double arrow

Утварэнне тэрмінаў


Тэрмін адрозніваецца ад літаратурнага слова цэлым радам асаблівасцей, і перш за ўсё – функцыянальна. Нават у слоўніках тэрмін не тлумачыцца, а яму даецца азначэнне. Тэрміны патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі ў пэўнай галіне навукі, тэхнікі, культуры, яны зразумелыя толькі тым, хто вывучае, зацмаецца, працуе ў гэтай сферы. Вось чаму прафесійная падрыхтоўка патрабуе авалодання тэрмінамі. Кожны тэрмін унутры тэрміналагічнага поля выяўляе цэлы рад сваіх асаблівасцей.

Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы, а кожнаму паняццю павінен адпавядаць толькі адзін тэрмін.

Тэрміны ўзнікаюць рознымі шляхамі і спосабамі, у тым ліку і на аснове метафарызацыі, вобразнага пераасэнсавання паняццяў. Можна прывесці безліч тэрмінаў, якія ўтвораны ў выніку пераносу па рознага роду асацыяцыях і выкарыстоўваюцца ў розных галінах ведаў. Пры ўстанаўленні паходжання тэрміна можна рэдка выявіць выражэнне экспрэсіі і эмоцыі.

Кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы. А пэўная тэрміналагічная сістэма абмежавана адной галіной навукі. Тэрміны ў пэўнай тэрмінасістэме могуць уступаць у сінанімічныя, антанімічныя, аманімічныя адносіны, хоць яны вельмі спецыфічныя.

Асноўнымі спосабамі ўтварэння тэрмінаў з’яўляюцца:

1. Сінтаксічны (спосаб утварэння тэрмінаў шляхам рознага тыпу спалучэнняў слоў). Тэрміны такой групы могуць утварацца па мадэлях – «прыметнік + назоўнік»; «назоўнік + назоўнік»; «назоўнік + прыназоўнік + назоўнік» і інш.: кіраўніцкі апарат, дзяржаўнае кіраванне, вышыня гука, фаза ў тэрмадынаміцы. Досыць значная колькасць тэрмінаў складаецца з трох і больш кампанентаў.

2. Суфіксальны (утварэнне новых слоў шляхам далучэння да ўтваральнай асновы суфікса). Больш за ўсё суфіксальным спосабам утвараюцца тэрміны ад асноў уласных і агульных імён, уласных і іншамоўных слоў пры дапамозе суфіксаў -ізм, -ызм, -ыянств, -янств, -іянств, -іт, -ав, -еўск, -нн, -енн, -к, -іст, -фікацыя, -аж, -цы-я: электрыфікацыя, дрэнаж, наладка, градацыя, дэбіторскі, арбітражны, дарвінізм.

3. Прэфіксальны (утварэнне новых слоў шляхам далучэння да ўтваральнай асновы прэфікса). Сярод прэфіксаў можна заўважыць і ўласныя, і запазычаныя (без-, анты-, экс-, ультра-, звыш-, экстра-, рэ- і інш.): рэструктарызацыя, безнаяўны (разлік), субарэнда.

4. Прэфіксальна-суфіксальны (адначасовае далучэнне прэфікса і суфікса да ўтваральнай асновы): нарукаўнікі, падаходны, супрацоўнік.

5. Аснова- і словаскладанне. (тэрміны ўтвараюцца ў выніку спалучэння як уласных, так і запазычаных частак (авія-, аўта-, тэле-, электра- і інш.)): тэлекампанія, тэлекамунікацыя, электрашчыт, авіякампанія.

6. Складана-суфіксальны (складанне асноў з адначасовым далучэннем суфікса): аднагалосны, высокааплатны.

7. Бяссуфіксны спосаб (утварэнне слоў шляхам адсячэння суфіксаў): абмерваць – абмер, абвальваць – абвал.

8. Абрэвіяцыя.

Новыя тэрміны ўтвараюцца:

а) складаннем назваў першых літар некалькіх слоў: АДСС (адзіная дзяржаўная сістэма справаводства);

б) складаннем назваў першых гукаў некалькіх слоў: ПЭУ (планава-эканамічнае ўпраўленне);

в) спалучэннем часткі слова і цэлага: дзяржбанк (дзяржаўны банк), зарплата (заработная плата);

г) спалучэннем назваў першых гукаў слоў ці іх частак і цэлага апошняга слова: ДАСТ (дзяржаўны агульнасаюзны стандарт);

д) спалучэннем звязанай асновы ці цэлага слова і назваў першых літар астатніх слоў: мікраЭВМ.

9. Лексіка-семантычны (тэрміналагізацыя значэнняў агульналітаратурных слоў: парог «ніжняя частка дзвярнога праёму; мяжа чаго-небудзь» і парог (рэнтабельнасці).

Асаблівасці ўтварэння тэрмінаў:

1. Тэрміны ствараюцца як найменні паняццяў, звязаных з вузкай галіной і прызначаных служыць сродкам зносін прафесіяналаў.

2. Тэрміны ўтвараюцца заўсёды свядома.

3. Кожны тэрмін, які ствараецца, можна пракантраляваць, адзначыць, паколькі тэрмін фіксуецца ў працах, слоўніках. Пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь працуе Тэрміналагічная камісія, мэтай якой – стварэнне, стабілізацыя тэрміналогіі ўвогуле і пэўных тэрмінасістэм у прыватнасці.


Сейчас читают про: