Пытанне 37

Эпоха развіцця капіталізма ў Расіі і на беларускіх землях выпадае на адносна кароткі адрэзак часу (1861–1917 гг.).

Сельская гаспадарка. На змену прыгоннай гаспадарцы прыйшла пераходная сістэма, якая складалася з элементаў феадальнага і капіталістычнага ладу. Сяляне працавалі на паноў з–за эканамічнай неабходнасці. На Беларусі дамінавала буйное латыфундыяльнае памешчыцкае землеўладанне (88,6% зямельных уласнікаў былі латыфундыстамі). Сельская гаспадарка ўцягвалася паступова ў рыначныя адносіны, што патрабавала павелічэння асартыменту і колькасці сельскагаспадарчай прадукцыі. На першым месцы стаяла вытворчасць збожжа, з 70–х гг. XIX ст. Беларусь стала экспарцёрам збожжавых у Расію і замежжа. Да канца 90–х гг. жывёлагадоўля таксама павялічвае тэмпы развіцця і колькасць статкаў узрастае на 50%. Сялянская гаспадарка давала на рынак у другой палове XIX ст. 1/4 таварнага збожжа, 3/4 таварнага ільну, бульбы, мяса і малака. З ростам таварна–грашовых адносін паскорыўся працэс маёмаснага і класавага расслойвання сялянства. Зямля стала аб'ектам куплі–продажу і да канца 70–х гг. XIX ст. 62% сялянскіх двароў мелі па 15 дзесяцін зямлі, каля 10,4% – больш за 20 дзесяцін.

У 80–х гг. XIX ст. паток таннага і якаснага хлеба з Амерыкі, Канады, Аўстраліі і Аргенціны знізіў яго кошт ў Еўропе. У працэсе сусветнага аграрнага крызісу цана на пшаніцу ўпала на 10–35 %, ячмень – на 3862%, на жыта – у два разы. Беларускія памешчыкі разараліся, бо айчынная пшаніца была нізкай якасці і каштавала даражэй. Памешчыцкая гаспадарка стала пазыковой і пашырылася арэнда зямлі. Падзенне цэн пачынаецца ў 1881 г. і працягваецца да 1897 г. З–за таго, што вываз хлеба ў Рыгу і Варшаву стаў нявыгадным, памешчыкі пераводзілі гаспадарку на малочную жывёлагадоўлю, выраб масла і сыру (трэцяе месца па Расіі пасля Сібіры і Прыбалтыкі), ільнаводства, бульбаводства, вырошчванне канаплі. Пад уплывам крызісу пачынаецца ўвядзенне машыннай тэхнікі. Акрамя таго, хуткімі тэмпамі ішла дыферэнцыяцыя сялянскай гаспадаркі – буйная буржуазія склала 8–10%, сярэднякі – 32, бедната – 60%». У гаспадарках сялянскай буржуазіі працавала 55 тысяч батракоў.

Сусветны аграрны крызіс прывёў да змены спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі. Галоўнымі цэнтрамі вытворчасці ільна сталі паветы Віленскай, Віцебскай і Магілёускай губерняў. Лён вывозілі ў Германію і Аўстрыю. Вытворчасць канаплі размяшчалася ў асноўным у Магілёўскай губерні. Пяньку вывозілі ў Германію і Англію. Гродзенская і Менская губерніі вырошчвалі бульбу і займаліся вінакурствам.

Прамысловасць. Развіццё капіталізму на Беларусі праходзіла ў тры этапы: 1) дробнатаварная вытворчасць (дробныя сялянскія промыслы); 2) капіталістычная мануфактура; 3) фабрыка. Першыя два парэформенныя дзесяцігоддзі супадаюць з першым і другім этапамі. Адбываўся рост рамеснай вытворчасці па ўсіх паказчыках: узрасла колькасць прадпрыемстваў, рабочых, прадукцыі. У мястэчках было 63% рамеснікаў, у гарадах – 37%. Невялікія капіталістычныя мануфактуры дзейнічалі ў харчова–смакавай, гарбарнай, суконнай, шкляной, керамічнай, цаглянай і тэкстыльнай прамысловасцях. Іх колькасць узрасла з 7 да 17%. Вялікая ўдзельная вага дробнатаварнай вытворчасці на Беларусі тлумачыцца наступнымі гістарычнымі ўмовамі: 1) прымусова пераселенае з сельскай мясцовасці яўрэйскае насельніцтва не магло ў сваёй пераважнай большасці валодаць вялікімі капіталамі; 2) на Беларусі не існавала адкрытых радовішчаў карысных выкапняў (нафты, вугля, жалезнай руды); 3) адмоўна адбілася суседства з добра развітымі буйнымі прамысловымі рэгіёнамі Прыбалтыкі, Пецярбурга і цэнтральных расійскіх губерняў, Фабрычназаводская прамысловасць развівалася марудна. Асноўная колькасць фабрык і заводаў была пабудавана ў 1880— 1890–я гг. Пераважалі сярэднія і мелкія прадпрыемствы з колькасцю працоўных не больш за 50 чалавек. Буйных прадпрыемстваў з колькасцю працоўных да 500 чалавек было няшмат – дзевяць. Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла стварэнне акцыянерных кампаній. З 1877 г. дзейнічалі аб'яднанне «Віцебскі трамвай» і Гродзенскае таварыства водазабеспячэння.

Развівалася банкаўская сістэма. Існавалі Менскі камерцыйны банк, пяць аддзяленняў Дзяржаўнага банка, шматлікія філіялы Пецярбургска–Азоўскага, Азова–Данскога банкаў і іншыя. Фабрычназавадская прамысловасць падштурхнула развіццё гарадоў Пінска, Гомеля, Менску, Магілёва, Віцебска. Да буйных прадпрыемастваў належалі машынабудаўнічы і металургічны заводы ў Менску, ільнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» ў Віцебску, дрэваапрацоўчы завод у Пінску, запалкава–папяровы завод у Гомелі, піўзавод у Магілёве.

Увогуле, беларуская прамысловасць мела пераапрацоўчыя галіны спецыялізацыі: пераапрацоўка сельгаспрадукцыі, дрэваапрацоўка, пераапрацоўка мінеральнай сыравіны. Першае месца належала вінакурству. На другім была вытворчасць запалак, паперы, кардону (тут лідзіравалі Менская і Магілёўская губерніі). Тэкстыль стаяў на трэцім месцы (Гродзенская губернія). У выніку эканамічнага крызісу 18811886 гг. сярэднегадавы прырост прадукцыі знізіўся ў два разы. Ажыўленне беларускай прамысловасці пачалося ў 1887–1890 гг., а з 90–х гг. назіраўся бурны пад'ём, асабліва ў буйной прамысловасці. За 10 год узнікла больш за 16 тысяч новых прадпрыемстваў.


Пытанне 38

Падзеі Крывавай нядзелі ў Пецярбургу ў студзені 1905 г. ускалыхнулі ўсю краіну і сталі пачаткам першай рускай рэвалюцыі. Забастоўкі салідарнасці 11 – 15 студзеня 1905 г. ахапілі Мінск, Магілёў, Гомель, Гродна, Смаргонь – усяго каля 30 гарадоў і мястэчак Беларусі.

У кастрычніку рознымі формамі палітычнай барацьбы былі ахоплены 24 гарады і 29 мястэчак Беларусі, у забастоўках, дэманстрацыях удзельнічала 153 тыс. чалавек.

Ва ўмовах усеагульнай палітычнай стачкі царызм быў вымушаны пайсці на палітычныя ўступкі. 17 кастрычніка 1905 г. цар падпісаў маніфест, які абвяшчаў недатыкальнасць асобы, свабоду слова, сходаў, саюзаў. У маніфесце змяшчалася абяцанне склікаць Дзяржаўную думу з заканадаўчымі правамі і дапусціць да ўдзелу ў яе рабоце працоўных. З'яўленне маніфеста суправаджалася хваляй чарнасоценных пагромаў. Так складваўся своеасаблівы палітычны лад — канстытуцыйнае самадзяржаўе, ва ўмовах якога і разгарнуўся працэс стварэння некалькіх партый кансерватыўнага і ліберальнага адценняў, а потым прайшлі выбары ў 1 Дзяржаўную думу. Буржуазія ў знак ухвалення маніфеста стварыла сваю партыю — "Саюз 17 кастрычніка". Левыя лібералы таксама арганізаваліся ў канстытуцыйна–дэмакратычную партыю. Унутры БСГ узмацніўся раскол. Буржуазна–дэмакратычнае крыло яе з ухваленнем сустрэла царскі маніфест.

З 1906 г. ва ўсіх народных школах Расійскай імперыі дзеці маглі вучыцца на сваёй роднай мове, што з'яўлялася вялікай заваёвай рэвалюцыі. Аднак гэта не закранула беларусаў і ўкраінцаў.

Паводле спецыяльнага закону выкладанне і вывучэнне каталіцкай веры ў школе пераводзілася з польскай на рускую мову. Гэта падштурхнула беларусаў каталіцкай веры запісвацца ў палякі. Існавалі і іншыя абмежаванні, напрыклад забарона выпісваць і чытаць газету "Наша ніва" настаўнікам Віленскай навучальнай акругі, святарам, ваенным, паліцэйскім, валасным і паштовым чынам, вучням сельскагаспадарчых школ. Такая мера была накіравана супраць рэвалюцыйнага і беларускага нацыянальнага руху.

У 1907 — 1910 гг. на Беларусі было забаронена больш за 40 буйных прафсаюзаў. Аж да канца 1909 г. на становішчы надзвычайнай і ўзмоцненай аховы знаходзіліся Мінская і Магілёўская губерні, Гродна, Смаргонь, Віцебск і Віцебскі павет.

Рэвалюцыйныя падзеі паскорылі афармленне манархічных арганізацый: таварыства "Крестьянін" (створана ў 1905 г.) і "Окраннный союз" (створаны ў 1907 г.), які быў потым пераўтвораны ў "Русское окраннное общество" — фактычныя адгалінаванні "Саюза рускага народа". "Беларускае таварыства", якое адкалолася ад таварыства "Крестьянин" у 1908 г., арыентавалася на саюз з рускім самадзяржаўем, аднак падзяляла некаторыя ідэі кадэтаў.

Адбылося арганізацыйнае афармленне "западнороссов". "Западно–русізм" як ідэалогія склаўся значна раней. Гэты напрамак грамадскай думкі разглядаў беларускі народ як адну з частак рускага народа, што адрозніваецца толькі этнаграфічнымі асаблівасцямі, а тэрыторыю Беларусі — як частку адзінай вялікай Русі, адмаўляў правы беларускага народа на самастойнае развіццё. У 1911 г. у Пецярбургу ўзнікла "Заходне–Рускае таварыства" (у яго склад увайшлі буйныя землеўладальнікі, праваслаўнае духавенства, чыноўнікі). Члены таварыства арганізоўвалі лекцыі, навуковыя канферэнцыі, палітычныя сходы.

Палітыка царскага ўрада ў адносінах да Беларусі заставалася ранейшай і была накіравана на ўмацаванне тут манархічных парадкаў.


Пытанне 39

Першая сусветная вайна пачалася 1 жніўня 1914 г. Галоўнай яе прычынай з'явіліся супярэчнасці паміж буйнейшымі імперыялістычнымі краінамі. На сусветнай арэне змяніліся суадносіны эканамічных і ваенных сіл. Краіны, якія абагналі ў развіцці сваіх канкурэнтаў, дабіваліся новых рынкаў збыту, новых сфер выкарыстання капіталу. Але ў сувязі з тым, што да пачатку XX ст. свет быў падзелены паміж буйнейшымі імперыялістычнымі краінамі, новы яго перадзел мог скончыцца толькі вайной. У канцы XIX — пачатку XX ст. утварыліся два саюзы імперыялістычных краін: Германія – Італія – Аўстра–Венгрыя (Траісты саюз) і Англія – Францыя – Расія (Антанта).

Падставай для развязвання вайны з'явіліся супярэчнасці паміж Аўстра–Венгрыяй і Сербіяй, што ўзніклі ў выніку забойства сербскімі нацыяналістамі наследніка аўстра–венгерскага трона Франца Фердынанда. Аўстра–Венгрыя аб'явіла вайну Сербіі. Расія пачала мабілізацыю войска. У сувязі з гэтым Германія аб'явіла вайну Расіі, а затым і Францыі, захапіла Бельгію і Люксембург. 3 другога боку, Англія, каб зберагчы свае каланіяльныя ўладанні, аб'явіла вайну Германіі. Разам з Англіяй у вайну ўступілі яе дамініёны Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і калонія Індыя. На баку Антанты выступіла Японія, а ў падтрымку Германіі – Турцыя. Пачалася сусветная вайна, якая працягвалася 4 гады і 4 месяцы.

3 першых дзён вайны шавіністычныя настроі ахапілі ўсе маёмныя класы, у тым ліку значную частку дробнай буржуазіі Беларусі. У самым пачатку вайны ў Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах мясцовымі органамі ўлады былі праведзены "патрыятычныя" сходы. На пачатку вайны шавіністычна настроены былі большасць сялян. Увогуле ж пралетарыят Беларусі адкрыта выступаў супраць імперыялістычнай вайны.

У пачатку вайны беларускія губерні былі аб'яўлены на ваенным становішчы. Забараняліся сходы, шэсці, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура. Незадаволенасць насельніцтва праявілася ў перыяд мабілізацыі ў чэрвені —ліпеню 1914 г. У многіх паветах Беларусі адбыліся стыхійныя выступленні прызыўнікоў. Разгромы памешчыцкіх маёнткаў адбыліся ў Навагрудскім, Сенненскім, Ігуменскім, Мазырскім і іншых паветах.

Урад распраўляўся з удзельнікамі гэтых выступленняў. Быў разгромлены Палескі камітэт РСДРП, арганізацыі ў Мінску, Магілёве, Брэсце, Віцебску, Слуцку.

3 лета 1915 г. значная частка тэрыторыі Беларусі стала арэнай ваенных дзеянняў. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў накірунку Коўна — Вільня — Мінск. У пачатку верасня 1915 г. расійская армія пакінула Вільню, Гродна, Брэст і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск — Паставы — Баранавічы — Пінск. Каля паловы тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй, у тым ліку населеныя пункты Гродна, Ашмяны, Смаргонь, Ліда, Слонім, Навагрудак, Баранавічы, Ваўкавыск, Пружаны, Брэст, Кобрын, Пінск.

У сувязі з наступленнем германскіх войск вялікая колькасць бежанцаў пацягнулася на ўсход. Многія гінулі ў дарозе. Да восені 1915 г. бежанцы запоўнілі ўсю ўсходнюю частку Беларусі.

На захопленай германскімі войскамі тэрыторыі Беларусі жыхары ва ўзросце ад 15 да 60 гадоў павінны былі плаціць падушны падатак. Акрамя таго, падатак браўся з бальніц, рынкаў, відовішчных устаноў.

Сяляне захопленых паветаў абавязаны былі здаваць усе зерне, скуры, воўну, масла, пражу. Тысячы мірных грамадзян вывозіліся на работу ў Германію.

На тэрыторыі Беларусі на ўсіх прадпрыемствах, што абслугоўвалі фронт, працавала вялікая колькасць рабочых, мабілізаваных з Расіі. Усе рабочыя прадпрыемстваў, якія выпускалі прадукцыю для арміі, былі пастаўлены пад кантроль ваенных ведамстваў.

У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. 3–за моцнага заняпаду сельскай гаспадаркі амаль перасталі паступаць на рынак прадметы першай неабходнасці, што выклікала рост дарагоўлі, хуткае зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Цэны на прадукты харчавання і адзенне на Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5 — 8 разоў у параўнанні з 1913 г.

Стачкі на Беларусі ў гэты час адбываліся разрознена і, як правіла, у іх удзельнічала толькі частка пралетарыяў. Масавасці рабочы рух не набыў. Дзейнасці якіх–небудзь палітычных арганізацый і плыняў ва Усходняй Беларусі таксама не назіралася. Тлумачылася гэта прыфрантавым становішчам Беларусі, перанасычанасцю яе тэрыторыі войскамі, паліцыяй, жандармерыяй.

Больш шырокі размах на Беларусі ў гады вайны атрымаў сялянскі рух. Ён выліваўся ў масавыя пагромы памешчыцкіх маёнткаў, разрабаванне харчовых магазінаў і лавак. Гэты рух у пачатку вайны ахапіў 20 з 35 паветаў Беларусі і сведчыў аб адвечнай нянавісці сялян да прыгнятальнікаў. Аднак гэты рух нельга лічыць рэвалюцыйным. Па сутнасці мелі месца стыхійныя пагромы, якія суправаджаліся рабаваннем маёмасці памешчыкаў і гандляроў–яўрэяў. Найбольш масавым сялянскі рух быў у Сенненскім, Мазырскім, Ігуменскім, Рэчыцкім, Мінскім, Лепельскім паветах. Парадак наводзілі карныя атрады і ваенна–палявыя суды.

Ваенныя паражэнні царскай арміі ў кампаніі 1915 г., няўдачы баявых дзеянняў у 1916 г., велізарныя людскія і матэрыяльныя страты выклікалі незадаволенасць салдат. У войсках успыхвалі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго на Беларусі ў перыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляванні салдат. Цэлыя вайсковыя часці і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат.



Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: