Агульная характарыстыка сямейна-бытавой абраднасці

    Сямейная абраднасць ахоплівае найбольш важныя вехі ў жыцці чалавека – нараджэнне, вяселле, провады ў войска, перасяленне ў новую хату, пахаванне і памінанне нябожчыка – якраз усе тыя моманты, якія былі найбольш значнымі і адказнымі, пэўнай мяжой на жыццёвым шляху. І хоць усе яны абгрунтаваны практычнай неабходнасцю, іх змест у асноўным напоўнены клопатам аб прадаўжэнні чалавечага роду, здаровым развіцці будучага патомства. Нездарма ж у народзе кажуць: “Калі дзіця на свет прыходзіць, новы кусок хлеба родзіць”.

    У беларусаў з нараджэннем дзіцяці звязаны два абрады - адведкі (адведзіны), калі сваякі і знаёмыя прыходзілі да бацькоў неўмаўляткі, каб павіншаваць іх і раздзяліць іх радасць, падтрымаюць маладых бацькоў слушным словам, практычным павучэннем альбо матэрыяльнай дапамогай, і радзіны (хрэсьбіны) – абрад хрышчэння дзіцяці ў царкве або касцёле. Жаданне здароўя маці і дзіцяці, шчаслівага будучага лёсу нованароджанаму ўласціва многім рытуальным дзеянням, звычаям і павер’ям, што суправаджаюць радзінную абраднасць.

    Не адкрыю новай ісціны, калі скажу, што менавіта ў сям’і і дзецях шчасце чалавека і яго вечнасць.

    Стварэнню новай сям’і з даўніх часоў надавалася важнае значэнне. Па тых, хто будзе бацька і маці, яшчэ задоўга да вяселля судзілі аб лёсе будучай сям’і і яе нашчадкаў. Невыпадкова, што сярод усіх сямейных абрадаў, вясельная абраднасць самая працяглая па часе. Пачынаецца яна звычайна сватаннем, калі жаніх з 2-3 сваякамі прыходзіў да бацькоў дзяўчыны дзе сустракаліся родзічы жаніха і нявесты, і ўжо пасля такога знаёмства і згоды двух родаў на маючы адбыцца шлюб дамаўліваўся аб часе правядзення вяселля, якое звычайна гулялі некалькі дзён. Заканчваліся ж беларускія вясельныя абрады пярэзвамі, калі на працягу тыдня, а то і больш, госці маладога і маладой запрашалі адзін аднаго да сябе ў госці.

    Провады навабранцаў ў войска таксама на працягу апошніх стагоддзяў выліліся ў характэрна для гэтай падзеі абрад, які хутчэй быў выкліканы заклапочанасцю родных і бацькоў аб вяртанні будучыга салдата жывым і здаровым да роднай хаты, у сваю сям’ю.

    Перасяленне ў новую хату атрымала назву – улазіны альбо уваходзіны, для якіх характэрны рытуалы, накіраваныя на шчаслівае і заможнае пражыванне пэўнай сям’і на новым месцы.

    Смерць была канчатковай мяжой зямнога існавання чалавека. Жалоба і пашана, з якой праводзяць у апошні шлях нябожчыка – гэта своеасаблівая даніна павагі і ўдзячнасці за пакінуты ім след на зямлі, сярод людзей. Пахаванне – гэта провады чалавека “на той свет”, дзе ён прадаўжае сваё бясконцае і вечнае існаванне ў выглядзе Духа-продка і з’яўляецца апекуном свайго роду і сям’і.

    Сямейныя абрады вельмі старажытныя па сваім паходжанні, аднак да сённяшніх дзён яны не страцілі мэтавай накіраванасці і прызначэння ў народным жыцці, здолелі захаваць у сабе адну з цікавейшых старонак народнага побыту, нашай нацыянальнай культурнай спадчыны.

    У вясельнай абраднасці вызначаецца некалькі частак:

- Сватанне (Заручыны)

- Дзявоцкі вечар

- Каравайны абрад

- Звычаі і абрады ў хатах жаніха і нявесты перад шлюбам

- Вяселле ў хаце нявесты

- Вяселле ў хаце жаніха

    Сватанне (Заручаны).

    У сваты хадзілі або ездзілі абавязкова пад вечар хросныя бацькі жаніха і хто-небудзь з яго родных, часам і сам жаніх. Убачыўшы сватоў, у хаце нявесты пачыналі хвалявацца, мітусіцца, хавалі яе ў камору. Сваты заходзілі ў хату, віталіся, казалі: “Ці не прадаецца ў вас цёлачка, у нас ёсць добры бычок”. Адбываліся і разгорнутыя дыялогі паміж сватамі і бацькамі.

    У сваты прыходзілі, у асноўным, пасля таго, як хлопец і дзеўка самі дамаўляліся паміж сабой. Але сустракаліся выпадкі, калі бацькі прымушалі сваіх дзяцей уступаць у шлюб па іх бацькоўскай волі. Напрыклад ў весцы Каробчына (Мсціслаўскі раён) яшчэ ў пачатку 20-га стагоддзя і хлопцы, і дзеўкі не мелі права вырашаць свой лёс, пару ім падбіралі бацькі, зыходзячы з эканамічных меркаванняў. Сватанне было даволі працяглай па часу цырымоніяй са строгімі звычаямі і спецыяльнымі дыялогамі. Напрыклад, у Касцюковіцкім раёне, калі сваталі дзяўчыну з іншай вёскі, сваты, прыехаўшы ў гэту вёску, адразу не заходзілі ў хату яе бацькоў, а ішлі да суседзяў. Тут яны пакідалі адзін кавалак сала і адну пляшку гарэлкі, астатняе з кашалём забіралі з сабою і ішлі да хаты нявесты. Там звычайна ўжо спалі (у тых выпадках, калі дзяўчыны чакаюць сватоў, кладуцца спаць раней наўмысна). Сваты не ішлі проста ў хату, нават калі вароты былі адчынены, а абавязкова станавіліся пад акно вуліцы. Пачыналася размова. Амаль што ў кожным выпадку сватам адчынялі дзверы і працягвалі размову.

    У выпадку нязгоды нявесты апошняя на запытанні бацькі нічога не адказвала і на яго прапанову вымесці хату злазіла з печы і пачынала месці хату ад стала да дзвярэй, выказваючы сваю нязгоду. А калі згодна, то мяла наадварот.

    На Магілёўшчыне, як і паўсюль на Беларусі, калі сваты прыходзілі знянацку, здараліся выпадкі адмовы ім з боку нявесты і яе бацькоў. У такім разе сваты забіралі назад хлеб і гарэлку.

    Каб аб сватаўстве дамаўляліся загадзя, тады ў той жа вечар ладзілі запоіны, або заручаны. Прыходзіла радня нявесты і жаніха. У некаторых вёсках сваю радню запрашала сама нявеста. Дзяўчына дарыла ўсю сям’ю хлопца палатнянымі ручнікамі.

    У вёсцы Урэчча – 1 (Слаўгарадскі раён) гэты абрад праходзіў больш разгорнута: нявеста брала века, на якім ляжалі падарункі, і кожнаму госцю з радні жаніха аддавала падарунак з паклонам. Той наўзамен даваў ёй грошы. У гэты час на стале гарэла свечка і ляжала булка хлеба. У Касцюковіцкім раёне хросных запрашалі самі нявеста і жаніх. Дзяўчат, а таксама іншых родзічаў заклікала адна зазывала з таварышак нявесты. Звычайна дзяўчаты і хлопцы збіраліся ў хаце суседа нявесты, а ў хаце яе бацькоў, акрамя сватоў, збіраліся хросныя нявесты і суседзі. Іх саджалі за стол, на які падавалі хлеб і сала. Бацька нявесты браў пляшку гарэлкі і першую чарку наліваў сабе, звяртаючыся да бацькі жаніха, гаварыў словы. Бацькі выпівалі гарэлку. Тут жа прысутнічалі нявеста і жаніх. Нявесце давалася першая чарка пасля сватоў. Пасля гэтага маладыя ішлі да суседа, дзе сабіраліся хлопцы і дзяўчаты. А ў хаце сватоў вялася гутарка пра маладых.

    Сват ішоў у хату дзе былі дзяўчаты і аддаваў нявесце гарэлку (без закускі). Нявеста брала гарэлку і чаркаю абносіла сваіх таварышак і хлопцаў. У гэты час маці нявесты запальвала свечку, ставіла яе ў цэлы хлеб, клала на хлеб падарункі: сватам – шырынкі (хусткі хатняга вырабу), жаніху – паркалёвую хустку. Нявеста ў кампаніі дзяўчат ішла ў сваю хату. Маці аддавала дачцэ хлеб з падарункамі. Нявеста стаяла з хлебам нерухома, а той, хто хадзіў за дзяўчатамі, па чарзе падводзіў іх да сватоў і пытаўся каб сваты пазналі нявесту.

    Пасля гэтага нявеста раздавала падарункі, якія ляжалі на хлебе. Першы падарунак падносіла будучаму свёкру. Свёкр перадаваў ёй чарку і наліваў гарэлкі. Нявеста каштавала гарэлку, але не піла, а перадавала свёкру. Той таксама каштаваў і аддаваў назад. І гэтак тры разы. За трэцім разам нявеста вылівала чарку гарэлкі цераз сваю галаву. Потым аддавала свёкру падарунак. Свёкар, прымаючы падарунак, у сваю чаргу клаў ёй на хлеб грошы і падарункам абводзіў тры разы вакол свае галавы прыгаварваючы:

“Дай Божа, каб у нашых маладых жыта ў трубы вілося!”

    Свёкар перадаваў бутэльку свёкру. Той зноў наліваў нявесце гарэлкі ў чарку. Яна таксама “перапівала” і з ім: вылівала гарэлку праз галаву і перадавала яму падарунак з той жа цырымоніяй. Нарэшце сват наліваў гарэлкі жаніху. Той, зварочваючыся да нявесты з пажаданнямі аб здароўі і піў з ёю. Нявеста за трэцім разам вылівала гарэлку цераз правае плячо і пасля гэтага перадавала падарунак жаніху. А ён, прыняўшы падарунак, таксама абводзіў ім тры разы вакол сваёй галавы і клаў нявесце на хлеб грошы. Пасля гэтага дзяўчына збіралася ісці дадому.

    Потым нявеста брала бутэльку гарэлкі і прасіла некалькі дзяўчат быць у яе падвесніцамі, і яны вялі яе з жаніхом да суседа на “часць” (пачастунак). У гэты час сваты ішлі дамоў або ў той двор дзе раней спыніліся, па гарэлку і сала. А маці нявесты, застаўшыся ў хаце, смажыла яечню. Сваты вярталіся і, уваходзячы ў хату, незалежна ад часу сутак гаварылі: “Дзень добры!” Свацця ставіла на стол яечню, і пачыналі гуляць “дабрыдзень”, на якім заставаліся толькі запрошаныя госці. У гэты час сваты за сталом вызначалі дзень вяселля і гаварылі аб пасагу. Дагаварваліся таксама з чыйго боку колькі будзе “прычэтнікаў” (удзельнікаў на вяселлі).

    Таксама за сталом і адбывалася самае галоўнае магічнае дзеянне абраду заручан – менавіта абмен пярсцёнкамі паміж маладымі ці злучэнне, звязванне рук.

    Дзявоцкі вечар.

    Адным з важных абрадаў на падрыхтоўчым этапе традыцыйнага беларускага вяселля з’яўляўся дзявоцкі вечар (“суборная субота”, “дзявочнік”, “вянкі”, “зборны вечар”, “паненскі вечар”, “дзявоцкія запоіны”). Галоўная ідэя згаданага абраду – развітанне нявесты са сваімі сяброўкамі, якія яшчэ, кожная да пэўнага часу заставаліся незамужнімі.

    Нявеста напярэдадні вяселля, часцей за ўсё ў суботу, склікала сваіх сябровак да сябе. Вельмі цікава адбывалася запрашэнне на “дзявочнік” у беларусаў-ліцвінаў. Тут перад змярканнем нявеста з паднявесніцай хадзіла да двара і, колькі б у хаце не было народу, кожнаму нізка кланялася. Пры гэтым, звяртаючыся да маладых дзяўчат і хлопцаў, яна казала аб тым каб прыйшлі да яе на “дзявічкі”. І атрымаўшы адказ яна яшчэ два разы паўтарала свій паклон у знак удзячнасці за пажаданні. Старэйшым людзям рабіла тры зямныя паклоны.

    Дзяўчаты павінны былі ў гэты вечар падрыхтаваць вясельны галоўны ўбор для сваёй сяброўкі – вянок, а таксама малы вяночак кветак, кветкі для сваёй і маладога дружыны, упрыгожыць вясельнае дрэўца (“шаблю”, “гільца”, “ёлку”).

    Перад пачаткам справы наогул і кожнага новага дзеяння прывіцці вянка старшая шаферка тройчы прасіла благаславення ў бацькоў. Вяночак прышпільвалі маладой перад выездам да шлюбу пасярод галавы да касы, маладому – да шапкі з правага боку, а чашніку – з левага.

    Напрыклад на Магілёўшчыне да купленага вянка падшывалі фату і брыжы – шырокі беленькі, складзены ў тры ярусы “гармонікам” каснік. Завіваючы маладую, ёй распляталі касу. Каб расплесці касу, таксама прасілі благаславення. У гэту ж суботу дружкі нявесты вілі кветкі для маладога і дружкоў.

    На дзявоцкі вечар да маладой збіраліся яе сяброўкі і сваячкі. Кожную нявеста сустракала каля ганка і садзіла за стол, на якім у гэты час не было нічога, акрамя хлеба-солі. Калі ўсе былі ў зборы, нявеста садзілася за стол сярод сябровак, апошнія пачыналі спяваць і віць цянок. Звіўшы вянок, клалі яго на блюдца перад маладой. Некаторы час усе сядзелі моўчкі, потым адна з дзяўчат палівала вянок вадой і брала яго з блюда. Нявеста плакала, яе тройчы абводзілі вакол стала, зноў саджалі на тое месца і пачыналі апранаць у вясельную сукенку. Прышпільвалі вянок, прымяралі вэлюм (фату). Апрануўшы, усе зноў у поўным маўчанні некаторы час сядзелі за сталом. Затым нявеста разлівала ваду, якой быў паліты яе вянок, па кубачках, і дзяўчаты выпівалі яе, “каб ім скора замуж ісці”. Пасля гэтага нявеста пераапраналася ў штодзённую сукенку, і ўсе прысутныя вячэралі. Павячэраўшы, маладая праваджала сваіх сябровак, сваячкі заставаліся ў яе дома.

    Такім чынам, у абрадах дзявочніка яскрава праглядаецца і нават падкрэсліваецца ідэя развітання нявесты з дзявочым калектывам, з маладосцю, з вольным бесклапотным жыццём. Пагэтаму сяброўкі маладой тут у цэнтры ўвагі, іх шануюць, і частуюць, і задобрываюць. Але нявеста не проста развітваецца з дзявочым калектывам і адпраўляецца невядома куды – яна выходзіць замуж. Адсюль з’яўляецца на дзявочніку шэраг звычаяў і абрадавых дзеянняў, звязаных з будучым шлюбам, з выкупам нявесты жаніхом. Гэта, у першую чаргу, з’яўленне самога жаніха і яго чашнікаў на развітальны вечар пад самы канец урачыстасці.

    Амаль ужо ў наш час дзявочы вечар поўнасцю знік у сучаснай перадвясельнай абраднасці беларусаў, хоць звесткі аб ім і адпаведныя абрадавыя песні добра захоўваюцца ў сацыяльнай памяці інфарматараў. Развітальны ж вечар жаніха са сваімі сябрамі, з халастым жыццём, наадварот, вельмі папулярны ў сельскіх і гарадскіх жыхароў нашай краіны. Хлопцы збіраюцца ў хаце жаніха, п’юць, гуляюць.

    Каравайны абрад.

    Вясельны каравай, з усімі абрадава-магічнымі дзеяннямі, павер’ямі, песнямі, вярбальнымі тэкстамі, што суправаджалі яго прыгатаванне, займаў надзвычай важнае месца ў традыцыйным вясельным рытуале беларусаў.

    Першыя звесткі пра вясельны каравай адносяцца да 11-га стагоддзя. У 19 – пачатку 20 ст., як сведчаць літаратурныя крыніцы, каравайны абрад быў характэрны для ўсёй тэрыторыі Беларусі, меў лакальныя адрозненні ў часе прыгатавання, упрыгожвання, функцыях.

    Амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі прыгатаванне караваю азначала уласна пачатак вяселля. Для выпечкі вясельнага абрадавага хлеьа да маладога і да маладой запрашаліся каравайніцы (замужнія жанчыны), каравайнікі (мужчыны, хлопцы), гусарніцы (незамужнія дзяўчаты). Дарэчы, гэтыя спецыяльныя назвы яны насілі толькі на працягу таго тэрміну, пакуль гатаваўся каравай. Паводле народнага меркавання, каравай мог паўплываць на ўсё будучае жыццё маладых. Тут не магло быць не якіх дробязей: усе рэчы, людзі, прадметы, што мелі дачыненне да прыгатавання каравая, набывалі асаблівыя, вялікае значэнне. Па гэтай прычыне быць каравайніцамі запрашалі толькі блізкіх сваячак, хросных маці, тых жанчын, якія мелі добрую славу сярод аднавяскоўцаў, за каравайнікаў - сталых гаспадароў, за гусарніц – цнатлівых дзяўчат. Акрамя таго, у час прыгатавання каравая ў хату збіралася шмат суседзяў, сваякоў, бо лічылася, чым больш у гэты момант людзей, смеху, гоману, тым весялейшае жыццё будзе ў маладых. Старэйшая каравайніца прасіла ў бацькоў маладых благаславення перад кожным чарговым дзеяннем: каравай расчыняць, у печ устаўляць, з печы вымаць і г.д. Муку прасявалі па чарзе ўсе каравайніцы, усе таксама павінны былі сыпаць яе ў дзяжу і ліць ваду - рашчыняць. З самага пачатку прыгатавання каравая імкнуліся рабіць усё вельмі добра, каб каравай атрымаўся адразу, таму што звычай забараняў пячы яго паўторна.

    Трэба адзначыць, што ў час прыгатавання каравая гучалі спецыяльныя абрадавыя каравайныя песні, прымеркаваныя да кожнага чарговага дзеяння. Так, амаль паўсюль на Беларусі, калі мясілі каравай спявалі жартоўныя песні.

    Калі каравай быў гатоў, тады запрошаны хлопец (часта яго называлі “кучаравы”) браў лапату, адна маладзіца станавілася супраць яго, і ўдваіх трымалі ў руках лапату, на якую астатнія маладзіцы накладвалі цеста. Пасля садзілі каравай у печ і спявалі.

    На Беларусі каравай быў круглай формы і вельмі багата і разнастайна ўпрыгожваўся. Часцей за ўсё каравай упрыгожвалі фігуркамі з цеста: птушкамі, шышкамі, крыжыкамі, зорачкамі, пляцёнкай, лялечкамі, васьмёркамі, а таксама папяровымі і жывымі кветкамі, галінкамі дрэў. Часта пасярэдзіне ў караваі рабілі шышку круглую – сонца – і промні ад яго, а побач месяц-маладзік.

    На Магілёўшчыне ўсіх караваяў пяклі шэсць – каб было да пары. Адзін з іх меў форму месячыка, астатнія пяць – круглыя. Зверху на караваі выпісвалі ключом розныя фігуры. Цеста намазвалі мёдам, наколвалі макаўкамі, іх верхнімі венчыкамі. Акрамя караваяў, пяклі яшчэ каравайчыкі, штук 40-60 (цэлае рэшата). Прызначаліся яны, галоўным чынам для дзяцей, што прыбягалі на вяселле – паглядзець маладую і атрымаць каравайку.

    У сучасны час каравай амаль не выпякаўся, яго функцыі пачаў выконваць спецыяльна прыгатаваны ў кафэ ці сталовай торт, адметнай асаблівасцю якога: памеры і надпісы, зробленыя крэмам, часцей за ўсё на рускай мове, напрыклад: “Желаем счастья”, “Совет да любовь”.

    Пасля вянчання жаніх і нявеста ехалі ўжо разам, на адной павозцы, за імі ўсе астатнія госці, якія накіроўваліся часцей за ўсё ў хату бацькоў нявесты.

    У асяроддзі гараджан маладых сустракалі бацькі нявесты. Бацька трымаў у руках гарэлку, а маці на пакрытай ручніком накрыўцы дзяжы – хлеб з соллю і дзве чаркі.

    Маладым налівалі ў чаркі гарэлку, якую яны па традыцыі два разы вылівалі назад праз плячо (адлівалі ад сябе злыя сілы), а на трэці раз выпівалі. Тут жа маладых абсыпалі жытам (каб добра жылося) і садзілі ў кут пад абразы за святочны стол. Каля нявесты садзілася радня жаніха, а каля жаніха – радня нявесты. Гулялі дзень, а к вечару, забраўшы куфры з пасагам нявесты, ехалі ў дом жаніха.

    Часцей за ўсё пасля вянчання (да вянчання) выконваўся абрад звядзення (злучэння) маладых – адзін з найбольш старажытных вясельных абрадаў. Удзельнічалі ў ім маці нявесты, яе брат або сват. Бацька нявесты і бацька жаніха не прымалі ўдзелу ў гэтым абрадзе. Абрад выконваўся ў хаце або ў двары нявесты абавязкова ў прысутнасці двух бакоў (родаў), якія станавіліся адзін насупраць другога, а жаніх – насупраць нявесты. Сват або брат прымушаў маладых моцна абняцца, затым тройчы абкручваў іх ручніком. У некаторых мясцовасцях маладога падштурхоўвалі да маладой, злучалі іх рукі, спляталі і нярэдка падпальвалі злучаныя пасмы іх валасоў, звязвалі рукі саміх маладых поясам або ручніком, садзілі на покуць, пакрывалі абодвух наміткай ці кавалкам палатна, што азначала яднанне маладых. Каб замацаваць яго, дзеянні выконваліся шмат разоў, вар’іраваліся, што відаць, было вынікам наслаення і ўзаемадзеяннем абрадаў розных эпох і арэалаў.

    Пры звядзенні маладых, як і пры некаторых іншых галоўных момантах вяселля, запальвалі свечкі на шаблі, якую трымала “свяцілка” (дзяўчына-падлетак). Гэты абрад мае, верагодна, вельмі старадаўняе паходжанне і звязаны з распаўсюджанымі на Беларусі вераваннямі ў засцерагальную і ачышчальную моц агню. Дакладна фіксаваныя звесткі пра выкарыстанне свечак у вясельнай абраднасці. Напрыклад, пры расцэсванні маладых трымалі свечкі, загорнутыя ў футра собаля, а пры адпраўленні да царквы перад маладымі неслі свечкі і каравай.

    Калі прыходзіла пара маладой ад’язджаць у хату маладога, то яе суправаджалі толькі два падкоснікі, прыданае ж, або кубел, везлі звычайна пасля позняга абеду “надкублік” (хлопчык, які вёз кубел), тры “прыданкі” (сяброўкі нявесты), і тры “пярэзаўкі” (родная маці, хросная маці і блізкія пажылыя сваячкі) з двума мужчынамі: бацькам нявесты і яшчэ адным блізкім сваяком.

    Развітанне маладой з родным домам было адным з найбольш напружаных і эмацыянальных момантаў ўсяго вяселля. Ад’езд маладых да бацькоў жаніха суправаджаўся шматлікімі абрадавымі дзеяннямі і магічнымі прыёмамі, накіраванымі на тое, каб падмануць, адагнаць злыя сілы, што імкнуліся пашкодзіць маладым. Гэтаму садзейнічалі, паводле народнага меркавання, ад’езд вясельнага поезду вечарам, хуткае яго імчанне па вуліцах і вельмі шумныя паводзіны вясельнікаў.

    Амаль ужо у наш час абрады трансфарміраваліся і зараз вяселле праводзіцца ў адным месцы – у сталовай або кафэ. Па гэтай прычыне самі сабой зніклі некаторыя абрадавыя дзеянні, што здзяйсняліся ў хаце нявесты: гасцяванне маладой з шаферкамі ў асобным доме, асобнае дарэнне маладой, выкуп нявесты, яе развітанне з родным домам і ад’езд да жаніха. Калі сумеснае вяселле праводзілася ў хаце нявесты, тады маладых пасля шлюбу часцей за ўсё сустракалі яе бацькі, калі ў хаце жаніха – тады яго бацькі, калі ў кафэ – тады разам і бацькі маладога, і бацькі маладой.

    Сёння маладыя, пасля рэгістрацыі ў ЗАГСе, едуць туды, дзе будзе праходзіць сумеснае вясельнае застолле і дзе іх абавязкова сустракаюць бацькі з хлебам-соллю. Абрад сустрэчы маладых пасля шлюбу да гэтага часу захоўвае пэўныя лакальныя асаблівасці. Амаль поўнасцю зніклі з рэальнай абрадавай практыкі вясельныя песні гэтага тыпу, хоць у некаторых вёсках выконваюць адну-дзве адпаведныя песні.

    У сучаснага беларускага грамадства пры сустрэчы гучаць выбухі петардаў,феерверк, выстралы бутэлек з шампанскім.

    Вяселле у хаце жаніха.

    Прыезд вясельнага поезда і увядзенне нявесты ў хату жаніха – адзін з важнейшых момантаў беларускага традыцыйнага вяселля.

    Двор маладога старанна прыбраны, а уваход упрыгожаны галінкамі дрэў і кветкамі: пад гэтай сваеасаблівай “брамай” праходзілі ўсе удзельнікі вяселля.

    Сустрэча маладых у хаце бацькоў жаніха ў многім паўтарала сустрэчу іх бацькамі нявесты. Так, бацькі жаніха таксама выходзілі на ганак з хлебам-соллю, гарэлкай, адпіўшы крыху якую, маладыя разбівалі чаркі або кідалі іх назад праз галаву. Маладыя ў час сустрэчы станавіліся на кажух, разасланы поўнасцю наверх, або кажу апранала свякруха. Часта свякруха частавала сына і нявестку мёдам, “каб у іх было салодкае жыццё”. У час вяселля ў старажытныя часы мёд ставілі ў апачывальні маладых, мёдам аблівалі ў лазні, мёдам частавалі іх на працягу цэлага першага месяца, адкуль і назва – “мядовы месяц”.

    Маладуха тры разы кланялася бацькам і клала на паднос падарункі: для маці – тканіну на сукенцы (намітку), для бацькі – часцей за ўсё рубашку. У гэты час госці спявалі. Маладуха кланялася ўсім па тры разы. Сват вёў іх у хату. Тут маладуха “абкручывала” падарункі братоў і сясцёр маладога. Затым маладыя садзіліся за стол. Перад імі была адна талерка, два відэльцы, дзве чаркі, дзве лыжкі.

    У асяроддзі беларускіх гараджан маладых сустракалі свёкар са свякрухай таксама хлебам і соллю.

    Каля кожнага парога ў хаце бацькі тры разы благаслаўлялі сваіх дзяцей. Пры разнастайнасці лакальных варыянтаў абрадаў, якія здзяйсняліся пры сустрэчы маладых бацькамі жаніха, усе яны мелі ў асноўным дзве мэты: адагнаць злыя сілы ад маладых і забяспечыць ім шчаслівае, багатае жыццё ў будучым.

    Сама нявеста таксама павінна была выканаць шэраг абрадаў, каб яе ўваход і жыццё ў новай сям’і былі спрыяльнымі. Яна абсыпала ўсіх прысутных жытам, сырам, арэхамі, абыходзіла з хлебам (“шышкай”) хату свёкра, усе гаспадарчыя пабудовы, вешала ручнік на ікону, на печ, на калодзеж, у хляве, засцілала сталы абрусамі, абвязвала сватоў-сваякоў жаніха ручнікамі. Сват або старэйшы шафер вёў маладых за стол, на кут, і садзіў на кажух. У час застолля маладая кідала на печ ці за печ лыжку кашы, якую ёй паднасіў старэйшы шафер. Гэта, верагодна, з’яўлялася водгаласам абрадаў, звязаных з прынясеннем ахвяр дамавіку.

    На гэтым этапе вяселля гучалі ўжо розныя па тэматыцы песні: як прысвечаныя узвелічэнню, кахання маладых, так і тыя, што апавядалі пра цяжкае становішча замужняй жанчыны. У час застолля маладая падыходзіла да бацькоў мужа і “перапівалася” з імі, кінуўшы у іх чаркі дробныя грошы. У многіх месцах у гэты дзень адбывалася другое адорванне-надзяленне маладога, якое часцей за ўсё супадала з падзелам каравая. Дзяліў каравай старэйшы сват з дапамогай старэйшай свацці, ён выклікаў усіх гасцей па чарзе, пачынаючы з бацькоў, і уручаў кожнаму кавалак каравая. Госці выказвалі добрыя пажаданні маладым. Увесь час, пакуль дзялілі каравай, гучала музыка то гучна, то цішэй (у час прамоў).

    У доме жаніха, падобна як раней у доме нявесты, гучаў “марш” для кожнага госця ў выкананні вясельных музыкаў, за што яны атрымлівалі ад яго грошы.

    На трэці дзень вяселля вялікае месца займалі абрадавыя дзеянні, накіраваныя на праверку працоўных здольнасцей нявесткі і яе характару, а таксама ўводзіны маладой гаспадыні ў круг яе будучых паўсядзённых клопатаў і заняткаў у хаце мужа, знаёмства са звычаямі новай сям’і. Яна павінна была падмесці падлогу і прынесці ваду з калодзежу, замясіць цеста, спячы бліны і г.д. пры гэтым удзельнікі вяселля усяляк ёй перашкаджалі: раскідвалі смецце, грошы на падлогу, вылівалі ваду. Маладая старалася не крыўдзіцца, не выказваць злосць, а наадварот, усміхацца, працягваць працу, што дэманстрыравала яе спакойны, добразычлівы характар. У звычаях і абрадах праверкі працоўных здольнасцей маладой пераважалі пацешна-гульнявыя дзеянні, але сустракаліся элементы магічнага характару. Так, маладая, ідучы раз да калодзежа, вешала тут ручнік, клала грошы, хлеб і сыр, што, верагодна, з’яўлялася перажытачнай формай старадаўняга ахвяравання “гаспадару калодзежа”.

    У сёняшняй абрадавай практыцы захоўваюцца і некаторыя паслявясельныя звычаі і абрады. Так “пярэзвы”, у асноўным, ладзяцца ў бліжайшае свята, якое выпадае пасля вяселля, і праводзяцца толькі адзін раз або ў бацькоў маладога, або ў бацькоў маладой, а матэрыальныя выдаткі дзеляца папалам.

    Як бачым, традыцыйнае беларускае вяселле дайшло да сёняшняга дня не як помнік сівой даўніны, а як дынамічна існуючы сістэма, якая займае адпаведнае месца ў абрадавай практыцы і адаптавана да сучасных умоў жыццядзейнасці яе носьбітаў і спажыўцоў.

    Сучаснае беларускае вяселле захавала лепшыя народныя традыцыі і звычаі, пазбавілася рэлігійных элементаў і устарэлых абрадаў. Некаторыя этапы традыцыйнага вяселля захоўваюцца, але ў рознай мясцовасці не ў аднолькавай ступені. Бываюць у наш час Заручаны, Суборная субота, прыезд маладога да маладой, гулянне ў хаце маладой, адорванне, падзел каравая. Паўсюдна захоўваюцца абрады сустрэчы маладых бацькамі хлебам-соллю і выпечка каравая.

    Абрад “Радзіны” займае адно з цэнтральрных месцаў у радзільнай абраднасці беларусаў. Хрэсьбіны праводзяць у сям’і нованароджанага з выпадку яго хрышчэння ў царкве ці касцёле. Гэты абрад сімвалізуе сабой рытуальное далучэнне дзіцяці да спрадвечнай веры дзядоў і прадзедаў, прыняцце яго ў рэлігійную абшчыну.

    Да гэтага дня бацькі выбіралі кумоў: мужчыну і жанчыну, якія прадстаўлялі немаўлятка ў святым храме Богу і пасля рытуалаў хрышчэння лічыліся ў адносінах да яго хросным бацькам і хроснай маці.

    У дзень, прызначаны для хрэсьбін, у доме бацькоў нованароджанага збіраліся госці. Хросная маці, уваходзячы ў дом гаварыла добрыя пажаданні і клала на стол бохан хлеба, а затым абдорвала сваю куму, маці дзіцяці матэрыялам “на рукава” і прысутнічала пры сборах дзіцяці, якога бабка ўжо рыхтавала ў дарогу. У рукаў бацькавай кашулі яна закручвала кавалачак пячыны (гліны з печы), вугаль і дробную манету ці хлеб-соль, каб дзіця ў будучым ні ў чым не мела патрэбы.

    Хрысціць дзіця везлі ў другой палове дня. К абеду ў хату, дзе было дзіцятка збіраліся кумы і бабуля-пупарэзніца. Кумы абавязкова прыносілі для будучага хрэсніка хлеб, пялёнкі, адрэз палатна або, што найбольш характэрна для сёняшніх дзён камплект дзіцячага адзення – сарочачку, шапачку, пялёнкі і г.д. бабуля, якая бабіла дзіця ў гэты дзень павінна была памыць унука. Яна набірала са студні ці крыніцы ваду, награвала яе ў печы і за тым, наліўшы вады ў драўлянае карыта, кідала туды зёлкі, а таксама галінку чартапалоху, “каб не баяўся”; дубовую кару, “каб зубкі былі моцныя”. Памыўшы дзіцятка, бабуля загортвала яго ў пялёнкі, прынесеныя кумой, і разам з ёй апраналі малое.

    Усе жанчыны, што ішлі на святкаванне, неслі з сабой прадукты харчавання, гэта былі хлеб, сыр, пірагі. У Гродзенскай губерні, акрамя таго, кожная запрошаная жанчына несла яшчэ “гаршчок грэцкай кашы, малако, яечню”. У Віцебскім павеце хрэсьбіны пачыналіся вечарам. Тут жанчыны неслі з сабой на урачыстасць бліны, баранкі, бублікі, кашу, яечню, варанае мяса, мужчыны – абавязкова хлеб і грошы, якімі расплачваліся за бабіну кашу. На Палессі на хрэсьбіны бацька парадзіхі ці другі кроўны сваяк дарыў нованароджанаму вуллі з пчоламі і мёдам.

    Пакуль кумы з дзіцём былі ў Божым храме, бацькі, бабуля-парадзіха і іншыя члены сям’і накрывалі сталы для святочнага застолля. У гэты ж час у хату збіраліся госці – род дзіцяці. Кожны з іх прыносіў для нованароджанага падарункі: дзіцячае адзенне, цацкі, спальныя прынадлежнасці.

    Кумоў, што вярталіся з царквы, у дзвярах на ганку сустракала павітуха ў вывернутым поўсцю наверх кажуху, каб паводле народнага меркавання, засцерагчы дзіця ад сурокаў. Кумы перадавалі дзіця маці і віншавалі бацькоў. У Магілёскай губерні кумы аддавалі дзіця бацьку са словамі: “На табе ражонае, а наша хрышчонае”.

    У Хоцімскім раёне Магілёскай вобласці родныя дзень і баба, як толькі кумы ўвойдуць у хату, падыходзяць да іх і кланяюцца, прыгаворваючы:

                       Як Вы дзіцятка хрысцілі

                       Мы Госпада Бога прасілі:

- Памажы, Іісус Хрыстос,

Каб унучак шчаслівы рос!

    На Магілёўшчыне існаваў і такі звычай: калі кумы з дзіцём вярталіся з царквы, усе прысутныя хутка уставалі з свайго месца, каб дзіця не было “седуном”. Пасля гэтага кума клала немауля на некалькі хвілін у падпечак, што, спрыяла спакойнаму, добраму сну дзіцяці, і толькі затым аддавала яго маці. Кумы павінны былі, як толькі пераступяць ганак хаты, хутка і ясна назваць імя дзіцяці, якое яму далі пры хрышчэнні: калі яны пры гэтым запнуцца – дзіця будзе заікацца.

    Наступным важным этапам быў святочны абед, на якім сталы абавязкова ставілі ў адну лінію, каб жыццё дзіцяці было доўгім і праведным. Колькасць страў на хрэсьбінах не абмяжоўвалася, але абавязкова павінна была быць няцотнай, бо няцотныя лікі ўвасаблялі сабой жыццё. Рытуальнай стравай лічылася каша. Яе варыла бабка-павітуха, або кум ці кума.

    Калі гаспадар запрашаў грнамаду за стол, то госці рассаджваліся ў строгім іерархічным парадку. Па традыцыі самыя ганаровыя месцы за сталом належылі кумам і бабцы-павітусе. Астатнія госці рассаджваліся па старшынству.

    У канцы абеду падавалі “бабіну кашу”. Бабіна каша – гэта рытуальная страва, якая варылася як ахвяравальная ежа Багам. З яе дапамогай імкнуліся заручыцца падтрымкай бога “на шчаслівы лёс дзіцятка”. Варыла такую кашу бабуля-пупарэзніца. На Беларусі гэту рытуальную страву з незапамятных часоў рабілі часцей за ўсё з прасяных, ячневых, рысавых круп, да якіх абавязкова дабаўлялі мёд (цяпер часцей цукар), масла, малако і іншыя прадукты. Кашу ўпрыгожвалі папяровымі або жывымі кветкамі, каснікамі, цукеркамі. Каша павінна была быць “жоўценькай, як сонейка”, і абавязкова смачнай, “каб усім спадабалася”. Бо калі каша смачная і спадабаецца гасцям, то адпаведна яна павінна спадабацца і Багам, прысутнасць якіх дапускалася на падобным застоллі. Верылі, калі вышэйшыя Духі ўпадабаюць прынесеную ім рытуальную ежу, то дзіцятка надзеляць добрым і шчаслівым лёсам.

    На Магілёўшчыне сустракаўся звычай гатаваць на хрэсьбіны тры кашы: ад бабкі, кума і кумы. Кашу прыносілі ў гліняных гаршках, накрытых талеркай. У гэтую талерку госці складвалі грошы ці яйкі калі выкуплялі кашу. І на ўсе тры кашы збіралі грошы, усе тры гаршкі разбівалі. Багацейшыя кумы пяклі пірог з пшанічнай мукі. Звычайна для прыгатавання абрадавай стравы баба-павітуха купляла новы гліняны гаршчок.

    Перад тым, як падаць “бабіну кашу”, на кутнім стале засцілалі ручнік, запальвалі свечкі перад абразамі. Бабулі прыносілі кашу тройчы, прычым першыя дзве кашы, былі падстаўныя, і толькі трэцім разам падавалі на стол тую, якую выпякала бабуля. Такім чынам імкнуліся ўвесці ўзман “нячысцікаў”, каб яны не зрабілі якой шкоды, або мясцовыя вядзьмакі не змаглі сваімі злымі чарамі пауздзейнічаць на лёс наванароджанага.

    Паўсямесна ў беларусаў захаваўся рытуал выкупу бабінай кашы. Баба ставіла на стол кашу з пажаданнямі: “Дай жа Божа, каб у етым домі было шмат дзетак навару (у хляву) і ўсякага дабра гэтаму двару!” Гаршчок баба перадае куму. Кум бярэ з яго тры лыжкі кашы, кладзе на тарэлку, яшчэ гарэлку, грошы і нясе парадзісе. Яна яму дае кавалак палатна. Вярнуўшыся, кум бярэ гаршчок і крычыць: “Ай, гарача! Ай, гарача!” І пры гэтым як бы незнарок упускае гаршчок на стол так моцна, што ён разбіваецца. Бабка прыбірае чарапкі, а звараная каша стаіць і не развальваецца. Гэта лічыцца добрым знакам: дзіця будзе жыць доўга і ў багацці. Калі каша развальваецца, то дзіця доўга не пражыве. Бабка кладзе кашу на чарапкі і раздае ўсім:  “На-тка, бабінай кашы! Паглядзім на рублікі вашы! Гарэлачку выпі, кашай заясі, тарэлачку пазалаці!” (в. Аслянка Мсціслаўскага павета).

    У Слаўгарадскім раёне, на Магілёўшчыне, бабуля ўставала з-за стала калі ёй падавалі гаршчок з кашаю і пытала ў гасцей:

    - Як будзем дзяліць кашу?

    - А колькі Бабіна каша каштуе?

    Бабуля адказвала:

    - Мая каша з канапелькамі, а Вы падхадзіця з рублямі і капейкамі.

    Як толькі кум разбіваў гаршчок з кашаю бабка-павітуха брала адзін, а калі нараджалася двойня або блізняты – два чарапкі ад разбітага гаршчка і хуценька кідала іх у парог са словамі:

    Як хутка і бесперашкодна

    Ляцяць гэтыя чарапочкі ад кута да парога,

    Няхай будзе ў майго унука

    Такой у жыцці дарога!

    Недапушчальна было, как хто-небудзь або што-небудзь перапыніла палёт гэтых чарапкоў, напрыклад, выйшаў бы нехта з-за стала і яны ўдарыліся аб яго ці ўзнікла іншая перашкода: зачыніліся дзверы і г.д. У такім выпадку казалі, что ў дзіця будзе нейкае няшчасце ў жыцці, а магчыма жыццё нядоўгае.

    Гэтымі чарапкамі пакрывалі галовы маладзіцам, у якіх доўгі час не нараджаліся дзеці, або дзяўчатам, які доўгі час не выходзілі замуж.

    У Магілёўскай губерні бабка-павітуха, падносячы кожнаму з гасцей на чарапках ад разбітага гаршка кашу, прыгаворвала: “Пасылае вам пані парадзіха кашу і масла к ней, кушайце за здароўе нашага дзіцяці, штоб здароў быў і добра малаціў”. На Міншчыне дзяўчынцы бабка гаварыла: “Каб мая ўнучка не была беларучка, рана ўставала і добра працавала”.

    Калі госці атрымлівалі Бабіну кашу яны выказвалі шматлікія пажаданні ў адрас нованароджанага.

              Няхай Бог дае

              Шчаслівы лёс вашаму дзіцяці,

              А я дару грошы і пшанічку,

              Каб муж жонцы і далей

              Часцей глядзеў пад спаднічку!

    Або

              Дай Бог вашаму дзіцяці

              Здаровенькім і вясёленькім жыць!

              А я на Бабіну кашу

              Кладу грошы і трошкі гліны,

              Каб і на наступны год

              Прыйсці на радзіны!

    Вялікае значэнне на хрэсьбінах меў абмен падарункамі паміж парадзіхай, з аднаго боку, і кумамі і бабкай-павітухай – з другога. Звычайна ў якасці падарункаў для бабкі і кумоў выкарыстоўваліся наміткі (прычым да наміткі давалі кавалак палатна з такім разлікам, каб кум мог пашыць з яго штаны, а кума і бабка – сарочкі ці спадніцу. Часта парадзіха дарыла ручнікі, абрус, хустку. У больш багатых сем’ях наміткі рыхтавалі з купленай матэрыі. У намітку парадзіха загортвала хлеб. У Магілёўскай губерні пасля падзелу бабінай кашы парадзіха давала бабцы намітку і вялікі бохан хлеба, куму – ручнік і хлеб, куме – кавалак палатна і хлеб.

    У Мсцілаўскім павеце павітуха, атрымаўшы падарунак, перакручвалася на месцы тры разы, столькі ж разоў падскоквала ўверх, па магчымасці вышэй, і гаварыла: “Каб мой унучак вялікі рос, шчасліў быў. Каб на яго долю паслаў Бог усяго уволю”. На Магілёўшчыне бабка пакрывалася наміткай, залазіла на лаўку з наступнымі пажаданнямі:

 

    Дай, Божа, майму унучаку

    Шчасліваму быць і здароваму быць.

    Гоп, баба!

    Дай, Божа, майму унучку

    У клеці мяшкамі, на стале пірагамі.

    Гоп, баба!

    Каб мая унучка не была беларучка,

    Рана ўставала, тонка прала,

    Наметку ткала, бела бяліла

    І бабе наметку падарыла.

    Гоп, баба!

    Трохразовыя перакручванні на месцы ў час танца і плясканне ў далоні нібыта адганялі злыя сілы ад дзіцяці.

    Пахаванне. Цыкл сямейных звычаяў і абрадаў звязаных з ушанаваннем памяці нябозчыкаў і праводзінамі яго ў апошні шлях. Пахаванне звычайна адбывалася на трэці дзень пасля смерці. У час вынасу труны з хаты ўслед сыпалі зерне, каб нябозчык не забраў з сабою дастатак сям’і, а спрыяў блізкім у іх жыцці. Усе этапы пахавання суправаджаліся галашэннямі. Пасля пахавання, з могілак, сваякі нябозчыка і прысутныя ішлі на памінкі.

    У сучасных пахавальных абрадах назіраюцца элементы больш позняга паходжання: адразу пасля смерці чалавека спыняюць гадзіннік, завешваюць люстэркі, апранаюць чорнае адзенне, праводзяць грамадзянскую паніхіду з жалобнай музыкай, вянкамі і кветкамі.

 

 

                           Дадатак 1

С В Я Т Ы


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: