Афіцыйна-справавы стыль

Гутарковы (размоўны) стыль

Тэма 3 ФУНКЦЫЯНАЛЬНЫЯ СТЫЛІ МАЎЛЕННЯ

Стыль – гэта разнавіднасць маўлення, якая адрозніваецца сістэмай моўных сродкаў пры абслугоўванні пэўнай сферы чалавечай дзейнасці.

Сістэма моўных сродкаў размоўнага стылю прызначана для абслугоўвання сферы побытавых зносін і выступае звычайна ў вуснай форме.

Гутарковы (размоўны) стыль функцыянуе ў вуснай форме, таму многія асаблівасці гэтага стылю тлумачацца менавіта спецыфікай жывога, вуснага маўлення. У размоўным стылі нормы свядома не ўстанаўліваюцца і не рэгламентуюцца, аднак у працэсе маўлення яны аўтаматычна ўзнаўляюцца ў выглядзе ўжо гатовых канструкцый, фразеалагічных адзінак, рознага роду штампаў, інакш кажучы, стандартызаваных моўных сродкаў, якія адпавядаюць пэўным маўленчым сітуацыям.

Асаблівасці:

- шырока прадстаўлены агульнаўжывальныя словы і выразы, пазалітаратурныя моўныя адзінкі: дыялектызмы, жарганізмы, прафесіяналізмы, прастамоўная лексіка;

- значная частка слоў і фразеалагізмаў маюць яскрава выражаную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку;

- часта выкарыстоўваюцца словы з канкрэтным значэннем і абмежавана – з абстрактным, амаль не сустракаюцца тэрміны;

- ужыванне часціц, выклічнікаў, дзеяслоўных формаў, якія выражаюць імгненнасць дзеяння;

- дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі сустракаюцца даволі рэдка;

- пашырана ўжыванне простых, няпоўных сказаў;

- не характэрны складаныя сказы са шматступеннай залежнасцю і адасобленымі зваротамі;

- шырока ўжываюцца пытальныя і клічныя сказы.

Гутарковы (размоўны) стыль адрозніваецца ад астатніх функцыянальных стыляў мовы ўмовамі функцыянавання, пераважна вуснай формай праяўлення, сістэмай сродкаў. Разам з тым ён знаходзіцца ва ўзаемадзеянні з іншымі стылямі. Значную ролю адыгрывае размоўны стыль у развіцці літаратурнай мовы. Пранікненне пэўных элементаў размоўнага стылю ў кніжныя – адзін з асноўных працэсаў развіцця мовы літаратурнай.

Афіцыйна-справавы стыль рэалізуецца пераважна ў пісьмовай форме. Мова афіцыйных дакументаў – статутаў, законаў, урадавых пастаноў, указаў, паведамленняў урадавых органаў, загадаў, рэзалюцый, міжнародных пагадненняў, дагавораў, юрыдычных дакументаў – гэта мова афіцыйна-справавога стылю.

Афіцыйна-справавы стыль грунтуецца перш за ўсё на лагічнай, інтэлектуальнай аснове. Выкарыстоўваецца ў строга афіцыйных, надзвычай важных сферах чалавечых зносін, таму тут свая, асаблівая спецыфіка:

- паслядоўнасць, дакладнасць выкладання фактаў;

- аб'ектыўнасць ацэнак;

- шырокае выкарыстанне абстрактнай, тэрміналагічнай і спецыяльнай лексікі;

- словы ўжываюцца толькі ў прамым значэнні;

- назвы людзей даюцца часцей за ўсё па іх спецыяльнасці або пасадзе;

- адсутнасць экспрэсіўных моўных сродкаў;

- пераважаюць безасабовыя канструкцыі, амаль адсутнічаюць формы першай і другой асобы займеннікаў і дзеясловаў;

- шырока выкарыстоўваюцца складаныя сказы, канструкцыі са складанымі злучнікамі;

- шырока выкарыстоўваюцца канцылярызмы (канцылярскія штампы).

Афіцыйна-справавы стыль абслугоўвае сферу афіцыйных зносін. Замкнутая сістэма моўных сродкаў, што ўваходзяць у афіцыйна-справавы стыль, выконвае дзве асноўныя функцыі – інфармацыі і ўздзеяння.

У складзе афіцыйна-справавога стылю многія даследчыкі вылучаюць пэўныя падстылі:

1) уласна заканадаўчы (закон, указ, грамадзянскія і крымінальныя акты, статуты);

2) дыпламатычны (нота, мемарандум, камюніке, пагадненне, канвенцыя);

3) адміністрацыйна-канцылярскі (акт, распараджэнне, загад, справавыя паперы: заява, характарыстыка, аўтабіяграфія, даверанасць, распіска).

Адметнай рысай юрыдычна-справавых дакументаў з'яўляецца высокая ступень стандартызацыі. Аднатыпнасць і паўтаральнасць афіцыйна-справавых папер вымагае і стандартнага іх афармлення (прыняцце законаў, указаў, пастаноў (неабходна звярнуць увагу на дысцыпліну; дазволіць выкарыстаць дні адпачынку; перадаць на часовае карыстанне; прыцягнуць да крымінальнай адказнасці).


Понравилась статья? Добавь ее в закладку (CTRL+D) и не забудь поделиться с друзьями:  



double arrow
Сейчас читают про: