю, моркву, рэдзьку. Ураджайнасць земляробства была ў сярэднім сам-3. Гэта значыць, што людзі атрымлівалі ўраджай у тры разы большы ў параўнанні з затрачаным насеннем.

Важную ролю ў гаспадарчым жыцці адыгрывала і жывёлагадоўля. Насельніцтва беларускіх зямель разводзіла коней, буйную рагатую жывёлу, свіней, хатнюю птушку. Гэтая галіна гаспадаркі забяспечвала людзей не толькі мясам, малаком, скурай, але таксама цяглавай жывёлай і ўгнаеннем, неабходнымі для вядзення ворыўнага земляробства.

Разам з тым у разглядаемы перыяд людзі займаліся і промысламі, галоўнымі з якіх былі рыбалоўства, паляванне, збор грыбоў і ягад. Акрамя таго, займаліся бортніцтвам – зборам мёду дзікіх пчол, даглядалі дуплы і нават стваралі новыя. Развівалася таксама і хатняе рамяство: ткацтва, выраб посуду і інш.

Такім чынам, сельская гаспадарка з’яўлялася асновай гаспадарчай дзейнасці людзей на беларускіх землях у ІХ - першай палове ХІІІ ст. Узровень яе развіцця дазваляў не толькі пракарміцца адной сям’і, але і стварыць дадатковы прыбавачны прадукт, які быў неабходнай умовай для развіцця рамяства і гандлю.

3. Першыя беларускія гарады і іх функцыі ў грамадств. У выніку росту прадукцыйных сіл у земляробстве і жывёлагадоўлі, шырокага распаўсюджання і ўдасканалення жалезных прылад працы з’явілася магчымасць вызваліць ад працы ў сельскай гаспадарцы пэўную частку людзей, здольных да рамяства. Такім чынам, адбылося выдзяленне рамяства ў самастойную гаспадарчую галіну. У гістарычнай літаратуры гэты працэс атрымаў назву другога грамадскага падзелу працы.

З аддзяленнем рамяства ад земляробства цесна звязана ўзнікненне гарадоў. Горад - агароджаны (адсюль назва «горад»), умацаваны населены пункт, жыхары якога займаліся пераважна рамяством і гандлем. Шляхі ўзнікнення гарадоў былі рознымі. Часта гарады ўтвараліся на месцах былых гарадзішчаў жалезнага веку, а таксама вакол феадальных замкаў ці як прыгранічныя крэпасці. Важнымі фактарамі ўзнікнення, развіцця і росту гарадоў былі іх геаграфічнае становішча і наяўнасць гандлёвых шляхоў.

Першым горадам на землях Беларусі лічыцца Полацк. Ён быў заснаваны крывічамі на месцы ўпадзення ракі Палаты ў Заходнюю Дзвіну і ўпершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г., аднак даследаванні беларускіх археолагаў сведчаць, што горад узнік як мінімум на сто гадоў раней за першую згадку ў летапісе. У ліку старажытных беларускіх гарадоў пісьмовыя крыніцы называюць: Тураў (980), Ізяслаўль (Заслаўе) (каля 985), Берасце (1019), Віцебск (1021), Менск, Орша (1067), Пінск (1097), Слуцк (1116), Гародня (1127), Мсціслаў (1135), Гомель (1142) і інш. Усе старажытныя беларускія гарады былі заснаваны на берагах вялікіх рэк, па якіх праходзілі рачныя гандлёвыя шляхі.

На думку гісторыкаў, свае назвы беларускія гарады маглі атрымаць наступнымі шляхамі:

1) ад назваў рэк, на берагах якіх былі заснаваны: Полацк ― ад ракі Палаты, Віцебск ― ад Віцьбы, Пінск ― ад Піны, Гародня ― ад Гараднічанкі, Слуцк ― ад Случы і інш.;

2) ад імёнаў князёў, якім належалі гарады: Тураў - ад князя Тура, Ізяслаўль - ад Ізяслава, Барысаў - ад Барыса і г. д.;

3) легендарнае (звязанае з легендай) паходжанне назвы некаторых гарадоў (Берасце, Наваградак).

Звычайна раннефеадальныя гарады складаліся з дзвюх асноўных частак:

§ дзядзінца - умацаванага цэнтра, дзе жыў князь з дружынай і размяшчаліся адміністрацыйныя і культавыя пабудовы. У абарончай сістэме спалучаліся прыродны ландшафт (высокі бераг ракі, абрыў) і штучныя ўмацаванні (земляны вал, драўляны частакол, вежы);

§ рамесніцкага пасаду –неўмацаванай часткі горада, дзе жылі і працавалі рамеснікі.

Найбольш буйныя гарады мелі яшчэ вакольны горад, які займаў прамежкавае становішча паміж дзядзінцам і пасадам. Будаваліся гарады цалкам з дрэва: драўлянымі былі княжацкія палацы, жылыя пабудовы, дрэвам масцілі вуліцы.

У жыцці раннефеадальнага грамадства гарады адыгрывалі вялікую ролю і выконвалі шмат функцый. Яны з’яўляліся цэнтрамі рамеснай вытворчасці. Як сведчаць крыніцы, у вывучаемы перыяд у гарадах Беларусі налічвалася каля 40 рамесных спецыяльнасцяў. Вядучая роля належала кавальству, якое забяспечвала неабходнымі прыладамі працы сельскую гаспадарку і многія віды рамёстваў. Добра былі развіты ювелірная справа, апрацоўка дрэва, ганчарства, ткацтва, гарбарства і інш.

Аддзяленне рамяства ад земляробства і горада ад сяла прывяло да развіцця гандлю. Функцыю гандлёвых цэнтраў выконвалі гарады. У іх размяшчаліся рынкі, на якіх можна было набыць ці абмяняць рамесную прадукцыю, сыравіну, прадукты харчавання. У гарадах, якія знаходзіліся на важнейшых водных магістралях, ажыццяўляўся і знешні гандаль. У ІХ – першай палове ХІІІ ст. асноўным накірункам на землях Беларусі быў гандаль з Візантыяй, Арабскім Усходам, Заходняй Еўропай, а таксама з усходнеславянскімі княствамі: Кіеўскім і Наўгародскім. З беларускіх зямель вывозілі футра, мёд, воск, лён. Прадметамі імпарту пераважна былі вырабы з металу, каштоўныя камяні, тканіны, віно, вострыя прыправы.

Узнікаючы вакол феадальных замкаў, гарады выконвалі таксама функцыю адміністрацыйна-фіскальных цэнтраў. У гарадах абвяшчаліся новыя законы, сюды звозілася даніна, сабраная з падданага насельніцтва.

Важнай функцыяй гарадоў была ваенна-абарончая. Створаная вакол горада абарончая сістэма і наяўнасць у горадзе ваеннай сілы - дружыны рабілі яго месцам, дзе можна было знайсці сховішча ў час варожых нападаў і арганізаваць абарону.

З прыняццем у 988 г. хрысціянства гарады сталі і культурна-рэлігійнымі цэнтрамі. Спачатку толькі ў гарадах будаваліся храмы, перапісваліся кнігі, ствараліся вырабы прыкладнога мастацтва і г. д.

Такім чынам, з утварэннем гарадоў на землях сярэднявечнай Беларусі адбывалася хуткае развіццё рамяства, гандлю, культуры.

4. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях. З’яўленне першых дзяржаўных утварэнняў ва ўсходніх славян у перыяд ранняга феадалізму цалкам адпавядала аналагічным працэсам у Заходняй Еўропе. Першыя дзяржавы фактычна з’яўляліся племяннымі княжаннямі. Летапісы паведамляюць, што ў другой палове ІХ ст. славянскія плямёны палян, драўлян, славенаў, крывічоў і дрыгавічоў мелі свае племянныя княжанні.

Полацкае княства з цэнтрам у горадзе Полацку было першай дзяржавай, якая ўзнікла на беларускіх землях. Полацк займаў вельмі выгаднае геастратэгічнае становішча. Заходняя Дзвіна ў той час з’яўлялася часткай шляху, па якім ішоў міжнародны гандаль Візантыі і Арабскага халіфата з усходнеславянскімі княствамі і скандынаўскімі краінамі. Ён праходзіў праз Няву, Волхаў, Ловаць, Заходнюю Дзвіну да Дняпра і меў назву шляха «з варагаў у грэкі». Займаючы на гэтай важнай воднай магістралі фактычна цэнтральнае месца, Полацк з умацаванага паселішча хутка ператварыўся ў моцны транзітны і гандлёвы цэнтр.

Акрамя таго, Полацкае княства знаходзілася паміж двума іншымі дзяржаўнымі ўтварэннямі ўсходніх славян — Кіеўскім і Наўгародскім княствамі. Кожнае з гэтых княстваў імкнулася заключыць саюз з Полацкам, каб разам мець эканамічную і ваенную перавагу ў рэгіёне. Вядома, што ў 907 г. Полацк быў саюзнікам Кіева, а полацкая дружына прымала ўдзел у паходзе кiеўскага князя Алега на сталіцу Візантыі — Канстанцінопаль (Царград). Паход скончыўся перамогай Кіева, а Канстанцiнопаль вымушаны быў плаціць даніну і Полацку.

У другой палове Х ст. летапісы згадваюць першага вядомага полацкага князя Рагвалода, які прыйшоў «з-за мора», княжыў у Полацкай зямлі і валадарыў ёю. У гэты ж час Полацк становіцца ахвярай барацьбы за вярхоўную ўладу паміж наўгародскім князем Уладзімірам і яго братам, кіеўскім князем Яраполкам. Саюз з Полацкам мог стаць вырашальным у гэтай барацьбе, таму ў перыяд паміж 975 і 978 г. Уладзімір і Яраполк адначасова звярнуліся да полацкага князя з падобнай прапановай. Летапісы гэтую дыпламатычную акцыю спрошчана падаюць як сватанне вышэйзгаданых князёў да дачкі Рагвалода Рагнеды. Згодна з летапісам, Рагнеда выбрала Яраполка, дадаўшы пры гэтым, што яна не хоча выходзіць за Уладзіміра ― «сына рабыні» (Уладзімір быў пазашлюбным сынам кіеўскага князя). Але хутчэй за ўсё, выбар Рагнеды быў абумоўлены тым, што полацкі князь хацеў бачыць сваім палітычным саюзнікам больш уплывовага і моцнага кіеўскага князя.

Далей для Полацка падзеі разгортваліся вельмі трагічна. Уладзімір з войскам нечакана напаў на горад, знішчыў полацкую княжацкую сям’ю, а Рагнеду прымусова зрабіў сваёй жонкай. Пазней ён забіў Яраполка, заняў кіеўскі трон і на некаторы перыяд (каля 20 гадоў) аб’яднаў пад сваёй уладай Наўгародскае, Полацкае і Кіеўскае княствы. Утвораная Уладзімірам дзяржава атрымала ў гістарыяграфіі назву «Кіеўская Русь».

Залежнасць Полацк ад Кіева працягвалася нядоўга. Пасля 988 г. Рагнеда, якая так і не даравала Уладзіміру забойства сваіх сваякоў, зрабіла няўдалы замах на яго жыццё. Уладзімір параіўся з баярамі і замест пакарання Рагнеды адправіў яе разам з іх сынам Ізяславам назад, у Полаччыну, у спецыяльна пабудаваны горад Ізяслаўль (цяпер г. Заслаўе Мінскай вобласці). Такім чынам, была адноўлена вотчына Рагнеды, а пасля запрашэння палачанамі Ізяслава на княжанне ў Полацк аднавілася ў Полацкай зямлі і дынастыя Рагвалодавічаў — унукаў Рагвалода. З таго часу полацкiя князi вялi барацьбу за аднаўленне і ўмацаванне незалежнасцi Полацка.

Размешчанае на двух важных гандлёвых шляхах — па Дняпру ў Чорнае мора і па Заходняй Дзвіне ў Балтыйскае — Полацкае княства вымушана было ўступіць у барацьбу з двума другімі цэнтрамі ўлады на ўсходнеславянскіх землях — з Кіевам і Ноўгарадам. Тры цэнтры былі вельмі падобныя па свайму палітычнаму і эканамічнаму паходжанню, а з часоў Уладзіміра іх аб’ядноўвалі і дынастычныя сувязі. Агульнымі для гэтых княстваў былі царкоўнаславянская мова і агульнахрысціянскія каштоўнасці, якія пачалі распаўсюджвацца сярод кіруючай эліты.

Значных поспехаў у барацьбе за незалежнасць Полацка дасягнуў сын Ізяслава, князь Брачыслаў (1003 – 1044). Ён паспяхова змагаўся з Ноўгарадам за волакі — сухапутныя шляхі паміж рэкамі, валоданне якімі прыносіла значныя прыбыткі ў скарб. У 1021 г. Брачыслаў здзейсніў паход на Ноўгарад і захапіў горад, але на зваротным шляху ў Полацк быў разбіты кіеўскім князем Яраславам Мудрым (сынам Рагнеды і Уладзіміра). У выніку Брачыслаў і Яраслаў Мудры заключылі саюз, па якому да Полацкага княства далучаліся важныя гарады Віцебск і Усвяты, якія кантралявалі волакі паміж Заходняй Дзвіной і Дняпром.

Найбольшай магутнасці Полацкае княства дасягнула пры Усяславе Брачыславічы, ці, як называлі яго летапісы, Усяславе Чарадзеі (1044 – 1101). Пры ім канчаткова было зацверджана, што ўладанні Рагвалодавічаў утвараюць асобную, незалежную зямлю, вылучаную з астатняй Русі, і ў другой палове ХІ ст. Полацк зрабiўся асноўным сапернiкам Кiева. Каб паказаць сваю роўнасць з вялікімі князямі Яраславічамі (сынамі Яраслава Мудрага) і падкрэсліць незалежнасць Полацкага княства, па загаду Усяслава ў Полацку быў пабудаваны сабор Святой Сафіі, які стаў уровень з кіеўскім і наўгародскім Сафійскімі саборамі.

У 1065 – 1078 гг. паміж войскамі Усяслава Чарадзея і Яраславічаў адбыўся шэраг бітваў, найбольш жорсткай з якіх была бiтва на Нямiзе ў 1067 г. У сувязі з гэтай падзеяй упершыню ў летапісах згадваецца г. Менск. Бітва на Нямізе была прайграна Усяславам Чарадзеем, а насельнiцтва Менска знішчана. Апісваючы гэтую падзею, летапiсец адзначаў: «На Нямізе снапы сцелюць з галоваў, малоцяць цапамі булатнымі, на таку жываты кладуць, веюць душу ад цела...».

З рэшткамі сваёй дружыны Усяслаў адышоў да Дняпра, але падманам быў захоплены Яраславічамі ў палон. Больш за год прасядзеў полацкі князь у порубе (турме) у Кіеве, пакуль не быў вызвалены паўстаўшымі жыхарамі горада. Усяслаў Чарадзей на некаторы час стаў кіеўскім князем, але потым вярнуўся ў Полацк.

У 1097 г. у Любечы адбыўся з’езд князёў Рурыкавічаў, на якім адбылася спроба ўпарадкавання адносін паміж нашчадкамі Яраслава Мудрага. Яго вотчына раздзялілася на ўдзелы трох ліній – Ізяславічаў, Святаславічаў і Усеваладавічаў. Гэтая дамова не тычылася Полацкай зямлі, і таму Усяслаў Чарадзей не быў запрошаны на гэты з’езд. Такім чынам, нашчадкі Яраслава Мудрага прызналі незалежнасць Полацкага княства. Да канца ХІ ст. вотчына Усяслава не ведала спусташэнняў, і гэта быў перыяд, калі Полацкае княства дасягнула найбольшай сваёй магутнасці.

Вышэйпералічанае дазваляе сцвярджаць, што Полацкае княства было першай дзяржавай на беларускiх землях, паколькi Полацкая зямля мела ўсе неабходныя атрыбуты дзяржаўнасці.

1. Тэрыторыю — узнiкшы як горад на беразе Дзвiны i Палаты, Полацк здолеў аб’яднаць паўночна-ўсходнюю i цэнтральную часткi беларускiх зямель. У другой палове ХІ ст., у перыяд найбольшай магутнасці Полацкага княства, яно межавала з Наўгародскай зямлёй на поўначы, са Смаленскай — на ўсходзе, з Тураўскай — на поўдні, з балцкімі народамі — на захадзе.

2. Насельніцтва, якое ўсведамляла сябе жыхарамі менавіта гэтай дзяржавы і адрознівала сябе ад тых, хто жыў за межамі іх княства. Жыхары Полацкага княства называлі сябе крывічы-палачане.

3. Органы кіравання, якія ў Полацкім княстве можна вызначыць як княжацка-вечавы лад. Веча — агульны сход грамадзян, які збіраўся ў Полацку. Веча валодала вялікімі паўнамоцтвамі: запрашала князя, а таксама магло прагнаць яго («указаць яму шлях»), абвяшчала вайну і заключала мір, прызначала падаткі. Практычна ўсе найважнейшыя справы дзяржаўнай палітыкі ажыццяўляліся толькі са згоды большасці паўнапраўных грамадзян.

Паўнамоцтвы князя распаўсюджваліся ў асноўным у сферы выканаўча-распараджальнай дзейнасці. Ён абавязаны быў клапаціцца пра абарону краіны, кіраваць войскам і збіраць падаткі. Полацкае княства мела сваю ўласную дынастыю Рагвалодавічаў — «Рагвалодавых унукаў».

4. Войска. Галоўнай ваеннай сілай з’яўлялася княжацкая дружына. Полацкая дружына ўжо ў 907 г. прымала ўдзел у паходзе кіеўскага князя Алега на Царград.

5. Законы. Пануючым было так званае «звычаёвае права» — сістэма няпісаных прававых норм, якія ўзніклі непасрэдна з грамадскіх адносін і абапіраліся на агульнапрынятасць і даўнасць ужывання і прызнаваліся дзяржавай.

6. Падатковая сістэма. Падаткі з насельніцтва збiраліся князем разам з дружынай у выглядзе данiны натуральнымі прадуктамі: зернем, мёдам, футрам i г.д. Збор данiны ва ўсходніх славян называўся «палюддзе».

Такiм чынам, Полацкае княства стала першай дзяржавай на беларускіх землях, якая па ўзроўню развiцця не саступала iншым моцным княствам таго часу – Кiеўскаму i Наўгародскаму.

Тураўскае княства. Але Полацкае княства не было адзінай дзяржавай на землях Старажытнай Беларусі. У басейне ракі Прыпяць у Х ст. на аснове племяннога саюза дрыгавічоў утварылася Тураўскае княства. Пра раннюю гісторыю Тураўскага княства звестак няма. Упершыню цэнтр княства г. Тураў згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 980 г. Першым летапісна вядомым князем гэтай дзяржавы быў Тур, ад яго імя, згодна летапісу, насельніцтва празвалася тураўцамі.

Тураўскае княства таксама мела выгаднае геаграфічнае становішча, паколькі праз яго тэрыторыю праходзілі міжнародныя гандлёвыя магістралі. Першая па Прыпяці і Дняпру вяла ў Чорнае мора; другая мела напрамак на Польшчу і праходзіла па рэках Прыпяць – Піна – Мухавец – Буг; трэцяя праз сістэму рэк Прыпяць – Ясельда – Рось – Нёман вяла ў Балтыку.

Тураўскае княства, якое межавала з больш моцнай Кіеўскай дзяржавай, да 80-х гадоў Х ст., хутчэй за ўсё, заставалася самастойным, а ў 980-я гады трапіла ў залежнасць ад Кіева. Вядома, напрыклад, што кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч пакінуў кіраваць у Тураве свайго сына-намесніка Святаполка.

Грамадска-палітычны лад у Тураве меў свае асаблівасці. Тураўскія князі паводле роднасных сувязяў з кіеўскімі мелі права займаць кіеўскі трон. У такім выпадку ў Тураў прызначаўся княжацкі намеснік — пасаднік. Горадам і воласцю кіравала веча; ёсць звесткі, што веча нават выбірала епіскапа. Гэта было незвычайнай з’явай, паколькі епіскапаў па царкоўных законах павінен быў прызначаць мітрапаліт.

Аднак на развіццё Тураўскага княства вельмі адмоўна ўплывала адсутнасць сваёй правячай дынастыі. Прадстаўнікі розных княжацкіх родаў, якія займалі тураўскі прастол, не дбалі пра мясцовыя інтарэсы. У выніку такой палітыкі Тураўшчына нават губляла землі. Так, у 1142 г. Тураўскае княства страціла гарады Берасце, Драгічын, Клецк, Рагачоў, а ў 1155 г. — Мазыр.

Берасцейская зямля. Важным цэнтрам Сярэдняга Пабужжа з’яўляўся горад Берасце. Разам з гарадамі Кобрын, Камянец, Драгічын, Бельск, Мельнік тэрыторыя Берасцейскай зямлі ўяўляла сабой практычна адзіную ў сацыяльна-палітычных адносінах вобласць, нягледзячы на тое, што этнічны склад насельніцтва тут быў вельмі разнастайны.

Берасце адыгрывала ролю заходняга фарпоста на землях усходніх славян, і да сярэдзіны ХІІ ст. Берасцейская зямля ўваходзіла ў склад Тураўскага княства. За магчымасць мець уплыў на гэтую тэрыторыю ў другой палове ХІІ ст. змагаліся кіеўскія і галіцка-валынскія князі і нават польскія каралі. У выніку, як і Тураўскае княства, Берасцейская зямля ў другой палове ХІІ ст. трапіла ў залежнасць ад галіцка-валынскіх князёў.

Верхняе Панямонне з’яўлялася тэрыторыяй, на якой ад старажытнасці жылі балцкія плямёны яцвягаў, літвы і дайновы. Каланізацыя гэтых зямель славянамі ажыццяўлялася пазней за іншыя тэрыторыі. Верхняе Панямонне ўключала гарады Наваградак, Гародню, Ваўкавыск, Слонім і інш.

Як сведчаць летапісы, з канца Х ст. тэрыторыя Гарадзеншчыны трапіла ў сферу палітычных інтарэсаў кіеўскіх князёў: «на яцвягаў» хадзілі Уладзімір Святаслававіч і Яраслаў Мудры. Апошні ў 1044 г. заснаваў Наваградак.

Некаторы час Верхняе Панямонне знаходзілася ў палітычным падпарадкаванні Галіцка-Валынскага княства. Аднак у першай трэці ХІІ ст. у летапісах паведамляецца аб самастойным гарадзенскім князі Усеваладку (1116–1141), які ў 1127 г. прымаў удзел у паходзе на Полацк. Гэты факт сведчыў пра тое, што Гародня ўжо была цэнтрам удзельнага княства. Дынастычныя шлюбы звязвалі гарадзенскіх князёў з кіеўскімі, і яны перыядычна арганізоўвалі сумесныя ваенныя паходы.

У сярэдзіне ХІІІ ст. Верхняе Панямонне адыграла знакавую ролю ў гісторыі Беларусі, паколькі менавіта гэтыя землі сталі тэрытарыяльным ядром новай дзяржавы, вакол якой перад пагрозай знешніх ворагаў пачалі аб’ядноўвацца аслабленыя ўдзельныя ўсходнеславянскія княствы.

Такім чынам, у перыяд ІХ – ХІ ст. развіццё беларускіх зямель характарызавалася ўзнікненнем на іх тэрыторыі раннефеадальных княстваў-дзяржаў, для якіх быў уласцівы прынцып арганізацыі насельніцтва не на падставе кроўных сувязяў, а па тэрытарыяльнай прыкмеце. Пазней працэс утварэння і развіцця дзяржаў-княстваў змяніўся феадальнай раздробленасцю (1101 – сярэдзіна ХІІІ ст.) — з'явай, якая была характэрнай для ўсіх краін, якія развіваліся па шляху феадалізму.

5. Феадальная раздробленасць на землях Беларусі і яе наступствы. Феадальная раздробленасць гэта працэс падзелу раннефеадальных дзяржаў на ўдзельныя княствы.Так, пасля смерцi Усяслава ў 1101 г.Полацкая дзяржава была падзелена на 6 удзельных княстваў: Полацкае, Менскае, Вiцебскае, Лагойскае, Ізяслаўскае і Друцкае. Асаблівасцю феадальнай раздробленасці ў Полацкім княстве было тое, што міжусобная барацьба мела не сепаратысцкі характар, а вялася за дамінаванне на дадзенай тэрыторыі.

Найбольш моцным стаў Менскі ўдзел. Менскі князь Глеб Усяслававіч (? – 1119) праводзіў актыўную палітыку, накіраваную на ўзмацненне і пашырэнне тэрыторыі княства, імкнуўся аб’яднаць усе беларускія землі вакол Менска. Кіеўскія князі арганізавалі некалькі паходаў супраць князя Глеба. Апошні быў захоплены ў палон, кінуты ў кіеўскі поруб, дзе хутка памёр.

Незалежную ад Кіева палітыку імкнуліся весці і іншыя нашчадкі Усяслава Чарадзея. У 1127 г. быў здзейснены паход паўднёварускіх князёў на Полацкую зямлю. За «непаслушэнства» Кіеву ў 1129 г. некаторыя князі Полацкай зямлі былі высланы ў Візантыю. Незадаволеныя кіраваннем стаўленнікаў Кіева палачане ў 1132 г. узнялі паўстанне і на вечы пастанавілі вярнуць сваіх князёў з Візантыі. Але не ўсе высланыя князі вярнуліся ў свае ўдзелы.

У барацьбу за незалежнасць ад Кіева ў ХІІ ст. уключылася і Тураўскае княства. У 1158 г. тураўскі князь Юрый Яраславіч адмовіўся падпарадкоўвацца Кіеву. Натхнёныя княжацкім прыкладам, жыхары Турава вытрымалі дзесяцітыднёвую аблогу вялікага варожага войска, якое складалася з кіеўскай, галіцкай, смаленскай і луцкай дружын. Вораг адышоў, і такім чынам была абаронена незалежнасць Турава і ўсяго княства.

Аднак у другой палове ХІІ ― пачатку ХІІІ ст. Тураўская зямля таксама перажывала працэс феадальнага драблення. Спачатку яна была падзелена паміж сынамі Юрыя Яраславіча на Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы, пазней выдзеліліся Клецк, Берасце, Драгічын. У выніку землі былога Тураўскага княства трапілі пад уплыў больш моцных галіцка-валынскіх князёў.

Паглыбленне феадальнай раздробленасці суправаджалася міжусобнымі войнамі. Дробныя князі таксама прагнулі самастойнасці і са сваімі землямі і дружынамі выходзілі з-пад улады кіраўнікоў удзелаў.

Фактычна ўсе краіны, якія сталі на шлях феадалізму, у сваім развіцці прайшлі тры стадыі: ад раннефеадальных дзяржаў праз перыяд феадальнай раздробленасці да стварэння цэнтралізаваных дзяржаў. Такім чынам, феадальная раздробленасць была заканамерным этапам эвалюцыі феадальных краін.

Сярод асноўных прычын, якія абумовілі феадальную раздробленасць, можна вызначыць дзве:

1) палітычную, якая была звязана з наяўнасцю ў раннефеадальным грамадстве васальнай залежнасці ― сістэмы своеасаблівых адносін паміж феадаламі. Князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі называлі адзін аднаго «братамі»). Баяры з’яўляліся васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу атрымлівалі маёнткі. Пачынаючы з ХІ-ХІІ ст. з’явіліся асабістыя дружыны найбуйнейшых баяр з васалаў трэцяга ўзроўню. Узмацненне ўдзельных князёў прыводзіла да аслаблення цэнтральнай улады і садзейнічала распаду раннефеадальных дзяржаў;

2) эканамічную, якая была абумоўлена панаваннем натуральнай гаспадаркі, калі ўсе землі Беларусі мелі так званую эканамічную аўтаркію (незалежнасць): усё неабходнае для жыцця выраблялася і спажывалася ў межах адной гаспадаркі і не было жыццёвай неабходнасці для пашырэння эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі.

Феадальная раздробленасць мела станоўчыя і адмоўныя вынікі. На першым этапе падзел вялікіх княстваў на асобныя ўдзелы ствараў спрыяльныя ўмовы для росту гарадоў, развіцця рамёстваў і культуры, удасканалення натуральнай гаспадаркі. Зразумела, што пры існаваўшых у той час сродках камунікацыі кіраўніцтва невялікімі тэрыторыямі было больш эфектыўным. Аднак перманентнае вядзенне разбуральных міжусобных войнаў стала адмоўна адбівацца на гаспадарчым жыцці. Разбуралася сельская гаспадарка, заняпаў шлях «з варагаў у грэкі», які некалькі стагоддзяў прыносіў трывалыя прыбыткі ў скарб Полацкага княства і іншых беларускіх зямель. Да таго ж, раз’яднаныя ўдзелы не маглі аказаць належнага адпору знешнім захопнікам. Толькі напрыканцы ХІІ ― пачатку ХІІІ ст. пад пагрозай знешніх ворагаў на беларускіх землях сталі праяўляцца тэндэнцыі да палітычнай і эканамічнай кансалідацыі.

6. Культура Беларусі ў ІХ – пачатку ХІІІ ст. Культура народаў у перыяд ранняга сярэднявечча ў многім вызначалася рэлігійнымі ўяўленнямі. Дахрысціянскай рэлігіяй насельніцтва на беларускіх землях было язычніцтва (паганства) — вера ў многіх багоў. Сярод вярхоўных багоў у старажытных насельнікаў Беларусі былі: Пярун — бог грому і маланкі, Вялес — бог жывёлагадоўлі, гандлю, багацця, уладар замагільнага свету, апякун язычніцкіх святароў-вешчуноў, Ярыла — бог урадлівасці і вайны, Дажбог — бог Сонца, Лада — багіня дабрабыту і апякунка сямейнага жыцця і інш. У пантэоне багоў адлюстроўвалася як пакланенне людзей прыродным з’явам, так і іх гаспадарчая дзейнасць.

Аднак з узнікненнем першых дзяржаўных утварэнняў, усталяваннем княжацкай улады, развіццём рамяства і гандлю з’явілася патрэба ў больш шырокіх ведах, граматнасці, трывалых сувязях з іншымі краінамі і ў новым асэнсаванні чалавекам свайго жыцця. Гэта не маглі забяспечыць язычніцкія вераванні, і таму наспела неабходнасць у прыняцці новай рэлігіі, якой на землях усходніх славян стала хрысціянства.

Хрысціянства прыйшло на тэрыторыю Беларусі пасля таго, як у 988 г. муж Рагнеды кіеўскі князь Уладзімір ахрысціў сваіх падданых. Візантыйскі варыянт хрысціянства стаў дзяржаўнай рэлігіяй і, як сведчаць крыніцы, уводзіўся ў Кіеўскім княстве хутка, часта нават з прымяненнем сілы.

У Полацкім княстве хрысціянская вера распаўсюджвалася больш спакойна. У гістарычных крыніцах не згадваюцца факты насілля альбо прымусу пры ўвядзенні новай рэлігіі на беларускіх землях. У Полацкай зямлі існавалі свае перадумовы для прыняцця хрысціянства, да таго ж, полацкія воіны ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю ў 907 г. і ўжо мелі ўяўленне аб хрысціянстве. Існуе думка, што кіруючая эліта Полацкага княства яшчэ раней прыняла хрысціянства, якое прыйшло на гэтую тэрыторыю праз Скандынавію.

Але больш упэўнена можна сцвярджаць, што хрысціянства ў Полацку было прынята прадстаўнікамі вышэйшай знаці ўслед за афіцыйным увядзеннем яго ў Кіеве. Ізяслаў, сын Уладзіміра і Рагнеды, хутка пасля прыняцця новай веры стаў княжыць у Полацку. Аб яго клопаце па распаўсюджванню тут хрысціянства ўскосна сведчыць характарыстыка, дадзеная Ізяславу ў Цвярскім летапісе, дзе сказана, што ён «прилежаще прочитанию божественных писаний», гэта значыць, быў вельмі набожны. Княгіня Рагнеда таксама шчыра прыняла новую веру, пашырала яе сярод сваіх суродзічаў-крывічоў павольна, абдумана, высвятляючы сутнасць Хрыстовай навукі. Дзякуючы Рагнедзе з Полацка хрысціянства распаўсюдзілася на ўсю Полаччыну, Смаленшчыну і іншыя крывіцкія землі. Апошнія гады свайго жыцця Рагнеда правяла ў манастыры пад імем чарніцы Анастасіі.

Пасля прыняцця хрысціянства ў буйных княствах пачалі стварацца епархіі. Так, у 992 г. узнікла епархія ў Полацку, а ў 1005 г. — у Тураве.

Усталяванне хрысціянства адбывалася адначасова з існаваннем паганства, таму працэс хрысціянізацыі расцягнуўся на стагоддзі. Трывалымі аказаліся шмат якія язычніцкія традыцыі, як, напрыклад, шанаванне памерлых продкаў («дзяды») ці святкаванне Купалля. Хрысціянская царква так і не змагла іх пераадолець, таму многія язычніцкія звычаі не зніклі, а сталі арганічнай часткай хрысціянскай культуры на тэрыторыі Беларусі. У выніку тут усталяваўся так званы сінкрэтызм – арганічнае ўзаемаперапляценне старажытных паганскіх уяўленняў з хрысціянскімі.

Вынікі прыняцця хрысціянства былі вельмі значнымі. Распаўсюджанне новай веры садзейнічала развіццю на землях Беларусі пісьменнасці і адукацыі. Пры царквах і манастырах перапісваліся кнігі і адкрываліся школы. У беларускіх гарадах вялося летапісанне. Вялікую навуковую каштоўнасць маюць знойдзеныя ў Віцебску і Мсціслаўлі берасцяныя граматы-лісты, змест якіх сведчыць пра тое, што граматай у той час валодалі не толькі прадстаўнікі духавенства і знаці, але і простыя гараджане.

На беларускіх землях разгарнулася мураванае дойлідства. Саборы, царквы і манастыры сталі самымі велічнымі і прыгожымі будынкамі таго часу. Так, маючы шырокія сувязі з Візантыяй і Заходняй Еўропай, Полацк развіваўся як буйны культурны цэнтр з уласнай архітэктурнай школай. У 50-я гады ХІ ст. у Полацку быў пабудаваны грандыёзны Сафійскі сабор. Ён меў сем купалоў, а ў сярэдзіне быў аздоблены фрэскамі. Сярод помнікаў старажытнага мураванага дойлідства можна назваць Спаскую царкву ў Полацку, Ніжнюю і Барысаглебскую (Каложскую) царквы ў Гродне (другая палова ХІІ ст.). Вядомым помнікам абарончага дойлідства канца ХІІІ ст. з’яўляецца Камянецкая (Белая) вежа. Яна была пабудавана дойлідам Алексам па загаду валынскага князя Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост і мела шмат агульнага з еўрапейскімі вежамі тыпу «данжон».

Хрысціянства прынесла на беларускія землі не толькі пісьменнасць, адукацыю і мастацтва, але і змены ў норавах. Хрысціянская вера ўзвышала чалавека над прыродай, вучыла рабіць дабро і цярпліва пераносіць пакуты зямнога жыцця. Але разам з тым нават у самых складаных жыццёвых сітуацыях у чалавека заставалася надзея на дапамогу Бога. Хрысціянскія запаведзі — не забі, не падмані, не ўкрадзі, шануй бацьку і маці і разам з тым знікненне ўласцівых для язычніцтва ахвярапрынашэнняў і кроўнай помсты — садзейнічалі прагрэсіўнаму развіццю грамадства.

Ефрасіння Полацкая. Найбольшае праяўленне новай культуры знайшло сваё адлюстраванне ў дзейнасці Ефрасінні Полацкай (каля 1120 – 1173). Яна была ўнучкай Усяслава Чарадзея і ў свецкім жыцці мела імя Прадслава. Ад замужаства маладая дзяўчына збегла ў манастыр, пастрыглася ў манашкі і атрымала новае імя — Ефрасіння. Яна заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, займалася перапісваннем багаслоўскіх кніг, адкрыла школу, бібліятэку. Па яе замове ў 1161 г. майстар Лазар Богша стварыў шэдэўр старажытнабеларускага эмальернага мастацтва — крыж Ефрасінні Полацкай, які знік падчас другой сусветнай вайны.

Ефрасіння Полацкая напрыканцы свайго жыцця здзейсніла падарожжа да «Гасподняй дамавіны» ў Палесціну, дзе і памерла 23 мая 1173 г. Пазней яна была кананізавана праваслаўнай царквой і каталіцкім касцёлам і ўключана ў лік святых беларускай зямлі.

Кірыла Тураўскі. Вялікі ўклад у развіццё старажытнабеларускай культуры ўнёс пісьменнік і прамоўца, выдатны сын Тураўскай зямлі Кірыла Тураўскі (каля 1130 – 1182). Найбольшую вядомасць яму прынеслі яго «словы», прысвечаныя розным біблейскім сюжэтам, якімі ён імкнуўся схіліць да хрысціянскай веры як мага больш людзей. У 1158 г. ён быў прызначаны Тураўскім епіскапам. Словы і прытчы Кірылы Тураўскага карысталіся сярод насельніцтва шырокай папулярнасцю, за што яго яшчэ пры жыцці іменавалі Златавустам.

Прыняцце хрысціянства, безумоўна, было станоўчай з’явай, якая паўплывала на змены маральных каштоўнасцяў усходніх славян, пашырыла іх эканамічныя і палітычныя зносіны з іншымі краінамі, спрыяла развіццю культуры, літаратуры, мастацтва. Хрысціянская вера выпрацоўвала і прыкметна ўзмацняла ў беларусаў мяккасардэчнасць, міласэрнасць, гуманнасць.

Такім чынам, культура беларускіх зямель у перыяд ранняга сярэднявечча вылучалася высокім узроўнем развіцця. Вызначальную ролю, безумоўна, адыгралі прыняцце хрысціянства і распаўсюджанне пісьменнасці. Аднак наяўнасць моцных язычніцкіх традыцый надавала адметнасць культурным працэсам на землях усходніх славян.

АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ І ПАНЯЦЦІ

Веча (ад стараславянскага вет – рада) – народны сход, орган дзяржаўнай улады (разам з князем) у асобных княствах.

Волакі – назва месца найбольшага збліжэння дзвюх суседніх судаходных рэк, па якому караблі перацягвалі (валаклі) з адной рэчкі ў другую або перавозілі грузы.

Даніна – натуральны аброк. На землях усходніх славян вядомы з ІХ ст. як асноўны падатак насельніцтва на карысць дзяржавы, а таксама як падатак з заваяваных народаў.

Натуральная гаспадарка - тып гаспадаркі, пры якой усё, што выраблялася, спажывалася ў межах гэтай жа гаспадаркі.

Палюддзе («хадзіць па людзях») – штогадовы аб’езд князем з дружынай падуладных тэрыторый з мэтай збору даніны.

Паншчына - апрацоўка сялянамі зямлі феадала ўласным інвентаром і цяглавай жывёлай.

Сінкрэтызм – арганічнае ўзаемаперапляценне старажытных паганскіх уяўленняў з хрысціянскімі.

Феадальная раздробленасць – працэс дзялення раннефеадальных дзяржаў на ўдзельныя княствы.

Чынш - грашовая рэнта.

ХРАНАЛОГІЯ ПАДЗЕЙ

859 г. – першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пра крывічоў.

862 г. – першае ўпамінанне ў «Аповесці мінулых гадоў» пра Полацк.

980 г. – згадка ў летапісе пра полацкага князя Рагвалода і Рагнеду.

980 г. – першае ўпамінанне пра Тураў.

988 г. – пачатакпрыняцця хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях.

992 г. – узнікненне епархіі ў Полацку.

1005 г. – узнікненне епархіі ў Тураве.

1067 г. – бітва на Нямізе і першае ўпамінанне ў летапісе пра Менск.

1101 г. – пачатак феадальнай раздробленасці на беларускіх землях.

 

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: