Самы час падвесцi сякую-такую рысу. Вось такую -_-_-_-_

Калi ты ЗАНАДТА любiш порна, нешта ў тваiм жыццi - наўскасяк. Калi ты яго зусiм не любiш, болей, саромеешся i лiчыш жудасным - нешта таксама не тое, братка... Мо, хварэеш?

Прыйшло на ўспамiн: адна з фанатак маўзэраў любiць гурт i Янку асобна ВЫКЛЮЧНА за музычны ды паэтычны талент! Маўляў, да яе любовi другасныя палавыя прыкметы не маюць анiякага дачынення!

Выдалiць з рокэнролу сэксуальны складнiк! Хiба не парнаграфiя?! Ды для Яна якая абраза!

 

Дзеля справядлiвасцi абмоўлюся, што у альбоме тэрмiн "порна" мае значна глыбейшую трактоўку, чымсцi "замена сэксу у падлеткавым узросце". Зразумела. У жыццi часцяком чуеш, альбо сам гаворыш тры словы - "Шттто зза парнаграфiя?!" Цi то ты калдуна нейкага паслухаў. Цi то новы беларускi альбо расейскi блякбастэр паглядзеў. Цi то недарэчна пераключыў тэлевiзар на беларускае тэлебачанне. Цi то кнiгу... Цi то ў краме... Цi то футбол... Цi то ў якую ўстанову па патрэбе... Пералiчваць далей?

Парнаграфiя - не (толькі) тое, што мы глядзiм. Гэта тое, у чым мы жывем. Тое, чым i як мы жывем. Хочаце слоган? Парнаграфiя - гэта мы!

 

Тут Ян таксама далёка не першы, хто даплыў да Кубы.

Не паспеў Пан Бог астыць ад раз'юшанасцi з нагоды порнапаводзiнаў Евы ды Адама, як ужо знайшоўся тэй, сёння агульнавядомы, хто выступiў са знiшчальнай крытыкай. Маўляў, Ён стварыў свет недарэчна, праз рукавы! Маўляў, парнаграфiя атрымалася! То ж бо няма чаго пяняць на люстра...

Пан з крытычнымi заўвагамi не згадзiўся. Адпавёў, як шмат хто з чытачоў гэтых тэкстаў ды наведвальнiкаў сайту, на якiм ён выкладзены: "Ты спачатку сам зрабi, а ўжо потым крытыкуй!"

Крый Божа, не намагаюся даваць Яму парады, але як жа не крытыкаваць, як не ацэньваць?! Мы ж тут жывем, iншага свету ў нас няма. Калi даў нам свабоду (у тым лiку - слова), дык не варта гэтую свабоду засоўваць нам у ж...анiкуды. Як спяваў Барзыкiн, "маем права на стогн!"

 

Карацей, з тых часоў шмат хто далучаўся да аднаго цi другога боку. Альбо знаходзiўся недзе ў прамежкавасцi. Вось i Янка, хаця i не абагульняе, не трасе, як той, кулачком перад тварам Спадарскiм, але жорстка ставiць дыягназ Наваколлю - порна! Гэткiм чынам, альбом можна разглядаць як спробу лячыць пацыентаў ад хваробы. I спроба гэтая, як ужо казаў на пачатку, даволi удалая.

 

Ну, да альбому ўласна.

 

Не варта было б параўноўваць маўзэраў ды 5дыезаў. Не надта яны падобныя адзiн да аднаго. Але ж прамiльгнула у галаве - падзялюся.

Можна папросту запытацца: "А хто такiя дыезы?!"

Можна задуменна падсумаваць: адно "Порна" каштуе болей за два апошнiя альбомы дыезаў "у асартыменце". Калi ў дыезах даводзiлася ШУКАЦЬ станоўчыя моманты, дык тут гэтае не патрэбна: яны папросту ЁСЦЬ.

Можна заўважыць, што калi дыезы сталiся меней разнастайныя - чытай, больш прадказальныя, - дык маўзэры наадварот, цалкам скарысталiся тымi магчымасцямi, якiя дае гэткi, халера на яго, стыль, як альтернатыўны метал (цi то эма-кор). Аааааа, не бiце!

 

Першая думка, якая стрэлiла ў галаву, была аднак не пра дыезаў. Была яна вельмi простая, тры лiтары - ОГО. Менавiта гэткае ўражанне і пакiнуў альбом. Можаце лiчыць гэта маёй адзнакай маўзэрам - ого!

Потым з'явiлася больш канкрэтыкi.

 

Возьмем, напрыклад, уводзiны ў "Порна", у якiх маўзэры звяртаюцца да патэнцыйнага слухача:

- Хочацца думаць не аб вучобе, а аб дзявочых ляжках?

- Хочацца выпiць, а даводзiцца - лажа! - есцi манную кашу?

- Вакол адны ўроды, якiя б'юць табе твар?

- Сусед ездзiць на "фордзе", а ў цябе толькi прышчы на мордзе?

- Дасягнуў апошняе фазы?!

Далей, як звычайна ў рэкляме: "Табе дапаможа Таварыш Маузэр!!!"

 

Можаш, безумоўна, палiчыць, што гаворка iдзе пра зброю (гм, больш падобна да кулямёту). Так, пра яе таксама. Але, у першую чаргу, усё ж пра гурт, якi ўвасоблены ў франтмэне.

Пакутуеш? Ты лузэр? А вось й Я(нка)! Ты не адно, мы разам! А разам усё зможам. Нават, калi мы - два лузэры. (А ў слухача ж ёсць падставы лiчыць, што Ян - не лузер, а наадварот - герой!) Так, цалкам кiнчаўскае, але хiба ж у Косцi - капiрайт на гэткiя пачуццi й эмоцыi?

Вось iстота-слухач ужо i патрапiў у пастачку. Вось ён ужо, нават калi быў "чужынец", стаўся, нават калi крышачку, але СВОЙ.

Ну, якая iстота з прышчаватай мордай ды ў прышчаватым узросце адмовiцца, калi ёй вось гэтак ды ў гэткiм мужным, нават мачысцкiм музычным аздабленнi (бас, здаецца, дубасiць па галовах нябачных ворагаў, а гiтара iх расстрэльвае) працягвае руку старэйшы таварыш?! Такiх няма...

 

............Дарэчы, пра назву гурта. Мне больш падабалася, калi ён зваўся менавiта Тав. Маўзэр. Так, разумею, слова "таварыш" - неглямурнае. Нават калi яно толькi адсылае да Маякоўскага. Тым больш, калi адсылае да Маякоўскага? Усе - паны. "Пане Грышка, пане Мiна..." Але ж старэйшая назва болей адпавядала сутнасцi гурта, сучаснаму зместу ягоных твораў. Яшчэ, мабыць, не сябар, але таварыш - безумоўна............

 

Iнтра "Таварыш Маўзэр" нiбыта акрэслiвае "рэфэрэнтнае кола", да якога звяртаецца гурт. На гэта трэба зважаць кожнаму, хто збярэцца выказваць свае меркаваннi наконт альбома. Ты, дружа, спачатку паглядзiся ў люстэрка. I калi на тваёй мордзе замест прышчоў - маршчыны, цi барада з вусамi, дык прыцiснi зубкамi, якiя засталіся, уласны язычок ды нагадай клясыка: "То не для вас, паны, о, не..."

 

...Уводзiны амаль без шчылiны пераўтвараюцца ў другую кампазыцыю - "Усмiхайся!" Па сутнасцi - працяг тае ж тэмы. Толькi тут маўзэры ўжо пачынаюць дапамагаць - "усё, што магу уласна!" - парадамi.

- Цi можна на галоўным пляцы Ерэвана згвалцiць жанчыну?

- Нельга! Задзяўбуць парадамi!

Але гэтая - не з тых. За гэтую маузэрам, як той казаў, +500. Бо, на самай справе, усмешка - галоўная "ахоўная рэакцыя" цiнэйджэра ад наваколля, калi ён няздольны з iм штосьцi зрабiць, няздольны змянiць становiшча (як зменiш?!)...

 

.........Вось урэшце мы й пабачылi "Мора"! Амаль як героi стужкi "Knoking on Heavens Door". Не адразу, праехаўшыся праз "Вазьмi мяне".

Час памiраць? Не, заўважыць, што "Калыханка" з першага альбому зрабiла-ткi сваю "чорную" справу. Ледзь не палова песень "Порна" мае балядны ўхiл. Нават, калi мэталёвабалядны. Гэта, безумоўна, станоўча. Бо, перакананы, толькi тады гурт можа лiчыцца выбiтным, калi ён можа выдаць складанку "Бэст балядз". Маўзэры зрабiлi ў гэтым накiрунку вялiiiзны крок!

Яшчэ адзiн, безумоўна, станоўчы момант. Калi "Калыханка" была, по сутнасцi, дыялогам Яна з сабою каханым, дык порна-баляды гэта ўжо размова са слухачом. Дакладней i часцей - са слухачкай (другое "рэфэрэнтнае кола", часткова перасякае першае).

 

"Вазьмi мяне, - "у маркоце Янка плача ля ракi" амаль з гiланаўскiмi iнтанацыямi, - каб вытрываць ноч, перажыць дзень. Я так баюся заставацца адзiн!" А у "Моры", якое сапраўды разгортваецца падобным чынам - хваля набягае, хваля адступае - яшчэ й дадае: "Iмя маёй любовi - безнадзейнасць". Прыгожа, халера на яго!

 

Хiба ж гэта можа не выклiкаць адпаведныя эмоцыi у адказ? Рытарычнае пытанне. Можна нават не згадваць на мацярынскi iнстынкт. Так, кожная з балядаў павiнна выклiкаць большую цi меншую колькасць дзявочых слёз ("а ты левым вокам шыбчэй плачаш, чымсьцi правым!") Мо, й не толькi дзявочых. Боязь адзiноты, якой у тым цi iншым сэнсе прасякнуты лiтаральна ўсе "мэдлякi", - надсэксуальная. Нават не толькi полу - узросту i межаў не ведае.

 

Той-сёй заўважыў, што маўзэраўскiя баляды чымсьцi падобныя на пiцерскi Тэлевiзар (гы, зэр гут!) Сапраўды, падабенства можна адшукаць. Але падабенства - не знешняе, яно - у настроi. Да таго ж толькi падабенства. Бо ў Барзыкiна ўсё выглядае даволi безнадзейна (цi змены ўвогуле патрэбны адзiнокаму ваўку Мiхалу?) А у Яна надзея гучыць амаль у кожным гуку.

 

"Гэбельс" (гэта тое, што нас яднае!)

Цалкам згодны. I з пасылам, i з увасабленнем. Камусьцi гэтая рэч здалася залiшне "iлбовай". Маўляў, столькi палу ды скiраванага на нейкую тэлеперадачу! Не, шаноўныя, не толькi. Хiба гэта залiшне канкрэтнае, "дробнатраўчатае":

балючае жыццё гэтага краю

палова фашыстаў i мёртвых палова

 

Справа ж не толькi ў СМI, якiя цалкам верныя запаветам "Дзедухны Гэбельса". Гэбельс, ён, як парнаграфiя, яе частка ды складнiк, амаль што паўсюль. На жаль, не толькi тут, але і ў iншых месцах. У ЗША, напрыклад. Цi то ў Нямеччыне...

 

Мой знаёмы нямецкi фрылэнс-журналiст, актыўны дзеяч "зялёнага" руху, адзiн са стваральнiкаў суполкi партыi зялёных у зямлi Бадэн-Вюртэмбэрг, вымушаны быў сысцi з партыi, калi яна падтрымала вайсковую аперацыю НАТА у Сербii, калi нiхто з яе сябраў не здатны быў прыслухоўвацца да цвярозых галасоў.

"Тактыка найменшага зла" перамагла ўва ўсёй красе. Нават па нямецкiх дадзеных, скiнуць дыктатарскi рэжым Мiлошавiча каштавала сербам пяць тысячаў забiтымi. Пяць тысячаў сем'яў, дзе пасля гэтага мусiлi моцна задумацца: цi не занадта вялiкi кошт мае дэмакратыя made in USA?

Так, польскае "iле", нямецкае "вiфiль", ангельскае "хау мач" - тутэйшае "колькi" - ледзь не галоўнае пытанне сучаснасцi.

 

Недарэчы. Гэбельс на самой справе Гёбельс. Гiтлер - Хiтлер. Герынг - Херынг. Гiмлер - Хiмлер. У рэчаiснасцi гэтак прывабнага сымбаля - чатыры "г" складаюць крывакрыж - няма. А вось справа жыве й... перамагае? Як там казаў кiношны Мюлер? "Калi недзе нехта аднойчы кiне ўгару правую руку з крыкам "Хайль", ведайце: там нас чакаюць, адтуль мы пачнем сваё адраджэнне".

 

Гэта ўжо не пра маўзэраў, цi яшчэ пра iх?

 

Далей? Далей - "Балянсу белага" - шмат для каго галоўная песня альбому. Даруйце, але праглядае ў ёй, у шчылiнах, нешта глюкаўскае. Можа таму, што, як звычайна ў глюкаў, лiрыка складаецца з двух "плыняў" - асобнага ды агульнага, любоўнага ды сацыяльнага...

ты перастанеш быць маiм горам

я прызвычаюся да свайго стану

паглядзiш на мяне - i мне стане холадна

пустое поле за тваiми вачыма

ты падобна на майго ворага

.........

"Мне ўвечары часта сорамна", - прызнаецца Янка. А напрыканцы амаль молiць: "Паглядзi ж на мяне!!!"

 

Для пэўнай геаграфiчнай плямы гэтая тэма - калi не вечная, дык занадта старая. Раз-пораз звяртаюцца да яе й рокэнрольшчыкi. Инструкция по Выживанию спявала:

В своей стране - посторонние люди

Мы - люди с атрофированным органом веры

 

Безумоўна, гаворка iдзе не аб Веры, а пра давер да таго, што плыве зверху. Колькi не чуеш "халва, халва!", у роце ж саладзей не робiцца. Можна канешне, як "героi" аднаго з шыкоўных апавяданняў Барыса Вiяна, выкалаць сабе вочы, бо без iх жыццё - значна прыгажэйшае. Дык, у пэўным сэнсе, шмат хто гэтак i робiць. Але ж, даруйце за труiзм, гэта ж пастка, не выйсце. Выйсця няма?

 

Прыйшло на успамiн, як французскiя псіхолагi ў значнай ступенi вырашылi праблему самагубстваў на Эйфелевай вежы. Нехта заўважыў, што наверсе зашмат шыльдаў з надпiсам "Выйсця няма!", i зрабiў выснову, што яны падштурхоўваюць патэнцыйнага самагубцу да актыўнага дзеяння. Вырашылi замянiць тыя шыльды на новыя, з надпiсам - "Выйсце - побач!" Колькасць суiцыдаў значна паменшала.

 

Ну, маўзэры, як большасць пап-артыстаў, часцей ставяць пытаннi ды канстатуюць факты, чымсьцi даюць адказы ды парады. Але, нават калi ўлiчыць даволi змрочны кантэкст маўзэраўскай лiрыкi, песнi альбому можна разглядаць, як адзiн з варыянтаў апошняга надпiсу. Выйсце побач, нават калi табе падаецца, што яго няма. Пакуль не знайшоў, можаш чапляцца хаця б за гэтыя песнi.

 

...На псэўда-вальсе "Самалёты" напружанне дасягае кропкi кiпення, а... колькасць пралiтых на альбоме слёз - узроўня Nevma. Ян iзноў дае Гiлана, што мiжволi прыводзiць да думкi: адабраць пальму першынства галоўнага плакальшчыка беларускага ракэнролу ў Данiка Забэлы ды аддаць Яну. Альбо хаця б падзялiць. Iншая выснова: гэта ўсё ж-такi, што б хто нi казаў, - эма-кор. Цi скрыма-ваялэнс?

 

...Калi паслухаў "Я люблю боль", спампаваўшы з "Тузiна гiтоў", песня не вельмi спадабалася. Нууууу... Але вось у альбоме яна, напэўна, займае ўласнае месца. Гучыць надзвычай пранiкнёна й магутна. Сапраўдны хiт.

 

"Я - станоўчы герой порна" - Ян ставiць кропкi па-над "i".

Калi жартаваць, дык станоўчы цi не, цi, можа, злодзей - гэта не Яну вырашаць. А гераiнi. Альбо Рэжысёру. Але жарты - убок. Таму што ў гэтай рэчы ёсць і няхай амбiцыёзнае, але кранальнае "я хачу быць героем дзiцячых кнiжак", i рэзкае, амаль маякоўскае "я люблю глядзець, як памiраюць дзецi" -

я люблю боль

рабiць каму-небудзь iншаму

 

- Божа! Смерцi прашу! Божа, не адмоў, не для сябе прашу!

 

Гэта анекдот. А ў Янкi вельмi падобна да... пакаяння? Апошняе ў хрысцiянскай традыцыi заўсёды лiчылася ледзь не галоўным крокам да прасвятлення. Таму застаецца толькi парадавацца за Яна: калi гэта не чарговая поза, а пазіцыя, дык шчаслiвай дарогi яму й ягоным слухачам.

 

Ёсць у гэтай тэме i зусім выдатныя (ммммм-ма!) абагульненнi - "мы - забiтыя плястмасавай куляй", "мы ўсе - вэтэраны гульнi ў вайну!"

Так, гэткiя паэтычныя знаходкi мяне вельмi прываблiваюць. Нават, калi маўзэры ўкладваюць у гэтыя словы зусiм iншы змест, чымсьцi я. I, для мяне асобна, гэтага ўжо дастаткова, каб лiчыць песню добрай.

 

Тут час колькi словаў сказаць пра тэксты Яна. Даволi добра разумею тых, хто лiчыць, што гэта - не паэзiя, а чорт ведае што. Калi хочаце, магу й пагадзiцца. Але тут мы iзноў робiм крок на мiннае поле: якiм павiнен быць рок-тэкст, спаборнiчаць з Мандэльштамам цi, наадварот, з рэклямнай шыльдай?

Не буду ездзiць па вушах залiшне. Вярнуся да маузэраў. У iх, на маю думку, тэксты менавiта тыя, якiя патрэбныя, паэзii - дастаткова. Каму? У першую чаргу, напэўна, Яну. У другую, вiдавочна, шмат каму са слухачоў. Мне вось таксама. Мне i ракэнролу, гы.

Да таго ж (успомнiм пра 5дыезау) стыль дае магчымасць не слухаць ад коркi да коркi. Можаш канцэнтравацца (маузэры дапамагаюць табе мiжволi канцэнтравацца!) на радках-паролях. I калi ўжо iзноў закрануў дыезаў, дадам: маузэраўскiя "паролi" значна цiкавейшыя. Павiнны выклiкаць нашмат болей пачуццяў у адказ. Як па фанатах маўзэраў, дык i выклiкаюць.

 

Пасля "Болi" - выдатны iнструмэнтал "Нараджэнне". Недабразычлiвец можа заўважыць, што гэтая кампазыцыя iснуе, каб задаволiць густ i патрабаваннi бубнача. Маўляў, сiмфанічна-металёвы твор для бубнаў. Хай сабе. Я ўспрымаю яго, як выдатную магчымасць перавесцi дых пасля таго, як ускараскаўся на вяршыню. Прывесцi да ладу думкі й пачуццi. Набрацца моцы і настрою сысцi з гары.

 

Прыступкi вяртання: "Увага" - "Шчаслiвыя людзi" - "Апошняя песня".

 

Першая - даволi энэргiчная па саундзе, адна з нешматлiкiх, пад якiя можна паспрабаваць патрэсцi валасамi ды паслэмiць - падалася мне у сэнсе зместу самай нецiкавай.

...Як у Жванецкага? Калi ўрад незадаволены ўласным народам, дык трэба... знайсцi iншы народ?

Справа не ў тым, што "снайпэра" на ЎСIХ не хопiць, бо кiраванне не самадзяржаўнае, а, як той казаў, кансэнсуснае, то ж бо задавольвае шматлiкiя асобныя групоўкi. Нават, не ў тым, што "снайпэр" - гэта не адказ, а новае пытанне, калi ты разумееш, аб чым я. I нават не ў тым, што - "не забi, вычварэнец, чалавека!" А, можа, у тым, што "Ўвага" атрымалася ў маўзэраў... не пазіцыяй, а менавiта позай? Каб канчаткова дамаляваць тое самае "рэфэрэнтнае кола" - з улiкам пэўнай колькасцi "вольна(адна?)думцаў".

 

У гэтым сэнсе перадапошняя ды "апошняя" песнi гэтага папроку бракуюць. Адна - больш пранiкнёная за другую. Нават, калi ты мяркуеш, што ў "Шчаслiвых людзях" - самы непiсьменны тэкст на ўсiм альбоме, гэтая пранiзлівасць ды пранiкнёнасць робяць яе Чымсьцi.

"У чужой краiне не баяцца Бога, - мармоча Янка. А потым iзноў заходзiцца ў плачы, - Не пабачыць бераг!"

 

Лiрызм Яна ў гэтых дзвюх рэчах, напэўна, дасягае максiмальнай глыбiнi.

Асаблiва ў апошняй!

Даруйце, але мушу сказаць: калi ў той-сёй з мадмуазэляў любоў да порна-песень перасячэцца, крый Божа, з любоў'ю альбо нават каханнем да франтмэна, дык справа можа дайсцi й да парэзаных венаў ды засiленняў. Для выканаўцаў - выдатна?

 

З нагоды "апошняе песнi" ёсць колькi словаў да асобных хлапцоў, у лiку якiх і той выканаўца, якi спяваў прыкольную (ненавiджу iнтэрпрэтацыю "прышпiльны"!) песню "Нярускi".

Нiводная дзеўка няздольная адмовiць, калі ёй скажуць цi спяюць нешта кшталту:

з-за такiх, як ты, пачынаюць вайну

з-за такiх, як ты, вучацца танчыць

дазволь стаць тваiм рэхам

 

Вучыцеся (ад Янкi?) пачуццям, а таксама увасабляць пачуццi ў патрэбных словах. Нiхто ж старажытнага "жанчыны кахаюць вушамi" не адмяняў.

 

Крышачку для тых, хто, як адзiн з маіх сяброў, чытае толькi пачатак ды канец тэксту.

Маўзэр з цягам часу зрабiўся больш разнастайны, больш прафесiйны, больш хiтовы, больш лiрычны. Тэксты - больш пiсьменныя, яркiя, даходлiвыя. Музыка сталася цiкавейшай...

Дарэчы, авохцi,

...з усiм гэтым можна паспрачацца. Асаблiва з апошнiм тэзiсам.

"Цябе зацiкавiў "Порна"? - пасмiхаючыся, запытаўся малады чалавек, меркаваннi якога для мяне не толькi цiкавыя, але слушныя. - Можа, самы час больш пiльна паслухаць Korn?!"

 

Не, братка, пра "корн" я ўсё ведаю. Гэта ж "чароўны кролiк", жарт ды прыкол, якi кубiчныя галовы незнарок пераўтварылi ў З'яву. Нееее, з усiх "корнаў" мне болей за ўсё падабаецца пап-корн! Жартую, канешне. На самой справе, вiскi (iрляндскi!)

Але ж так, глыток Korn'у, безумоўна, прысутнiчае. А разам з iм - луста Limp Bizkit. А яшчэ (аб гэтым, напэўна, гаварыць - мавэтон) - мiльгаценне хваста кiнчаўскае Алiсы... Больш дасведчаныя ў сучасных альтернатыўным ды ню-мэтале ды iншых падобных без маёй дапамогi могуць пагуляцца у гульню "Адшукай 10 падабенстваў". Мне асобна, як вышэйузгаданаму малодому чалавеку, у музыцы маўзэраў бракуе... аднастайнасцi! Зашмат у ёй змяшана, зашмат пажаданняў асобных музыкаў выканана. Так бы мовiць, часам атрымлiваецца "дваццаць два" - вунь, тэй мяне зразумеў. Бракуе гармонii, гы. Але ж, сам сабе й адкажу на папрокi, - шукаць гармонiю ў "альтернатыве" альбо глупства, альбо... трэба быць фанам усяго гэтага. Я - не з гэтых. Мне, калi што й падабаецца, дык Pain... Ой! Гэта што ж атрымлiваецца? Я люблю боль?!

Кола замкнулася!

Але напрыканцы мушу сказаць: "Порна" - адзiн з трох лепшых беларускiх альбомаў 2010 года. Калi, зразумела, Кiрчук не выдасць адразу пяць. У такiм выпадку куды ж падзенешся...

 


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: